Буякi — ягады маладосцi, або Што трэба чалавеку, каб быць шчаслiвым?
Сымон СВIСТУНОВIЧ.
Пад знакамiтымi Мiлавiдамi, на стыку трох раёнаў, раскiнулася фермерская гаспадарка «Доктар Шарэц». Паглядзеўшы, як на пяску, дзе i трава не хоча расцi, даюць багаты ўраджай буякi, журавiны i бруснiцы, падумалася, што завялi мы ў свой час Палессе не ў той бок, куды трэба было.
Усяго ў гаспадарцы 22 гектары пусткi сярод лесу, а пад плантацыямi пакуль што пяць гектараў, але i гэта ўжо нямала, бо многа сiл i часу аддаецца вырошчванню саджанцаў, а яны даюць прыбытак не меншы, чым ягады. А галоўнае, што са збытам праблемы няма. Найбольшая ўвага тут надаецца буякам, i гэта зразумела. Добра распрацаваная тэхналогiя дае магчымасць з аднаго куста буякоў браць у сярэднiм па дзесяць кiлаграмаў ягады, а ў некаторых выпадках — i да дваццацi. А ягады растуць кучна, як на абляпiсе, хоць памерам з вiшню. Попыт на дзiкiя ягады агромнiсты, ад тых жа буякоў Захад «губляе галаву». Лiчыцца, што гэтая ягада ўмацоўвае iмунную сiстэму, стрымлiвае працэсы старэння арганiзма i з-за гэтага празвана ягадай маладосцi. Ад буякоў няма аскомы. Устаноўлена, што буякi паляпшаюць зрок — здольнасць паскараць праходжанне iмпульсу выявы. I з гэтай нагоды буякi абавязкова ўваходзяць у дыету амерыканскiх лётчыкаў. А тое, што буякi не назапашваюць радыенуклiды i выводзяць з арганiзма цяжкiя металы, таксама добра вядома. Вось i думаецца: «А чаму ў нас яшчэ так мала плантацый з ягаднiкамi? Чаму на Палессi няма нiводнага сельгаскааператыва, якi спецыялiзаваўся б на iх?» — У Беларусi рэанiмаваныя толькi чатыры гатункi буякоў, а ў свеце налiчваецца больш чым 150 i ў нас маглi б вырошчваць гатункаў 20—25, — разважае Васiль Лiсейчыкаў. Ён узначальвае гаспадарку i адказвае за яе стан, бо сам уладальнiк, на каго зарэгiстравана гаспадарка, — Юрый Шарэц жыве ў Маскве. Калi з Васiлём Васiльевiчам я сустрэўся на плантацыi, то склалася ўражанне, што дзесьцi яго даводзiлася бачыць i чуць прозвiшча. I пазней, падчас размовы, высветлiўся наступны факт. Сапраўды, В. Лiсейчыкаў з сям’i, якая 120 гадоў аддала лесу i сам ён 15 гадоў адпрацаваў дырэктарам лясгаса, але неяк здарыўся канфлiкт, i былы мiнiстр лясной гаспадаркi звольнiў Лiсейчыкава з пасады. Суд у хуткiм часе аднавiў яго на рабоце, але, папрацаваўшы яшчэ год дырэктар сам падаў заяву i пакiнуў лясгас. А тут ягадамi зацiкавiўся наш зямляк з Масквы i прапанаваў былому дырэктару ўзяць гаспадарку ў свае рукi. — У лясгасе ўсiх найперш турбавала, колькi лесу напiлаваў, а не вырасцiў. А тут жывая справа. У свой час закончыў iнстытут па лясной спецыялiзацыi i мне тут усё добра вядома, — кажа В. Лiсейчыкаў. Падалося, што ўпраўляючы задаволены лёсам. Ходзiць басанож, у прыўзнятым настроi i размаўляе на добрай беларускай мове... Некалi тут думалi размясцiць гадавальнiк лесу, але ў пяску трактар грузнуў, i ад гэтай iдэi адмовiлiся, а вось ягады растуць. Iм неабходна кiслая глеба, i буякi спеюць з чэрвеня па лiстапад. На плантацыi сёння расце 28 гатункаў, але прадаваць можна толькi чатыры. Найбольш кустоў амерыканскага «Блюкроп» — гэты гатунак самы ўраджайны. А ёсць яшчэ гатункi з вельмi салодкай ягадай, з самай буйнай, цi нейтральнай па смаку. — Кепска, што першыя гатункi, якiя прыйшлi на Беларусь 25 гадоў таму, сёння ўжо забытыя, — гаворыць мой суразмоўца. — Цяпер галоўнае, каб у ягады быў таварны выгляд, а тыя гатункi больш дробныя, хоць ураджай давалi такi ж i былi саладзейшыя. Самыя высокiя кусты буякоў — метра ў паўтара, а ёсць i нiзкiя — сантыметраў сорак. Напачатку расаду набывалi ў Iнстытуце лесу, Цэнтральным батанiчным садзе Акадэмii навук ды ў калег, якiя пачалi разводзiць ягаднiкi раней. Сёння канкурэнцыя, бо ягадамi займаюцца фермеры ў Баранавiчах, Жабiнцы, пад Брэстам, на Вiцебшчыне... але пакуль яны не замiнаюць адзiн аднаму — у кожнага свой рынак збыту. З гаспадаркi «Доктар Шарэц» расада, у асноўным, iдзе ў Расiю. Магазiны Масквы, Пецярбурга, Тулы бяруць саджанцы ягад з задавальненнем. Пастаўляецца расада i на Украiну. А журавiны трапляюць нават у Хабараўскi край. Што датычыцца Беларусi, то ў нас да ягаднiкаў ставяцца даволi спакойна. Напэўна таму, што ў нашых лясах ягад хапае. Адзiны горад, у якiм ёсць попыт на расаду ягаднiкаў, — Салiгорск. Там, бывала, на кiрмаш з’язджалася да 40 машын толькi з расадай ягад. Не толькi саджанцы, але i ягады маюць павышаны попыт, але зноў жа за межамi Беларусi. Аднойчы завезлi 500 кiлаграмаў у Сочы, дык расхапiлi адпачываючыя па надзвычай высокай цане. Праўда, i прадавалiся буякi ў спецыяльных плеценых кошыках. Дарэчы, ягаднiкi — гэта не абавязкова плантацыi. Многiя высаджваюць iх каля плота цi замест бардзюраў, а нехта задумаў мець паляначку з бруснiцаў цi журавiн. Калi вышэй гаварылася, што журавiны растуць на пяску, то тут нiякай агаворкi няма. Балотная ягада на пяску дае багаты ўраджай — з 7 квадратных метраў да 6 вёдзер ягады. А ўвесь сакрэт у тым, што для журавiн трэба падрыхтаваць спецыяльную пляцоўку — глебу неабходна насыпаць на плёнку i тады пад ягаднiкам будзе пастаянна вiльгаць. Адносна праблем — яны ёсць, хоць у самiм раёне адносiны спрыяльныя. Пытаннi найперш узнiкаюць на абласным узроўнi. — Прыязджае расiянiн i хоча купiць 50 калiў ягад, — кажа Васiль Васiльевiч. — Гэта дробязь, але i на iх трэба браць дазвол у Брэсце. А гэта час, турботы, i людзi адмаўляюцца. Зразумела, калi ты вывозiш партыю ў некалькi тысяч саджанцаў. Тут, напэўна, неабходна ўстанавiць верхнюю планку, з якой чалавек абавязаны прад’явiць даведку, напрыклад — 200 саджанцаў. Ёсць цяжкасцi i з матэрыяламi. Плёнку для цяплiц можна купiць i ў нас, але.... Тая плёнка надзвычай трывалая i рулон 33 на 12 метраў каштуе ў Польшчы 180 долараў, а калi нашы пасрэднiкi прывозяць, то накручваюць да 400 долараў. У нас усё яшчэ хочуць стаць багатымi адразу ж. На плантацыi i на ўзвядзеннi гаспадарчага будынка працуе сёлета шэсць чалавек — людзi з Ганцавiцкага раёна. Ад паслуг мясцовых давялося адмовiцца. Здаралася, калi збiралi ўраджай, то i камень маглi пакласцi, каб цяжэй было, бо аплата па колькасцi сабранай ягады. Сёння Васiль Лiсейчыкаў адчувае сябе шчаслiвым чалавекам, бо нiхто не перашкаджае працаваць i не стаiць над галавой. Усё залежыць ад вынiкаў працы — вырашчаных саджанцаў i сабранага ўраджаю. А яшчэ яму хочацца засадзiць ягаднiкамi ўсю тэрыторыю i завесцi новы гатунак буякоў з Новай Зеландыi. Там ягады дасягаюць чатырох сантыметраў у дыяметры. Нават не верыцца, бо плод такога памеру i ягадай назваць не выходзiць. Але тым не меней у Еўропе iх ужо вырошчваюць. На заканчэнне скажу, што ад паездкi на фермерскую гаспадарку «Доктар Шарэц» я атрымаў вялiкае задавальненне i вырашыў у самы блiжэйшы час падрыхтаваць на дачы ўчастак i пасадзiць там буякi. Калi з куста можна сабраць тры вядры ягад, то справа за дробяззю — трэба дажыць да такога ўраджаю. Столькi ягад дае куст у 14-гадовым узросце...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пад знакамiтымi Мiлавiдамi, на стыку трох раёнаў, раскiнулася фермерская гаспадарка «Доктар Шарэц». Паглядзеўшы, як на пяску, дзе i трава не хоча расц
|
|