ЗА НАСТАЎНIКА ЗАКIНЬЦЕ СЛОВА!
Уладзiмiр РАЗУМОВIЧ, старшыня прэзiдыума Беларускай асацыяцыi дырэктараў школ, дырэктар экалагiчнай гiмназii № 3 г. Баранавiчы.
У Год дзiцяцi, i не толькi, мы звяртаем увагу на становiшча нашых дзяцей. Не дзiўна, бо ўсё, што мы робiм, — для будучынi; гэта значыць, i дзеля нашых дзяцей. Вось чаму цiкава было прачытаць у газеце «Звязда» заметку Надзеi Нiкалаевай «Праполка буракоў — фiнансавая дапамога для школы...», дзе яна апiсвае, у якую кабалу трапiлi дзецi адной з вёсак Докшыцкага раёна. Як аказваецца, вiнаватае ва ўсiм кiраўнiцтва Порплiшчанскай сярэдняй школы. Неабходнасць зарабiць трошачкi грошай на падрыхтоўку школы да новага навучальнага года, на тое, каб тым жа дзецям было прыемна сесцi за парты 1 верасня, прымусiлi дырэкцыю школы заключыць дагавор з мясцовым саўгасам аб вырошчваннi буракоў. На самай справе прапалоць тры радкi буракоў даўжынёй 500 метраў вельмi цяжка. Правiльней было б сказаць: не дзiцячая гэта праца, i нiчога агульнага гэтая праца не мае з працоўнай практыкай. Практыка вучня — гэта працяг вучэбнага працэсу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае, што любая праца, якую мы прапаноўваем вучням, павiнна прыносiць задавальненне. Калi не маральнае, то хоць бы матэрыяльнае.
I журналiст газеты, i аўтар лiста вельмi ўважлiва разгледзелi толькi адзiн бок жыцця вясковых дзяцей. Але ў матэрыяле можна заўважыць яшчэ некалькi праблем, аб якiх неабходна гаварыць, паколькi такое можа здарыцца не толькi ў Докшыцкiм раёне. Напрыклад, у якi час i дзе жывуць героi лiста, што яны ўсiх i ўсяго баяцца? Аўтар пiсьма ў газету просiць не называць яго прозвiшча, «каб у школе не вылiчылi, чый сваяк паскардзiўся ў газету». Бацькi iдуць палоць буракi i пускаюць сваiх дзяцей толькi таму, «каб гаспадарка выдзелiла iм соткi для сенакосу». У школе iснуе канфлiкт «дырэкцыя—бацькi—вучнi», таму што «i бацькi, i дзецi баяцца сказаць што-небудзь супраць». Мiж тым, канфлiктуючыя прызнаюць, што i дзецям, i iх бацькам вельмi цяжка быць «у апазiцыi». Журналiста газеты «Звязда» «прасiлi гэту тэму на старонках газеты не абвастраць»... Думаю, што каментарыi да сказанага непатрэбныя. Не вельмi разбiраемся ў сельскай гаспадарцы i не бяромся каментаваць тэхнiчны ўзровень гаспадаркi, дзе пашчасцiла жыць дзеючым асобам нашага артыкула, але некалькi слоў хочацца сказаць. Няўжо кiраўнiкi сельскай гаспадаркi не бачаць, якi год на календары? Сёння 2007 год! А ў вас няма тэхнiкi для вырошчвання буракоў. Яе даўно трэба было купiць, бо яна ёсць. Няўжо вiлы, граблi i каса з сярпом — гэта ўся ваша тэхнiка на мехдвары? А цяпер мы звернем увагу на адно пытанне, якое патрабуе каментарыяў. Як жывуць настаўнiкi Порплiшчанскай сярэдняй школы? З газет вiдаць, што выконваць неўласцiвыя абавязкi для iх стала прывычнай справай. Докшыцкi раённы аддзел адукацыi не турбуецца, чаму настаўнiкi ў час водпуску павiнны палоць буракi? А навошта турбавацца, калi гэтае пытанне абмяркоўвалася на педагагiчным (?) савеце. Кiраўнiкi адукацыi раёна не заўважылi абсурду: на педагагiчным савеце дзялiлi радкi буракоў для праполкi! Гэта тое самае, каб калгаснiкi сабралiся на свой галоўны сход i складалi расклад урокаў для мясцовай сярэдняй школы... А як жа з новымi педагагiчнымi тэхналогiямi? Хто i калi будзе ўкараняць iнавацыi? Мiнiстэрства адукацыi чакае ад нас укаранення профiльнага навучання. Да яго ж трэба рыхтавацца з падручнiкамi i метадычкамi ў руках. Пагадзiцеся, у радках з буракамi i пустазеллем аб гэтым нават думаць немагчыма. Цiкава, колькi радкоў выдзелiлi дырэктару школы i старшынi прафкама настаўнiцкага калектыву? Адным словам, цяжка даводзiцца настаўнiкам Порплiшчанскай сярэдняй школы. Незаслужана грузяць на сельскага настаўнiка ўсё, што магчыма i немагчыма: фарбуем вучэбныя кабiнеты, палiва нарыхтоўваем, прадукты для школьных сталовых кансервуем, над сем’ямi, якiя п’юць спiртное, шэфствуем... Хто ж заступiцца за настаўнiка?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Год дзiцяцi, i не толькi, мы звяртаем увагу на становiшча нашых дзяцей. Не дзiўна, бо ўсё, што мы робiм, — для будучынi; гэта значыць, i дзеля нашых |
|