ЯК ЛАСIХА ДЫЛIЖАНС ДАГАНЯЛА
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Паркавая зона «Каробчыцы», якая створана непадалёк ад абласнога цэнтра па iнiцыятыве дырэктара Гродзенскага мясакамбiната Анатоля Грышука, займае 16,5 гектара. На сёння тут не ў вальерах, а абсалютна свабодна (тэрыторыя мае толькi знешнюю агароджу) ходзяць дзесяць аленяў, дзевяць дзiкоў i адна ласiха. А побач з iмi свой другi дом знайшлi дзесяткi iншых жывёлiн i птушак, у тым лiку для Беларусi экзатычных. А спачатку яе загадчык Станiслаў Ядкоўскi i начальнiк рамонтна-будаўнiчага ўпраўлення мясакамбiната Валерый Бурдук азнаёмiлi нас з некаторымi праектамi, якiя тут ажыццяўляюцца (усё будуецца з нашым нацыянальным каларытам, пад даўнiну), пасля чаго мы пабывалi ў стайнi конна-спартыўнага клуба «Амадэус». На сёння тут жывуць 26 коней, у асноўным беларускiх парод, але ёсць i «iншаземцы». — Вось такiх кабылак у Беларусi толькi дзве, — расказвае Станiслаў Станiслававiч. — Гэта падарунак мiнiстра сельскай гаспадаркi Германii нашай стайнi. Конi гэтай пароды былi спецыяльна выведзеныя для кантакту з дзецьмi — як бачыце, невялiкага росту, а па характару спакойныя, дружалюбныя. А, бадай, самыя запатрабаваныя сярод дзетак вось гэтыя понi Артыст i Чалiк. Цяжка складваўся iх лёс. Не буду казаць, дзе яны раней пражывалi, але там пра гэтых конiкаў наогул забылi. Мы забiралi iх у паўсвядомым стане пасля таго, як понi прастаялi ледзь не ўсю зiму ў разбураным хляве i з’елi там усё, што было прыдатнае да ежы. Цяпер яны жывуць i працуюць у нас. Па характару Артыст i Чалiк не надта памяркоўныя (маўляў, не чапляйцеся да мяне), але не было выпадку, каб яны кагосьцi нечым пакрыўдзiлi... Спадзяёмся, што ўсё добра будзе i ў Пiлiгрыма, якi толькi што прыехаў з адной гаспадаркi, дзе два гады прастаяў у стайнi без якога-небудзь занятку. На жаль, час для выхавання ўпушчаны, але паспрабуем i яго заездзiць. А цi бачылi вы коней з такой проста ўнiкальнай афарбоўкай, як у Блiка? Накшталт рэкламы «Мальбара» на рэкламных шчытах... У гаспадарцы, дзе гэты прыгажун раней знаходзiўся, ужо на iм, як кажуць, крыж паставiлi — былi вельмi хворыя ногi. Падлячылi, i цяпер Блiк выдатна працуе ў пракаце. Дарэчы, жадаючых зрабiць конную прагулку на дылiжансе па нашай паркавай зоне, асаблiва ў суботу i нядзелю, столькi, што ледзь паспяваем усiх абслужыць. Конi тады працуюць па чарзе, зробяць па тры кругi — мяняюцца. Станiслаў Ядкоўскi так падрабязна расказвае пра пароды коней i iх асаблiвасцi, што нагадвае сапраўднага прафесiянала з адукацыяй па конегадоўлi. Але, аказваецца, у яго дыплом спецыялiста па эканомiцы i знешняму гандлю. А коней, кажа, проста любiць. Як i член клуба «Амадэус» Ксюша Зленка. «Яны ж дабрэйшыя за многiх людзей», — лiчыць дзяўчына i лiтаральна ўвесь свой вольны час аддае догляду коней. Улiчана нават такая «дробязь», як замацаваныя на столi стайнi хвойныя галiнкi — гэта натуральны антысептык, менш мух i бактэрый. Дарэчы, членамi конна-спартыўнага клуба «Амадэус» могуць стаць не толькi дзецi работнiкаў Гродзенскага мясакамбiната, а ўсе жадаючыя. У перспектыве побач са стайняй мяркуюць пабудаваць крыты манеж для спаборнiцтваў па канкуру. Цiкава, што пакоi для iх удзельнiкаў прадугледжаны на другiм паверсе ... стайнi — з драўлянымi ложкамi, сеннiкамi. I гэта невыпадкова. — Ноч перад спаборнiцтвамi трэба правесцi ў адным памяшканнi з коньмi, — тлумачыць Станiслаў Ядкоўскi. I, канешне, дзе конi — там i карэтам прымяненне знойдзецца. Адна з iх, да прыкладу, некалi была задзейнiчана ў здымках фiльма, а затым, як конi, аказалася нiкому не патрэбнай, нават без колаў. Цяпер жа, пасля рэстаўрацыi, гэта, можна сказаць, элiтны транспартны сродак, якi ўдзельнiчае ў вясельных картэжах. ...Выходзiм са стайнi на вулiцу, а там нас ужо чакае шыкоўны дылiжанс, якiм будзе кiраваць фурман Аляксандр Хлiстоўскi, жыхар вёскi Луцкаўляны. Сёння ў дылiжанс запрэжаны прадстаўнiк знакамiтай фрыскай пароды: гэтых коней не трэба абучаць так званаму iспанскаму кроку, паколькi яны iм валодаюць прыроджана. Вельмi прыгожа, грацыёзна. Такiх коней у Беларусi да нядаўняга часу было ўсяго трое, а пасля таго, як у стайнi «Амадэуса» нарадзiлася жарабя, стала чацвёра. Станiслаў Ядкоўскi падчас падарожжа ў дылiжансе — наш гiд. I паказаць яму сапраўды ёсць што. Вось гэта — домiк, дзе вырабляюць свае скульптуры (цяжка нават падлiчыць, колькi iх на тэрыторыi паркавай зоны) рэзчыкi па дрэву Валянцiн Багдзевiч i Мiкалай Скляр. А побач будзе кузня, каб i з рамяством гэтым азнаёмiць гасцей, i падковамi сваiх коней забяспечыць, iншыя патрэбныя рэчы вырабiць. Фантазiя тутэйшых гаспадароў адчуваецца лiтаральна на кожным кроку. Здавалася б, звычайная альтанка для адпачынку будзе у форме цыганскай кiбiткi. А па суседству — домiк Бабы Ягi. Выканаўцу яе ролi на работу яшчэ не ўзялi, але адна бабуля ўжо прыязджала. Вазьмiце, кажа, мяне, буду сядзець ля акенца i дзетак пужаць. — А там, — паказвае на лясны масiў Станiслаў Ядкоўскi, — зона спакою. Там толькi жывёла, мы туды не ходзiм, хiба што крыху падкошваем. Стараемся не парушыць натуральныя ўмовы для пражывання жывёлы. Скажам, расце крапiва — значыць, i павiнна расцi. Далей мы бачым... афрыканскiх страусаў. Маладыя, быццам i не павiнны яшчэ несцiся, аднак паколькi ўтрыманне добрае, кармоў хапае, то ўжо даюць яйкi. А ў куце вальера ляжаў горны грывiсты баран — схаваўся, толькi рогi былi бачныя. Але, пэўна, самае цiкавае нас чакала наперадзе. — Вунь каля агароджы аленi стаяць, а побач — ласiха, — звяртае нашу ўвагу на прыкладна двухсотметровую адлегласць Станiслаў Ядкоўскi. — Паглядзiце, як яна за намi пойдзе. I сапраўды, як толькi наш экiпаж наблiзiўся да ласiхi, яна зусiм не кiнулася наўцёкi, а наадварот, стала бегчы за дылiжансам. Пагоня атрымалася хоць i нядоўгай, але даволi захапляльнай. На думку Станiслава Ядкоўскага, тут магчымыя дзве прычыны. Першая — ласiха прызвычаiлася, што на калёсах з коньмi развозяць кармы. I другая — сумнавата адной... Аднак лася ў пару да ласiхi завесцi пакуль не рызыкуюць: усё ж такi гэта вялiзная жывёлiна i невядома, чаго ад яе можна чакаць, агароджа па вышынi спатрэбiцца як мiнiмум чатырохметровая. Хоць i значна менш габарытныя жывёлы i птушкi (а гэта маралы, козы, казулi, трусы, фазаны, паўлiны, куры, гусi, iндыкi...) таксама патрабуюць пастаяннага клопату, найперш, зразумела, што датычыцца ўмоў пражывання i рацыёну. Гэтак жа як i карп, белы амур, таўсталобiк, фарэль, асетр i iншыя вiды рыбы ў матачным возеры, дзе гадуюцца будучыя насельнiкi для iншага, вялiкага вадаёма. ...Напрыканцы нам пашанцавала ўбачыць яшчэ адзiн «казырны» нумар: з лесу на адлегласць некалькiх дзесяткаў метраў ад дылiжанса выйшаў адзiн з дзевяцi тутэйшых дзiкоў. Станiслаў Ядкоўскi падышоў i пагладзiў яго, быццам хатняга ката. Мусiць, i сапраўды ўмовы тут такiя, што адбываецца гарманiчнае яднанне чалавека з прыродай. Дарэчы, у адным з невялiкiх вадаёмаў мы ўбачылi белы гарлачык, якi абы дзе не расце. Значыць, аўра добрая ў гэтых мясцiнах. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паркавая зона «Каробчыцы», якая створана непадалёк ад абласнога цэнтра па iнiцыятыве дырэктара Гродзенскага мясакамбiната Анатоля Грышука, займае 16,
|
|