Прынцып маятнiка ў «Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi»
Тое, што правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi будуць зафiксаваны заканадаўча, зараз ужо не навiна, а вось якiя будуць змены, калi яны ўступяць у сiлу i наколькi гэта «ўдарыць» па бюджэту, яшчэ мае быць высветлена. Гарачыя спрэчкi i актыўныя абмеркаваннi, што разгарнулiся вакол яшчэ не распрацаванага законапраекта, дапамагаюць «моўнаму пытанню» трымаць лiдзiруючыя пазiцыi ў рэйтынгу самых папулярных i злабадзённых тэм, а распрацоўшчыкаў i парламентарыяў робяць найбольш запатрабаванымi героямi газетных палос, тэле- i радыёперадач. Тым больш што лiтаральна днямi адбылося пасяджэнне адпаведнай рабочай групы — дэпутаты пакуль рыхтуюць законапраект «Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi» да разгляду ў першым чытаннi.
Беларускае радыё не засталося ўбаку ад абмеркавання вострай тэмы i на традыцыйную «Прамую лiнiю» быў запрошаны Уладзiмiр Здановiч — старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу. Весцi праграму у студыi радыёжурналісту Максiму Углянiцы дапамагала карэспандэнт «Звязды» Ала Мачалава. — Уладзiмiр Мацвеевiч, чаму пытанне перагляду iснуючых правiлаў паўстала менавiта зараз, а не 10 цi 15 гадоў таму? — Мова, як i ўсё грамадства, не можа быць у застылым стане: апошнiм часам у краiне адбылiся значныя змены i ў эканомiцы, i ў сацыяльным жыццi. Сёння мы выйшлi на такi этап развiцця, калi сярод прыярытэтаў ужо не толькi эканамiчнае выжыванне i матэрыяльная забяспечанасць, але i культура, а мова i культура — непарыўна звязаныя рэчы, таму змяненнi павiнны быць у тым лiку i ў правапiсе. Хачу нагадаць i тое, што ў прадмове да старога правапiсу (1957 года, якi ўносiў змяненнi ў правiлы 1934 года) былi такiя словы: «Беларускi правапiс павiнен перыядычна ўдасканальваць свае правiлы», так што гэта было прадбачана тымi, хто тады ствараў варыянт правапiсу. Да таго ж, пасля 1991 года нашы грамадзяне атрымалi магчымасць больш-менш свабодна выязджаць за межы i яны пачалi прывозiць адтуль не толькi новыя рэчы, але i новыя словы. Словы гэтыя трывала ўкараняюцца ў наша жыццё, а iншыя, наадварот, адыходзяць у нябыт разам з тымi з’явамi, якiя яны называлi: сярод прыкладаў, прыведзеных у старых правiлах, ёсць «Злучаныя штаты Бразiлii», хоць краiны такой ужо даўно няма. У сувязi з гэтым асноўная задача распрацоўшчыкаў — у тым, каб прывесцi правiлы ў адпаведнасць з патрабаваннямi часу i спрасцiць iх. Неабходнасць зменаў усведамляецца зараз усiмi, нават тымi, хто раней быў супраць. — На пачатку 90-х усё ж уздымалася моўнае пытанне... — Аднак справа была не ў тым, каб зрабiць мову сiмвалам краiны — гэта былi палiтычныя спрэчкi, звязаныя з мовай. Тое, што тады iмкнулiся менавiта навязаць беларускую мову жыхарам краiны, было сур’ёзнай памылкай i нанесла вялiкую шкоду самой мове. Тут трэба iсцi вельмi павольна, рабiць усё ўдумлiва, прадбачлiва, без спешкi. — Сёння склалася такая сiтуацыя, што ў часопiсе, газеце цi на Iнтэрнэт-рэсурсе мы можам знайсцi самыя розныя варыянты напiсання аднаго i таго ж слова. Часам нават здаецца, што некаторыя аўтары ствараюць новыя, уласныя спосабы iх напiсання. Чым, на ваш погляд, небяспечная такая сiтуацыя? — Узгадаем бiблейскае паданне пра Вавiлонскую вежу: Бог перамяшаў мовы, людзi перасталi разумець адзiн аднаго — i вежа так i не была дабудавана. Мы ж зараз ствараем моцную краiну — адзiную, незалежную, i для таго, каб гэтае збудаванне адбылося, нам патрэбна i адзiная беларуская мова, бо мова, дзяржава i народ — непадзельныя. Трэба навесцi парадак у выкарыстаннi беларускiх слоў, асаблiва ў беларускамоўных выданнях, таму што нават дзiўна: адно выданне пiша «парлямэнт», другое — «парлямант», а трэцяе — «парламент». Дзе ж праўда, якое слова лiчыць правiльным? Асаблiва важна гэта для падрастаючага пакалення: у школе iм гавораць адно, а затым яны чытаюць зусiм iншае — поўны сумбур. Каб не было такой мешанiны ў галовах нашых людзей, трэба ўпарадкаваць правiлы — такi своеасаблiвы «касметычны рамонт» — прывесцi ў адпаведнасць з сучаснасцю. Раней правiлы былi прыняты ў форме пастановы ўраду, якая прадугледжвала адказнасць за парушэнне агульнапрынятых нормаў ужывання беларускiх слоў, але хто адкажа на пытанне «Што ж такое агульнапрынятыя? Хто iх прыняў?». А калi правiлы будуць прынятыя ў форме закона, гэта не будзе настолькi абстрактна i можа прадугледжваць пэўную адказнасць. — Цi плануецца ўвядзенне штрафных санкцый за парушэнне правiлаў? Крытыкi iранiзуюць, маўляў, за памылкi можна будзе пакараць нават школьнiкаў... — За памылкi школьнiкам даўно прыдумалi пакаранне: iм ставяць нiжэйшую адзнаку.— (Смяецца). — Магчыма, i гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, пасля ўступлення ў сiлу закона «Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi» ў iншых заканадаўчых актах, якiя таксама будуць пераглядацца ўсiм дэпутацкiм колам, i ўзнiкнуць нейкiя меры адказнасцi. У самiм жа законе зафiксавана толькi, што правiлы з’яўляюцца абавязковымi для выкарыстання ў афiцыйных зносiнах. Парушэннi недапушчальныя па той простай прычыне, што могуць сказiць сэнс тэкста. Што датычыцца адказнасцi, яе павiнны несцi за наўмысную знявагу. Калi, напрыклад, назва вышэйшага дзяржаўнага органа падаецца з малой лiтары — гэта знявага да таго, што было выбрана беларускiм народам. — Дарэчы, пра напiсанне з вялiкай лiтары — што зменiцца ў правiлах? — Спачатку былi прапановы пiсаць з вялiкай лiтары ўсе назвы органаў i пасад кiраўнiкоў ледзь не да старшынi калгаса. Пакрысе стала зразумела, што так будзе шмат блытанiны. Мы, так бы мовiць, працуем па прынцыпу маятнiка: вагаемся мiж самымi крайнiмi кропкамi, а потым у рэшце рэшт прыходзiм да раўнавагi — i гэта самае аптымальнае становiшча. Пасля некалькiх пасяджэнняў было вырашана пiсаць з вялiкай лiтары толькi назвы вышэйшых дзяржаўных асобаў i вышэйшых дзяржаўных органаў, якiя вызначаны Канстытуцыяй. Цудоўна было б пазбавiцца выключэнняў, якiх на сёння два: «Нацыянальны сход» i «Палата прадстаўнiкоў», таму мы прапануем пiсаць у гэтых спалучэннях усе словы з вялiкай лiтары — «Нацыянальны Сход», «Палата Прадстаўнiкоў». Нам кажуць, што мы, магчыма, будзем парушаць пры гэтым Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь. Тады можна паставiць пытанне: «А калi б Канстытуцыя нашай краiны выдавалася, напрыклад, не ў чырвонай вокладцы, а ў сiняй цi зялёнай — гэта было б парушэннем Канстытуцыi цi не?». Мабыць, не. Вось так i тут — мы проста прыводзiм у адпаведнасць правiлы правапiсу, але нi ў якiм разе не змяняем сутнасць Канстытуцыi. Яшчэ адна прапанова нашай камiсii — пiсаць найменнi дзяржаўнай сiмволiкi Беларусi (герб, гiмн, сцяг) з вялiкай лiтары. Будзе даведзена да ладу i напiсанне назваў ордэнаў, медалёў, ганаровых званняў, каб разнабою не было. — Крытыкi кажуць, што новаўвядзеннi нiбы прыдуманы для таго, каб назвы афiцыйных пасад i асобаў дзяржавы пiсалiся з вялiкай лiтары. Што б Вы iм адказалi? Нi ў якiм разе не трэба думаць, што новыя правiлы прыдуманы для гэтага: не пасада ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — пасаду. Не думаю, што надта будуць узрадаваныя цi наадварот засмучаныя тыя кiраўнiкi, калi назвы iх пасад i месцаў працы будуць пiсаць з вялiкай цi з малой лiтары. Усё тлумачыцца куды прасцей: трэба навесцi парадак. Возьмем хоць бы Усекiтайскi Нацыянальны Сход Прадстаўнiкоў — усе словы з вялiкай лiтары, усё зразумела, а ў нас нейкая блытанiна — што з вялiкай, што з малой... Чым прасцейшымi i больш зразумелымi стануць правiлы, тым большая колькасць людзей будзе зацiкаўлена ў вывучэннi мовы. На пачатку нашай гутаркi мы ставiлi пытанне, наколькi ўдалы момант для ўвядзення новых правiлаў — адкажу: момант вельмi ўдалы, таму што зараз вялiкая колькасць юнакоў і дзяўчат iмкнецца вывучаць беларускую мову. Аб гэтым сведчыць i тое, што больш за 82 тысячы маладых людзей прымалi ўдзел у тэсцiраваннi па беларускай мове — гэта значны скачок уверх у параўнаннi з ранейшым перыядам. I нам трэба iх актыўна заахвочваць, бо гэта дасць новае жыццё беларускай мове. — Уладзiмiр Мацвеевiч, якiя прапановы паступаюць у парламент? Назавiце, калi ласка, найбольш слушныя з iх? — Сапраўды, прапаноў паступае шмат, а самай карыснай лiчу такую: калi нешта трывала ўкаранiлася ў беларускую мову, не трэба гэта чапаць. У Мiнску, напрыклад, ёсць вулiца Ландэра. Распрацоўшчыкi прапаноўвалi змянiць у гэтым прозвiшчы «э» на «а», каб пашырыць прынцып акання, якое так характэрна для беларускай мовы, i распаўсюдзiўшы яго нават на запазычаныя словы. Дзiцячы персанаж Пiтэр Пэн мог ператварыцца ў «Пiтара», а планета Юпiтэр стаць «Юпiтарам». Аднак традыцыйныя варыянты з «э» настолькi трывала ўвайшлi ў моўную практыку, што змяняць iх было б няправiльна. Мы ўсё ж такi пераканалi распрацоўшчыкаў, што патрэбы ў гэтым няма. — Вось Вы згадалi пашырэнне прынцыпу акання, а якiя яшчэ тэндэнцыi зменаў можна назваць? — Для зручнасцi правiлы будуць згрупаваны па-новаму, каб лепш было iх чытаць, таксама ўдакладняць фармулёўкi, з’явiцца i новы iлюстрацыйны матэрыял — там ёсць назвы перайменаваных сталiчных вулiц, пашырыцца таксама напiсанне «ў» у словах iншамоўнага паходжання, будуць спрошчаны правiлы пераносу — у некаторых выпадках прапануецца нават нiякiх правiлаў не прытрымлiвацца: як нi перанясеш, усё правiльна, асаблiва гэта павiнна спадабацца тым, хто паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Тыя моманты, якiя не датычацца арфаграфii i пунктуацыi, будуць наогул выключаны з правiлаў. У прыватнасцi тыя, што тычаць марфалогii — гэта ж асобны раздзел мовазнаўства. Нарэшце высветлiцца пытанне з напiсаннем складанаскарочаных слоў тыпу «прафком», «селькор»: калi ўдумацца, ад якiх слоў атрымалiся скарачэннi («камiтэт», «карэспандэнт»), ужыванне «о» губляе ўсялякi сэнс. Беларускамоўныя людзi ўжо даўно пачалi пiсаць i вымаўляць гэтыя словы насуперак правiлам, таму тут яшчэ адзiн аргумент на карысць таго, што правiлы патрабуюць змен. Былi прапановы змянiць напiсанне некаторых лiчэбнiкаў. Вось мы прывыклi казаць «дзевяць» i «дзевяты», а прапанавалi змянiць на «дзявяты» — вы паспрабуйце, нават скiвiца не так працуе, таму гэтае «е» мы адстаялi. Пакуль што закон рыхтуецца толькi для першага чытання, таму меркаванняў будзе мноства. Наша задача — не нашкодзiць пры напiсаннi гэтых правiлаў. Сутыкнулiся з недарэчнасцю: слова «катэр» прапануецца пiсаць i вымаўляць як «катар», што можа прывесцi да блытанiны — цi лодка з маторам, цi то краiна Катар, а мо хвароба страўнiка... — Якiя пытаннi падчас абмеркаванняў выклiкалi найбольшыя спрэчкi? — Спрачалiся ў асноўным з-за таго, навошта прымаць новую рэдакцыю правiлаў у форме закона, цi могуць наогул дэпутаты мець дачыненне да правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi, колькi грошай спатрэбiцца, калi гэтыя правiлы ўступяць у сiлу. Дэпутаты i выбiраюцца ў парламент якраз для таго, каб працаваць над законамi, i робяць яны гэта не адны — нагадаю, што змены ў правiлах распрацоўвае Мiнiстэрства адукцыi сумесна з Акадэмiяй навук, у прыватнасцi Iнстытутам мовазнаўства, мы абапiраемся на багаты вопыт i навуковы патэнцыял такiх асобаў, як Аляксандр Лукашанец (дырэктар Iнстытута мовазнаўства), Вiктар Iўчанкаў (саветнiк Мiнiстра адукацыi) i iншая. Мы таксама ўлiчваем меркаваннi людзей, якiя зацiкаўлены ў тым, каб правiлы атрымалiся, прычым выслухоўваем розныя пазiцыi, нават процiлеглыя — i ў рэшце рэшт шляхам абмеркавання прыходзiм да сярэдняга становiшча маятнiка. Што датычыцца дадатковага выдаткавання фiнансавых сродкаў, мы накiравалi спецыяльны запыт у адрас урада i атрымалi грунтоўны, канкрэтны адказ. Па-першае, выданне падручнiкаў: яны выкарыстоўваюцца не больш як 5 гадоў, пасля замяняюцца новымi, дык вось на працягу гэтага часу ёсць усе падставы для таго, каб выдаць новыя падручнiкi, са зменамi, якiя датычацца новага правапiсу. Выданне слоўнiкаў таксама не патрабуе дадатковых сродкаў: слоўнiк выдаецца i адначасова прадаецца, таму грошы вяртаюцца назад. Нават калi недзе ўзнiкне неабходнасць змянiць шыльду з-за змены лiтар у назве вулiцы, то гэта таксама не пацягне за сабой шмат грошай — калi шыльда заржавее, прыйдзе ў нягоднасць, яе заменяць на новую. — А як наконт перападрыхтоўкi педагогаў? — Тут таксама асаблiвых цяжкасцяў не ўзнiкне: настаўнiкi з цiкавасцю сочаць за тымi зменамi, якiя прапануюцца для закона, i я ўпэўнены, што яшчэ да ўступлення дакумента ў сiлу яны будуць ведаць пра ўсе новаўвядзеннi, тым больш што на нядаўнiм пасяджэннi рабочай групы мы прыйшлi да высновы: пасля ўнясення карэктыў у праект закона яго варта размясцiць на сайце Мiнiстэрства адукацыi для шырокага знаёмства i абмеркавання. — Цi няма апасенняў прапусцiць памылку i тым самым замацаваць яе на заканадаўчым узроўнi? — Зразумела, што нават коска можа поўнасцю змянiць сэнс выказвання, як у хрэстаматыйным «пакараць нельга памiлаваць», таму гэтаму пытанню надаецца вялiкая ўвага — мы запрашаем да працы вялiкую колькасць рэдактараў, дакумент праходзiць не адну вычытку. Законапраект яшчэ чакае першага чытання, дапрацоўкi да другога, пасля — разгляд у Савеце Рэспублiкi i гэтак далей. — Як быў улiчаны мiжнародны вопыт у працы над законам? — Няма нiводнай краiны, якая б не была б заклапочана захаваннем уласнай мовы, таму што знiкненне мовы азначае знiкненне народа, дзяржаўнасцi. Пры гэтым ва ўсiх краiнах розныя падыходы, ёсць i такiя, што замацоўваюць правiлы таксама ў форме закона. У некаторых прадугледжаны нават сур’ёзныя пакараннi: да прыкладу Малайзiя — там, калi без дай падставы прымяняюць нейкiя замежныя словы ў выступленнях, скажам, дэпутаты парламента, або калi друкуюцца нейкiя словы са скажэннямi, вызначаецца штраф, эквiвалентны 300 доларам ЗША. Мы, вядома ж, сабе такой мэты не ставiм, а вось заклапочанасць чысцiнёй мовы выказваем, як i ўсе краiны, у тым лiку самыя блiзкiя да нас — Расiя i Украiна. Калi нават буйныя краiны турбуюцца з-за таго, што iхняя мова можа растварыцца ў замежных словах, то ў нас тым больш ёсць прычыны непакоiцца. — Сёлета — год рускай мовы, а калi чакаць года беларускай мовы? — У нас не павiнна быць дня i нават года беларускай мовы, трэба, каб жыццё было на беларускай мове: кожны на сваiм месцы павiнен рабiць уклад у пашырэнне выкарыстання беларускай мовы. Мне вось удалося выдаць зборнiк задач па фiзiцы на беларускай мове (па спецыяльнасцi я радыёфiзiк-электронiк, заканчваў БДУ). — Калi плануецца прыняць закон? — У тым варыянце, якi прыйшоў у Палату прадстаўнiкоў, была вызначана дата «1 верасня 2008 года», але ўжо бачна, што гэта вельмi кароткi тэрмiн, за яго мы не паспеем зрабiць усе змены паступова i ўдумлiва, каб не дапусцiць анiякiх памылак, таму зараз мы прапануем адкласцi роўна на 2 гады. На сёння нам гэты час падаецца дастатковым, а калi ўсё ж убачым, што i гэтага не хапае, прызначым яшчэ пазнейшы тэрмiн — спяшацца тут нi ў якiм разе непатрэбна. Напрыканцы гутаркi Уладзiмiр Мацвеевiч запэўнiў нас, а мы спяшаемся супакоiць вас, што пераход да новага не будзе надта рэзкiм, а значыць, абыдзецца для беларусаў без узрушэнняў. Абмеркаванне працягваецца, таму слушныя прапановы, як заўжды, вiтаюцца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тое, што правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi будуць зафiксаваны заканадаўча, зараз ужо не навiна, а вось якiя будуць змены, калi яны ўступяць у
|
|