У 10-11 класы будуць паступаць як у ВНУ?
У краіне не хапае рабочых кадраў і зашмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, заявіў днямі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Таму, па яго словах, трэба абмежаваць колькасць вучняў у 10-11 класах і накіроўваць горшых з іх у вучылішчы або працаўладкоўваць. Дапамагчы пры гэтым могуць экзамены.
Гаворыць кіраўнік камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч: “Ужо нават існуе сістэма адбору. Напрыклад, дзіця заканчвае пачатковую школу. У гімназію, у пяты клас, ты ўжо мусіш здаваць экзамены”. Міністэрства ўжо арыентуе кіраўніцтвы школаў на галоўную задачу - уладкаванасць дзяцей пасля школы. Каб спраўдзіць інфармацыю, "Еўрарадыё" патэлефанавала дырэктару сярэдняй школы №3 г.Вілейкі Мікалаю Гіро. Той пацвердзіў, што яшчэ да Новага года дырэктараў усіх школаў ды вучылішчаў горада збіралі ў аддзеле адукацыі райвыканкаму. Мікалай Гіро: “Нас ужо збіралі ў аддзеле адукацыі разам з дырэктарамі прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. І якраз ішла размова пра дзесятыя класы. Арыенцір на рабочыя спецыяльнасці. Ёсць жа вучні няпрофільных класаў, базавых. Тыя вучні, якім, на жаль, вучоба даецца цяжка, то ім лепш раіць прафесійна-тэхнічнае вучылішча”. У Вілейскай 3-й школе сёлета няма 10-га базавага класа. Таму, відаць, да гэтага часу вучні павінны выбраць прафесію. Альбо яны ідуць у профільны 11-ы клас, альбо паступаюць у вучылішча. Міністр адукацыі нават не выключае прымянення "адміністрацыйнага рэсурсу з мэтай абмежавання колькасці вучняў, якія пасля базавых 10 класаў будуць працягваць навучанне ў 11 х і 12 х класах". Кіраўнік камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч не згодны з такім метадам вырашэння праблемы. Маўляў, навуку за плячыма не носяць. Уладзімір Здановіч: “Асабіста мая думка такая, што не трэба абмяжоўваць людзей у іх памкненнях атрымаць адукацыю больш высокага ўзроўню. Трэба проста больш дакладна інфармаваць насельніцтва Беларусі аб тым, што жыццё мяняецца. І паступова чалавек, які раней выконваў функцыі рабочага за нейкім прымітыўным станком, ужо тая ж спецыяльнасць патрабуе адукацыі больш высокага ўзроўню”. Аднак намесніца міністра адукацыі Таццяна Кавалёва запэўніла "Еўрарадыё", што ніякіх загадаў кіраўніцтвам школаў міністэрства не давала. І размова пра адміністрацыйны рэсурс была больш для разагрэву аўдыторыі. Маўляў, ніхто не будзе абмяжоўваць вучняў у іх выбары. Але размовы наконт таго, што важныя не толькі юрысты ды эканамісты, а й цырульнікі ды сантэхнікі, правесці варта. Таццяна Кавалёва: “Перад намі, работнікамі адукацыі, пастаўлена задача. З аднаго боку, давесці да ўзроўню моладзі запыты дзяржавы, наймальніка, працадаўцы з пункту гледжання перспектываў атрымання працоўнага месца, заробку і г.д. А з іншага боку, дапамагчы маладому чалавеку вызначыць узровень сваіх схільнасцяў, здольнасцяў, стварыць умовы для развіцця здольнасцяў з улікам выбранай прафесійнай мэты”. Таццяна Кавалёва таксама паведаміла "Еўрарадыё", што сёння ў Беларусі зашмат гуманітарыяў з вышэйшай адукацыяй, юрыстаў, эканамістаў. Уладзімір жа Здановіч глядзіць на гэтую праблему інакш. Дакладней праблема ў іншым - у якасці адукацыі. Уладзімір Здановіч: “У нас выпускаецца вельмі шмат людзей, якія маюць дакумент аб вышэйшай адукацыі, а спецыялістаў не хапае. Гэта праблема якасці адукацыі”. З усёй гэтай сітуацыі вынікае яшчэ адзін аспект: калі абмежаваць колькасць навучэнцаў у 11-12 класах ды ВНУ, моладзь, верагодна, будзе шукаць адукацыю за мяжой. Віталіна Грахоўская Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У краіне не хапае рабочых кадраў і зашмат спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, заявіў днямі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. |
|