Ці ёсць вы ў спісе невыязных, паведамляюць за 4 гадзіны
Даведацца, ці занесена ваша прозвішча ў спіс невыязных, зараз можна ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі на працягу 4 гадзін. Але, як стала вядома "Еўрарадыё", шанец выехаць за мяжу праз Расію у такіх людзей па-ранейшаму застаецца.
Паведаміць, што ваша імя ўнесена ў спіс невыязных, адпаведныя службы павінны загадзя. Нягледзячы на гэта, штодня беларускія памежнікі па сённяшні дзень “заварочваюць” з мяжы да 15-20 чалавек у дзень. Без тлумачэння прычын. Па ўсе тлумачэнні няўдалых вандроўнікаў накіроўваюць у Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі па месцы прапіскі. Але каб там атрымаць пацверджанне, што вы насамрэч з’яўляецеся невыязным, неабходна было чакаць 30 дзён. Як паведаміў "Еўрарадыё" намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун, зараз на гэта спатрэбіцца ўсяго каля 4 гадзін. Аляксей Бягун: “Тэхнічнае выкананне заявы, якая прыйшла, зарэгістравана, падрыхтоўка адказу - усё зараз значна прасцей”. Гэта “спрашчэнне” адбылося таму, што ў камп’ютары супрацоўнікаў раённых дэпартаментаў нарэшце “закачалі” спецыяльную праграму. Цяпер ім не трэба пасылаць запыт у МУС - яны могуць самастойна ўваходзіць у банк даных невыязных. Вось толькі адказаць, колькі чалавек сёння ў тым спісе, намеснік начальніка Дэпартамента сказаць не захацеў. Кажа, каб не хваляваць дарэмна людзей. Аляксей Бягун: “Навошта гэта трэба? Навошта бударажыць грамадскую думку? Я думаю, што не трэба казаць, колькі там людзей. Гэта ні на што не ўплывае. Будзе там 5 тысяч чалавек - добра. Будзе там 100 тысяч чалавек - гэта будзе дрэнна. Калі чалавек нешта зрабіў, ён будзе ведаць, што ён у базе. І міма гэтай базы не праскочыць. Законапаслухмяны грамадзянін са столі ў базу не патрапіць. Паверце мне!” Але як ужо раней паведамляла "Еўрарадыё", толькі па лініі МУС міма спісу невыязных “не праскочыла” больш за 100 тысяч чалавек. А ёсць яшчэ тыя, хто патрапіў туды з падачы КДБ, судоў і пракуратуры. "Еўрарадыё" паспрабавала высветліць, ці змогуць тыя, хто “не праскочыў” міма базы, праскочыць за мяжу іншым шляхам, чым праз беларускія памежныя пераходы. Да прыкладу, праз расійскія аэрапорты. У службе памежнага кантролю аэрапорта “Дамадзедава” "Еўрарадыё" адказаць, ці ёсць у іх спісы невыязных грамадзян Беларусі, адмовіліся. Але паабяцалі, што, незалежна ад грамадзянства - расійскага ці беларускага, невыязныя патрапіць за мяжу праз іх аэрапорт не змогуць. Памежнік “Дамадзедава”: “Чалавек, якому выезд закрыты, з Расійскай Федэрацыі ці з Беларусі - без розніцы, той даведаецца пра гэта падчас праходжання пашпартнага кантролю”. Хутчэй за ўсё, меўся на ўвазе спіс людзей, які перадае памежным службам усяго свету Інтэрпол. Бо менавіта пра яго казалі "Еўрарадыё" ў службе памежнага кантролю “Дамадзедава” два тыдні таму. Амаль тое ж самае на пытанне пра спіс невыязных беларусаў адказаў "Еўрарадыё" і супрацоўнік службы памежнага кантролю аэрапорта “Шарамецьева”. І параіў звяртацца па каментары на Лубянку. Нічога ўцямнага не здолелі адказаць "Еўрарадыё" і ў службе памежнага кантролю аэрапорта “Пулкава” ў Санкт-Пецярбургу. Па словах санкт-пецярбуржскага памежніка, беларусы праходзяць кантроль так, як і расіяне. Ніякага адрознення. З чаго можна зрабіць высновы, што “дзірка” для беларускіх невыязных на шляху за мяжу па-ранейшаму застаецца. Зміцер Панямонаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даведацца, ці занесена ваша прозвішча ў спіс невыязных, зараз можна ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі на працягу 4 гадзін.
|
|