Фотафакт. “Жодзінцы” ў Палацы мастацтваў
Увечары 6 лютага ў менскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава “Жодзінцы”.
У яе экспазыцыі - творы Валер’я Славука, Аляксандра Ксяндзова, Аляксея Марачкіна і яшчэ каля двух дзясяткаў мастакоў, чый творчы лёс зьвязаны з Жодзінам. Выстава руйнуе стэрэатып пра Жодзіна як радзіму беларускіх аўтагігантаў і замацоўвае за горадам статус аднаго з культурніцкіх цэнтраў краіны. Уваход на выставу вартавалі два рыцары, якія трымалі харугвы з выяваю герба старажытнага мястэчка і партрэтам яго заснавальніка князя Багуслава Радзівіла, у гонар якога яно й было названае. У другой палове дваццатага стагодзьдзя на яго месцы ўзьнікла Жодзіна. “Адна з мэтаў арганізатараў і ўдзельнікаў выставы - паказаць старажытнасьць гэтага мястэчка”, - зазначае кіраўнік суполкі мастакоў “Пагоня” Аляксей Марачкін: “Нас вывеў на гэты шлях Багуслаў Радзівіл. Таму што ўвесь час савецкая прапаганда гаварыла пра тое, што Жодзіна існуе пяцьдзясят-шэсьцьдзесят гадоў з дня заснаваньня БелАЗу. Багуслаў Радзівіл дзесьці трыста шэсьцьдзесят гадоў таму з хвосьцікам меў тут зямлю і называлася гэтая зямля Багуслаў Поле. Фактычна, ён заснаваў мястэчка. Пасьля на гэтым месцы вырас сучасны горад. Задача наша - каб мы не забыліся, хто мы ёсьць, адкуль мы пайшлі”. Аляксей Марачкін ладзіў выставы ў Жодзіне яшчэ на пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі працаваў там выкладчыкам і стварыў студыю выяўленчага мастацтва. Але тады выставы нікуды за межы гораду не выяжджалі. Цяперашняя ж ужо экспанавалася, апрача Жодзіна, у Полацку і Наваполацку, а пасьля Менску паедзе ў Лагойск, Горкі, Заслаўе. Факт перасоўнай рэгіянальнай выставы ў найноўшай гісторыі беларускага мастацтва беспрэцэдэнтны, чым вельмі ганарацца жодзінскія мастакі. Адзін з удзельнікаў выставы, былы выхаванец Аляксея Марачкіна Мікалай Андруковіч марыць, што гэтая перасоўная экспазыцыя пакладзе пачатак сталай, якая разьмесьціцца ў цяпер стваранай у Жодзіне мастацкай галерэі: “Са старшынём гарвыканкаму такое пытаньне абмяркоўвалася. Зь яго боку было запэўнена, што галерэя будзе арганізоўвацца, улады дапамогуць, і, канечне, мастакі з задавальненьнем падораць гэтай галерэі свае творы”. “Жодзінцы” - гэта ня толькі мастакі, але й літаратары. Гаворыць вядомы пісьменьнік і кнігавыдавец, карэнны жодзінец Уладзімер Сіўчыкаў: “Гэта сапраўды вельмі неардынарная ўнікальная акцыя, такі праект літаратурна-мастацкі, таму што жодзінскія літаратары і мастакі згуртаваліся, імпрэзы сумесна праводзяць, чытаньні ў жодзінскай бібліятэцы, іншых месцах”. Па выніках гэтых імпрэзаў будзе выдадзены аднайменны альбом, які, па словах спадара Сіўчыкава, у будучыні перарасьце ў пэрыядычнае выданьне, вядома ж, пад назовам “Жодзінцы”. Валянціна Аксак, Радыё "Свабода" Фота Антона Матолькі Уваход на выставу вартавалі два рыцары, якія трымалі харугвы з выяваю герба старажытнага мястэчка і партрэтам яго заснавальніка князя Багуслава Радзівіла “Нас вывеў на гэты шлях Багуслаў Радзівіл" Аляксей Марачкін Уладзімер Сіўчыкаў і Генадзь Бураўкін Уладзімер Сіўчыкаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Увечары 6 лютага ў менскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава “Жодзінцы”.
|
|