Шырока вядомыя ў вузкiх колах
Шырока вядомыя ў вузкiх колах
Шоў без Чаму беларускiя "зоркi" так i застаюцца "местачковымi"?Даведка Уладзiмiр Максiмкаў. Былы генеральны прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii, экс-дырэктар канцэртна-прадзю-сарскай дырэкцыi НДТРК. Адзiны з усiх кiраўнiкоў усiх узроўняў "адказаў за Еўрабачанне". У 2004 годзе, паабяцаўшы ў выпадку няўдалага выступлення дуэта "Аляксандра i Канстанцiн" пакiнуць пасаду — гэта i зрабiў. Цяпер — рэжысёр клiпаў, музычны прадзюсар гуказапiснай кампанii "Вiгма", а таксама музычны кансультант як для пачаткоўцаў, так i для вядомых ужо артыстаў. Сёлета другi год запар прадстаўляў нашу краiну ў Канах на мiжнароднай выставе музычнай iндустрыi "МIDЕM", якую лiчыць больш перспектыўнай для шоў-бiзнэсу, чым якiя конкурсы. I менавiта пасля "Мiдэма" з упэўненасцю заяўляе: шоў-бiзнэсу ў нас няма! Па роду дзейнасцi даволi часта даводзiцца распавядаць пра артыстаў — спевакоў, музыкантаў, акцёраў... I цi не гэтак жа часта чуць здзiўленае: "А гэта ўвогуле хто?" Прычым, што адметна, практычна кожны з артыстаў-суразмоўцаў прытоена цi шчыра лiчыць сябе "зоркай", якой не дасталася "Грэмi" выключна па непаразуменнi. Так, натуральна, ёсць асобы, чые iмёны гавораць самi за сябе: Алена Свiрыдава, Анжэлiка Агурбаш, "Бi-2", Сярога, Дыяна Арбенiна, Наталля Падольская, Дзмiтрый Калдун... Аднак яны чамусьцi ўжо ўсе ў Маскве. Хто ў нас? "Сябры", "Песняры", Iрына Дарафеева. Наўскiдку яшчэ два дзесяткi гуртоў i выканаўцаў можна прыгадаць. Абуральна мала, вам не здаецца? I новыя iмёны з’яўляюцца ў гэтым спiсе вельмi рэдка. Чаму? Музычны прадзюсар i рэжысёр Уладзiмiр Максiмкаў, напрыклад, мае свой варыянт адказу: у Беларусi шоў-бiзнэсу няма. "Яго не будзе нiколi. I ў гэтым нiчога крыўднага, — сцвярджае ён. — Гэтак жа няма шоў-бiзнэсу ў Данii, Швецыi, Бельгii, Галандыi. Не можа невялiкая краiна назапасiць дастаткова капiталу, каб яго хапiла для раскруткi механiзма. Зонаў шоў-бiзнэсу, куды можна iнтэгравацца, у свеце ўсяго некалькi: Амерыка, Еўропа ў цэлым (Англiю трэба вылучыць асобна), Усход, якi актыўна развiваецца, i Расiя — з-за вялiзнай тэрыторыi". Вяселлi, хаўтуры нядорага Артысты часта крыўдуюць, калi iх называць "прадуктам", але па сутнасцi, уся творчасць, якая выносiцца на суд публiкi, — ужо тавар... — Асноўная праблема або памылка тых, хто далучае сябе да лiку беларускiх прадзюсараў — гэта iгнараванне слова "бiзнэс". Усе сябе лiчаць артыстамi, тонкай i трапяткой сферай, мастацтвам. Але Мастак з вялiкай лiтары — гэта той, хто не можа не займацца мастацтвам: мастак, якi пiша па натхненню, паэт, якi прачынаецца ўначы ад рыфмаванага азарэння. Шоў-бiзнэс — найперш рэальна дзеючая эканамiчная схема, дзе працуюць законы рэкламы, пiяру, прасоўвання прадукту, якi трэба прадаць. У гэтым заўжды ўзнiкае супярэчанне памiж мастаком i бiзнэсменам. Таму пачынаць трэба з таго, што павiнна быць распрацаваная бiзнэс-схема, шэраг крокаў, якiя прыводзяць да запланаванага вынiку. — Нашы артысты любяць кiваць: а вось у Амерыцы... А вось у Расii... — Законы эканомiкi не маюць нацыянальнасцi i геаграфiчнага становiшча, яны дзейнiчаюць паўсюдна — як закон сусветнага прыцягнення. Ёсць касметычныя адрозненнi, звязаныя з менталiтэтам, але ў цэлым законы працуюць аднолькава. Таму для пачатку прадзю-сару або менеджару трэба паставiцца да музыкi, артыста, гурта як да прадукту (па ўмаўчаннi вырашым, што там прысутнiчае як мiнiмум талент), i вызначыцца, ШТО менавiта збiраюцца прадаваць. Скажам, гэта — R’-n-B’-праект, у якi ўваходзяць хлопец i дзяўчына пэўнага ўзросту i г.д. Неабходна таксама вывучыць аўдыторыю, яе жаданнi — бо набываць прадукт будзе менавiта спажывец. Калi гэта схема будзе дзейнiчаць, то i шоў-бiзнэс больш-менш будзе працаваць. Пакуль жа ў нас пад шоў-бiзнэсам разумеюць памкненне ўрваць сабе пару-тройку карпаратыўных вечарынак: "вяселлi, хаўтуры нядорага". I ўсё-ткi яны круцяцца! Зрэшты, многiя артысты менавiта з карпаратыўных выступленняў i жывуць, iх гэта мадэль цалкам задавальняе. Больш за тое — нараджае сваiх герояў. Скажам, адзiн з самых раскручаных беларускiх праектаў — гурт "Топлес" Максiма Алейнiкава. Калi iншыя выканаўцы разважаюць, што не згодныя на "абслугоўванне банкетаў", то даўганогiя салiсткi з "Топлес" гэтых банкетаў не цураюцца. Якраз тамтэйшыя ўдзельнiкi — мэтавая аўдыторыя, светлае сапраўднае i ўпэўненая будучыня гурта. Сам Алейнiкаў, праўда, камплiменты калег успрымае з асцярогай, але ад факта, што "Топлес" — запатрабаваныя i дарагiя артысты (адно выступленне — ад 1000 еўра), не адмаўляецца. Правiльная фармулёўка задачы i дзейсны шлях яе выканання — няхiтрая формула ляжыць i ў аснове поспеху тандэма прадзюсара Уладзiмiра Кубышкiна i спявачкi Анi Шаркуновай. Прадуманы вобраз, прасоўванне, рэклама прадукту — i, калi ласка, лiтаральна за год галасiстая прыгажуня ўвайшла ў топ-10 артыстаў беларускай сцэны, якiя не толькi круцяцца па ТБ, але яшчэ "заказаныя" лiтаральна на ўсiх больш цi менш значных мерапрыемствах. I зарабляюць грошы. Так, гэта больш бiзнэс, чым шоў, — але схема працуе! Унiкальнае спалучэнне менеджменту i творчасцi — гурт "J:Mорс", якi на сёння ўзначальвае рэйтынгi папулярнасцi. Лiдар гурта Уладзiмiр Пугач — адначасова i артыст, i аўтар, i высокаквалiфiкаваны юрыст, якi здолеў акумуляваць зладжаную каманду прафесiяналаў, ад дырэктара да гукарэжысёра. "Пугач — вялiкi разумнiк, ён сам кiруе працэсам, i гурт не збаўляе абаротаў, што паказваюць i продажы дыскаў, i перапоўненыя залы, — з пазiцый эксперта каментуе гэты феномен Максiмкаў. — Мяркую, што гурт яшчэ не сказаў свайго апошняга слова, i ў яго ёсць шанцы выйсцi далёка за межы краiны. Але такое спалучэнне бывае вельмi рэдка". — Каго яшчэ можна адзначыць у справе засваення шоў-бiзнэсу? Аляксандра Саладуху! — прадзюсар, вiдаць, нешта чытае па выразу майго твару, таму развiвае думку. — Саладуха — нумар адзiн па эфектыўнасцi ў гэтай краiне. Забудзьцеся пра "чыстую творчасць", мы зараз абмяркоўваем бiзнэс. Саша Саладуха — самы камерцыйна паспяховы, i няхай кусаюць сабе локцi ўсе зайздроснiкi, але гэта так. На сёння Саладуха — гэта брэнд, якi развiваецца па законах шоў-бiзнэсу. Хто не згодны — звярнiце ўвагу, хто дзе жыве i хто на чым ездзiць. Iншая справа, што ў кожнага свае амбiцыi i апетыты — нехта задавольваецца працай тут, нехта спрабуе заваяваць Расiю цi Еўропу. Г — значыць, грошы Аднак пераважную большасць праектаў беларускiя музыканты робяць... самi для сябе, для сваёй унутранай тусоўкi. "Узгадаем апошнiя прэзентацыi — хто там быў? Адны i тыя ж людзi! Дзесяткаў пяць артыстаў i чалавек 20 журналiстаў, якiя варацца ў адным i тым жа кацялку, — не лянуецца падбiваць лiчбы Максiмкаў. — Тусоўка раздае сваiм удзельнiкам тытулы "зорак", а глядач не разумее, чаму сярод iх няма тых, каго добра ведае i любiць ён сам, яго сябры i суседзi. Калi нашы артысты бачаць тысячы людзей i чуюць апладысменты, скажам, на Свяце горада, яны лiчаць: "О, я папулярны!", забываючыся, што гэта — бясплатны зборны канцэрт, на якiм гледачы не патрацiлi нават 5 тысяч на бiлет. А гледачы, у сваю чаргу, скажуць сабе: я бачыў гэтую "зорку" па тэлебачаннi, пабачыў жыўцом — ну i хопiць". Праблему можна вырашыць. Але толькi ў тым выпадку, калi кожны будзе займацца сваёй справай. Людзей, якiя называюць сябе прадзю-сарамi — хоць гаць гацi, здаецца, нават больш, чым самiх артыстаў. А адкуль яны бяруцца, якую адукацыю i квалiфiкацыю маюць, каго прадзюсуюць — вялiкая загадка. Поўна выпадковых людзей, якiя кампенсуюць веды — энтузiязмам, i хапаюцца без сумневу за працу менеджараў, пiяршчыкаў, канцэртных дырэктараў i прэс-аташэ. — Гэта каменьчык i ў ваш агарод, — заўважае Максiмкаў. — Я вельмi люблю журналiстаў, але журналiст i пiяр-менеджар — дзве розныя работы! А ў нас чамусьцi любая журналiстка, якая пачынае пiсаць навiны пра артыста i атрымлiвае ад яго ўмоўнае ўзнагароджанне, лiчыць сябе пiяршчыкам. Дасылае раз на месяц iнфармацыю па базе адрасоў i знаходзiцца ва ўпэўненасцi, што зараз увесь свет ведае пра артыста. "Увесь свет" на паверку — невялiкае кола ўсё тых жа калег-журналiстаў. Пяць публiкацый у газетах, адзiн эфiр на радыё i сем спасылак у Iнтэрнэце — гэта яшчэ не папулярнасць. Каб дастукацца да сваёй аўдыторыi, трэба ведаць, цi карыстаецца яна ўвогуле Iнтэрнэтам, цi чытае гэтыя газеты, i г. д. Гэта i ёсць работа пiяршчыка, рэкламiста. А не разавае iнтэрв’ю цi навiны ў стылi "Спявачка N. запiсала песню". Унiкальны выпадак, Божа мой — трэба ж, спявачка запiсала песню! Хiба гэта не яе работа? — У чым яшчэ тыповыя памылкi беларускiх артыстаў? — Як правiла, у нас артыст — сам сабе прадзюсар. Сам вырашае, якiя песнi спяваць, якiя аранжыроўкi рабiць, што апранаць на сцэну i як зрабiць макiяж. Гэта i ёсць галоўная памылка. Закон сусветнага шоў-бiзнэсу: у кожнага — свае абавязкi. Твайго меркавання нiхто не спытае — дома, перад люстэркам у ваннай, фарбуйся, як хочаш! А калi ты пайшоў на публiку, то каманда спецыялiстаў вырашыць, як табе выглядаць, што выконваць, што гаварыць, а дзе прамаўчаць. Таксама распаўсюджаная памылка нашых артыстаў — мiтусня па прадзюсарах. Прыйшлi да аднаго, запiсалi песню — не атрымалася стаць папулярным, пайшлi да другога, зноў запiсалi. Той кажа: зараз ты будзеш не Оля Булкiна, а Гiнгема — i гэтая Гiнгема ў тых жа самых джынсах запiсвае такую ж не вельмi ўдалую песню, аддае апошнiя грошы, а папулярнасцi ўсё няма. I такiх у нас — процьма. Не, каб сканцэнтраваць рэсурсы, i калi ўжо заваёўваць папулярнасць не талентам, а грашыма, то хоць бы патрацiць iх з розумам. — А колькi трэба патрацiць, каб стаць "зоркай"? — не вытрымлiваю я. — Няма такой унiверсальнай сумы. Гэта таксама тыповая памылка нашага шоў-бiзнэсу. Чалавек прыходзiць: колькi будзе каштаваць зняць клiп? Там мне сказалi вось такую суму. Калi такое адбываецца, значыць, "там" або дылетанты сядзяць, або хочуць "бабла накасiць". Гледзячы якi клiп, якая песня, якi рэжысёр будзе запрошаны. Праект складаецца па крупiнках, крок за крокам, а потым разлiчваецца патрэбны бюджэт. Хочаце заваяваць гламурную публiку — гэта адна гiсторыя, ПТВшнiкаў — другая, публiку "каму за трыццаць" — трэцяя. Быць можа, трэба на пачках запалак наклеiць вашу выяву, i гэта стане больш дзейсным, чым дарагi клiп. Нават калi артыст трацiць свае грошы, ён павiнен не "музыку заказваць", а вынiк. Калi на вулiцы праз два месяцы работы пiяршчыка ў цябе папрасiлi аўтограф — ты не дарэмна плацiў грошы, нават калi пiяршчык дзеля гэтага "прыляпiў" табе жабры. Усе мы памятаем гэты класiчны прыклад. А цяпер пацiкавiмся ў нашых артыстаў: хто-небудзь з iх пагодзiцца на такое? Як жа, яны ўсе прыгажуны i царэўны. Ты потым царэўнай будзеш, спачатку жабай пабудзь. А калi не хочаш падпарадкоўвацца — сядзi са сваёй генiяльнасцю дома i займайся творчасцю для душы. Маеш права. — Дык ён усё ж ёсць — рэцэпт ператварэння ў "зорку"? — Патрэбны як мiнiмум паўгода-год мэтанакiраванай работы з усiмi СМI i не толькi, каб артыст атрымаў статус пазнавальнага. Яшчэ не папулярнага, толькi пазнавальнага. Класiчная схема такая: з невядомага чалавека можна зрабiць пазнавальнага, з пазнавальнага — вядомага, з вядомага — папулярнага, з папулярнага — любiмага. Калi задача сфармулявана правiльна, усе этапы да перадапошняга дасягаюцца па схеме шоў-бiзнэсу. Цi зможа папулярны чалавек стаць любiмцам публiкi, сапраўднай "зоркай" — гэта ўжо не толькi тэхналогiя, але i харызма, шанцаванне, калi хочаце. Шкада толькi, што ў многiх артыстаў не хапае цярпення, каб паслядоўна прайсцi ўвесь гэты шлях. Але ў мяне такая высакародная мiсiя — артыстаў кансультую ўсiх, хто папросiць. Бясплатна — толькi слухайце. Проста таму, што крыўдна глядзець на тое, што адбываецца. Мы вам пакажам! — Для таго, каб наша музыка развiвалася, недастаткова i нават няправiльна выкарыстоўваць рашэнне аб 75 працэнтах трансляцыi на радыё. Рашэнне прымалася на карысць, гэта зразумела. Але стала паўмерай, непаслядоўнай i не даведзенай да канца. Гэта павiнен быць адзiн з крокаў у ланцугу мерапрыемстваў; напрыклад, круцiце беларускую музыку — атрымлiваеце падатковыя льготы. Iнакш мера будзе i надалей працаваць у адваротны бок: яна ўжо апусцiла планку якасцi i разленавала нашых артыстаў да такой ступенi, што проста смешна. За апошнi год добра, калi больш-менш прыстойных песень пяток з’явiўся... На ўсiх! Бо няма стымулу працаваць — i так круцяць. — Што павiнна адбыцца, каб у нашай краiне было i шоў, i бiзнэс? — Магчыма, трэба наладзiць нейкi "круглы стол" у Мiнiстэрстве культуры. Запрасiць не толькi тых, каго лiчаць вядомымi прадзюсарамi — Максiма Алейнiкава, Уладзiмiра Кубышкiна, Сяргея Сухамлiна, Леанiда Шырына, Уладзiмiра Максiмкава i г.д. Трэба разгледзець падыход менеджараў, а не артыстаў. Бо артысты пачнуць гаварыць, што iм трэба — грошай, студый, бясплатных канцэртных пляцовак, i тады мы вам пакажам... Не пакажаце. Ад таго, што лепш будзе гучаць фанаграма, прынцыпова нiчога не зменiцца. Пакуль не пачнуць узаемадзейнiчаць спецыялiсты ў галiне прадзюсавання (хутчэй за ўсё, замежныя, бо ў нас няма iнстытута прадзюсавання), менеджменту, пiяршчыкi, кiраўнiкi вядучых СМI, дзяржаўных ведамстваў. Каб дапамагчы не грашыма, а сiстэмнай палiтыкай, ад конкурсаў i акцый да аўтарскага права. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму беларускiя "зоркi" так i застаюцца "местачковымi"?
|
|