Ірына Ляпарская: "Мы не шкадуем, што ўпрыгожваем бутэлькі!"
Ірына Ляпарская: "Мы не шкадуем, што ўпрыгожваем бутэлькі!"
Сёлета беларуская сталiца ўпершыню прыме этап Кубка свету па мастацкай гiмнастыцы. 16 мая ў Палацы спорту за ўзнагароды пачнуць змагацца спартсменкi з 31 краiны свету, а гэта як экзатычныя для гэтага вiду Малазiя, Венесуэла, Паўднёвая Афрыка, Тайланд, Японiя, Бразiлiя, Астравы Зялёнага Мыса, так i сусветныя лiдары Расiя, Украiна, Беларусь, Балгарыя, Iталiя, Iспанiя, Iзраiль. Доўгiя пяць гадоў айчынная федэрацыя гiмнастыкi змагалася за права правесцi Кубак свету i даказвала сваю грунтоўнасць, праводзячы этапы Гран-пры, расказвае галоўны трэнер нацыянальнай каманды Iрына Ляпарская. Нарэшце кiраўнiк сусветнай федэрацыi гiмнастыкi Бруна Грандзi пагадзiўся даверыць нашай краiне этап, прычым апошнi перад Алiмпiйскiмi гульнямi. "Гэта будзе апошняя спроба сiлаў перад Пекiнам, i да нас прыедуць усе наймацнейшыя гiмнасткi свету. у Мiнску ў гэтыя днi збярэцца рэкордная для этапаў Кубка свету колькасць краiн-удзельнiц", паведаміла Iрына Ляпарская. Большасць гiмнастак, якiя паспаборнiчаюць у Мiнску, маюць лiцэнзii i выступяць у Пекiне, а ў групавых практыкаваннях усе наймацнейшыя каманды, акрамя Кiтая i Балгарыi, прадэманструюць свае перадалiмпiйскiя амбiцыi. Дарэчы, было прынята рашэнне праводзiць этап Кубка свету як у асабiстых, так i ў групавых практыкаваннях — спаборнiцтвы групы А — самага высокага ўзроўню, што даволi складана для арганiзатараў. Напярэдаднi этапа закуплена шэсць дадатковых гiмнастычных дываноў, якiя дазволяць на Лядовай пляцоўцы Палаца спорту стварыць паўнавартасную размiначную пляцоўку. Спаборнiцтвы ў Мiнску наведае старшыня Мiжнароднай федэрацыi гiмнастыкi Бруна Грандзi i яе генеральны сакратар Андрэ Гайсбулер. На асабiстым самалёце ў беларускую сталiцу прыбудзе галоўны трэнер расiйскай каманды Iрына Вiнер разам са сваiм трэнерскiм штабам — беларускi этап яны разглядаюць як адборачныя спаборнiцтвы, дзе i высветляць, хто з чатырох прэтэндэнтак прадставiць Расiю на Алiмпiйскiх гульнях у Пекiне. Украiнскiя прымы Ганна Бяссонава i Наталля Гадунко на мiнскiм дыване складуць iм дастойную канкурэнцыю. Спаборнiцтвы завершацца ў нядзелю, 18 мая, традыцыйным для былых этапаў Гран-пры Шоў зорак. У другiм яго аддзяленнi плануецца выступленне толькi беларускiх гiмнастак — каб у апошнi перад Пекiнам раз нагадаць мiжнароднай гiмнастычнай грамадскасцi аб тым, што беларуская школа мастацкай гiмнастыкi адна з традыцыйна моцных. Арганiзатарамi мiнскага этапа Кубка свету выступаюць Мiнiстэрства спорту i турызму, Прэзiдэнцкi спартыўны клуб, Нацыянальны алiмпiйскi камiтэт, Мiнгарвыканкам, Беларуская асацыяцыя гiмнастыкi i РУП "Белспортзабеспячэнне", а таксама шматлiкiя спонсары айчыннай гiмнастыкi, дзякаваць якiм нiколi не стамляецца галоўны трэнер нашай каманды. "Мы не шкадуем, што ўпрыгожваем бутэлькi", — так i сказала Iрына Ляпарская пра рэкламную фотасесiю сваiх падапечных, даючы зразумець, што гiмнастыка адкрытая для айчынных таваравытворцаў. Прыхiльнiкi зорак сусветнай мастацкай гiмнастыкi могуць наведаць у гэтыя днi Палац спорту, 16 мая ў 18 гадзiн i 17 мая ў 11 i 15 гадзiн уваход на квалiфiкацыйныя спаборнiцтвы свабодны. Бiлеты на фiналы ў асабiстых i групавых практыкаваннях i Шоў зорак прадаюцца ў касах Палаца спорту i каштуюць 10—25 тысяч рублёў. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета беларуская сталiца ўпершыню прыме этап Кубка свету па мастацкай гiмнастыцы. 16 мая ў Палацы спорту за ўзнагароды пачнуць змагацца спартсменкi з
|
|