Дзецi нараджаюцца ў каханнi
Дзецi нараджаюцца ў каханнi
Толькі для "Звязды" Менавiта гэтую ўмову з’яўлення ў iх немаўляці маладыя сталічныя сем’i паставiлi на першае месца Нехта, вядома, можа прыгадаць распаўсюджаны стэрэатып, маўляў, чым больш дзяржава матэрыяльна падтрымае такiя сем’i, тым большай будзе нараджальнасць. Бясспрэчна, не ўсё тут так адназначна: пажаданнi наконт паляпшэння матэрыяльнага становiшча ў маладых сем’яў прысутнiчаюць. Але ў своеасаблiвай сiстэме прыярытэтаў займаюць толькi трэцяе месца. На другiм — жыллёвая праблема. Галоўным жа, што, на думку маладых сем’яў, можа паспрыяць нараджэнню дзiцяцi, называлiся каханне, дабрыня, узаемапавага, падтрымка памiж мужам i жонкай. Прынамсi, такiя вынiкi засведчыла сярод мiнскiх сем’яў, якiя выхоўваюць адно дзiця, сацыяльнае апытанне, праведзенае Мiнскiм навукова-даследчым iнстытутам сацыяльна-эканамiчных праблем Мiнгарвыканкама. Скiравана яно было на пошук найбольш перспектыўных шляхоў стымулявання такiх аднадзетных сем’яў да нараджэння дваiх i больш дзетак. Пра вынiкi гэтага даследавання сёння ўпершыню раскажа намеснiк дырэктара па навуковай рабоце, кандыдат сацыялагiчных навук, дацэнт Алег Кабяк. Прырост — за кошт мiграцыi На працягу 2007 года колькасць насельнiцтва Мiнска павялiчылася на 17,2 тысячы чалавек i дасягнула амаль 1 мiльёна 815 тысяч чалавек. Пры гэтым мiграцыйны прырост склаў 14,9 тысячы, а натуральны — 2,3 тысячы чалавек. Зыходзячы з такой дынамiкi, згодна з аптымiстычным варыянтам развiцця падзей (а даследчыкi лiчаць яго рэальным), можна меркаваць, што на пачатак 2010 года насельнiцтва сталiцы складзе крыху больш за 1 мiльён 886 тысяч чалавек, на пачатак 2015 года — крыху больш за 1 мiльён 995 тысяч, на пачатак 2020 года — амаль 2 мiльёны 193 тысячы чалавек. Неблагiя лiчбы, аднак праблема ў тым, што колькасць насельнiцтва сталiцы, як мы адзначылi вышэй, павялiчваецца ў асноўным за кошт мiграцыi, а натуральны прырост з-за нiзкага ўзроўню нараджальнасцi па-ранейшаму застаецца нязначным. Чым гэта тлумачыцца? Якое выйсце з сiтуацыi? На гэтыя i iншыя пытаннi трэба было даць свае адказы рэспандэнтам ва ўзросце ад 18 да 36 гадоў, якiя знаходзiлiся ў зарэгiстраваным цi грамадзянскiм шлюбе, або выхоўвалi самастойна дзiця. У апытаннi ўдзельнiчалi 600 чалавек, пераважна ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў. Жыццё для самiх сябе У дэмаграфii iснуе нiжняя планка ўзнаўлення, роўная паказчыку прыкладна 2,15—2,20. Прасцей кажучы, кожная сярэднестатыстычная жанчына за рэпрадукцыйны перыяд свайго жыцця павiнна нарадзiць мiнiмум дваiх дзетак, некаторыя — траiх. Гэта дазваляе ўсяго толькi не знiжаць колькасць насельнiцтва, але пра пашыранае аднаўленне пакаленняў гаварыць тут не выпадае. У нас жа дамiнуюць аднадзетныя сем’i, чаму ёсць шэраг тлумачэнняў. Гэта i змяненне становiшча жанчыны ў грамадстве i сям’i, i патрабаваннi да якасцi працоўнай сiлы, што вымушае больш часу надаваць уласнаму прафесiйнаму ўзроўню. У рэшце рэшт, змянiлiся патрэбы i каштоўнасныя арыенцiры самой сям’i. Мы фактычна запазычылi заходнюю мадэль, дзе ў сем’ях або толькi адно дзiця, або ўвогуле iх няма. Аб’яднаныя даходы мужа i жонкi ў такой сiтуацыi дазваляюць, умоўна кажучы, максiмальна задавальняць уласныя спажывецкiя, культурныя i iншыя патрэбы. Зрэшты, усё аказалася i вельмi проста, i вельмi складана адначасова... Усё ёсць, а дзяцей не хочуць Пераважная большасць апытаных людзей, што складаюць сем’i з адным дзiцем (82,9 працэнта), пражываюць у зарэгiстраваным шлюбе. У большасцi сваёй гэта спецыялiсты з вышэйшай (49,9 працэнта) i сярэдняй спецыяльнай адукацыяй (33,3 працэнта). Фiнансавыя магчымасцi каля паловы апытаных маладых мужа i жонкi (46,3 працэнта) дазваляюць iм акрамя паўсядзённых выдаткаў адкладваць грошы на набыццё дарагiх рэчаў. У 8 працэнтаў рэспандэнтаў, мяркуючы па iх адказах, увогуле няма нiякiх матэрыяльных цяжкасцяў: яны могуць дазволiць сабе набываць практычна ўсё, што пажадаюць. 15 працэнтам апытаных даводзiцца быць гранiчна эканомнымi, каб зводзiць "канцы з канцамi", а 2,3 працэнта рэспандэнтам грошай не хапае на самае неабходнае. Калi гаварыць у цэлым, можна адзначыць некаторую стабiлiзацыю матэрыяльнага статусу маладой сталiчнай сям’i. Здавалася б, самы час нараджаць другое, трэцяе дзiця? Аднак была выяўлена неадназначная залежнасць памiж матэрыяльным становiшчам i рэпрадукцыйнымi планамi рэспандэнтаў. У дастаткова забяспечаных сем’ях вялiкая колькасць апытаных арыентаваны на нараджэнне i другога, i трэцяга дзiцяцi, у той час як сярод найбольш забяспечаных маладых сем’яў не плануюць мець больш дзяцей 23,4 працэнта рэспандэнтаў. — Нават калi iм, умоўна кажучы, даць шыкоўны дом i мiльён долараў, iх пазiцыя можа не змянiцца, — гаворыць Алег Кабяк. — Чаму? Можна гаварыць пра пэўныя ўстаноўкi, якiя муж i жонка самi сабе стварылi: "Мы пра гэта нiколi не думалi", "Мы абое з аднадзетных сем’яў", "I з адным клопату хапае" i г.д. Часам, калi муж i жонка напружана працуюць, адзiнае дзiця ў арганiзацыйным сэнсе знаходзiцца на ўтрыманнi ў бабулi i дзядулi. Тады гучыць адказ: другога яны фiзiчна "не пацягнуць". А сама жанчына не хоча ставiць "крыж" на ўласнай кар’еры. Тут яшчэ можна сказаць пра жаночую "Я-канцэпцыю", звязаную з рэпрадукцыйнымi функцыямi: нарадзiла дзiця, выканала для самой сябе i ў вачах грамадства адведзеную ролю i — можна гэтую тэму больш нiколi не ўзгадваць, займацца працай. Гэта жыллёвая праблема... Што сапраўды ўплывае на жаданне маладых сем’яў мець больш дзяцей, дык гэта жыллё: тры чвэрцi апытаных (75 працэнтаў) маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. Падкрэслiм, па iх уласным самаадчуваннi, як рэспандэнты самi лiчаць. Бо нехта, скажам, будзе доўгi час задаволены i двухпакаёвай кватэрай на сям’ю, а для некага i новая трох-чатырохпакаёўка будзе "цiснуць" нiзкiмi столямi i адсутнасцю кабiнета для працы мужа. Тым не менш праблема тут iснуе. У прыватнасцi, многiя сем’i не могуць набыць уласнае жыллё на рынку нерухомасцi з-за яго дарагоўлi, а таксама з-за вялiкiх працэнтаў па банкаўскiх крэдытах. Даследчыкi пацвердзiлi: гэтая праблема для маладых сем’яў у Мiнску вельмi вострая. А незадаволенасць жыллёвым становiшчам вядзе да знiжэння ўзроўню нараджальнасцi i павелiчэння колькасцi разводаў. Тут, бясспрэчна, патрэбна ўмяшанне дзяржавы. Такi крок дазволiць станоўча паўплываць на рэпрадуктыўныя паводзiны моладзi. У прыватнасцi, 60,2 працэнта апытаных заявiлi, што паляпшэнне жыллёвых умоў можа паслужыць дзейсным стымулам да нараджэння другога дзiцяцi. Прыкладна столькi ж рэспандэнтаў (57,2 працэнта) адзначылi магчымую сувязь памiж з’яўленнем у сям’i другога дзiцяцi i прадастаўленнем дзяржавай фiнансавай падтрымкi (пазыкi, iльготнага крэдыту) на будаўнiцтва цi набыццё жылля. Нашчадкi там, дзе пяшчота На нежаданне маладых мужа i жонкi мець дзяцей аказвае ўплыў вялiкая колькасць прычын як суб’ектыўнага, так i аб’ектыўнага характару. У сувязi з гэтым iстотнае значэнне набывае пытанне: якiя ўмовы для нараджэння дзяцей з’яўляюцца, на думку маладых мiнчан, абавязковымi. — Адказваючы на яго, маладыя людзi называюць у першую чаргу такiя важныя ўмовы суб’ектыўнага плана, як любоў да дзяцей i жаданне iх мець (81,4 працэнта), каханне i ўзаемаразуменне памiж мужам i жонкай (78 працэнтаў), а таксама пачуццё абавязку i адказнасцi ў бацькоў (71,2 працэнта), — гаворыць Алег Вiтальевiч. — З гэтага можна рабiць выснову, што ў сучасным шлюбе дамiнуючай каштоўнаснай арыентацыяй, якая ўплывае на нараджэнне дзiцяцi, з’яўляецца каханне — як да дзяцей, так i памiж мужам i жонкай, г. зн. эмацыянальны камфорт у сям’i. Так, у сем’ях, якiя лiчаць сябе дружнымi, дзе ўсiм добра, яшчэ адно дзiця плануюць мець 48,2 працэнта рэспандэнтаў, дваiх — 21,7 працэнта, траiх i больш — адпаведна 3,7 i 3 працэнты. I толькi 23,4 працэнта дружных сем’яў больш не плануюць мець дзяцей. Да прыкладу, у маладых сем’ях, дзе вельмi часта бываюць сваркi, скандалы, яшчэ на адно дзiця маглi б адважыцца толькi 12,5 працэнта апытаных. А 75 працэнтаў такiх неспрыяльных у псiхалагiчным плане сем’яў увогуле больш не планавалi мець нашчадкаў. Магутная сiла добрага слова Якiм жа чынам маладыя сем’i можна "падштурхнуць" да ўсвядомленага жадання мець больш дзяцей? Зразумела, вырашаць пералiчаныя вышэй праблемы. Аднак калi з канкрэтнай матэрыяльнай падтрымкай (яе найперш трэба аказваць малазабяспечаным сем’ям) i жыллём усё больш-менш зразумела, як быць з каханнем, узаемапавагай, падтрымкай — выхаваннем у больш шырокiм сэнсе?.. Iх, як шматкватэрны дом, за год не пабудуеш. — Я лiчу, што ў ХХI стагоддзi галоўную ролю ў забеспячэннi нацыянальнай бяспекi такой адносна невялiкай краiны, як Беларусь, адыгрывае не колькасць насельнiцтва, а якасць сацыяльнага капiталу. Гэта значыць, адукаванасць, узровень развiцця культуры, iнавацыйнасць мыслення людзей, — тлумачыць Алег Вiтальевiч. — Асобна ўзятыя юнак i дзяўчына могуць быць i разумнымi, i прыгожымi, i сучаснымi, але, як паказвае жыццё, яны вельмi часта не ўмеюць будаваць узаемаадносiны ў сям’i памiж сабой. Моладзi не хапае элементарных тэарэтычных ведаў i практычных навыкаў з педагогiкi, псiхалогii. У школе iх гэтаму не вучаць, хоць у Беларусi ёсць адпаведныя квалiфiкаваныя спецыялiсты. Трэба мяняць падыходы, перапiсваць падручнiкi, надаваць больш увагi прапагандзе сапраўдных агульначалавечых i нацыянальных каштоўнасцяў. Вы паглядзiце, якiя кнiжкi прапануюць моладзi так званыя псiхолагi "новай хвалi" пад выглядам найлепшых вучэбных дапаможнiкаў — "Як стаць сцервай?" Не здзiўляйцеся, нават цацкi аказваюць уплыў на светаўспрыманне. Памятаеце, якiя пупсы былi ў савецкiя часы? Яны знешне вельмi нагадвалi чалавека. Лялька "Барбi", калi яе павялiчыць да памераў дарослага чалавека, з яе прапорцыямi будзе нагадваць монстра. Дзяўчынка атаясамлiвае ляльку з сабой дарослай: вырасту, буду таксама мяняць строi, дэманстраваць сваю знешнюю прыгажосць навакольным. Якiя адносiны яна зможа пабудаваць са сваiм "Кенам"? А як потым такая сям’я будзе выхоўваць уласнае дзiця? Каб гэтага не адбылося, маладым сем’ям патрэбна дапамога ў фармiраваннi i развiццi сацыяльна-педагагiчнай iнфраструктуры ў галiне выхавання дзяцей i арганiзацыi сямейнага адпачынку, прапаганда вобразу шчаслiвай шматдзетнай сям’i i сямейных каштоўнасцяў у асяроддзi моладзi. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавiта гэтую ўмову з’яўлення ў iх немаўляці маладыя сталічныя сем’i паставiлi на першае месца
|
|