І камфортны абутак можа быць модным!
І камфортны абутак можа быць модным!
Да летняга абутку мы заўсёды прад’яўляем павышаныя патрабаваннi — у першую чаргу ў плане камфортнасцi. Пагадзiцеся, нават у туфлях з натуральных матэрыялаў бывае цяжка вытрываць цэлы працоўны дзень, калi калодка нязручная, скура цвёрдая, абцас высакаваты. Для людзей, якiя прывыклi цанiць камфорт, якасць, спалучэнне класiкi i апошнiх модных тэндэнцый, абутак прадпрыемства "Отiко" — аптымальны выбар. I "верх", i падкладка мадэляў у "Отiко" вырабляюцца з натуральных матэрыялаў. Форма калодкi адпавядае форме ступнi. Падэшва з успененага полiурэтану забяспечвае лёгкасць, гнуткасць, добрую амартызацыю i счапленне з паверхняй. Такi абутак з’яўляецца як бы натуральным працягам чалавечай ступнi. Кожны сезон "Отiко" на 30—35 працэнтаў абнаўляе сваю мадэльную лiнейку. Большая частка навiнак прыжываецца i паступова ператвараецца ў класiку. Не менш як 70 працэнтаў прыхiльнiкаў абутку "Отiко" можна смела назваць пастаяннымi пакупнiкамi. Дастаткова аднойчы набыць пару туфляў цi ботаў, ацанiць якасць i камфортнасць, каб потым заўсёды аддаваць перавагу менавiта гэтай марцы. Выгоды двухслойнай падэшвы ЗАТ СП "Отiко" паспяхова асвоiла выпуск абутку метадам лiццявога мацавання падэшвы, што забяспечыла выключную трываласць спалучэння падэшвы з верхам абутку. Можаце быць упэўненыя, што i праз месяц, i праз год носкi цi пасля прагулкi пад дажджом падэшва не адстане, як гэта бывае з клеявымi мадэлямi. Акрамя таго, прадпрыемства — першы i пакуль адзiны ў Беларусi вытворца абутку на двухслойнай полiурэтанавай падэшве. Гэта павысiла зносаўстойлiвасць i забяспечыла аптымальны тэмпературны рэжым. Зiмой такая падвоеная падэшва лепш захоўвае цяпло, летам абараняе ступню ад перагрэву. Пры мiнус 15 класiчны полiурэтан пачынае "шклянець", з-за чаго падэшва становiцца больш слiзкай. У ботах "Отiко" з падвоеным слоем полiурэтану выдатнае счапленне з паверхняй захоўваецца пры тэмпературы да мiнус 20-25 градусаў па Цэльсiю. — Больш за 60 працэнтаў аб’ёму прадукцыi мы прадаём на экспарт, у асноўным у Расiю, дзе тэмпературны рэжым больш суровы, чым у нас, асаблiва зiмой, — тлумачыць генеральны дырэктар прадпрыемства Галiна Аляксандраўна БЯЛЕВIЧ. — Каб пашырыць рэгiёны рэалiзацыi, мы сталi ўкараняць двухслойную падэшву i ў жаночы абутак (пачыналi выключна з мужчынскiх мадэляў). I ў першы ж год выпуску прадалi больш за 8 тысяч пар азначанага асартыменту. Гэта вельмi добры паказчык. Атрымаўшы такi вiдавочна станоўчы вынiк, працягнулi развiваць тэму двухслойнай падэшвы ў веснавых i ў асеннiх мадэлях. Яшчэ адным бясспрэчным плюсам двухслойнай падэшвы, якi ўжо ацанiлi прафесiйныя вадзiцелi i аўтааматары, з’яўляецца яе масла- i бензаўстойлiвасць. Калi вы выпадкова наступiце на разлiты бензiн цi пройдзеце ў машыну па масляных плямах, асаблiвых праблем не ўзнiкне i з класiчным полiурэтанам, а вось калi вы рэгулярна сутыкаецеся з гэтымi рэчывамi — праз месяц-другi падэшвы стануць крохкiмi. Двухслойнаму полiурэтану такiя выпрабаваннi не страшныя. Мода, унiверсальнасць, камфорт Навiнкай вясенне-летняй калекцыi абутку "Отiко" сталi жаночыя басаножкi. Раней з-за спецыфiкi прымяняемых тэхналогiй "Отiко" выпускала толькi адзiн вiд адкрытага жаночага абутку — з адкрытай пяткай. Спецыялiсты называюць яго "прыстасаваным" (скура прылiваецца па ўсiм перыметры, а потым лiшкi выразаюцца). На прадпрыемстве даўно асвоены макасiны з дэкаратыўнай скразной перфарацыяй, жаночыя туфлiкi, у якiх вельмi камфортна ў халаднаватае надвор’е, аднак для спёкi класiчных басаножак у асартыменце "Отiко" да апошняга часу не было. Пакуль не ўкаранiлi новую нямецкую тэхналогiю. Басаножкi "Отiко" больш лёгкiя i гнуткiя, чым iх клеявыя "браты". Мяккая вусцілка басаножка не абмяжоўвае гiбкасцi ступнi, прымушае яе працаваць. Артапеды падлiчылi, што вышыня абцаса для абутку паўсядзённага карыстання павiнна складаць ад 2 да 5 см. У басаножках "Отiко" вышыня прыўзнятасцi абцаснай часткi з’яўляецца аптымальнай — 3—4 см. Дзякуючы наяўнасцi ў новых мадэлях шнуровак i раменьчыкаў на спражцы цi засцежцы "велькра", любая жанчына можа адрэгуляваць паўнату, падагнаць абутак па сваёй назе. Каляровая гама басаножак адпавядае апошнiм модным тэндэнцыям: гэта шэры ў самых розных спалучэннях i варыяцыях, прыродныя афарбоўкi — пад рэптылiю, пад драўнiну, пад штучна састараны матэрыял i г.д. Знешнi выгляд, форма падэшвы таксама пераклiкаюцца з дасягненнямi сусветнай моды. Дынамiчныя лiнii, строгi сiлуэт робяць басаножкi больш унiверсальнымi, даюць магчымасць камбiнаваць iх з самымi рознымi стылямi адзення. Абутак у стылi "кэж’юэл" На пачатку сваёй работы ЗАТ СП "Отiко" выпускала выключна мужчынскi абутак. З часам асартымент папоўнiўся жаночымi i дзiцячымi мадэлямi, а доля мужчынскiх у агульным аб’ёме прадукцыi скарацiлася да 50 працэнтаў. Аднак гэта не значыць, што ў мужчын выбар стаў меншым. Аб’ёмы вытворчасцi прадпрыемства за 15 гадоў узраслi ўдвая. За гэты час мадэльная лiнейка мужчынскага абутку неаднаразова абнаўлялася i абагачалася. Сёння акрамя традыцыйнай класiкi, якая карыстаецца нязменным попытам, "Отiко" прапануе сваiм пакупнiкам абутак новага фармату. Гэта больш маладзёжныя мадэлi, у якiх паўсядзённы камфорт удала спалучаецца з элементамi спартыўнага дызайну (кэж’юэл) — модныя, стыльныя, камфортныя. — Сярод маладых людзей сёння шмат прыхiльнiкаў здаровага ладу жыцця, — тлумачыць Галiна Аляксандраўна, — якiя хацелi б насiць красоўкi, або кеды не толькi падчас заняткаў спортам. Нашы мадэлi ў стылi кэж’юэл даюць iм такую магчымасць. Матэрыялы для гэтых мадэляў мы выкарыстоўваем толькi самыя лепшыя: натуральную скуру з рознымi вiдамi апрацоўкi. У летняй калекцыi актыўна прымяняем нубук (у адрозненне ад гладкай скуры, якая мае некалькi слаёў прапiтак i афарбовак, нубук больш мяккi i лепш "дыхае", што вельмi важна для такога абутку). Багатая каляровая гама, разнастайныя дэкаратыўныя элементы (лакавыя i замшавыя ўстаўкi, дэкаратыўныя строчкi) робяць маладзёжны абутак "Отiко" адметным i запамiнальным. Дзiцячы абутак "Отiко" (з 32-га па 41-ы памер) добра фармiруе ступню, развiвае яе мышцы. У фiрменным магазiне i секцыях можна знайсцi элегантныя зiмовыя боцiкi, лёгкiя летнiя туфлiкi з адкрытай пятачнай часткай i перфарацыяй, восеньскiя класiчныя мадэлi на шнурочках, "лiпучцы", "маланцы", з дэкаратыўнымi ўстаўкамi i строчкамi ў шырокай каляровай гаме. Усё гэта робiць дзiцячы абутак не толькi камфортным, але i вельмi прывабным знешне. — На жаль, далёка не ўсё з таго, што мы дэманструем на спецыялiзаваных кiрмашах i выставах, потым трапляе на палiцы магазiнаў, — расказвае дырэктар прадпрыемства. — Наш гандаль, асаблiва на перыферыi, аддае перавагу ў асноўным класiчным мадэлям i колерам. I гэта тычыцца не толькi дзiцячага абутку. Бразiльская скура для беларускiх туфляў Згодна з апошнiмi медыцынскiмi даследаваннямi за год праз ступню дарослага чалавека выдзяляецца да 50 лiтраў поту. Безумоўна, для многiх гэты паказчык больш сцiплы, аднак знойдзецца i шмат тых, для каго памянёная асаблiвасць функцыянавання арганiзма з’яўляецца сапраўднай праблемай. Асаблiва летам. Добра вядома, што лепшы абутак — гэта абутак з натуральных матэрыялаў. Сiнтэтыка "ўсмоктвае" i назапашвае вiльгаць, у вынiку чаго праз нейкi час туфлi набываюць пах, ад якога потым немагчыма пазбавiцца. З натуральнай скурай усё iнакш: яна "дыхае". Нават калi вам давялося прабегчы марафонскую дыстанцыю, дастаткова пакiнуць абутак на суткi "праветрыцца", каб не мець потым далiкатнай праблемы з пахам. — Наш абутак прызначаны для паўсядзённага карыстання, чалавек носiць яго больш за 8 гадзiн у суткi, — расказвае Галiна Аляксандраўна, — таму мы прымяняем толькi тыя матэрыялы, якiя забяспечваюць камфорт i доўгi час могуць захоўваць выдатны знешнi выгляд. Гэта "лицевая" скура, спiлак, нубук. На жаль, 70 працэнтаў матэрыялаў "Отiко" iмпартуе з-за мяжы. Скуру для верха ўжо 13 гадоў завозiм з Бразiлii. Безумоўна, нам куды зручней i танней было б закупляць матэрыялы на суседнiм скураным заводзе, а не за акiянам. Праблема ў тым, што беларускiя вытворцы не вырабляюць гладкую скуру патрэбнай нам якасцi. У многiм гэта абумоўлена нiзкай якасцю зыходнай сыравiны i тэхналогiямi, якiя прымяняюцца на заводах. Калi ж у iх i атрымаецца вырабiць партыю высакаякаснай скуры, яе цана будзе працэнтаў на 30 вышэйшай за бразiльскую. А вось для падкладкi мы закупляем скуру Бабруйскага камбiната. Падкладачны матэрыял у нас на 100 працэнтаў айчынны. Гандляваць таксама трэба ўмець — Незалежна ад узросту i памеру нагi чалавек хоча, каб яго абутак быў не толькi камфортным, але i модным. Сёння ў модзе блiскучыя, лакавыя паверхнi, афарбоўкi "пад метал". У нашу веснавую i летнюю калекцыi мы актыўна ўводзiм лакавыя элементы, скуру з аздабленнем пад "метал". Вырабляем мадэлi з натуральнай скуры з бляскам пад бронзу, серабро, медзь, золата. Не абмiнаем увагай i прыродную палiтру: афарбоўку пад скуру рэптылii i iншых жывёл. Увогуле, каляровая гама ў нас вельмi багатая. Вось толькi ў продажы гэтую разнастайнасць не заўсёды можна знайсцi. Прычын тут некалькi. З аднаго боку, у значнай часткi спажыўцоў iснуе стэрэатып выбару абутку: абутак павiнен быць максiмальна ўнiверсальным (i ў сэнсе колеру таксама) i не патрабаваць асаблiвага догляду. Чорны i светлы (белы, шэры) самыя дэмакратычныя колеры — i ў плане камбiнавання, i ў плане догляду. З другога боку — у нашай краiне пакуль недастаткова паглыблена спецыялiзацыя абутковых магазiнаў i аддзелаў. Незалежна ад памеру магазiна, плошча абутковага аддзела падзяляецца толькi на 3 секцыi: мужчынскую, жаночую i дзiцячую. Аднак сусветная практыка паказвае, што, напрыклад, у межах жаночай секцыi асобнымi палiцамi павiнны быць прадстаўлены мадэлi i з улiкам узросту, i стылю жыцця, i ўзроўню даходаў. За мяжой спартыўны абутак нiколi не будзе выстаўляцца побач з класiчнай "шпiлькай", а зойме сваё месца ў асобнай секцыi. — У нашым гандлi з-за абмежаванасцi плошчаў абутак розных стыляў сабраны на палiцах разам, — гаворыць Галiна Бялевiч. — Калi мы толькi пачалi вырабляць маладзёжныя мадэлi (стыль кэж’юэл), у адным са сталiчных магазiнаў нам заявiлi, што наша "маладзёжка" ў iх зусiм не прадаецца. Маўляў, нехадавы тавар. Мы выехалi паглядзець, як наш абутак выстаўлены. Высветлiлася, што сучасны маладзёжны абутак яны размясцiлi памiж хатнiмi тапкамi i гумавымi ботамi. Зразумела, чаму там не было продажу: у гэты куток аддзела зазiралi толькi тыя, каму былi патрэбны тапкi цi гумавыя боты. I яшчэ адна важная заўвага. Наш гандаль зацiкаўлены ў тым, каб прадаваць iмпартны абутак, бо ён значна даражэйшы за айчынны. Гандляваць iм больш выгадна. Менавiта таму так званы "расiйскi Кiтай" выстаўляецца на самым бачным месцы, а беларускiя мадэлi — незалежна ад якасцi i стылю — размяшчаюцца па перыметры абутковай секцыi, "уперамежку" i без неабходнага асвятлення. У нас ёсць свой фiрменны магазiн, якi нашага абутку прадае ў год больш, чым чатыры найбуйнейшыя ўнiвермагi Мiнска. Вельмi важна не толькi зрабiць якасны тавар, але i здолець яго прадаць. Iснуюць спецыяльныя схемы размяшчэння прадукцыi, методыкi продажу. А наша сiстэма гандлю — у дачыненнi да айчынных тавараў — часта iгнаруе гэтыя правiлы рынку. Днямi асаблiвую ўвагу да развiцця айчыннага абутковага гандлю праявiлi сталiчныя ўлады, якiя зацiкаўлены ў стварэннi канкурэнцыi iмпарту. Самае важнае i складанае пытанне, якое трэба абавязкова вырашыць для дасягнення азначанай мэты, — прадаставiць беларускiм вытворцам новыя плошчы пад фiрменныя магазiны i секцыi па даступных расцэнках. — Павiльён у гандлёвым цэнтры "Сталiца" мы не змаглi сабе дазволiць узяць з-за высокай арэнднай платы, — тлумачыць дырэктар ЗАТ СП "Отiко". — Таму мы са свайго боку прапанавалi iншы варыянт: дазволiць нам не арэндаваць, а набываць гандлёвыя плошчы, напрыклад, у мiкрараёнах новай забудовы, у "спальных" раёнах, дзе сёння абутковы гандаль практычна адсутнiчае. Калi горад зацiкаўлены ў стварэннi дастойнай канкурэнцыi iмпартным таварам, можна было б хоць бы на першым этапе прадастаўляць айчынным вытворцам iльготы на арэнду гандлёвых памяшканняў. Будучыня — за фiрменным гандлем Больш як 60 працэнтаў аб’ёму сваёй прадукцыi "Отiко" вывозiць за межы Беларусi. Асноўную долю — у Расiю (90 працэнтаў экспарту), яшчэ 5-6 працэнтаў — у Лiтву. Зараз заключаны кантракты на прамыя пастаўкi ў Казахстан i ва Ўкраiну. — Апошнiя 5 гадоў у нас выключна станоўчае знешнегандлёвае сальда, — гаворыць Галiна Аляксандраўна. — Высокай якасцi нашай прадукцыi давяраюць многiя аптовыя закупшчыкi. Вяртанне нелiквiднага тавару ў нас не перавышае 0,1 працэнта. Дзякуючы гэтаму адкрыты стабiльныя каналы паставак у 27 рэгiёнаў Расii, у тым лiку ва Ўладзiвасток, Паўднёва-Сахалiнск, Хабараўск i г.д. На ўнутраным рынку сярод айчынных вытворцаў абутку "Отiко" займае пятае месца па аб’ёмах рэалiзацыi. Гэтая лiчба магла б быць большай, калi б не абмежаванасць абаротных сродкаў. — Сёння канкурэнтаздольнасць тавараў народнага спажывання ў цэлым i абутку ў прыватнасцi залежыць не толькi ад цаны i знешняга выгляду, але i ад таго, цi можа вытворца пракрэдытаваць свайго аптовага пакупнiка (мiнiмум на 60 дзён, а лепш — на 120). Выгада такой гандлёвай палiтыкi становiцца вiдавочнай на прыкладзе работы фiрменных секцый. Калi дырэкцыя магазiна ведае, што плацiць трэба будзе толькi за рэалiзаваны тавар, яна закажа ў нас больш шырокi асартымент. У спажыўца з’явiцца шырэйшы выбар, адпаведна павялiчыцца аб’ём продажу. У савецкi час iснавала аптовае звяно гандлю — базы, якiя выконвалi важную функцыю па фармiраваннi асартыменту. Яны заказвалi пэўны пералiк тавараў у вытворцаў i рабiлi ў сябе сезонныя назапашваннi. Пачынаючы з чэрвеня, яны закуплялi ў фабрык зiмовы асартымент i потым прапаноўвалi магазiнам гатовую калекцыю да кожнага сезона. Сёння ўсю нарыхтоўчую работу робяць самi вытворцы. Ужо ў маi яны распачынаюць выпуск зiмовых мадэляў, якiя ў лепшым выпадку пачнуць рэалiзоўвацца ў канцы жнiўня. А да той пары боты будуць чакаць свайго часу на складах. Прадпрыемства нясе расходы (аплата матэрыялаў, спажытай электраэнергii, заробак рабочым i г.д.), якiя зможа кампенсаваць толькi праз паўгода. I пры гэтым трэба будзе яшчэ пракрэдытаваць не толькi аптовых закупшчыкаў, але i рознiчныя магазiны, якiя набудуць зiмовую калекцыю. — Усё гэта прыводзiць да таго, што нам даводзiцца задзейнiчаць вялiкiя крэдытныя рэсурсы, — тлумачыць генеральны дырэктар "Отiко", — што ў многiм абмяжоўвае нашы магчымасцi, стрымлiвае рост аб’ёмаў вытворчасцi. Для таго, каб нам наладзiць выпуск новага асартыменту — жаночых адкрытых басаножак — спатрэбiлася не толькi новая аснастка, але i новае швейнае, зацяжное абсталяванне. Летась толькi на закупку абсталявання мы патрацiлi 1 мiльярд 300 мiльёнаў рублёў. У першым квартале гэтага года — яшчэ 460 мiльёнаў. I гэта трэба рабiць пастаянна. Калi мы спынiмся — адстанем ад канкурэнтаў, згубiм давер пакупнiкоў. Аптовай базе трэба аддаць тавар з той жа адтэрмiноўкай, што i гандлёваму прадпрыемству, ды яшчэ са скiдкай супраць рознiцы (у 7—10 працэнтаў). У мiнулым годзе ўзровень рэнтабельнасцi ў нас склаў 17 працэнтаў. Калi мы 10 з iх "спiшам" на скiдку для базы, застанецца толькi 7 працэнтаў. Гэта вельмi мала для развiцця вытворчасцi. А калi ўлiчыць iнфляцыю, атрымаецца, што мы ўвогуле не зможам развiвацца. Аптымальнае выйсце для вытворцаў, якiм яно бачыцца Галiне Аляксандраўне, — крэдытаванне ўласнай гандлёвай сеткi. Безумоўна, гэта дорага, але i выгадна. Так, наяўнасць сваiх гандлёвых пунктаў дазваляе прадпрыемству праводзiць сезонныя назапашваннi не на складах, а ў самiх фiрменных магазiнах. Частка спажыўцоў любiць рабiць пакупкi загадзя, тым больш, калi тавары выстаўлены па старой (мiнулага сезона) цане. — Як толькi ў нашага беларускага гандлю з’явiцца рэальная канкурэнцыя ў выглядзе сеткi фiрменных магазiнаў, ён i сам пачне праяўляць большую зацiкаўленасць у продажы айчынных тавараў, — пераканана Галiна Аляксандраўна. — Калi гаварыць непасрэдна пра наш фiрменны магазiн, заўважу, што ў iм прадстаўлены не толькi абутак "Отiко". 65—70 працэнтаў асартыменту — гэта наша прадукцыя, а астатнiя 30 працэнтаў — абутак iншых буйных беларускiх вытворцаў. Можна правесцi аналогiю цягнiка з вагончыкамi. У адным выпадку ў якасцi цягнiка можа выступаць наш тавар (скажам, сям’я прыйшла па новыя зiмовыя боты для мужа, а заадно знайшла i "шпiльку" на выхад для жонкi). У другiм выпадку цягнiком можа паслужыць тавар нашых калег. Уласна сваёй прадукцыяй мы не "закрываем" увесь мадэльны рад (напрыклад, мы не выпускаем абцасны абутак). А ў любым спецыялiзаваным абутковым магазiне павiнны быць прадстаўлены максiмальна разнапланавыя мадэлi, вось мы i запаўняем свае "прабелы" асартыментам iншых беларускiх вытворцаў. Ведаю, што некаторыя буйныя прадпрыемствы ў сваiх фiрменных гандлёвых пунктах выстаўляюць выключна свой тавар. Мы так рабiць i не плануем: для нас больш выгадна гандляваць сумесна з iншымi вытворцамi. Адчуйце рознiцу! Калi гаварыць пра немалаважны для кожнага пакупнiка цэнавы фактар, трэба адзначыць, што тут "Отiко" трымаецца на ўзроўнi астатнiх беларускiх прадпрыемстваў сваёй галiны. Асноўная доля абутку "Отiко" разлiчана на спажыўца з сярэднiм узроўнем даходаў, аднак ёсць у асартыменце i прадукцыя "эканом-класа". Такiя мадэлi вырабляюцца з больш танных матэрыялаў i камплектуючых (якiя, мiж iншым, таксама з’яўляюцца натуральнымi). У плане зносаўстойлiвасцi яны нi ў чым не саступаюць мадэлям асноўнага асартыменту. Адзiнае, што i абумоўлiвае iх меншую цану, — гэта больш сцiплы знешнi выгляд. Увогуле, здаровая канкурэнтная барацьба — натуральны стрымлiваючы фактар у вызначэннi цаны на тавары "Отiко" як на ўнутраным, так i на знешнiм рынку. Многiя адзначаюць, што кiтайскi абутак больш танны. Але ж гэта сiнтэтыка. — Як на нафту, золата, брыльянты, так i на натуральную скуру iснуюць устаноўленыя сусветныя цэны, — тлумачыць Галiна Аляксандраўна. — I калi кiтайскiя вытворцы прапануюць абутак з сапраўднай скуры, а не падробку, выкарыстоўваюць такiя ж высакаякасныя матэрыялы i перадавыя тэхналогii, яны проста не змогуць апусцiць цану на свой тавар нiжэй за нашу. Калi ж гаварыць пра беларускi абутак, прывядзём толькi адзiн прыклад. Мужчынскiя штодзённыя туфлi з натуральнай скуры нямецкай фiрмы ў Мiнску каштуюць не меней за 70 еўра. Аналагiчная пара "Отiко" (якая па якасцi нi ў чым не саступае замежнаму тавару) — 70-90 тысяч беларускiх рублёў. Мадэль "эканом-класа" i таго менш — 55—60 тысяч. Як кажуць, адчуйце рознiцу. Стабiльны заробак плюс дастойны "сацыяльны пакет" Сёння на прадпрыемстве "Отiко" працуе 650 чалавек. У асноўным — жанчыны. Удалае размяшчэнне вытворчых карпусоў (у цэнтры горада, побач са станцыяй метро "Фрунзенская") значна аблягчае работнiкам маршрут з дому на працу i назад (вытворчы працэс вядзецца ў дзвюхзменным рэжыме). Прыкладна 40 працэнтаў калектыву — былыя выпускнiкi каледжа лёгкай прамысловасцi. Цякучасць кадраў на прадпрыемстве нязначная, сярэднi заробак — адзiн з самых высокiх у "абутковай" галiне (ад 500 да 850 тысяч рублёў). Дастойны сацыяльны пакет: кожны работнiк мае права на аплатны 30-дзённы чарговы адпачынак (20 дзён летам i 10 зiмой) i адначасова на матэрыяльную дапамогу. "Отiко" аплачвае 80 працэнтаў кошту санаторных i 40 працэнтаў турыстычных пуцёвак у межах Беларусi, 40 працэнтаў кошту абанементаў у спартыўныя секцыi i гурткi для сваiх работнiкаў i iх дзяцей. Разам з прафсаюзам бярэ на сябе расходы па аплаце дзiцячых пуцёвак у аздараўленчыя летнiя лагеры. Пяты год запар для дзяцей супрацоўнiкаў прадпрыемства арганiзуе аздараўленне ў Крыме. Работнiкам, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, "Отiко" прадстаўляе беспрацэнтную пазыку ў памеры ад 30 да 60 працэнтаў кошту жылля на 10 гадоў. Дзякуючы гэтай падтрымцы, каля 60 супрацоўнiкаў прадпрыемства ўжо абзавялiся ўласнымi кватэрамi. I кiруючы персанал, i рабочыя аднолькава зацiкаўлены ў павышэннi сваёй квалiфiкацыi, узроўню адукацыi — ад гэтага непасрэдна залежыць узровень зарплаты. Сёння больш як 50 работнiкаў завочна навучаюцца ў ВНУ. Молада, але не зелена Сёлета ЗАТ СП "Отiко" святкуе сваё 15-годдзе. Для чалавека — зусiм яшчэ юны ўзрост, а прадпрыемства за гэты час паспела заваяваць прызнанне i на ўнутраным рынку, i за мяжой. — Нам i надалей хацелася б захаваць станоўчую дынамiку развiцця, павялiчваць аб’ёмы вытворчасцi, пашыраць асартымент, — падвяла вынiкi Галiна Аляксандраўна. — Мы першымi ў Беларусi пачалi выпускаць лiццявы адкрыты абутак, абутак на двухслойнай падэшве. Мы прымяняем найноўшыя тэхналогii, сучасныя матэрыялы. У год выпускаем да 100 новых мадэляў. У нашых далейшых планах — асвоiць новы сегмент рынку — мужчынскi офiсны абутак. Пастаянна наведваем мiжнародныя спецыялiзаваныя кiрмашы i выставы, каб потым мець магчымасць прапанаваць спажыўцу самыя модныя мадэлi сезона. Публiкацыю падрыхтавалi Iнга МIНДАЛЁВА, Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ, Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота).
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да летняга абутку мы заўсёды прад’яўляем павышаныя патрабаваннi — у першую чаргу ў плане камфортнасцi. Пагадзiцеся, нават у туфлях з натуральных матэр
|
|