Ветлiвасцi таксiстам не займаць. Яна ў iх па будзённым "тарыфе"
Ветлiвасцi таксiстам не займаць. Яна ў iх па будзённым "тарыфе"
Як "Звязда" ўжо паведамляла, у Екацярынбургу таксiстам забаранiлi слухаць шансон. Цяпер у гарадскiх таксi гучыць класiка, рэтрахiты i песнi Ўладзiмiра Высоцкага. А самiх вадзiцеляў абавязалi наведваць трэнiнгi па этыкеце i курсы англiйскай мовы. Яшчэ iм забаранiлi весцi з пасажырамi размовы "за жыццё", абавязалi адчыняць перад клiентам дзверы i двойчы на дзень мыць свае аўтамабiлi. Можна меркаваць, што паводзiны вадзiцеляў таксi дагэтуль iстотна раздражнялi пасажыраў, калі былi прыняты такiя правiлы. Рэдакцыя вырашыла пацiкавiцца: а як рэгулююцца аналагiчныя пытаннi памiж вадзiцелямi таксi i клiентамі ў нас, цi ўзнiкаюць на гэтай глебе нейкiя канфлiкты? Канстанцiн Кузьмянкоў, дырэктар транспартнай асацыяцыi "Сталiчнае таксi": — Асноўным дакументам, якi рэгламентуе правы i абавязкi вадзiцеляў таксi, узаемаадносiны з клiентамi, з’яўляюцца Правiлы перавозкi пасажыраў аўтамабiльным транспартам. Праўда, "жыць" iм засталося нядоўга — з 1 лiпеня ўступае ў сiлу новая рэдакцыя Правiлаў. Адначасова павiнен уступiць у сiлу i новы Закон "Аб аўтамабiльным транспарце", якi быў адобраны Палатай Прадстаўнiкоў яшчэ ў мiнулым годзе. Цяпер дзеючыя дакументы ўжо не адпавядаюць патрабаванням часу. Праўда, наколькi мне вядома, асаблiвых змяненняў менавiта ў правы i абавязкi вадзiцеляў унесена не будзе. Апошнiмi адназначна прапiсана, што вадзiцелю забаронена курыць у салоне. Пра ветлiвасць у Правiлах нiчога не сказана, але ў iнструкцыях па пасадзе пра гэта прапiсана. Вадзiцель, згодна з Правiламi, не павiнен адкрываць перад клiентам дзверы, аднак арганiзацыi-перавозчыкi заўсёды арыентуюць сваiх работнiкаў: праяўляйце ветлiвасць. Гэта дапамога ў размяшчэннi ў багажным адсеку цяжкага багажу, яго выманне, асаблiва калi клiент — жанчына цi састарэлы чалавек. Вадзiцель можа паднесцi багаж у такой сiтуацыi, напрыклад, да лiфта. Гэта пытанне культуры, ветлiвасцi работнiка не толькi як вадзiцеля, але i, напэўна, як чалавека. Нараканняў жа з боку пасажыраў на музыку ў салоне за ўсю сваю практыку я не чуў. Максiм Стрыгельскi, намеснiк дырэктара ПУП "Таксастыль": — Нараканнi, скаргi на няветлiвасць, грубасць з боку вадзiцеляў, безумоўна, бываюць рэгулярна. Напэўна, як i ў любой iншай галiне нашага жыцця. Усе яны вырашаюцца ў рабочым парадку. Але скаргаў на музыку не было. Аляксей Манахаў, дырэктар ПУП "Таксастыль": — Я сам вадзiцель у мiнулым, таму магу расказаць пра два выпадкi, звязаныя з музыкай. Аднойчы ноччу галасаваў чалавек. Ехала таксi, даволi прыстойная машына. Першае, што спытаў патэнцыяльны клiент, была фраза: "Шансон ёсць? Няма?!" I зачынiў дзверы. Другi выпадак. Малады вадзiцель, як ён сам лiчыў, прагрэсiўных поглядаў, прыехаў на выклiк з сучаснай прычоскай тыпу "iракез" i пад гукi "Рамштайна". Клiенты — састарэлая пара — засталiся не вельмi задаволенымi. Я лiчу, што прафесiйная этыка не дазволiць вадзiцелю слухаць тую музыку, якая можа не спадабацца пасажыру. Я некалi вазiў тады яшчэ аўдыёкасеты для магнiтолы з рознымi запiсамi: i той жа шансон, i з музыкай з мульцiкаў, i iнш. Ведаеце, па выгляду клiента можна амаль беспамылкова вызначыць, што ён слухае i што папросiць уключыць. Дарэчы, на курсах вадзiцелям таксi чытаюць курс этыкету. Яны ж, асаблiва ў начны час, працуюць з рознымi людзьмi, але ў любым выпадку павiнны быць ветлiвымi i добразычлiвымi. Вадзiцелi ў нас — колiшнiя мiлiцыянеры, акцёры па адукацыi (нават здымалiся ў эпiзадычных ролях у фiльмах), дырыжоры, словам, хапае людзей з вышэйшай адукацыяй, што, безумоўна, таксама станоўча ўплывае на якасць абслугоўвання клiентаў. P. S. Усе суразмоўцы з недаверам, а часам i са смехам (маўляў, гэта не жарт?) успрымалi iнфармацыю пра новаўвядзеннi ў Екацярынбургу. Потым было здзiўленне, выказанае аўтарам у самым пачатку: як жа сябе трэба было паводзiць, каб былi прыняты такiя правiлы ў дачыненнi да вадзiцеляў? Думаецца, многiя могуць засведчыць: у нашых таксiстаў такiх праблем з пасажырамi няма. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як "Звязда" ўжо паведамляла, у Екацярынбургу таксiстам забаранiлi слухаць шансон. Цяпер у гарадскiх таксi гучыць класiка, рэтрахiты i песнi
|
|