21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

П’еса з двума невядомымi

26.08.2009 10:12 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

П’еса з двума невядомымi

Прэм’ера года

Нiколi не думала, што твор са школьнай праграмы па беларускай лiтаратуры можа сёння выклiкаць столькi размоў i спрэчак. Сярод сучасных спецыялiстаў ёсць тыя, хто знаходзiць падставы сумнявацца ў тым, што "Пiнскую шляхту" напiсаў Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч. Ёсць, праўда, i тыя, хто вельмi слушна заўважае: а калi не ён, то хто тады?.. Той, хто стаяў ля вытокаў беларускага тэатра, напiсаў шэраг твораў, якiя былi нават пастаўлены ў той час пры яго ўдзеле, валодаў вострым пяром i мог крытычна паставiцца да працэсаў, якiя адбывалiся пасля паражэння паўстання Калiноўскага, калi шляхта забылася пра свой сапраўдны гонар i наканаванасць баранiць родную зямлю, а стала жыць сваiмi цiхiмi радасцямi i дробнымi клопатамi... Такiм чынам, мы працягваем лiчыць аўтарам п’есы Дунiна-Марцiнкевiча, i не дзiва, што ў юбiлейны для яго год "Пiнскую шляхту" ўвасабляюць на сцэне.

Прэм’ера "Пiнскай шляхты" ў Нацыянальным тэатры iмя Янкi Купалы была чаканай яшчэ i таму, што за пастаноўку ўзяўся рэжысёр, iмя якога ў Беларусi выклiкае асаблiвы iнтарэс — былы "купалавец" Мiкалай Пiнiгiн, якi цяпер працуе рэжысёрам у Вялiкім драматычным тэатры ў Санкт-Пецярбургу. Але ў Купалаўскiм тэатры ён працягвае ставiць спектаклi, якiя таксама выклiкаюць шмат размоў. Вось i "Пiнская шляхта" не пазбегла абмеркаванняў гледачоў. Хоць яшчэ са школьных часоў i сачыненняў на "выдатна" мне здавалася, што я зразумела "Пiнскую шляхту", ведаю, з-за чаго пасварыўся Цiхан Пратасавiцкi з Iванам Цюхай-Лiпскiм. Але пасля прэм’еры, ажыятажу i бурных авацый давялося патрапiць у вiр спрэчкi, дзе голас аптымiста перарываўся заўвагамi скептыка наконт таго: што было i ёсць наша шляхецтва, у чым яго гонар, i дзе цяпер гонар нашчадкаў тых шляхцiчаў, пра якiх мы ўзгадваем, калi вывучаем гiсторыю. Чым пераказваць сэнс п’есы i супастаўляць яго з гучаннем спектакля, я думаю, будзе больш цiкава пазнаёмiць з сутнасцю даволi нечаканай для мяне спрэчкi вакол "Пiнскай шляхты" ў Купалаўскім. 

"Шляхетныя" аргументы

"Пiнская шляхта" напiсана ў 1866 годзе, але сама п’еса была знойдзена ў архiве калекцыянера Аляксандра Ельскага ў 1884 годзе, пасля смерцi Дунiна-Марцiнкевiча. Яшчэ адзiн спiс камедыi захоўваўся ў архiве этнографа i фалькларыста Яна Карловiча. У рукапiсах — почырк Дунiна-Марцiнкевiча, хоць ён сам пры жыццi не згадаў гэты твор як уласны. Усе папярэднiя творы пiсьменнiка былi напiсаны лацiнкай, а "Пiнская шляхта" — кiрылiцай, да таго ж "пiнчуцкай" гаворкай. Гэта дало падставы для сумненняў у сапраўдным аўтарстве твора.

Але ў даследчыкаў творчасцi Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча тлумачэннi i аргументы на яго карысць. Таленавiты чалавек, якi любiў сваю зямлю i нават гатовы быў ахвяраваць жыццём дзеля яе, падтрымаўшы паўстанне Калiноўскага, мог асвоiць любую з мясцовых гаворак. Пасля таго, як спалiлi пераклад "Пана Тадэвуша", Дунiн-Марцiнкевiч абяцаў, што больш не будзе пiсаць лацiнкаю. Да таго ж, гэта было небяспечна для былога вязня "Пiшчалаўскага замка".

Аптымiст: Мяне парадавала тое, што Мiкалай Пiнiгiн працягвае працаваць з беларускiм матэрыялам — калi не ў Купалаўскiм тэатры да нашай класiкi будуць звяртацца, то дзе яшчэ? Прычым гэта зроблена вельмi лёгка, не напружвае гледача. Гэты паход у тэатр мяне не расчараваў, таму што можна было разняволiцца, i было з чаго пасмяяцца. А то прывычнае адчуванне нашай класiкi (напэўна, гэта iдзе яшчэ са школы) такое: сяляне стогнуць, бо цяжка жыць, шмат працуюць, не падымаючы галавы ад зямлi, хочуць есцi i чакаюць светлага дня. Патрэбныя такiя спектаклi, якiя пра нешта гавораць, але пры гэтым лёгкiя для ўспрыняцця, ствараюць добры настрой.

Скептык: З гэтага пункту гледжання спектакль сапраўды зроблены з разлiкам на гледача, якi не можа не рэагаваць на акцёрскiя прыёмы, якiя забаўляюць. Iншая справа — на таго гледача, якi прыйшоў у Купалаўскi тэатр упершыню i не бачыў папярэднiх прац таго ж рэжысёра, для каго Пiнiгiн пакуль невядомы.

Аптымiст: Аднак Мiкалай Пiнiгiн зрабiў сабе iмя менавiта на беларускай класiцы.

Скептык: I мы за гэта яму вельмi ўдзячныя. Вiдаць, настолькi, што цяпер кожны новы яго спектакль будзем па iнэрцыi гучна вiтаць. Гэта ж вельмi па-беларуску. Таму што ёсць меркаванне, што Пiнiгiн у рэжысуры — наша ўсё... Так, ён паставiў цудоўныя спектаклi. Але, на мой погляд, "Пiнская шляхта" падобная на "Iдылiю", якая даўно iдзе. А як жа новыя iдэi, якiх мы чакаем ад рэжысёраў?

Аптымiст: Ёсць такое паняцце як "аўтарскi почырк", аўтарскае беражлiвае стаўленне да класiкi — абодва ж спектаклi паводле Дунiна-Марцiнкевiча. Але мне здаецца, што ў "Пiнскай шляхце" шмат рэжысёрскiх знаходак, якiя дазваляюць праiлюстраваць "мужыцкую шляхетнасць". Гэта i ёсць галоўная тэма, дзеля чаго ўсё ставiлася. Калi мы бачым напачатку аркестр у еўрапейскiх парыках, а потым чуем, як спявае Марыся на фоне паўразбуранай хаты, якая вельмi падобная на сялянскую, а яе бацькi выглядаюць як сяляне, пагадзiцеся, гэта смешна i падкрэслiвае ўвесь камiзм сiтуацыi, дазваляе лепш зразумець, з-за чаго сыр-бор. Тое, што можна ўспрымаць як сцёб, дае магчымасць сатырычна паставiцца да тых пытанняў, якiя акрэслiў Дунiн-Марцiнкевiч у ХIХ стагоддзi.

Даты "Шляхты"

Арыгiнальны тэкст п’есы збеларушчаны Янкам Купалам i Язэпам Лёсiкам у 1918 годзе. У тым жа годзе п’еса ўпершыню надрукавана ў газеце "Вольная Беларусь".

Сцэнiчнае ўвасабленне "Пiнская шляхта" атрымала ў 1917 годзе.

У 1925 годзе мастацкi кiраўнiк Купалаўскага тэатра Еўсцiгней Мiровiч ажыццявiў пастаноўку "Пiнскай шляхты".

У 1954 годзе тэатр зноў звяртаецца да яе, калi з’яўляецца спектакль рэжысёра Канстанцiна Саннiкава.

2008 год. Мiкалай Пiнiгiн ставiць п’есу Дунiна-Марцiнкевiча ў год яго 200-годдзя. Для рэжысёра гэта другi зварот да творчасцi гэтага беларускага драматурга. Ужо 15 гадоў на Купалаўскай сцэне паспяхова iдзе спектакль "Iдылiя" — новая версiя оперы "Сялянка", якая ўзварухнула Мiнск яшчэ ў ХIХ стагоддзi. Але сучасны спектакль выклiкаў сiмпатыi гледача i атрымаў доўгае жыццё. Цi дагонiць яго "Пiнская шляхта"?

Скептык: Натуральна, што сёння нельга ставiць п’есу як тады, трэба гэта рабiць з разлiкам на сённяшняга гледача. Але на мой погляд, у спектаклi зашмат наiгранасцi, якая ўвогуле ставiць пад сумненне сур’ёзнасць тэмаў, якiя адлюстраваў аўтар i якiя былi актуальныя для таго часу. Пры ўсёй вiдавочнай прастаце самой п’есы, мiж iншым, нават самi тэмы, якiя прапанаваў у ёй Дунiн-Марцiнкевiч, гучаць сучасна. А мы смяёмся нават з рамантычных адносiнаў памiж Марысяй i Грышкам. Так, у наш час вельмi змянiлiся погляды на тое, што ёсць каханне i як трэба за яго змагацца. Але нормай па-ранейшаму лiчыцца тое, калi маладая дзяўчына выбiрае маладога хлопца, а не старога дзеда цi яшчэ кагосьцi, хоць гэта ўжо не так адназначна. I для самога Дунiна-Марцiнкевiча гэтая тэма не была такой простай — сваё каханне ён адстаяў, ажанiўшыся без блаславення, застаўся без падтрымкi i быў вымушаны шмат працаваць дзеля сям’i...

Аптымiст: У дадзеным выпадку мы смяёмся не з таго, што ёсць нармальнае каханне, цi рамантычнае каханне. Нас нiбыта падводзяць да таго, што гэтая маладая дзяўчына, якую сыграла Ганна Хiтрык, у многiм паводзiць сябе як мужычка. Гэта падкрэслiвае галоўную думку.

Скептык: Не простай, а нават небяспечнай для аўтара была крытыка царскiх судоў, карупцыя сярод "нячэсных" чыноўнiкаў, якiя думалi толькi пра тое, дзе, як i каго яшчэ можна абабраць. У кожным нават самым малым клерку людзi гатовыя былi бачыць вельмi значных асобаў, якiя вершаць лёсы, гатовыя былi цалаваць ручкi i падаць на каленi як перад "найяснейшай каронай". Тут не скажаш: пародыя на норавы даўнiх дзён. Цi не засталася гэтая рыса, цi не жыве яна ў нас з таго часу? Цi не вызначае многiя з дзеянняў сучасных беларусаў? Вось вам доказ на карысць сучаснасцi "Пiнскай шляхты", не такая ўжо гэта простая рэч, як падаецца.

Аптымiст: Калi б рэжысёр лiчыў яе простай, ён бы за яе ўвогуле не ўзяўся. Падаецца, што для яго гэта магчымасць узняць сур’ёзныя пытаннi, толькi ў лёгкiм жанры. Мiж iншым, давялося чуць, як падчас сцэны суда гледачы перашэптвалiся: маўляў, часы змянiлiся, а людзi — не. Канструктыўны той смех, якi вядзе да разваг i заключэнняў.

Скептык: Жанр "фарс-вадэвiль" вызначаны аўтарам п’есы, дзе тут заслуга рэжысёра?

Аптымiст: У тым, што ён увасобiў гэта згодна з патрабаваннямi жанру — да куплетаў спецыяльна напiсаная музыка Андрэем Зубрычам. Знойдзены адэкватныя музычныя формы, якiя арганiчна ўпiсалiся ў стылiстыку Дунiна-Марцiнкевiча, акцёры з гэтым спраўляюцца.

Скептык: Месцамi нават самi сябе перасягаюць, калi выконваюць рэжысёрскiя задачы... Напрыклад, месцы, дзе iдзе спасылка на беларускi фальклор, мяне ўвогуле здзiвiлi. Тое, што фальклор абыгрываецца, нармальна: сам Дунiн-Марцiнкевiч з павагай ставiўся да народнай творчасцi. Але калi "найяснейшая карона" пачынае сватаць маладых i перакрыўляе народны абрад, гэта так смешна, што нават сумна. Ёсць, безумоўна, падстава пакпiць з нашага сучаснага сляпога захаплення народнымi традыцыямi. Але да пэўнай мяжы — найперш iх усё-такi трэба паважаць.

Аптымiст: Многiя тэмы ў спектаклi гучаць карыкатурна, але ад гэтага не менш актуальна. Гэта робiць гонар рэжысёру, якi так многа з пералiчаных тэмаў адчуў у творы класiка. Але галоўнае для мяне — спасылка да асаблiвасцяў беларускай гiсторыi, у якой адказ на многiя пытаннi, напрыклад, што мы "не палякi, не расейцы".

Скептык: Нiчога новага! Усё гэта ўжо гучала ў тых жа спектаклях Пiнiгiна. Да таго ж сёння ў гэтым ужо нiкога пераконваць не трэба, усё-такi беларуская дзяржаўнасць перастала быць марай i даказала сваю жыццяздольнасць. Гадоў дваццаць таму гэта гучала б актуальна, а цяпер — звычайная канстатацыя.

Аптымiст: Але лiшнi раз нагадаць не пашкодзiць.

Скептык: Так, гэта наша вечнае жаданне ў мастацтве адчуваць нейкую публiцыстычнасць.

Аптымiст: Нiчога дзiўнага, што ў кожны прамежак часу твор набывае рысы гэтага часу. Такая iнтэрпрэтацыя "Пiнскай шляхты" не супярэчыць галоўнай тэме i рэжысёр мае права на сваё прачытанне. Усё-такi ў цэнтры ўвагi шляхта, якая страцiла разуменне, у чым сутнасць шляхецтва. Фанабэрыстыя шляхцiчы iнертныя, малаадукаваныя, думаюць пра тое, каб iх не бiлi бiзунамi, а калi ўжо будуць бiць, то хоць бы на дыване, i гатовыя выкласцi апошнiя грошы, каб адкупiцца.

Скептык: Але ў беларускай гiсторыi ўсё-такi ёсць тлумачэнне сiтуацыi, якую iлюструе п’еса: чаму шляхта паступова страчвала сваю ролю ў грамадстве, хоць менавiта яна некалi i дала выдатных герояў краiны — Касцюшку i Калiноўскага. Ды i потым працягвала нараджаць асобаў — адсюль жа паходзiў Янка Купала i iншыя персоны ўжо ХХ стагоддзя. З той самай збяднелай шляхты, з якой мы сёння смяёмся.

Аптымiст: Вось таму ў фiнале нас заклiкаюць плакаць па ёй. Зусiм не як у Дунiна-Марцiнкевiча — гэта iдзе ўжо ад рэжысёра.

Скептык: Тут сапраўды ёсць пра што паразважаць: абадраныя, абабраныя шляхцiчы прыкрываюцца сваiмi гербамi. Пасыл у наш час атрымаўся вельмi неадназначны. Мне падалося, што нават "калючы" i балючы. Нiбыта папрок мне i маiм сучаснiкам: стаiм вось такiя разгубленыя, голыя ды босыя, нiчога не маем, апроч сваёй багатай гiсторыi, якую ўзвялi ў абсалют i ледзь што, прыкрываемся сваiмi каранямi. А самi — мужыкi мужыкамi, не ведаем, што рабіць далей. Няма шляхецкага духу, якiм славiлiся многiя беларускiя героi. Няма таго гонару, якi сапраўды ператварае ў дзяржаву землi, што засялiў народ — асаблiвы, не той i не другi... Кожны можа трактаваць такi фiнал па-свойму.

Аптымiст: Гэта выдатна: калi ўпiсваеш класiку ў сучасны кантэкст, то ўсё-такi нешта пакiдаеш для разваг ад сябе. Такi шматзначны рэжысёрскi фiнал. Тэатр жа — рэжысёрскае мастацтва, якое драматургiю бярэ за аснову, каб сказаць нейкiя рэчы. Мы ўсе ведаем, што беларусаў называюць мужыцкай нацыяй. У нас была свая шляхта, якая па сутнасцi была "мужыцкая" — жыла вельмi бедна, проста вымушана была працаваць. Сам канфлiкт, вакол якога разгортваецца дзеянне, пабудаваны на тым, што адзiн шляхцiч назваў другога мужыком, хоць у таго былi радавыя граматы. У спектаклi мы бачым "мужыцкiх" шляхцiчаў, якiя выглядаюць вельмi смешна. Але ў крытычных сiтуацыях яны могуць паказаць, што стрыжань у iх усё-такi шляхецкi. Я гэта адчуў менавiта так. Калы, якiмi яны б’юцца, ператвараюцца ў дрэўкi, дзе замацаваныя iх шляхецкiя гербы, радавыя харугвы. Пiнiгiн у шматлiкiх iнтэрв’ю гаворыць пра тое, што ён iмкнуўся даць спектаклю сучаснае гучанне, знайсцi ў аморфных беларусах нейкi стрыжань, якi можа стаць для iх апiрышчам. Гэты стрыжань — шляхетнасць, якая можа быць схаваная ў кожным беларусу.

Скептык: Вельмi неакрэсленая думка, я, напрыклад, адчуваю ўсё iнакш. I, калi шчыра, то ўжо надакучыла педалiраванне на тэме беларускай мужыцкасцi. Прыёмы, якiмi нас звяртаюць да гэтай тэмы, на фоне залiшняй гратэскавасцi дзейнiчаюць роўна наадварот.

Аптымiст: Заслуга спектакля ў тым, што кожны так цi iнакш адчуе ў iм нешта для сябе.

Падслухала Ларыса ЦIМОШЫК.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нiколi не думала, што твор са школьнай праграмы па беларускай лiтаратуры можа сёння выклiкаць столькi размоў i спрэчак. Сярод сучасных спецыялiстаў ёс
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика