21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пагон

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пагон

Любы, нават самы далёкі ад вайсковасцi, чалавек, прачытаўшы гэту назву, адразу зразумее, пра што пойдзе размова — пра тое, што ў чалавека, звязанага з нейкiм родам службы, на плячах.

Але не ўсё тут так проста. Пачынаць, вiдаць, трэба з эпалетаў. Гэта папярэднiк пагонаў. Эпалет — ад французскага epaulette, а яшчэ ад таго ж французскага — epaule, што азначае плячо. Зразумела, што гэта вынаходнiцтва Заходняй Еўропы, ды i сама французская назва гаворыць. А ўведзены яны былi ў гэтых краiнах у пачатку ХVІII стагоддзя. Дарэчы, у некаторых заходнiх краiнах эпалеты iснуюць i сёння — прыгожыя, са спецыяльнымi махрамi, часам нават пазалочаныя. Але толькi для вялiкiх урачыстасцяў, для прыёму гасцей вайскоўцы спецыяльных парадных падраздзяленняў маюць на мундзiрах эпалеты.

У Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, а потым у Рэчы Паспалiтай, да якiх належалi нашы землi, эпалеты неяк не прыжылiся. I тут, мне думаецца, ёсць сваё тлумачэнне. Кожны магнат, кожны шляхцiц на нашай зямлi меў вялiкую самастойнасць, а эпалет, з яго адзнакамi пэўнага звання гэту годнасць мог i прынiзiць: адразу бачна — палкоўнiк ты альбо паручнiк. А шляхцiц-аднадворац, якi нават за плугам хадзiў, аперазаўшы сябе шабляй, лiчыў, што ён роўны ўсiм.

У Расii эпалеты з’явiлiся канкрэтна ў 1763 годзе. Насiлiся спачатку на левым плячы вайскоўца, потым на абодвух. Дарэчы тут, у Расii, яны, эпалеты, праiснавалi досыць доўга. Нават з кiнахронiк пачатку ХХ стагоддзя можна пабачыць, як выступаюць ва ўрачыстых праходках генералы менавiта з эпалетамi на плячах. Тут адмянiлi эпалеты толькi ў 1917 годзе. Але краху iмперыi гэта не паспрыяла. У расiйскай паэтэсы Ганны Ахматавай ёсць некалькi радкоў пра дзекабрыстаў, тых, хто, будучы генераламi ў дваццаць з нечым гадоў, паўстаў супраць новага цара. Не буду iх прыводзiць, каб не зрабiць памылку, але залатыя эпалеты там успамiнаюцца.

У тым жа 1763 годзе ў Расii былi ўведзены ў абыходжанне вайскоўцаў i iншых службiстаў пагоны, таксама наплечныя знакi. Давайце ўжо дагаворым пра Расiю, а потым наш былы СССР. Афiцэрскiя пагоны ў царскай Расii называлiся залатымi. Гэта быў вялiкi гонар — насiць iх на плячах. Афiцэр пры пагонах не меў права нават несцi нешта ў руках. Гэта б перашкаджала яго выпраўцы. Рэвалюцыя 1917 года адмянiла пагоны. Iх альбо самi здымалi маладушныя, альбо iх зрывалi з афiцэраў рэвалюцыйныя салдаты. Помнiце, у "Цiхiм Доне" Шолахава браты Мелехавы, падняўшыся на паўстанне супраць савецкай улады, першым чынам надзявалi на свае прапатнелыя гiмнасцёркi пагоны афiцэраў, якiя яны заслужылi на Першай сусветнай вайне. У Грыгорыя яны былi пад’есаўльскiя, па-цяперашняму — капiтанскiя.

Адмянiўшы пагоны, новая, савецкая ўлада павiнна была нешта прыдумаць. У армii, мiлiцыi, на чыгунцы, iншых ваенiзаваных службах патрэбен парадак, а, значыць, i разгалiнаванне людзей па рангах. I прыдумалi. Пятлiцы.

На каўняры гiмнасцёркi альбо на каўняры шыняля прышываўся кавалачак матэрыi прамавугольнай цi iншай формы. Колер залежаў ад роду войскаў. А там ужо змяшчалася адрозненне вайскоўца цi службоўца па званню. Помнiце, славутыя па кiнафiльмах — "два кубiкi ў пятлiцы". Гэта значыць, лейтэнант перад вамi, асоба ўжо досыць паважная па тых часах. А калi ромбы ў пятлiцах — ты ўжо проста генеральскага звання. Перад самай вайной якраз генералам сталi ў пятлiцы змяшчаць зорачкi. Славуты Жукаў паехаў камандаваць савецкай узброенай групоўкай на Халхiн-Голе ў 1939-м, маючы ў сваiх пятлiцах тры ромбы, па-тагачаснаму камкорам. А вярнуўся i атрымаў у свае пятлiцы пяць зорачак, што азначала званне генерала армii.

I яшчэ пра савецкi час. У 1943 годзе, пасля перамогi пад Сталiнградам, пасля пачатку перамаганоснага, але ўсё-такi пакутлiвага выгнання немцаў з тэрыторыi СССР было прынята рашэнне аб аднаўленнi пагонаў. I на плечы франтавiкоў яны ляглi. У афiцэраў выдатныя, не залатыя, безумоўна, а ў салдат звычайныя, з простага матэрыялу. Але гэта былi пагоны!

Чым кiравалася тагачаснае кiраўнiцтва краiны пры вяртаннi пагонаў у армiю i iншыя ваенiзаваныя арганiзацыi? Армiя стала перамагаць, у армii быў высокi патрыятызм, якi непарыўна звязваўся са ўсёй мiнулай гiсторыяй краiны. Той, хто цiкавiцца гiсторыяй, помнiць, што менавiта ў гэты час разам з ордэнамi Ленiна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркi ўзнiклi i ордэны iмя Суворава, iмя Кутузава, iмя Нахiмава... Значыць, патрэбны i пагоны. Гэта з аднаго боку гонар, а з другога — вялiкая адказнасць. Той, хто дапускаў злачынства, проста маладушша, пазбаўляўся пагонаў. "Сарваць пагоны!" — у тагачаснай, ды i сучаснай армii — самы суровы прысуд.

Што ж да пятлiц, то з тэлевiзiйных перадач заўважаю: шмат у якiх краiнах яны засталiся. Як правiла ў тых, дзе прытрымлiваюцца iдэй марксiсцка-ленiнскага накiрунку.

Але, пра пагон...

Ведаеце, зусiм нядаўна адшукаў, што ў беларускай мове быў некалi, гадоў сто таму яшчэ свой адпаведнiк слову пагон — нарамнiк. Так, дарэчы, называлi i эпалет. I мне слова адразу стала зразумелым. Вайсковец апранае свой рыштунак. У афiцэра найбольш гэта наплечныя рамянi. Ну, не будзе ж ён на пагоны нацiскаць гэтыя наплечныя рамянi. Якраз пагоны iдуць над рамянямi. Таму яны i нарамнiкi. Багатая наша мова.

Эпалет абавязкова меў круг, а пагон — проста даўгаватая, на ўсё плячо альбо стужка, альбо, у афiцэраў, моцная навобмацак паласа.

Ды ў беларускай мове ёсць i яшчэ азначэннi гэтага слова.

Напрыклад, пагонам называлi, а, магчыма, i цяпер называюць дарогу, якой гоняць жывёлу на папас. Так-так. Чытайце, як у Мiхася Чарота:

Туман бялее над балотам,

Дзяркач завёў траскучы спеў,

Жукi лятаюць па-над плотам,

Жывёла йдзе з пагону ў хлеў.

Адсюль i пагоншчык цi паганяты, чалавек, якi нешта некуды гонiць.

А пагонны? Прыкладам, пагонны метр — тое, што вымяраецца ў даўжыню, лiнейны.

Ну, i зразумела — пагоня. Гэта i праследаванне каго-небудзь. I самi людзi, якiя ўдзельнiчаюць у пагонi. I нават жаданне здабыць табе патрэбнае, напрыклад, пагоня за кнiгай, але ва ўсiх выпадках прысутнiчае менавiта працягласць.

"Пагоняй" называўся i герб Вялiкага княства Лiтоўскага, нашай прарадзiмы. Шмат вакол гэтага сiмвала было спрэчак, ды не сцiхаюць яны i цяпер. Але ў аснове мiнулага сiмвала — менавiта пагоня, пагон.

Маё пакаленне выхоўвалася на песнях "Бiтлоў" i на песнях Уладзiмiра Высоцкага. Першыя песнi мы слухалi, прынiкаючы да радыёпрыёмнiкаў. Я да iх ставiўся досыць раўнадушна. Англiйская мова, на мой погляд, нейкая санлiвасць. А вось Высоцкi захапляў. Няшмат было магнiтафонаў у тыя часы, але калi такi быў — там спяваў Высоцкi.

Вон покатилась вторая звезда

К вам на погоны...

У яго, сына вайскоўца, шмат песень пра вайну. Ды i мы ў сваiм местачковым побыце, побыце гарадка Паставы, былi проста непазбежна блізкія да людзей у пагонах. На гарадок, якi не меў i дзесяцi тысяч жыхароў — дывiзiя ракетных войскаў стратэгiчнага прызначэння, два авiяцыйныя палкi, ды яшчэ шмат якiя часцi. Не буду хаваць: iснавала ў Паставах тады такая прымаўка — плюнь, i абавязкова на пагон патрапiш. Але было гэта не з абразай. Канстатацыя факту. А вайскоўцаў паважалi. Асаблiва паважалi маладых афiцэраў у пагонах мясцовыя дзяўчаты. Таму што перспектыўныя жанiхi. Было тады на слыху i яшчэ адно брыдкаватае прыслоўе, якое цалкам прыводзiць саромеюся, але ж было. Там гаварылася пра калготкi i зоркi на пагонах...

У нейкiм расiйскiм фiльме, помнiцца, быў капiтан, якога панiзiлi ў званнi i стаў ён старшым лейтэнантам. I там яшчэ дзiрачкi на пагонах. Недалёка зусiм ад мяне жыў на прыватнай кватэры афiцэр з авiяцыйнай часцi. Не лётчык, нехта з аэрадромнай службы. Халасцяк, гуляка, якi часам ранiцою ехаў на службу ў двух таксi. У адным ён сам, у другiм — яго фуражка. Дык вось за некалькi гадоў я назiраў, што ён станавiўся то капiтанам, то старшым лейтэнантам, то зноў капiтанам, то зноў...

Пагонаў ён не мяняў. Так i хадзiў то з пустой дзiрачкай у пагонах, то з поўнымi. Дарэчы, чалавека гэтага ўжо няма, хай зямля яму будзе пухам.

Тыя з маiх чытачоў, хто скурпулёзна адследжваюць расповеды пра простыя рэчы, тут усмiхнуцца: а дзе ж пра свае пагоны?

Два гады насiў. Чырвоныя, на якiх значылiся дзве лiтары — "С" i "А". Чырвоныя азначала, што я пехацiнец, а лiтары, што ў Савецкай Армii.

Цяпер армiя беларуская. Але чалавек у пагонах як раней, так i цяпер, сустракаецца з вялiкай павагай i пашанай. Пагоны азначаюць, што чалавек выконвае свой абавязак. Ён адказны перад дзяржавай, прысягай, перад сваiм камандаваннем, перад сваёй унутранай адданасцю абранай справе.

Нават калi ў цягнiку праваднiца сустракае цябе ў форме, прыбраная, акуратная, а на плячах яе формы пагоны — едзецца неяк лягчэй i спакайней.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любы, нават самы далёкі ад вайсковасцi, чалавек, прачытаўшы гэту назву, адразу зразумее, пра што пойдзе размова — пра тое, што ў чалавека, звязанага з
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика