«Застаецца толькі эміграваць у самога сябе»19 чэрвеня — дзень народзінаў Васіля Быкава. 22 чэрвеня будзе пяць год, як Васіля Уладзіміравіча не стала. З нагоды гэтых двух дат і выходзіць цяпер кніга «Дажыць да зялёнай травы… Ліставанне і аўтографы Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна (1960—2003)». Кніга гэтая унікальная не толькі таму, што эпісталярная спадчына абодвух пісьменнікаў падаецца ў кніжным выданні ўпершыню, але перш за ўсё менавіта сваім зместам: надрукаваныя тут лісты яскрава сведчаць і пра стасункі двух выдатных сучаснікаў, і пра невядомыя старонкі іх жыцця, і пра наш драматычны час, у якім жывуць пісьменнікі, ствараючы сваю непадуладную гэтаму часу літаратуру. Нарэшце, унікальнасць кнігі і ў тым, што тут зноў жа ўпершыню найбольш поўна падаюцца выяўленчыя працы Быкава, якія ці спецыяльна ствараліся да «Лістоў у Хельсінкі» Барадуліна, ці захоўваюцца ў якасці накідаў у нататніках паэта. З Васілём Быкавым Рыгор Барадулін пазнаёміўся прыкладна ў 1959 годзе, хоць ён сам дакладна не памятае, але менавіта гэты год называў у сваіх успамінах крытык і перакладчык Ванкарэм Нікіфаровіч. Да таго ж і першы вядомы ліст Быкава да Барадуліна ад 27 лютага 1960 г. сведчыць аб тым, што ў гэты час абодва пісьменнікі былі ўжо добра знаёмыя. Васіль Уладзіміравіч пісаў, у прыватнасці: «Яшчэ раз жадаю табе сумленнага імя ў літаратуры, шчырага таленту, мужнасці, якой, відаць, у літаратуры трэба не меней, чым на вайне — усяго гэтага жадаю табе на парозе другога 25-годдзя». А ўжо на 26-годдзе жадаў сябру: «Боты новыя рыпяць: — Сто пяць, Сто пяць Барадуліну гадоў пісаць. І не спісацца!» У 2002 годзе падчас інтэрв’ю «Белорусской деловой газете» В. Быкаў прыгадваў: «Прежде чем познакомиться с Рыгором Бородулиным — человеком, познакомился с его первой поэтической книжкой, из которой почерпнул первое яркое представление о поэте, моем земляке. Уже тогда обнаруживалась необычность его таланта, который быстро мужал и совершенствовался, без каких-либо неудач и спадов». Аднак гэтае завочнае знаёмства адбылося ўсё ж такі раней, таму што першая кніга Барадуліна — «Маладзік над стэпам» — з’явілася ў 1959-м, між тым 10 снежня 1957 г. Быкаў пісаў у лісце да паэткі Еўдакіі Лось: «А ці не ведаеце Вы, здаецца, Рыгорка Барадулін таксама наш ушацкі? Неяк я ў старым часопісе «Работн[іца] і сялян[ка]» убачыў яго верш і — пра Ушачу. Вось дык справы!» Размова ішла хутчэй за ўсё пра верш «Дома» («Я ў свой дарагі горпасёлак Ушачы…»). Першая ж іх сустрэча, як успамінаў Барадулін, адбылася, калі малады паэт, які рыхтаваў у газеце «Советская Белоруссия» літаратурную старонку, прыехаў ў камандзіроўку ў Гродна за апавяданнямі да Быкава. «Василь поразил меня своей будто бы внешней суровостью, — распавядаў Барадулін пра першую ды наступныя па часе сустрэчы. — Но за ней чувствовалась очень трепетная душа. Если говорить коротко, я почувствовал в нём ушацкого человека. Обращали внимание его хлопотливость, его немногословность. Такая вот деталь: начиналась весна, и я промочил ноги. Вдобавок отравился в гостинице сосисками. Так Василь привёз мне с утра несколько пар обуви, чтобы я переобулся в сухое: «Примеряй, какие подойдут!» И марганцовку принёс. «Это самый верный солдатский способ, — говорит, — когда отравишься». Он был мне и медсестрой, и братом, и отцом. И когда у меня под конец командировки, как обычно, заканчивались деньги, ну к кому идти? — конечно, к Василю!.. Он часто водил меня по уютным кафе, показывал Гродно, что-то рассказывал». І хоць розніца ва ўзросце была відавочнай, аднак сяброўскія адносіны паміж землякамі (і, трэба думаць, шмат у чым дзякуючы менавіта зямляцтву) узнікнуць практычна адразу. Той жа В. Нікіфаровіч прыгадваў, як аднойчы Быкаў адкрочыў пятнаццаць кіламетраў з Бычкоў да Ушачаў дзеля таго толькі, каб нараніцы ўбачыцца с сябрам. Пра шмат што можа распавесці і такі факт: менавіта Быкаў першым прыйшоў у радзільны дом да жонкі Барадуліна Валянціны, якая 18 ліпеня 1962 года. нарадзіла ў Гродна дачку Ілону. Цудам захаваўся пажаўцелы ад часу невялічкі аркушык у клетачку: «Валюша, поздравляю и радуюсь! Только что звонил Гриша и поведал мне эту новость. У него всё в порядке. Передает тебе массу приветов. Что передать ему? Что нужно тебе. Может быть, я смогу увидеть ваше сокровище? Сообщи. Я подожду. В. Быков». Пасля будзе яшчэ шмат лістоў і віншаванняў. Так, напрыклад, віншуючы ў другой палове 60-х сям’ю Барадуліных з Новым годам, Быкаў пісаў: «Дасць бог дажывем, калі будзем віншаваць без паправак» і тут жа тыпаграфскі надпіс на паштоўцы па-руску выправіў на беларускі — «З Новым годам!». А ў 1990 г. падпісаў сваю кнігу «У тумане» наступным чынам: «Міламу сябру і земляку, Вялікаму паэту Белай Русі Рыгору Барадуліну з адным-адзіным пажаданнем: заставацца такім жа!» Узаемнасцю адказваў сябру і Барадулін. Напрыклад, пісаў у 1979 годзе: «Дарагі Васіль! Любоў да цябе, як і да Ушаччыны, — нязменная. Твой Грышка». А ў 1985-м падпісаў першы том сваіх Выбраных твораў: «З перасцярогамі не выкаў, Быў з праўдай гордаю На «ты». Прайшоў Як мужны ратнік Быкаў Ваенныя і літфранты. І слова Быкава ў вякі Вяло сурова наўпрасткі. Бо покуль круціцца зямля, Чытаць Свет будзе Васіля!» І ўжо ў 1989 годзе даслаў навагодняе віншаванне Васілю Уладзіміравічу і Ірыне Міхайлаўне: «Ёсць Быкаў — Вяршыня і ўзгор’е, А рэшта — Нізіна і ўтыль. На небе стагоддзяў Сузор’е Адно ёсць — Ірына й Васіль!» На працягу жыцця імёны двух літаратараў неаднойчы сустракаліся побач і на старонках газет і часопісаў, і пад рознага кшталту заявамі, і нават у сумесных кніжных выданнях. Так, вяршынямі творчага супрацоўніцтва паэта і празаіка сталі кнігі «Лісты ў Хельсінкі» і «Калі рукаюцца душы…: Паэзія з прозай». Першая кніга цікавая яшчэ і тым, што тут Быкаў, па сутнасці, ўпершыню выступіў у нязвыклай для шырокага чытача ролі — у якасці мастака. Такой жа нязвычайнай сталася і кніга «Калі рукаюцца душы…», якая задумвалася і была падрыхтавана напярэдадні чорных чэрвеньскіх дзён 2003-га… І вось трэцяя сумесная кніга паэта і празаіка і разам з тым — літаратурны помнік іх больш чым саракагадоваму сяброўству. Кніга, якая нешта высвятляе, нешта ўдакладняе. Гэта і своеасаблівы мастацкі твор, і адначасова кніга-дакумент. Так, напрыклад, змушана апынуўшыся ў чэрвені 1998 года за мяжой, Быкаў першы ліст даслаў менавіта Барадуліну: «Рыгорка, дарагі мой чалавек! Пішу табе гэтае пісьмо — першаму з нашага далёкага-далёка, спяшаюся паведаміць, што ўсё пакуль што о’кей: даехалі, уладкаваліся, і я во — дастаў з валізкі машынку, нешта карціць накляпаць. […] Усё быццам бы добра, толькі вось думы мае не тут, а там, усё ў той старане, дзе… Вядома, што там! Таму і баліць сэрца. Асабліва, калі часу на роздум хапае, а роздум гэты… Ну, але што ж, кожнаму сваё. Хто чаго варты, той тое і мае. Рыгорка, браток, напішы, як вы там? Хоць тое, што можна. І пра сябе. І пра сяброў. Пра дзяржаўныя справы можаш не пісаць — тут добра чуваць «Свабода», беларуская і расейская, так што браку інфармацыі няма і тут. […]». У верасні ж Васіль Уладзіміравіч пісаў: «Дарагі братка Рыгорка, ужо атрымаў сем тваіх лістоў з цудоўнымі вершамі, якія прачытаў некалькі разоў і перадрукаваў на кампутары. Не ведаю, дзе мяжа тваёй таленавітасьці, у вершах яна паднімаецца да самага неба. Думаю часта: што такую паэзію чакае ў будучым? Няўжо — нічога. Падобна, усё ідзе ў гэтым напрамку, але гэта — несправядліва, абуральна, гэткая хада падзей — супраць людства і супраць Бога. Будзем, аднак, спадзявацца. Я за гэтае лета напісаў адну невялічкую (і дужа горкую) аповесьць, не ведаю, што зь ёй рабіць. Таксама, як і з двума апавяданьнямі… Але хай. Што будзе, тое і будзе. Тым болей, што неўзабаве можа не быць нічога. Мы тут жывем неяк. Тых клопатаў, што былі на радзіме, тут няма. Затое іх месца заступілі іншыя. Зь іх у каторы раз я раблю высновы (старыя, дарэчы, як сьвет): трэба жыць дома. Іншая справа, што тое неяк. Што тое трудна. І ўсё роўна — трэба дома. […] Абдымаю цябе, даражэнькі. Старайся, як можна, аберагаць у сабе спакой. Інакш зусім будзе кепска. І — пішы. Лісты і вершы. Твае таленавітыя, геніяльныя вершы. […] твой Васіль». І ў той час, калі практычна ніхто ў Беларусі і не ўяўляў, які настрой апанаваў Быкава там, на чужыне, Барадулін ведаў, бо рэгулярна атрымліваў лісты – спачатку з Фінляндыі, а пасля з Германіі і Чэхіі. Быкаў жа прызнаваўся сябру: «Я тут — бы ў ссылцы. Адзін»; «А душа чарнее ад тых вестак, што мкнуць праз эфір з Радзімы. Што будзе? Як будзе? Як жыць — там, вядома? Тут увогуле жывецца і няблага. Было б і зусім добра, каб трохі лепшае ўсталявалася надвор’е. Усё ж халаднаватае лета было, дажджы і ветры. Здаецца, у Беларусі было цяплей. А можа, тое здаецца. На адлегласці ўсё здаецца… І тым не менш — трэба жыць дома. Нават у голадзе, у холадзе. Нават не магу доказна абгрунтаваць — чаму? Але нутром, падкоркай адчуваю — трэба жыць дома. Ужо не кажу — паміраць дома, тое само сабою вядома. Адзінае, што суцяшае — гэта магчымасьць прыехаць… А калі прападзе такая магчымасьць? Тое было б жахліва». Яшчэ больш уражваюць пазнейшыя лісты Рыгора Барадуліна, які не надта ж схільны да празаічнай формы выказвання сваіх думак, а тым больш да эпісталярнага жанру, але ж у далёкае замежжа пісаў часта, прычым ягоныя лісты нагадваюць хутчэй за ўсё прыватны дзённік: «Ты паехаў — і пачужэў Менск, які ніколі ня быў мне цёплым домам. Душа мая блукае там, на Вушаччыне, недзе ля Ваўчэнскага возера, ля Вечальля й Чаравэчча, ля Белюкоўскага возера, ля Штундаравых гораў. Там ты, мне здаецца, й жывеш, а толькі зрэдчас куды-нікуды адлучаесься». «Родны Васілю! Родныя мясьціны помняць цябе й смуцяцца, што цябе няма тут. Разам з вушацкім сонцам, разам з вушацкім шумам ацалелых лясоў дасылаю табе нізкі паклон з пажаданьнем здароўя й пагоды духу. Штодня, штохвіліны думаю пра цябе, у думках гавару з табой, раюся, дзялюся ўсім, што пан лёс пасылае. […] Старайся набрацца моцы, забыцца на ўсю брыду. Ты трэба Беларусі, як розум, як памяць, як душа. Хай Божанька асланяе цябе! Абдымаю цябе, кленчу сьлядам тваім!» «Родны Васілю! Вітаньне табе з роднай зямелькі. Гэта мой апошні ліст з Вушаччыны, з падстрэшша сёлета. Дай Бог к налецьцю дажыць і хоць трохі пабыць у родных мясьцінах, пабачыць уночы спакойныя вушацкія зоры над галавой. Наколькі мне помніцца, Фінляндыя дужа нагадвае Вушаччыну. Мне таму здаецца, што табе ня гэтак сумна. Дый недалёка. Вецер ня пасьпее растрэсьці лясны й лугавы пах Вушаччыны, калі ляціць у бок Фінляндыі». Разам з тым застанецца ў тых лістах, быццам на кінаплёнцы, і наш час, нашае жыццё з яго горкім і жудасным абліччам: «…адчуваецца, што ў паветры разьліты страх, страх якраз і робіць людзей і маўклівымі й абыякавымі, халаднаватымі й абачлівымі. Няма тае шчырасьці, што была на пачатку дзевяностых». «Беларусь нагадвае хату, куды вось-вось павінны ўнесьці труну зь нябожчыкам. Маўчаньне. Вусьціш. Абыякавая роспач. Жыцьцё йдзе болей па інэрцыі. Адзіны ратунак ад безвыходнасьці й згалавеньня толькі праца. Такая, якая хоць на нейкія імгненьні адводзіць ад чорных думак». «Усімі мэтадамі выбіваўся Беларускі дух — агнём і мечам, пугай і пернікам. Выбілі мозг нацыі, выбілі сілу нацыі, самы кром. На Беларускай ніве вецер зьнявер’я хістае абмалочаныя каласы. Толькі абмалочаныя засталіся. Абмалочаныя чужакамі й хіжакамі. Спачувалі яўрэям, што ў іх няма радзімы, сваёй зямлі. А перакулілася ўсё. Ва ўсіх ёсьць радзіма, свая родная зямля. Толькі ў беларусаў няма. Дый спачуваць няма каму. І сьмешна нават. Як у той песьні: мы самі магілу капалі сабе. Ці ў показцы: хто цябе? — сам сябе. Застаецца толькі эміграваць у самога сябе. Толькі ў самім сабе яшчэ можа жыць Беларушчына. […] Заняўся быў маладзічок ды хутка ветахам стаў. Так і ня прычакалі поўні шчырыя беларусы». Аднак недзе тут мільгане і зыхоткі лучык спадзяваньня: «Адна надзея — Бог уратуе, моладзі нарасце-такі». І, па сутнасці, аб тым жа ў Васіля Быкава: «Усё ж загляне некалі сонца і ў наша вакенца. Замурзанае, запыленае, запавуціненае і пабітае наша ваконца…» Звычайна дадаць да такіх лістоў больш няма чаго. І хоць Быкаў некалі пісаў: «Кажуць, эпісталярны жанр цяпер не ў модзе. Ліставаньне, якое цягам стагодзьдзяў было ці не адзіным сродкам зносінаў між людзьмі, саступае новым, электронным сродкам», — аднак, спадзяемся, у гэтай кнігі таксама будзе свой чытач. Той, для якога не існуе моды на жанры, а была і застаецца каштоўнасцю сапраўдная літаратура і ў тым ліку два гэтых імені, дзве літаратурныя вяршыні — Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 чэрвеня — дзень народзінаў Васіля Быкава. 22 чэрвеня будзе пяць год, як Васіля Уладзіміравіча не стала.
|
|