21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Святло далёкай зоркi...

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Святло далёкай зоркi...

Казкі для дарослых

 

Размаўляючы напаўголаса, людзi ўладкоўвалiся ў мяккiх крэслах. Сцюардэсы з прыгожымi заклапочанымi тварыкамi завяршалi праверку бiлетаў i давалi апошнiя тлумачэннi недаверлiвым пасажырам... Лёша заплюшчыў вочы — яму перашкаджала ўся гэта мiтусня. Ну якая рознiца, на якой вышынi над узроўнем мора яны паляцяць? Сотняй метраў больш, сотняй менш... I ўвогуле, хутчэй бы скончылася гэта паездка. Колькi ён прабудзе ў Ялце? Тры—чатыры днi цi больш? Сябры патэлефанавалi адтуль, каб папярэдзiць: раней чым праз тыдзень не выпусцiм. Паспееш, маўляў, вярнуцца да сваёй прыгажунi. Яшчэ i надакучыць яна...

Але Вольга — ён быў у гэтым упэўнены — не магла надакучыць. Нi днём, нi ноччу. Два гады яны сустракалiся амаль штодзень, i кожны раз Лёшу здавалася, што яна была iншая, не такая, як учора. Ён усё чакаў, што з цягам часу прывыкне да Вольгi i ўжо не будзе, як ненармальны, ляцець да аўтобуснага прыпынку, каб сустрэць яе з работы, не будзе хвалявацца перад тым, як набраць нумар яе тэлефона, не будзе злавацца, калi iншыя мужчыны загавораць з ёю на вулiцы.

Але праходзiлi тыднi, месяцы — i нiчога не змянялася. Лёша кпiў сам з сябе, са свайго вар’яцкага кахання, з таго, што клаўся спаць i прачынаўся з адной думкай: я шчаслiвы, таму што ёсць яна.

Часам ён абураўся ўласнымi паводзiнамi: маўляў, не мужчына, а ануча нейкая. Злаваўся на Вольгу, што прываражыла i не адпускае, нi на iмгненне не дае расслабiцца, нават калi не побач, калi далёка. Спрабаваў прымусiць сябе не тэлефанаваць ёй першым, а, iдучы на спатканне, спецыяльна заходзiў у якую-небудзь краму, каб затрымацца, спазнiцца хоць бы хвiлiн на дзесяць... I затрымлiваўся, i спазняўся, але яна сустракала яго з такой мiлай усмешкай i так мякка дакарала за спазненнi, што Лёша адчуваў сябе апошнiм дурнем, якi сам у сябе крадзе хвiлiны шчасця...

Ён вельмi хацеў узяць Вольгу з сабой, але на рабоце ёй параiлi выбраць для адпачынку менш напружаны час. Не мела сэнсу канфлiктаваць з начальствам, i яна засталася. Адпрасiлася толькi на паўдня, каб правесцi Лёшу да аэрапорта. I зноў была нейкая непрывычная: цiхая, задуменная, разгубленая...

Ён не любiў развiтанняў. Ну чаму яна так пiльна ўглядаецца ў яго твар? Што хоча знайсцi ў вачах? З iх адносiнамi ўсё даўно ясна i вядома. I няма з-за чаго перажываць. Гэта ўсяго толькi дзелавая паездка. Ён сустрэнецца з сябрамi, якiя даўно "аселi" на паўднёвым узбярэжжы Крыма, вырашыць свае пытаннi i вернецца.

У гасцiнiчным нумары ён рас-          пакаваў свае рэчы, акуратна          развесiў i расклаў у шафе джынсы, кашулi, майкi i iншыя неабходныя дробязi. Налiў у графiн мiнералкi, расчынiў акно... У пакой уварвалася хваля паўднёвых водараў — пахла кветкамi, морам i яшчэ чымсьцi забароненым, тым, што не мае назвы i з-за чаго раўнiвыя жанчыны так баяцца адпускаць на поўдзень сваiх мужчын... Лёша ўявiў сабе немагчымае: раптам адчыняюцца дзверы i на парозе з’яўляецца Вольга. Але толькi больш востра адчуў сваю адзiноту.

...З сябрамi ён дамовiўся сустрэцца вечарам у гасцiнiчным бары. Там было нешматлюдна, i пакуль за суседнiмi столiкамi наведвальнiкi пацягвалi каньяк i марцiнi, Лёша сцiпла заказаў сабе каву... Андрэй з Ратмiрам затрымлiвалiся, i ён пачаў ужо адчуваць недарэчнасць сваёй прысутнасцi тут...

— У вас не занята? — маладая жанчына смела i зацiкаўлена глянула яму ў твар. Лёша прыкiнуў, што iх будзе трое, а месцаў за столiкам чатыры, i матнуў галавой. Гаварыць ён не мог. Яшчэ нiколi ў жыццi да яго не падыходзiла такая жанчына. Гладкiя, зачасаныя назад i сабраныя ў мудрагелiстую прычоску цёмныя валасы, адкрытая сукенка з блiскучай напаўпразрыстай тканiны, загарэлыя плечы i рукi... Яе напаўраскрытыя вусны крыху ўсмiхалiся i ледзь-ледзь уздрыгвалi — быццам жанчына збiралася рассмяяцца, але па нейкай прычыне стрымлiвала смех.

— Мяне завуць Лiна, а вас?

"Не-не, — пранеслася ў галаве, — трэба ўзяць сябе ў рукi, трэба думаць пра Вольгу... Хоць... Нiчога дрэннага ў тым, што мы пазнаёмiмся, няма. Падумаеш — некалькi нязначных пытанняў i такiх жа адказаў... Не дурань жа я, каб збягаць ад кожнай прыгожай жанчыны".

— Мяне — Аляксей...

Яна засмяялася:

— Ну i шанцуе ж мне... Першы муж таксама быў Аляксеем.

Ён спытаў, чаму "быў". Не толькi з ветлiвасцi, а ўжо з цiкаўнасцю. Яна адказала, пацiснуўшы плячыма:

— Не люблю штосьцi пастаяннае. Жыць з адным мужчынам увесь час гэтак жа сумна, як слухаць адну i тую ж мелодыю — звар’яцееш. Жанчына перыядычна павiнна мяняць тры рэчы: духi, гардэроб i мужчын...

— Але ж не ўсе старыя сукенкi вы выкiдваеце — некаторыя, напэўна, шкада? А да людзей прывязваешся куды больш...

— Не ведаю, — зноў усмiхнулася Лiна. — Па-мойму, гэта ўсё iлюзii. Сярод мiльёнаў пар вы не знойдзеце нiводнай, дзе хоць бы адзiн з дваiх не здраджваў цi не хацеў бы здрадзiць другому... Вось у вас, Аляксей, ёсць у жыццi такая жанчына, якая можа замянiць усiх iншых?..

Яна ўладкавалася ў крэсле так, што адкрылiся цудоўнай формы смуглыя каленi. Лiна зацiкаўлена, з яўнай насмешкай чакала адказу. Лёша апусцiў галаву. Ён успомнiў Вольгу, i нешта пяшчотнае нiбыта дакранулася да сэрца... Сказаць — не сказаць? Падняў вочы — насупраць сядзела i недвухсэнсава пазiрала на яго жанчына, якая хiба што ў сне можа прыснiцца...

— Не, няма, — чамусьцi адказаў ён. I пачырванеў. — Напэўна, няма.

Лiну, па ўсiм вiдаць, адказ задаволiў.

— А прызнайся, — нахiлiлася яна блiжэй, нечакана перайшоўшы на "ты", — прызнайся, што да сённяшняга вечара ты быў упэўнены ў сваiм каханнi да кагосьцi, так?

Яна забаўлялася з iм, як з хлопчыкам. Нейкi голас унутры падказваў, што трэба ўстаць i пайсцi, пакуль не позна. Але ён не мог адарваць ад Лiны зачараваных вачэй...

— Я ўбачу цябе заўтра? — спытаў ён.

— Чаму заўтра? — здзiвiлася i засмяялася яна. — У нас ёсць яшчэ "сёння".

Першае, пра што ён падумаў,           прачнуўшыся ранiцай, быў            учарашнi вечар i ўсё, што адбылося потым. Сябры прыйшлi з вялiкiм спазненнем i ўвесь час па-змоўнiцку падмiргвалi Лёшу, намякаючы на яго цудоўны густ. Лёша сядзеў побач з Лiнай i хацеў толькi аднаго: каб гэты чароўны вечар з мiлымi, добрымi сябрамi, з прыгожай, кранаючай музыкай, з саладкавата-дурманячым пахам i, галоўнае, з жанчынай, такой спакуслiвай, жаданай, нiколi не канчаўся...

Цяпер, калi ўспомнiў пра яе, знутры быццам ударыла токам. Лёша паглядзеў на гадзiннiк... Гадзiннiк на апошнi дзень нараджэння падарыла яму Вольга, "каб не спазняўся на спатканнi". Зараз з яго дапамогай ён збiраўся не спазнiцца на спатканне з iншай... "Нiчога страшнага, — падумаў Лёша. — Адзiн раз жывём. Вярнуся дадому, i ўсё будзе як раней. Вольга — гэта Вольга, а Лiна — гэта Лiна".

Ён успомнiў, што шаптала яна яму ўвечары, i заплюшчыў вочы. Хацелася зноў i зноў перажыць гэты момант. Колькi ён тут яшчэ прабудзе? Тыдзень? Дзён дзесяць? А, уласна кажучы, чаму не два тыднi? Цi нават тры? А Вольга... Божачкi, ну чаму ўвесь час успамiнаюцца яе сумныя вочы i такi пяшчотны позiрк? Вольга будзе чакаць, як заўсёды. А Лiна — як зорка, што падае. Блiсне i згасне... I паколькi яму дадзены шанц, трэба нацешыцца гэтым бляскам.

...Недзе праз тыдзень, вярнуўшыся позна вечарам з пляжа (дзе яны з Лiнай абсыпалi адзiн аднаго пяском, а потым плёскалiся ў вадзе i цалавалiся да адурэння), Лёша раптам адчуў незразумелае жаданне ўлезцi ў свой ноўтбук i праверыць пошту. Ён не чакаў нiякiх паведамленняў... Вольга гаварыла, што не збiраецца надакучваць яму i нагадваць аб сабе... Аднак пiсьмо было менавiта ад яе.

"Я выходжу замуж. Так атрымалася. Даруй".

Лёшу на iмгненне здалося, што велiзарная люстра, якая вiсела ў гасцiнiчным нумары, раптам пахiснулася i пачала падаць...

"Гэтага не можа быць, — падумаў ён. — я павiнен яе ўбачыць".

Ён бег да лiфта, бег да тэлефона, каб выклiкаць таксi ў аэрапорт. А ў галаве пульсавала думка: "Божа, калi ты ёсць, зрабi, каб гэта была няпраўда... Божа, калi ты ёсць!..".

...Таксiст, мужчына ва ўзросце, зачынiў дзверцы, завёў матор, павярнуўся да пасажыра — маладога чалавека ў расшпiленай кашулi, накiнутай на голае цела, i ўсмiхнуўся:

— Куды вы так спяшаецеся? Дзяўчына здрадзiла?

— Ды не... Проста выходзiць замуж...

Машына кранулася з месца, прарэзаўшы фарамi густую цемру паўднёвай ночы.

"Толькi б паспець", — падумаў Лёша.

"Мне б вашы праблемы", — падумаў таксiст...

Наталля УЛАДЗIМIРАВА.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Размаўляючы напаўголаса, людзi ўладкоўвалiся ў мяккiх крэслах. Сцюардэсы з прыгожымi заклапочанымi тварыкамi завяршалi праверку бiлетаў i давалi апошн
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика