Эканомiка як закон фiзiкi
Эканомiка як закон фiзiкi
Спрэчныя зацемкі Прысутнiчаючы на раённых, абласных нарадах i семiнарах, прысвечаных нашаму аграпрамысловаму комплексу, ловiш сябе на думцы: гаворка там хоць i iдзе аб праблемах надояў i ўраджаяў, але ў многiм не закранае глыбiнi праблем. Ёсць iмкненне сiтуацыю ў сельскай гаспадарцы змянiць да лепшага, але пры гэтым праглядаецца жаданне ў самой структуры нiчога не мяняць — пакiнуць такой, якой яна нам дасталася з яшчэ незабытых часоў. Заява аднаго начальнiка, што ў нас будзе зроблена стаўка найперш на буйныя сельгаспрадпрыемствы, пражыла нядоўга, бо кiраўнiк краiны ў хуткiм часе ўсё паставiў на месца, калi заявiў, што не толькi буйныя, але i дробныя прыватныя гаспадаркi маюць права на жыццё. Такая пазiцыя правераная часам. Успомнiм, што нават у былым Саюзе, калi тагачасныя калгасы атрымлiвалi ад дзяржавы ўсё, калгаснiкi давалi вялiкi працэнт мяса, малака i гароднiны. Сёння ўсё больш адчуваецца скарачэнне прыватных гаспадарак i гэта можа прывесцi да непажаданых наступстваў. Напрыклад, тая ж Польшча завалiла мясам Расiю, i не толькi, i яно ўдвая таннейшае, чым у нас i гэта дзякуючы добра развiтай сетцы дробных i сярэднiх гаспадарак, на якiя там i робiцца стаўка. А вось што апошнiм часам атрымлiваецца ў нас. Мясцоваму начальству даставалася за тое, што яно не можа вырашыць праблему заняпалых гаспадарак. I было знойдзена вельмi простае выйсце. Заняпалыя калгасы лiквiдаваць — далучыць iх да больш моцных цi да прадпрыемстваў. У адным выпадку такое ўз’яднанне бывае апраўданым, а ў другiм — не. Але працэс пайшоў, бо для раёнаў i вобласцi ён аказаўся надзвычай спакуслiвым. Быў учора заняпалы СВК, а сёння ўжо няма. Можна дакладаць у сталiцу, што ў раёне ўсё ў ажуры. Напрыклад, у Баранавiцкiм раёне з трыццацi гаспадарак засталася палавiна, агульная карцiна з адстаючымi гаспадаркамi рэзка змянiлася. Але палi, фермы, як i працоўныя калектывы, не знiклi, усё засталося на сваiх месцах. А зараз аб гэтым больш падрабязна. Драгiчынскi камбiкормавы завод у параўнаннi з аналагiчнымi прадпрыемствамi знаходзiцца ў няпростым эканамiчным становiшчы — гэта звязана з тым, што збожжа неабходна закупляць за межамi па больш высокай цане, на прадпрыемстве неабходна правесцi рэканструкцыю. Каб выправiць сiтуацыю, да завода далучаюць СВК "Прыазёрны" i свiнакомплекс "Баравiца" Iванаўскага раёна. А як станоўчы прыклад падобнага аб’яднання прыводзiўся Баранавiцкi камбiнат хлебапрадуктаў, да якога далучылi свiнакомплекс "Усходнi" з 50 тысячамi галоў ды два сельгаскааператывы — вядома ж, не лепшыя ў раёне. Здавалася б, такое аб’яднанне павiнна быць для камбiната, якi выпускае свой камбiкорм, прыцягальным. На палях былых СВК спее збожжа, якое перапрацоўваецца ў камбiкорм, а той iдзе на корм для свiней. Быццам бы закончаны цыкл — кармi свiней i збывай мяса. Але каб на палях быў прыстойны ўраджай, неабходна ў гаспадаркi ўкласцi грошы, як i ў той свiнакомплекс. I тут дзейнiчае закон фiзiкi, якi праглядаецца на двух сазлучаных сасудах. Калi частка вадкасцi з поўнага сасуда пералiваецца ў пусты, то ў першым яе становiцца менш. Тое ж самае будзе i з грашыма, калi iх перакласцi з аднаго кашалька ў другi. Вось i Баранавiцкаму камбiнату хлебапрадуктаў давялося раскашэлiцца, каб падняць ураджай у гаспадарках з 14 ц/га ў 2005 годзе да 25 цэнтнераў у мiнулым. Для гаспадарак закупiлi 61 адзiнку тэхнiкi, а зарплату сельгасрабочым паднялi ў два з паловай разы, а яшчэ мiнеральныя ўгнаеннi, прэпараты аховы раслiн, палiва i г.д. Тое ж i са свiнакомплексам. За тры гады свiннi пачалi прыбаўляць на 35 грамаў у суткi больш (з 390 г у 2005-м да 425 г у 2007 годзе), а пагалоў’е вырасла да 64 тысяч, але тым не меней навару на свiннях няма — свiнакомплекс прыбытку не дае. Справа ў тым, што сабекошт камбiкармоў расце, а цана на свiнiну фiксаваная. Рэнтабельнасць на камбiнаце хлебапрадуктаў упала да трох працэнтаў. А гэта ў сваёй галiне — адно з лепшых прадпрыемстваў у краiне. Не трэба думаць, што падобныя аб’яднаннi непатрэбныя. Але тут павiнен быць абдуманы i ўзважаны падыход. Напэўна ж, неабходна прыслухоўвацца да думкi спецыялiстаў, эканамiстаў, кiраўнiкоў прадпрыемстваў, калi робiцца аб’яднанне. Лiквiдацыя такiм чынам заняпалых гаспадарак вельмi прыйшлася па душы мясцоваму кiраўнiцтву, бо няма неабходнасцi прыкладваць намаганнi, каб паставiць адсталы СВК на ногi. Але ў нашым аграпрамысловым комплексе гэта датычыцца не толькi сельгаскааператываў. Вось i Баранавiцкi мясакансервавы камбiнат, якi апошнiя дзесяць гадоў быў "у завале", далучылi да Бярозаўскага мясакамбiната i гэта замест таго, каб разабрацца з кiраўнiцтвам свайго прадпрыемства, на якiм ляжыць вiна за ўпадак — быў выбраны самы лёгкi шлях. А прадпрыемства не знiкла, хоць яго быццам бы i няма — на будынку вiсiць шыльда, што гэта толькi цэх Бярозаўскага мясакамбiната. Дарэчы, тут таксама да месца закон аб сазлучаных сасудах. I мы бачым, як iдзе павальнае ўзбуйненне гаспадарак, а для дробных i сярэднiх вытворцаў сельгаспрадукцыi ўжо месца няма. А наша фермерства ўсё яшчэ на ногi i не ўстала. Стратэгiчная лiнiя развiцця выпрацоўваецца ў сталiцы, але ў жыццi ўкараняецца на мясцовым узроўнi i часта там усё робiцца на свой капыл, таму сталiчная стратэгiя пераўтвараецца ў плакат над галавой. Возьмем, да прыкладу, дапамогу жыхарам вёсак сельгаскааператывамi. Пасеялi людзi ў адной гаспадарцы на сваiх сотках пшанiцу, а калi настала жнiво, пайшлi прасiць у старшынi камбайн, якi з часам прыйшоў i зжаў — аднаму 10, а другому 20 сотак. Выстаўленыя ж рахункi за ўборку пшанiцы ўразiлi людзей, бо за тыя 50—70 тысяч можна было купiць гатовага збожжа, не меўшы клопату з тымi соткамi. I так паступiлi з пенсiянерамi, былымi калгаснiкамi, якiя аддалi ў свой час роднаму калгасу зямлю, коней, маёмасць i шматгадовую працу. Безумоўна, не ўсюды так, але кожнаму кiраўнiку СВК аказваць дапамогу пенсiянерам i работнiкам не ў радасць. А зараз вернемся да прыватных гаспадарак, якiм не павiнен надавацца статус фермера. Чалавек хоча трымаць дзесяць кароў на трох гектарах, то навошта яму валакiта з дакументамi, бухгалтэрыяй, справаздачамi... Малако будзе здаваць мясцоваму заводу ды плацiць падаткi ў 9—12 працэнтаў i нiхто не павiнен чапаць чалавека. Хiба нам у свой час у школах i iншых навучальных установах не гаварылi, што толькi свабодны чалавек, працуючы не на кагосьцi, а на сябе, можа адчуць усю асалоду працы? Жыццё паказвае, што там, дзе iснуюць больш-менш моцныя СВК, прасторы для прыватнай гаспадаркi мала. Здараецца, што i выган, на якiм спрадвеку хадзiлi вясковыя каровы, сельгаскааператыў "захоплiвае", ад чаго статак рэзка скарачаецца, а апошнiя дзесяць кароў даводзiцца пасвiць на вяроўках, прывязваючы iх да калкоў. Кiраўнiкi СВК, як правiла, непрыязна ставяцца да ўласнiкаў, якiя аселi на "iх зямлi". Тут не толькi боязь канкурэнцыi, але i асабiстыя амбiцыi — гаспадар тут я. Наяўнасць на прылаўках вялiкага выбару прадуктаў яшчэ нi аб чым не гаворыць. Для значнага працэнта насельнiцтва ўсе гэтыя мясныя, рыбныя ды малочныя далiкатэсы не па кiшэнi. Насыцiць рынак недарагiмi прадуктамi можа ў значнай меры дробны ўласнiк. Ён не павязе, як буйны комплекс, сваю прадукцыю за мяжу, а пастараецца прадаць на мясцовым рынку сам цi праз пасрэднiка. Гэта бачна на клубнiцах. Уся Еўропа робiць стаўку не на агромнiстыя жывёлагадоўчыя комплексы, а на дробнага i сярэдняга прыватнiка. Калi ў нас можна трымаць на фермах дзесяткi тысяч галоў, то ў некаторых краiнах Захаду — максiмум пяць. У той жа Галандыi цi Швейцарыi вырабляюць пад 400 гатункаў розных сыроў i заслуга ў гэтым якраз дробных фермераў, многiя з якiх сыр вырабляюць з малака сваiх кароў. Уявiць нешта падобнае ў нас немагчыма з той прычыны, што любога ўласнiка розныя кантралёры прыцiснуць "да ногця", ды i на ўсiх правяральшчыкаў сыру i масла не хопiць. Вяртаючыся да пачатку размовы, скажу, што праз нарады i семiнары сёння i ўпраўляецца сельская гаспадарка: то кiраўнiкоў раёнаў выклiкаюць у вобласць, то збiраюць у адным з раёнаў i iдуць бясконцыя разборкi i ўстаноўкi. Але калi чарговы дакладчык бадзёра заяўляе: "За бягучы перыяд на адну галаву нарыхтавана ўмоўных адзiнак кармоў...", то няма яму веры, бо гаспадар так не гаворыць. Прыхiльнiкi буйных сельгаспрадпрыемстваў могуць спасылацца на Аргенцiну, Аўстралiю цi ЗША, дзе iснуюць галоўным чынам такiя вытворцы сельгаспрадукцыi, але ў Еўропе не той клiмат i не тая прастора. У авiяцыi iснуе тэрмiн "кропка вяртання" — гэта калi самалёт, праляцеўшы яе, ужо не можа вярнуцца на свой аэрадром i яму застаецца толькi ляцець наперад i шукаць месца для пасадкi цi... Здаецца, i наша сельская гаспадарка ўжо не можа вярнуцца да той сiтуацыi, калi ў кожнай хаце трымалi жывёлу i малако ды мяса прадавалi дзяржаве. Няма ўжо былых людзей, хоць кампанiя па закупу малака ў насельнiцтва працягваецца. Напэўна, нам ужо пара вызначыцца з выбарам напрамку развiцця сельскай гаспадаркi i зрабiць пасадку, але пастарацца, каб яна не была дужа жорсткай. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прысутнiчаючы на раённых, абласных нарадах i семiнарах, прысвечаных нашаму аграпрамысловаму комплексу, ловiш сябе на думцы: гаворка там хоць i iдзе аб
|
|