Райдары зорак "адпачываюць", затое з’явiцца "стэлз" у амфiтэатры
Райдары зорак "адпачываюць", затое з’явiцца "стэлз" у амфiтэатры
Славянскі базар у Вiцебску Кiраўнiк дырэкцыi мiжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску" Радзiвон Бас прызнаўся, што так званыя райдары "зорак" часта выклiкаюць шчырую ўсмешку. Можа, калi-небудзь дырэктар нават напiша кнiгу па гэтай тэме. Вядома ж, многае з таго, што "зоркi" патрабуюць, арганiзатары фестывалю, якi фiнансуецца з дзяржаўных крынiц, выканаць не могуць. — Чатыры гатункi сыру, анчоус...— расказвае Радзiвон Мiхайлавiч, — усё гэта самi "зоркi" не ўжываюць. Гэта для рабочых, iнжынераў з iх камандаў. Яны патрабуюць машыну канкрэтнага вытворцы, ды з прэстыжным нумарам. Што здзiўляе, дык гэта райдары беларускiх артыстаў. Вельмi любяць морапрадукты. Iх, безумоўна, зразумець можна. Часта гастралююць i хочуць, бывае, пакапрызнiчаць. Мы ж плацiм высокiя ганарары, даём так званыя "васiлькi" — фестывальныя грошы. Заказвайце, што хочаце! Што тычыцца тэхнiчных патрабаванняў "зорак", безумоўна, у Летнiм амфiтэатры сучаснае абсталяванне, што задаволiць i артыстаў сусветнай вядомасцi. Такое перадавое, што... Нават быў такi выпадак. Неабходна тое, гэтае, — патрабуе прынцыповы спецыялiст — прадстаўнiк "зоркi". Паказалi. Не, кажа, я такiм не ўмею карыстацца, дайце мне што-небудзь больш простае. Дарэчы, пра амфiтэатр. Сёлета яму ўжо 20 гадоў. I не абыдзецца без сюрпрызу — на сцэне будзе выкарыстоўвацца светлавое абсталяванне, выкананае па тэхналогii "стэлз". Агульная плошча экранаў — 160 квадратных метраў. Прывязуць гэты цуд расiйскiя тэлевiзiйнiкi. Чуткi пра выступленне на "базары" знакамiтай зоркi Земфiры, на жаль, не пацвердзiлiся. Захварэў адзiн з яе музыкантаў, а замянiць яго хутка не змаглi. Выступаюць жа артысты без фанеры. Не паставiш за iнструмент выпадковага чалавека. А з iншымi "зоркамi" бывала i такое. Вось патэнцыйныя гледачы скардзяцца: не будзе сёлета на "базары" Лявонцьева, Ратару. Дык былi ж яны летась. А Мiкалай Баскаў прынцыпова прыязджае праз год. Каб публiка магла па-добраму пасумаваць без яго. А яшчэ будзе час падрыхтаваць новую праграму, каб прывезцi яе ў фестывальны Вiцебск. Для параўнання, Барыс Маiсееў, наадварот, штогод прыязджае. I на яго канцэрт з удзелам сяброў — "зорак" — бiлеты раскупляюцца за некалькi дзён. Сёлета ў Вiцебску прадэманструюць сваё майстэрства прадстаўнiкi 35 краiн. Не прыедуць хiба што толькi з Антарктыды. Дарэчы, сума ганарараў некаторых "зорак" — таямнiца. Як адзначыў сп. Бас, падпiсаны дагавор з Тота Кутунья i Патрысіяй Каас, дзе гаворыцца, што на працягу 15 гадоў iх "зарплата" на "базары" — сакрэт. На продажы бiлетаў арганiзатары плануюць зарабiць сёлета 3 мiльярды беларускiх рублёў. А гэта нi многа, нi мала — цэлых 40 працэнтаў ад усяго кошту фестывалю. А быў час, што i 10 працэнтаў ад агульнага кошту не зараблялi. Паводле слоў начальнiка аддзела культуры вiцебскага гарвыканкама Вiктара Кiбiсава, горад пачаў рыхтавацца да "базару" са студзеня. На рамонт канцэртнай залы "Вiцебск" спачатку планавалi патрацiць 500 мiльёнаў рублёў. Не хапiла — дабавiлi з гарадскога i абласнога бюджэтаў яшчэ 530. Затое ў артыстаў будуць новыя грымёрныя, прывядуць у парадак i сцэну. Першы намеснiк мiнiстра культуры Ўладзiмiр Рылатка ў размове з вiцебскiмi рэпарцёрамi адзначыў, што ў мiнскiх тэатральных касах просяць прадаць бiлеты на мерапрыемствы "базару". Добры знак! Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кiраўнiк дырэкцыi мiжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскi базар у Вiцебску" Радзiвон Бас прызнаўся, што так званыя райдары "зорак&
|
|