"Усе — на дно!.."
"Усе — на дно!.."
Захапленні Сапраўдныя рыбаловы i паляўнiчыя — людзi настолькi адданыя свайму захапленню, што iх недарма называюць фанатыкамi. Але нават сярод гэтых энтузiястаў падводныя паляўнiчыя займаюць асаблiвае месца. I гэта зусiм не дзiўна, бо, знаходзячыся пад вадой, нельга быць упэўненым нi ў чым...Некалькi гадзiн плавання не кожнаму пад сiлу — гэта цяжка нават для падрыхтаванага чалавека. Затрымка дыхання хутка знiжае колькасць кiслароду ў крывi i павышае ўзровень вуглякiслага газу, у арганiзме хутка развiваецца кiслародная недастатковасць. А магчымыя вынiкi гэтага вядомыя... Акрамя непасрэдна фiзiчнай сiлы, сам працэс палявання пад вадой таксама патрабуе i майстэрства, i смеласцi. Летам, напрыклад, каб здабыць рыбу, неабходна лезцi ў самыя густыя зараснiкi падводнай травы. Трава закрывае агляд, чапляецца за маску, сцягвае яе з твару. Яна аблытвае трубку, плечы i ногi падводнiка, вельмi неахвотна адпускае яго назад, на паверхню. Але менавiта ў такiх складаных умовах i атрымлiваецца знайсцi i падстрэлiць язя, плотку, шчупака. Лешч звычайна знаходзiцца ў самай тоўшчы вады i яго ўжо трэба пiльнаваць — класцiся на дно i чакаць хвiлiну-дзве, вядома, затаiўшы дыханне. За сомам даводзiцца лезцi ў глыбокiя, цёмныя падводныя ямы цi прабiрацца ўнутр падводнага завалу з затопленых дрэў. I ўсё гэта вельмi складана не толькi фiзiчна, але i псiхалагiчна. Але калi вада чыстая i празрыстая, то ў яркi летнi дзень дзiвосная прыгажосць паўстае перад вачыма! Цiкавасць да гэтага вiду спорту невыпадковая. У нашай краiне падводнае паляванне актыўна развiваецца i займае зусiм не апошняе месца, прываблiвае з кожным разам усё больш i больш аматараў. Вось i ў мiнулыя выхадныя прайшоў чарговы чэмпiянат Беларусi па падводным паляваннi. Дзеянне адбывалася на возеры Сялява Крупскага раёна i аб’яднала вялiкую колькасць камандаў з розных куткоў Беларусi i гасцей з суседняй Латвii. Аб гэтым нам сёння расказвае Сяргей Патрыкееў — старшыня Беларускай федэрацыi падводнага спорту: — Сяргей Аляксеевiч, раскажыце, калi ласка, пра зараджэнне такога цiкавага вiду спорту як падводнае паляванне? — Недзе ў 60-я гады мiнулага стагоддзя ўзнiк iнтарэс да падводнага палявання. Крыху раней, у 1959 годзе, па iнiцыятыве Ж. Кусто была створана Федэрацыя падводнага спорту i сталi праводзiць адкрытыя мiжнародныя спаборнiцтвы. — А што можаце сказаць пра поспехі Беларусi ў падводным спорце? — Беларусь звярнулася да падводнага палявання таксама недзе ў 60-х гадах. Але пасля быў некаторы перапынак, звязаны з рознымi праблемамi, i ў вынiку, толькi ў 1995 годзе адбылося другое адраджэнне i першы чэмпiянат Беларусi па спартыўным паляваннi. З таго часу спаборнiцтвы праходзяць штогод, разыгрываецца Кубак рэспублiкi, таксама праводзiцца шмат спаборнiцтваў на прызы клуба. — Падводнiкi на Беларусi — якiя яны? — Гэта ў першую чаргу людзi, зацiкаўленыя тым, што яны робяць. Тыя, хто маюць добрыя навыкi ў гэтай справе. Напрыклад, у афiцыйных чэмпiянатах удзельнічаюць каля 80—90 чалавек. Што датычыцца аматараў, то iх вельмi шмат — каля 5000 чалавек. — Раскажыце пра чэмпiянат, якi толькi што прайшоў. — Чэмпiянат праходзiў, як звычайна, на возеры Сялява. Трэба адзначыць, што гэта месца выбрана невыпадкова. Яно вельмi ўдала размешчана геаграфiчна, таму ў спартсменаў не ўзнiкае цяжкасцяў з прыездам. Акрамя таго, возера Сялява мае добрыя рыбныя запасы i вялiкую плошчу — цягнецца недзе 15 кiламетраў. — Значыць, пытанняў па выкарыстаннi акваторыi i дастатковасцi месца не ўзнiкае? — Не. Удзельнiкi, маюць усе магчымасцi для рацыянальнага выкарыстання воднай прасторы, не перашкаджаючы адзiн аднаму эфектыўна паляваць на рыбу. — Якiм чынам выяўляецца пераможца? — Па вынiках узважвання рыбы выяўляецца каманда-пераможца, а таксама прызёры чэмпiянату, якiя пасля ўзнагароджваюцца спецыяльнымi прызамi i медалямi. — Цi мае гэтае мерапрыемства сваiх гледачоў i наколькi масава яно праходзiць? — Звычайна гледачы прыязджаюць разам з удзельнiкамi спаборнiцтваў. Самае доўгачаканае i цiкавае — гэта ўзважванне, якое збiрае не толькi самiх падводнiкаў, але i ўвесь лагер. Калi казаць пра сам працэс здабычы рыбы, то ён жа зусiм i нябачны, бо ўдзельнiкi праводзяць на паверхнi мiнiмум часу — уздыхнуць, а потым зноў пад ваду! Ды i да акваторыi маюць доступ толькi члены судзейскай калегii i тэхнiчныя кiраўнiкi. — Якiм чынам адбываецца кантроль над удзельнiкамi чэмпiянату. Бо, як вядома, падводнае паляванне — небяспечная забава? — Так, спорт небяспечны, але мы прымаем усе меры па забеспячэннi неабходных умоў. Падводнае паляванне патрабуе вельмi добрай фiзiчнай формы — i не перабольшу, калi скажу, што кожны дзень спаборнiцтваў падводнiк праплывае не менш як 10 кiламетраў! А гэта, як вядома, можа прывесцi да розных нечаканасцяў, таму побач з камандамi знаходзяцца лодкi са спецыялiстамi, якiя кантралююць сiтуацыю. Ну i, безумоўна, патрэбна элементарная ўважлiвасць. — Няшчасных выпадкаў не было? — На шчасце, сур’ёзных здарэнняў у нас не было. Але вядомыя выпадкi, калi адзiн паляўнiчы па неасцярожнасцi трапляў гарпуном па iншым... — Што можаце сказаць пра мiжнародныя чэмпiянаты? Цi ўдзельнiчалi нашы спартсмены ў падобных спаборнiцтвах? — Чэмпiянат свету — для іх гэта вельмi складана пакуль. У першую чаргу гэта вялiкi стартавы ўзнос — каля 1,5 тысячы долараў. Потым, усiх ахвотнiкаў туды не бяруць — трэба прайсцi адборачны тур. I ў большасцi, гэта марское паляванне — удзельнiкi апускаюцца на глыбiню да 40 метраў, тут патрэбна спецыяльная падрыхтоўка. Але, нягледзячы на тое, што запрашэннi прыходзяць рэгулярна, мы яшчэ не дараслi да ўдзелу ў мiжнародных чэмпiянатах. Выязджалi ў Расiю, ва Ўкраiну. — Хто падтрымлiвае развiццё падводнага палявання на Беларусi? — Федэрацыя па падводных вiдах спорту. Падводнае паляванне знаходзiцца ў адной квалiфiкацыi з iншымi падводнымi вiдамi спорту. Тут хочацца адзначыць плаванне ў ластах. Гэты вiд падводнага спорту актыўна развiваецца. Вось зусiм нядаўна вельмi паспяхова наша каманда выступiла на чэмпiянаце ў Iспанii. У Беларусь прыляцелi не з пустымi рукамi, а з 10 медалямi. Хочацца верыць у тое, што ў будучым падводнае паляванне яшчэ больш разгорне свае магчымасцi i здзiвiць нас не толькi масавасцю, але i добрымi вынiкамi. Тым больш, што у нашай краiне багата азёраў i рэк. Напрыканцы прыемна ўспомнiць мiнулы чэмпiянат Рэспублiкi Беларусь па падводным паляваннi на возеры Сялява i адзначыць тое, што пры тэмпературы вады 16 °С было здабыта 217 кг 120 г рыбы, а самая вялiкая рыба — шчупак — важыла ажно 6200 г. А пераможцамi сталi: 1-е месца — каманда "Зенiт", г. Магiлёў; 2-е месца — каманда "Нафтан-1", г. Наваполацк; 3-е месца — каманда "Нафтан-2", г. Наваполацк. Дзiяна АРЫПАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сапраўдныя рыбаловы i паляўнiчыя — людзi настолькi адданыя свайму захапленню, што iх недарма называюць фанатыкамi. Але нават сярод гэтых энтузiястаў п
|
|