21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пад танец ваўкоў

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пад танец ваўкоў

На конкурс апавяданняў

Віктар Супрунчук — iмя ў свой час добра вядомае чытачу. Паспытаў усякага хлеба, працаваў i грузчыкам на заводзе, i ў газеце, часопiсе, на тэлебачаннi... Сёння, як сведчыць яго апавяданне "Пад танец ваўкоў", зноў вяртаецца ў лiтаратуру. 

Вiктар КАЗЬКО.

Вiктар СУПРУНЧУК

Пад танец ваўкоў

Васiль вяртаўся дахаты позна. Быў на нарадзе ў аблвыканкаме, а пасля заехаў да бацькоў, якiя жылi асобна ад яго ў роднай вёсачцы. Назаўтра паабяцаў з дзецьмi i жонкаю наведаць iх. А цяпер трэба было як мага хутчэй дабрацца дамоў. Да Новага года заставалася толькi дзве гадзiны.

Снегу не было. Паўз дарогу чарнеў змрочны лес. Святло фар вырывала панурыя без лiсця дрэвы, бездапаможныя пад ветрам i даволi моцным марозам. Асфальт быў нiбы шкло, проста зiхацеў сваiм чорным бляскам. Васiль падумаў, што пры такiм галалёдзе на машыне павiнны быць толькi зiмовыя шыны. Вадзiцелю некалькi разоў гаварыў "пераабуць" аўтамабiль, але той гэта так i не зрабiў. Гультаяваты быў вадзiцель, i Васiль у чарговы раз падумаў, што яго ўжо варта памяняць. Кожны дзень альбо жонка хворая, альбо цешчы парася трэба закалоць, альбо яшчэ якая трасца здарылася. "Пасля Новага года абавязкова падбяру маладога хлопца, а гэтага звольню", — канчаткова вырашыў Васiль.

Хацелася нацiснуць на педаль газу мацней, каб хутчэй апынуцца дома. I ў гарачую лазню, i парыцца, парыцца, а пасля — у халодную ваду. I гэтак — неаднойчы, адчуць, як стома, што сабралася ў целе, проста струменем выцякае з цябе i ты раптам маладзееш, здольны, здаецца, перавярнуць горы. Ад прадчування будучай асалоды Васiль ажно на iмгненне заплюшчыў вочы.

Нi спераду, нi ззаду не было вiдаць нават агеньчыка. Як нi дзiўна, ён быў на дарозе адзiн. Яго гэта не бянтэжыла. Ён калi-нiкалi любiў праехаць па сваёй гаспадарцы ўначы на добрай хуткасцi, не баючыся парушыць правiлы руху. Ведаў усе павароты, скрыжаваннi i вулачкi ў вёсках на памяць.

Так, хутка Новы год, i трэба вырашыць нарэшце тое, пра што ён усё баяўся сказаць жонцы, а пасля i дзецям. Яно не давала яму спакойна спаць, працаваць, нiбы цвiк стаяла тырчком у душы. Магчыма, Ганна падазравала нешта, але маўчала i нiводнага разу нават якiм-небудзь словам не паказала, што ведае пра яго здраду. I ён быў ёй за гэта ўдзячны.

З Вольгай Васiль пазнаёмiўся выпадкова, у краме. Жонцы неў- забаве павiнна было споўнiцца сорак гадоў, i ён зайшоў у ювелiрны аддзел, каб купiць ёй у падарунак завушнiцы. Iх на вiтрыне пад шклом было так многа, што Васiль разгубiўся. Усе былi прыгожыя, але хацелася прыдбаць самыя лепшыя.

— Вiдаць, Вам патрэбны завушнiцы? — пачуў ён мяккi i пявучы голас. Васiль узняў вочы ад вiтрыны. У яе былi густыя каштанавыя валасы, вялiкiя сiнiя вочы i пульхныя вусны, трошкi падфарбаваныя светла-ружовай памадай. Усё гэта ён ахапiў адным позiркам. I жанчына глядзела на яго так, нiбы ацэньвала. Васiль аб гэтым падумаў пасля. Ён ведаў, што падабаўся жанчынам, хоць з твару не быў прыгажуном. Iх вабiлi ягоныя моцныя, здавалася, надзейныя рукi, шырокiя атлетычныя плечы. Дый уся каржакаватая, хоць i невысокая постаць былога спартсмена. Хоць Васiль даўно ўжо нiякiм спортам не займаўся, акрамя хiба футбола, у якi раз у два тыднi гуляў з сябрамi.

Яна паказвала яму розныя завушнiцы, нешта расказвала пра iх, але ён не ўспрымаў сэнс, толькi, бы песню, слухаў яе мiлагучны з картавiнкай голас, бачыў пульхныя i, мусiць, вельмi смачныя вусны, белую гнуткую шыю. Купiў жонцы падарунак i выйшаў з крамы, бы п’яны, у вачах быў туман, а ў галаве — звон.

Двое сутак ён нiчым не мог займацца, нi пра што iншае думаць. Часам лавiў на сабе здзiўленыя позiркi падначаленых. Усё ў iм нiбы спынiлася, вакол нiчога не iснавала. Ён бачыў i чуў толькi яе. Гаварыў з жонкай, але здавалася, што гэта яна.

На трэцiя суткi яму патрэбна было з ранку ў райвыканкам на нараду. Ён адпрасiўся ў намеснiка старшынi пад выглядам, што вельмi кепска адчувае сябе, i адразу пайшоў у краму. Жанчына стаяла ля прылаўка i нiбы чакала яго. Ён толькi падышоў, i яна цiха, каб чуў толькi ён, прамовiла:

— Я ведала, што ты прыйдзеш.

— Як цябе зваць?

— Вольга.

— Мяне...

— Я ведаю...

— Ты можаш вызвалiцца?..

— Зараз, пачакай мяне на вулiцы...

Ён даўно не курыў, а тут так расхваляваўся, што папрасiў цыгарэту ў нейкага мужчыны. Некалькi разоў зацягнуўся, закашляўся, але i супакоiўся, упiкнуў сябе: як хлапчук. Стой спакойна, дыхай роўна.

Яна выйшла ў блакiтным плашчы, у туфлях на высокiм абцасе, яшчэ прыгажэйшая, чым калi ён убачыў яе першы раз. Яму ажно стала цяжка дыхаць. Да машыны Васiль iшоў трошкi ззаду за ёй i адчуваў пах духоў, чуў шоргат ад ветру крысаў плашча. Аднак, здавалася, усе сустрэчныя глядзяць на iх i адзначаюць, што ён iдзе з чужой жанчынай.

Яна села не побач з iм, а на задняе сядзенне. Памаўчала, потым раптам правяла рукою па яго валасах.

— Куды паедзем?

Ад гэтага пытання яму стала нiякавата, бо ён нават не падумаў, куды яны паедуць. I сказаў першае, што ўспомнiў.

— На хутар. Да дзеда Антона.

У яго была гэта мала вядомая каму кропка. Дзед Антон ужо пяць гадоў жыў адзiн, пахаваўшы жонку. Стары яшчэ быў у сiле i не хацеў пераязджаць да дзяцей у горад. Трымаў карову, парсюка i з дзесятак курэй. Васiль неяк выпадкова заехаў на хутар, праседзеў з дзедам цалюткi вечар за гутаркай i добрым сялянскiм сталом. З таго часу яны пасябравалi. Стары больш не ведаў клопату нi з дровамi, нi з сенам, нi з камбiкормам для жывёлы. Але бясплатна нiчога не браў. Пенсiя ў яго была добрая, дый меў з дзесятак вулляў. За мёдам да яго iшлi з усiх блiзкiх вёсак.

— На хутар? — перапытала Вольга, але нават не здзiвiлася, нiбы яны штодзень ужо шмат гадоў ездзiлi на гэты хутар. I яны паехалi...

...Васiль зiрнуў на гадзiннiк. Да Новага года заставалася зусiм нямнога. З такой хуткасцю ён дамоў трапiць не раней чым праз гадзiну.

Васiль пачаў спакваля нацiскаць на педаль. Нечакана яму здалося, што метраў за трыццаць—сорак наперадзе мiльгнуў нейкi цень, пасля другi. Справа, кiламетры за два ад дарогi, невялiкая вёска Пiскуны iншага калгаса, жыхароў якой ён не раз лавiў на крадзяжы бульбы з буртоў. I першая ж думка была: няйнакш дарогу пераходзяць "пiскуны" з мяшкамi. "Ну няма iм i Новага года", — у роспачы падумаў Васiль i пачаў тармазiць. Зрабiў тое, што нiколi за ўсю сваю вадзiцельскую практыку не рабiў: рэзка нацiснуў на тормаз. Праз хвiлiну ён зразумеў, што машынай ужо не кiруе, а яна нясе яго невядома куды.

I, вiдаць, быў усё-такi з iм Бог. Таму што машына на слiзкiм, бы шкло, асфальце крутанулася ваўчком, нахiлiлася, i Васiль не паспеў ачомацца, як апынуўся нагамi ўверсе. Паспрабаваў адчынiць дзверцы, але iх заклiнiла. Ён панюхаў паветра: бензiнам не пахла. Рухавiк выключыў адразу, калi зразумеў, што машына падае.

Балела галава, ён моцна ўдарыўся аб руль. Астатняе ўсё было цэлае, мог варушыцца.

У яго заўсёды пад рукою ляжаў вялiкi гаечны ключ. Васiль намацаў яго i намерыўся выбiць шкло. Прыладкаваўся, каб зручней стукнуць па акну, як раптам пачуў знадворку шоргат, нiбы хтосьцi шараваў па iм металiчнай шчоткай.

Ён наблiзiў вочы да самага шкла i, уражаны, адразу адхiснуўся, адчуўшы холад, якi працяў яго наскрозь. Сумнення не было: як паляўнiчы са стажам зразумеў, хто гэта. Воўк шкроб лапаю па шкле, а збоку гарэлi яшчэ некалькi агеньчыкаў, нiбы запаленыя ў гонар Новага года свечкi.

Васiль пакруцiў ручку правай дзверцы, машына ляжала на левым баку, — i з жахам адчуў, што яна нармальна працуе. Яе можна адчынiць. Ён сцiснуў халодную металiчную ручку i падумаў, колькi ж яму давядзецца сядзець у гэтай пастцы пад галодны ляскат ваўчыных зубоў. Што за дзень, вечар такi? Нiводнай машыны, нiводнага чалавечага гуку. Увесь свет зараз рыхтуецца сесцi за стол, нехта ўжо i сеў, а ён нават яшчэ не трапiў у сваю любiмую лазню. Мусiць, гэта яму пакаранне за ягоныя грахi, якiх нарабiў у гэтым годзе.

Ён пачуў, як лазяць ужо ваўкi зверху па машыне, спрабуючы на смак жалеза, якое iм было не па зубах. Калi з людзей нiхто не з’явiцца, Васiль ведаў, ваўкi будуць яго вартаваць да рання.

Надышоў нейкi спакой, i Васiль зноў успомнiў, як з Вольгаю паехалi на хутар. Купалiся ў ласкавай i цiхай рачулцы, што ля самай дзедавай клунi, ляжалi на пахуткiм свежым сене, ад якога кружылася галава. I ён цалаваў i цалаваў яе, шаптаў нейкiя словы пра каханне, якiх нiколi ў жыццi не гаварыў i, здавалася, не ведаў пра iх iснаванне.

Толькi пад ранiцу яна спакойна, быццам нiчога мiж iмi не было, сказала, што ў абед з поўдня прыязджае муж з дзецьмi. У яе iх двое: хлопчык i дзяўчынка. Яна вельмi любiць сваiх дзяцей, а муж — лётчык, капiтан. Яму хутка на пенсiю, хоць яшчэ малады — налятаў шмат гадзiн.

— Вось так, — сказала яна, прыгожая i такая жаданая, што ён не ўтрымаўся i пачаў зноў яе цалаваць. I ачулiся яны толькi пад абед.

Васiль гнаў на машыне вельмi хутка i паспеў якраз. Затрымаўся, пастаяў. Бачыў: пад’ехала таксi i з яго выйшлi высокi чарнявы мужчына i двое дзяцей. Яна выбегла iм насустрач з пад’езда i цалавала спярша мужа, а пасля дачку. Васiль трошкi нават зараўнаваў, быццам гэта не ён паквапiўся на чужую жонку, а гэты сiмпатычны незнаёмец.

З таго часу ўсе ягоныя ад’езды з дому на гульню ў футбол у суботу былi сустрэчамi з Вольгай на хутары ў дзеда Антона. Калi спярша стары iх сустракаў з лагоднай усмешкай, дык апошнiм часам выгляд у яго быў пахмурны, нездаволены. Аднойчы не вытрымаў:

— Што гэта ты, Iванавiч, робiш? Я думаў гэта так, забава. Пагуляў ды кiнеш. У цябе ж сям’я, ты салiдны начальнiк, паважаны чалавек.

— Дзед, кахаю я Вольгу.

— Тады трэба нешта рашаць...

— I я гэтак думаю.

Дзед Антон памаўчаў, а пасля дадаў, вiдаць, адчуваў сябе няёмка:

— Мне тваёй жонцы ў вочы глядзець сорамна. Калi што, знайдзi сабе iншае месца для спатканняў. Дый, я табе скажу, не падабаецца яна мне. Чым прыгажэй цацка, тым даражэй... Дый хоць я i стары, але ж не зусiм: ходзiць па хаце голая, нiбы я не жывы...

Месяц назад Вольга сказала яму, што ўзнiклi праблемы. Мужа звольнiлi з армii, i атрымалася горш, чым магло быць. Яму вызначылi невялiчкую пенсiю, якой недастаткова для iх сям’i. У яе таксама нiзкая зарплата. Яна прапануе два варыянты. Першы — ён i яна разводзяцца i ствараюць новую сям’ю. Другi варыянт — усё застаецца, як i было, толькi кожны месяц Васiль павiнен ёй выдаткоўваць грошы. Яна гатова нават нарадзiць яму дзiця. А што муж? Сам забяспечыць сям’ю не здольны, дык хай не перашкаджае ёй гэтым заняцца. Яе дзецi павiнны атрымаць адукацыю, не горшую за астатнiх людзей, мець жыллё i добрую працу. I ён, Васiль, канешне ж, дапаможа. За гэта яна будзе любiць яго гэтак жа, як i любiла заўжды.

Яму было б найлепш, каб заставалася так, як i было. Без усялякiх патрабаванняў, спрэчак, толькi пяшчота, абдымкi, пацалункi i бясконцае задавальненне, якое ён хацеў адчуваць ад гэтай незвычайна смачнай жанчыны. Мiнаў дзень-другi пасля iхняй сустрэчы, i яго зноў цягнула да яе.

Неяк Васiль з машыны ўбачыў у горадзе яе з мясцовым магнатам Крукiным. Яны iшлi побач, вельмi цесна, як некалi ён з ёю ў першы дзень, калi сталi блiзкiмi. I адразу нiбы агонь палыхнуў у грудзях, ён ажно застагнаў, i вадзiцель, хiтра ўсмiхнуўшыся, спытаў, што з iм. Потым неаднойчы да яго даходзiлi чуткi, што Вольга сустракаецца з Крукiным. Яна гэта адмаўляла, толькi гаварыла:

— А што, калi ты не здольны мяне ўтрымлiваць, дык у Крукiна грошай шмат. Жартую-жартую, я ж цябе, мядзведзь, кахаю...

...Раптам воўк завыў, здалося, ля самага вуха, i Васiль, наколькi мог, адкiнуў галаву ад акна. Ваўкi абляпiлi машыну з усiх бакоў, i яна нiбы загайдалася.

Васiль паварушыў пальцамi ног, што быццам анямелi ад холаду i нерухомасцi. I ўсё цела, зацiснутае мiж сядзеннем i рулём, паступова камянела. Ён падумаў, што тут яму, мабыць, i наканавана сканаць. Хто будзе плакаць?.. Бацькi, дзецi, жонка... А Вольга... Дзеткi, мае дзеткi... Вы мяне чакаеце мацней за Дзеда Мароза. Вы мяне любiце, я ведаю... Васiль яскрава ўявiў дачок. Як радасна, з шумам i крыкам сустракаюць яны з працы, да самай ночы не адыходзяць ад яго. Жонка не перашкаджае iхняй гульнi, весялосцi.

Даўно ён не хадзiў з дзецьмi ў лес. Лета прайшло, i нiводнага разу не быў з iмi на рэчцы, не пасядзеў з вудамi. Сам навучыў iх лавiць рыбу. Эх... Хiба можа ён пакiнуць сваiх дзяцей, якiмi ганарыцца, хвалiцца iмi перад сябрамi?.. Нiколi. Нiколi!

Яго пацягнула на сон, нiбы мiнула вечнасць. Ён глянуў на гадзiннiк — усяго трыццаць хвiлiн ляжаў ён у перавернутай машыне. Да Новага года заставалася яшчэ столькi ж. I нечакана ён зразумеў, што нешта здарылася. Прыслухаўся: ваўкi не вылi. Як нi дзiўна, за акном быццам пасвятлела. А потым стала зусiм светла, i Васiль пачуў галасы.

— Ты бач, як яго развярнула, — сказаў нехта грубым, але ж найпрыгажэйшым у свеце голасам. — Асцярожна, чапляй! Ты там жывы?!

— Жывы, — прахрыпеў Васiль.

Машыну пацягнулi. Раз, другi, потым яшчэ раз — i яна стала на колы. Адчынiлiся дзверцы, i на Васiля дыхнула салодкае марознае паветра. Цяпер ужо ён ведаў, што жывы i будзе жыць. У мужчыне ён пазнаў начальнiка раённага ДАI Казлова.

— Ну, Iванавiч, — сказаў Казлоў, — цэлая зграя цябе аблажыла. Тваё шчасце, што ехаў я да цешчы адзначаць Новы год. Будзеш вiнен.

— Буду, буду...

Ранiцай, прачнуўшыся пад вясёлую мiтусню дачок, Васiль з замiлаваннем глядзеў на iх, рагатаў. Потым схадзiў у лазню. Добра папарыўшыся, выскокваў на мяккi i пушысты снег, якi неспадзеўкi выпаў на досвiтку i прыкрыў на зямлi слiзгату. З лазнi яго чакала жонка ля накрытага святочнага стала. Iшоў ужо новы год...

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віктар Супрунчук — iмя ў свой час добра вядомае чытачу. Паспытаў усякага хлеба, працаваў i грузчыкам на заводзе, i ў газеце, часопiсе, на тэлебачаннi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика