21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Навiна, да якой мы паспелi прывыкнуць: у краiне створана новая галiна — камбайнабудаванне для хлебна

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Навiна, да якой мы паспелi прывыкнуць: у краiне створана новая галiна — камбайнабудаванне для хлебнай нiвы

Вылучаны на Дзяржаўную прэмію Рэспублiкi Беларусь

Карэспандэнты "Звязды" гутараць з Генеральным канструктарам па збожжаўборачнай i кормаўборачнай тэхнiцы Мiнiстэрства прамысловасцi Беларусi — дырэктарам РКУП "ГСКБ па збожжаўборачнай i кормаўборачнай тэхнiцы" вытворчага аб’яднання "Гомсельмаш" Андрэем Анiсiмавiчам ДЗЮЖАВЫМ. 

I. "НАПАЧАТКУ IДЭЯ БЕЛАРУСКАГА КАМБАЙНА ЗДАВАЛАСЯ ФАНТАСТЫЧНАЙ"

Лiрычны расповед Генеральнага канструктара пра далёка не лiрычныя абставiны, у якiх параўнальна нядаўна, напрыканцы мiнулага стагоддзя, апынулася беларуская вёска, а разам з ёю i калектыў "Гомсельмаша".

— Я хацеў бы адразу падкрэслiць, што ў дадзеным выпадку тры намiнанты, вылучаныя на атрыманне Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь, увасабляюць сумесную працу калектываў "Гомсельмаша" i Рэспублiканскага канструктарскага ўнiтарнага прадпрыемства "ГСКБ па збожжаўборачнай i кормаўборачнай тэхнiцы", а таксама беларускай навукi, прадстаўнiкi якой сур’ёзна прыклалi да гэтага руку. Мы прадстаўляем працу калектыўную, шматгадовую i дружную. Толькi калегiяльнымi, кансалiдаванымi намаганнямi змаглi стварыць тое, чым сёння маем права ганарыцца. У гiмне ДСКБ, тэкст якога напiсала наш iнжынер-канструктар 1-й катэгорыi, а адначасова паэтэса i лаўрэат конкурсу памяцi Iвана Мележа Людмiла Мароз, ёсць радкi, якiя многае тлумачаць: "Это — рабочих умелые руки и инженерный надежный расчет".

З самага пачатку работа, якая на першым часе выконвалася ў iнiцыятыўным парадку, а пазней была падтрымана ўказамi i распараджэннямi Прэзiдэнта, шэрагам пастаноў Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, iшла нестандартна. Зразумела было, што мы знаходзiмся ў цяжкiм становiшчы, бо 95 працэнтаў прадукцыi аб’яднання "Гомсельмаш", якое тады спецыялiзавалася на вытворчасцi кормаўборачнай тэхнiкi, iшло ў iншыя рэспублiкi Савецкага Саюза, i калi ўсё рухнула, то мы практычна, што называецца, абнулiлiся. Няма куды прадаваць тэхнiку, бо нiхто не здольны купляць — адсутнiчаюць сродкi. Гаспадаркi Беларусi таксама неплацежаздольныя. Аб’ёмы продажаў кормаўборачнай тэхнiкi складвалiся зусiм не тыя, што раней, i калектыў пракармiць стала складана.

На шчасце, на той час мы мелi ў сябе ўнiверсальны энергасродак (УЭС) i ведалi, як зрабiць яго больш надзейным i магутным пры агрэгатаваннi з навяснымi машынамi. I калi раней агрэгатаў для больш эфектыўнага яго прымянення не было, то цяпер да энергасродку акрамя кормаўборачных адаптараў мы распрацавалi буракаўборачныя камбайны i навясную касiлку. Дазагрузiлi энергасродак, каб прадаваць больш розных машын. Такое нарошчванне магло даць рост прыбытку. Занялi досыць вузкую нiшу, але яна ўжо дазваляла больш рознабакова i эканамiчна выкарыстоўваць энергасродак i неяк падтрымлiваць завод.

Але мы цесна працавалi з сельскай гаспадаркай i бачылi, як нарастае голад на збожжаўборачныя камбайны, i гэта падштурхнула нас да пошуку больш кардынальных рашэнняў. А сiтуацыя была такая: парк расiйскiх i iмпартных камбайнаў у гаспадарках Беларусi да 2000 года скарацiўся больш чым на 50 працэнтаў, а машыны, што засталiся, маральна i фiзiчна ўстарэлi, што прывяло да рэзкага росту страт ураджаю. У Расii камбайнавыя заводы альбо спынiлiся, альбо перапрафiлявалiся, i мы не маглi разлiчваць на iх тэхнiку. Патрэбна было штогод закупляць не менш чым 1500 збожжаўборачных камбайнаў з далёкага замежжа на сотнi мiльёнаў долараў ЗША. Такiх грошай у краiны не было.

Выйсце прапанаваў i пераканаў усiх у яго рэальнасцi Валянцiн Аляксеевiч Шурынаў, на той час генеральны канструктар, якi прыехаў у Беларусь з "Растсельмаша" i меў багаты вопыт работы ў камбайнабудаўнiцтве для збожжаўборкi. Трэба сказаць, што ўжо тады ў РКУП "ГСКБ" сабраўся калектыў квалiфiкаваных спецыялiстаў з розных месцаў, з шэрагу буйных прадпрыемстваў, з багатым вытворчым i канструктарскiм вопытам, якi здольны быў вырашаць нестандартныя задачы. Пасля доўгiх дэбатаў прынялi рашэнне, што называецца, рызыкнуць. Хоць iдэя самiм заняцца выпускам збожжаўборачнай тэхнiкi, скажу яшчэ раз, здавалася фантастычнай. Тым не менш падабралi некалькi кампановачных схем, стварылi матэматычную мадэль, здольную з дапамогай камп’ютарнай тэхнiкi ацанiць манеўранасць камбайна, будзе яго заносiць цi не, як ён будзе тармазiць i г.д. Паглядзелi — быццам атрымлiваецца нармальна.

Першы ўзор комплексу на базе энергасродку атрымаўся проста агромнiстым, прычэп-накапляльнiк меў ёмiстасць аж 11 кубоў. Свядома пайшлi на гэта, каб паглядзець, наколькi жыццяздольнай атрымлiваецца сiстэма. Калi паказалi яе Мiнсельгасхарчу i вышэй, апасенняў пачулi вельмi многа. Двойчы нават працавала дзяржаўная камiсiя, якая разглядала мэтазгоднасць, i сумненняў было больш, чым упэўненасцi.

Кропку паставiў Прэзiдэнт 

Кропку ва ўсiх сумненнях, што называецца, паставiў Прэзiдэнт. Доследныя ўзоры ў нас да гэтага моманту былi, Прэзiдэнт прыехаў на поле, прайшоў побач са збожжаўборачным комплексам, сваiмi вачыма пабачыў, як той працуе, пагаварыў з людзьмi. Ацанiў наша "произведение" ў рабоце, а вопыту кiраўнiку дзяржавы не займаць. I менавiта тады ён прыняў рашэнне: так, рызыка ёсць, але калi вы ўпэўнены ў поспеху, то дзейнiчайце. Пасля чаго наша iнiцыятыва перарасла ў заданне, якое мы павiнны выконваць.

Былi выдзелены крэдытныя сродкi, каб правесцi на "Гомсельмашы" тэхнiчнае пераўзбраенне. Да таго прадпрыемства спецыялiзавалася на буйнасерыйнай вытворчасцi чыста кормаўборачнай тэхнiкi, i ў цэхах стаялi вузкаспецыялiзаваныя аўтаматызаваныя лiнii, якiя выраблялi карпусы i пэўныя дэталi, i пераарыентаваць, пераналадзiць iх на выпуск iншай прадукцыi было цяжка. I мелася ў наяўнасцi велiзарная колькасць штампаў, на вытворчасць кожнага з якiх iшоў фактычна год. Нармальная вытворчасць пад тыя задачы, якiя яна да гэтага вырашала. А зараз спатрэбiлася ўсё зламаць i паставiць кардынальна iншае абсталяванне.

Давялося ўсур’ёз перааснашчацца, i тут мы, РКУП "ГСКБ", добра спрацавалi разам з заводам: мы ў сябе развiвалi сучаснае трохмернае камп’ютарнае праектаванне, а завод паралельна набываў i запускаў тэхнiку, станочнае абсталяванне — лазерную i плазменную рэзку, гiбачнае абсталяванне, абсталяванне для лiцця, якое здольна карыстацца камп’ютарнымi мадэлямi без усялякiх паперак. Чарцяжы на паперы ёсць, але мы можам перадаваць iх у электронным выглядзе — файламi прама ў станок, i аператар толькi сочыць за тым, як iдзе працэс.

Гэтыя новыя тэхналогii мы запусцiлi на момант падрыхтоўкi вытворчасцi новай тэхнiкi для вёскi. Навукоўцы ў гэты час вырашалi сваю задачу, i вырашылi яе, што называецца, прыгожа. Па спецыяльных методыках яны вызначылi, якiя машыны, у якой паслядоўнасцi i канкрэтна калi мэтазгодна запускаць. Чым непасрэдна займаўся Iван Мiкалаевiч Шыла, вельмi творчы чалавек, якi разумеў, што ад дакладнасцi, адэкватнасцi яго разлiкаў залежыць вынiк. Калi нешта не ўлiчыць хоць бы крыху, то вынiк атрымаеш абсалютна не рэалiстычны. Скажам, не прымеш пад увагу працоўныя рэсурсы, не пралiчыш дынамiку дэмаграфiчнай праблемы ў краiне, то будзе яўна памылковае рашэнне. I вось такiх момантаў, якiя патрэбна было ўлiчыць, набралася вялiкае мноства (людскiя рэсурсы, прагноз ураджайнасцi, рост цаны на палiва, фiнансавае забеспячэнне i гэтак далей). Патрэбна было падумаць пра кадры механiзатараў. На палi прыходзiлi камбайны высокага класа, i для работы на iх патрабавалiся не проста механiзатары, а адукаваныя спецыялiсты, якiя змаглi б пад кiраўнiцтвам iнжынера справiцца з аўтаматыкай, камп’ютарнай тэхнiкай на борце звышсучаснай машыны. Там усё не так, як было на "Нiве" i нават на "Доне".

Iван Мiкалаевiч дальнабачна падышоў да сваёй задачы, улiчыў усе значныя фактары, якiя прысутнiчалi на той момант, калi мы пачыналi працаваць, а некаторыя з iх не былi нават i для нас вiдавочнымi. Ёсць людзi празорлiвыя, i дзякуй Богу, што яны ёсць.

Тады калектыўна i вызначылi стратэгiю — якiя машыны i ў якой паслядоўнасцi рыхтаваць i запускаць у вытворчасць. Потым яна крыху карэктавалася. Рабiлiся i спробы "кардынальнай" карэкцiроўкi. Скажам, характэрнымi былi размовы, што, маўляў, кожны цэнтнер ураджайнасцi з гектара запатрабуе велiзарных укладанняў, якiх у Беларусi пакуль няма. Таму няма чаго на гэта разлiчваць, i давайце займацца маленькiмi машынкамi, пад ураджайнасць 20—25 цэнтнераў з гектара. I больш нiчога не патрэбна.

II. ТАКТЫКА "РЫЎКА" ПЛАЎНА ПЕРАРАСТАЕ Ў ТАКТЫКУ ЭВАЛЮЦЫЙНАГА РАЗВIЦЦЯ

У журналiстаў "Звязды" былi да Генеральнага канструктара пытаннi, многiя з якiх падказаны пiсьмамi i тэлефоннымi званкамi ў рэдакцыю, а таксама ў ходзе наведвання гаспадарак. Андрэй Анiсiмавiч ДЗЮЖАЎ адказаў на iх гэтак жа шчыра i вычарпальна. 

— Усвядомiўшы неабходнасць стварэння айчыннага збожжаўборачнага камбайна i пралiчыўшы свае магчымасцi, вы сабралi сiлы ў "кулак" i — зрабiлi сапраўдны скачок у сваiм развiццi. Калi вы затым атрымалi дзяржаўны заказ на стварэнне самаходнага збожжаўборачнага камбайна, адбыўся яшчэ адзiн рывок калектыву наперад. I гэтак далей. Усе тыя этапы, пра якiя вы расказалi, як нам здалося, падыходзяць пад вызначэнне рыўка. Вы кожны раз "рвалi стужачку" грудзямi, рызыкавалi.

— Калi азiрацца на ступенi нашага развiцця, то гэта даволi дакладнае вызначэнне. Праўда, апошнiм часам мы мяняем падыходы. Бо па-iншаму гэта можна назваць "вялiкiмi рванымi скачкамi". Мы, калектыў, былi ў адным фiзiчным i нават псiхалагiчным стане, а жыццё запатрабавала перайсцi ў iншы.

Мы тым больш павiнны працаваць на найвышэйшым еўрапейскiм узроўнi, бо не за гарамi ўступленне краiны ў сусветную гандлёвую арганiзацыю (ВТО). Мы павiнны былi перайсцi ў стан, якi здольны вытрымаць ВТО. I мы адпаведна падцягнулiся, па суадносiнах такiх найважнейшых паказчыкаў, як "цана — якасць" з’яўляемся канкурэнтаздольнымi для той жа Цэнтральнай Еўропы. Еўрапейцы зараз пачынаюць купляць нашы камбайны, i гэта не выпадкова.

Жыццё паказвае, што здараюцца, вядома ж, складанасцi i ў замежных машын. Тыя "Лексiёны", якiя былi куплены для параўнальных выпрабаванняў, прастаялi ў сярэднiм за сезон па некалькi дзён. Былi простыя паломкi, а былi i складаныя.

Наш чэшскi дылер зрабiў параўнальную ацэнку расходу палiва. На транспартных пераездах КЗС-1218 крыху прайграваў "iншаземцам", затое на полi выйграў. А ў сярэднiм па эксплуатацыйным цыкле апынуўся на тым жа самым узроўнi.

Па надзейнасцi тэхпрацэсаў аказалася, што ва ўмовах павышанай запыленасцi, гарачынi мы выйгралi, а ва ўмовах нармальных iдзём адзiн у адзiн, плячо ў плячо. Але кошт нашай машыны нiжэйшы, i сэрвiс, паўтаруся, побач.

Праблемы ёсць ва ўсiх. Iншая справа, што замежныя машыны працуюць далёка ад завода-вытворцы, i не так хутка можна даставiць запасныя часткi ўзамен на дэталi, што выйшлi са строю, наогул сэрвiснае абслугоўванне выконваць няпроста. Для нас гэта ўсё прасцей.

— Андрэй Анiсiмавiч, не можам не запытацца: як сёння працуе iдэя ўнiверсальнага энергасродку?

— Мы пакуль яшчэ выпускаем ранейшы энергасродак, якi працуе на ўборцы кармоў цi са збожжаўборачнай тэхнiкай, альбо з касiлкамi. Буракаўборачныя адаптары крышку менш запатрабаваныя. Але цяпер ужо выходзiм на наступны ўзровень. Даўно ў паветры лунала iдэя, што энергасродак можа яшчэ i араць, наогул працаваць з землеапрацоўчымi машынамi. Мы нават спрабавалi брацца за рэалiзацыю такой iдэi — не ўсё атрымлiвалася. Працавалi з сур’ёзнымi замежнымi фiрмамi над трансмiсiяй, якая ўсю магутнасць рухавiка перадала б на калёсы. I адна версiя такога энергасродку нават прайшла выпрабаваннi.

Але ўзровень цягавых здольнасцяў быў недастатковы для пастаяннай працы на глебаапрацоўцы. Летась знайшлi ўдалае рашэнне з зусiм iншай схемай трансмiсii, што дазваляе мець гiбкае кiраванне па хуткасцi i пры гэтым малыя механiчныя страты. Машына была выканана ў некалькiх экзэмплярах, чатыры з iх летась напрацавалi ў суме недзе 10 тысяч гектараў на глебаапрацоўцы — з плугамi, культыватарамi, дыскавымi баронамi. I цяпер наступную яе версiю рыхтуем з улiкам атрыманага вопыту. Завяршаем выкананне ўзору, якi мае больш высокiя параметры, лепшыя характарыстыкi — у прыватнасцi, магутнасць 350 i нават 450 кс. Машына зможа працаваць з кормаўборачнымi камбайнамi, з дзевяцiметровымi касiлкамi, нават з шырэйшымi, якiя мы гатовы стварыць, калi яны спатрэбяцца. I з наборам глебаапрацоўчых машын, якiя па саюзнай праграме пачнуць вырабляць расiйскiя прадпрыемствы. У гэтым сезоне энергасродак ужо паспяхова працаваў з дзевяцiкорпусным плугам у нас i ў Татарыi, у Краснадарскiм краi, а таксама з камбiнаванай шасцiметровай сеялкай i больш простымi механiзмамi. Пакуль што хвалiцца ранавата, але па расходзе палiва на адзiнку плошчы выглядае не горш, чым джондзiраўскiя лепшыя трактары, ды i клаасаўскiя таксама.

А паколькi патрэба ў магутных машынах для цяглавых аперацый, для ворыва ёсць i ў Беларусi, i асаблiва сёння вялiкая ў Расii, то мы можам разлiчваць i на айчынны рынак для гэтай машыны, i на расiйскi таксама.

— Вернемся да збожжаўборачнай тэхнiкi. Яна iдзе ў асноўным як мона?

— Так. Сёння збожжаўборачных комплексаў на базе УЭС у год выпускаецца ўсяго каля ста машын. Паступае заказ — ён выконваецца. Заказчыкi ў асноўным расiйскiя. Там, дзе клiенту эканамiчна выгадна мець некалькi варыянтаў сур’ёзнай тэхнiкi на адных "калёсах", ён заказвае энергасродак з наборам адаптараў.

— Са збожжаўборачных машын якi камбайн больш дарагi вашаму сэрцу?

— Самая цiкавая машына была, безумоўна, КЗС-1218. Гэта "пабочны" прадукт вынiковай мадэлi КЗ-14, але настолькi ўдалы, што яшчэ ў працэсе стварэння iшлi спрэчкi: давайце займацца нейкай адной. I тады мы з Валерыем Аляксеевiчам Жмайлiкам прынялi рашэнне займацца ўсё ж абедзвюма машынамi. Таму што 14-ка вельмi аўтаматызаваная, яна па ўсiх параметрах на высокiм узроўнi — i па тэхналогii, i па бартавых сiстэмах надзвычай прагрэсiўная. Тое, што там ёсць карыснага, мы паступова будзем прымяняць i на меншых машынах. Але з улiкам унiфiкацыi па тэхналагiчнасцi, па здольнасцi выпуску на заводзе 1218-я больш практычная. Адзiнае, што яна недзе на 10 працэнтаў мае меншую прапускную здольнасць. Затое вельмi адрознiваецца па сабекошце, а значыць, i па кошце ад 14-й — iстотна больш танная.

14-й сёлета будзе выпушчана толькi першая дзесятка, а 1218-й сёння гатовы працаваць на палях больш чым 1000 адзiнак.

— А вось гэтая лiчба — 1170 збожжаўборачных камбайнаў, якiя патрэбна вырабiць сёлета для Рэспублiкi Беларусь, яна для "Гомсельмаша" "нагрузачная"?

— Ды не, спакойна зробiм. Гэта прыкладна адна трэць таго, што можна выпусцiць. А далей будзе больш, бо цяпер у аб’яднаннi iдзе рэарганiзацыя вытворчасцi. Справа няпростая, калi мець на ўвазе, што тут выпускаюцца яшчэ кормаўборачныя, бульбаўборачныя i льноўборачныя камбайны. Выпуск апошнiх у адрозненне ад мiнулых гадоў будзе разгорнуты на спецыяльным участку завода лiцця i нармаляў, каб разгрузiць асноўную вытворчасць.

Дык вось, пра рэарганiзацыю. Некалi адно з падраздзяленняў аб’яднання — завод збожжаўборачных камбайнаў ствараўся як невялiкая зборачная вытворчасць, а ўся лагiстыка, уся канвеерная сiстэма, аўтаматызаваная афарбоўка былi сканцэнтраваны на iншым фiлiяле — заводзе самаходных камбайнаў, якi выпускае кормаўборачную тэхнiку. А зараз iдзе "змена саставаў" — збожжаўборшчыкi прыходзяць туды, дзе знаходзяцца ўсе канвееры, дзе сканцэнтравана ўся заводская лагiстыка, якая ўдасканальваецца.

Максiмум машын будзе збiрацца там, дзе канвееры, i таму па транспартных, складскiх затратах, а значыць i па сабекошце, сiтуацыя будзе паляпшацца. I вытворчыя магутнасцi вырастуць да 5 тысяч машын у год. Гэтае павелiчэнне, як я казаў, пачнецца з восенi гэтага года. А кармавiкi сыходзяць на зборачную вытворчасць, дзе iм усё "паднясуць", i яны збяруць, колькi патрэбна.

— Атрымлiваецца, што ад перамены месцаў складаемых сума ўсё ж мяняецца? Цудоўная ракiроўка, якая яшчэ раз пацвярджае, што ўсё таленавiтае проста.

— Акрамя таго, аб’яднанне "Гомсельмаш" тэхнiчна пераўзбройваецца. Працягваюць развiвацца гiбкiя тэхналогii. Прадпрыемства iстотна дааснашчае цi нават перааснашчае лiцейную вытворчасць. Гэта датычыцца як непасрэдна лiцейнага абсталявання, так i тэхналогii стварэння лiцейных формаў. Сёння лiцейшчыкi ўжо маюць праграмна-апаратнае забеспячэнне, якое дазваляе атрымлiваць нашы трохмерныя камп’ютарныя мадэлi i без асаблiвых намаганняў ператвараць у чарцяжы прэс-формаў, якiя тут жа вырабляюцца на станках з ЧПУ. Такiм чынам тэхналагiчны цыкл рэзка скарацiўся i надзвычай павышаецца дакладнасць.

Закупляецца вымяральная тэхнiка, якая дазваляе i кантраляваць якасць, i кiраваць ёю. Сёлета завод набыў вiбрадыягнастычную апаратуру, што можна назваць вельмi сур’ёзным крокам у напрамку далейшага паляпшэння якасцi. Гэта ваенная распрацоўка, яна адсочвае адразу каля 60 дыягнастычных прыкмет: дзе авальнасць вала вышэй за нарматыўную, альбо абойма падшыпнiка праслiзгвае, цi сепаратар у яго падклiньвае i гэтак далей. I адпаведна можна адразу прыняць меры. Перакрывае 60 сур’ёзных пазiцый! Зараз апаратура ўжо знаходзiцца на заводзе, людзi праходзяць навучанне, будзем укараняць у вытворчасць. Момант iстотны яшчэ i таму, што надзейнасць работы любога камбайна ў першыя 100 гадзiн якраз залежыць ад дакладнасцi рэгулiровак.

Дадаткова закупляюцца лазерныя станкi i гiбачнае абсталяванне з ЧПУ. I паралельна, паколькi мы выходзiм на ўзровень вытворчасцi больш за тысячу машын у год аднаго i таго ж наймення, аднаўляецца часткова штампавая вытворчасць, але на новым узроўнi. Паколькi ўжо ёсць сiстэма хуткага пратацiпiравання, штампы будуць вырабляцца не год, а значна хутчэй. Новае стагоддзе на дварэ.

— I ўсё гэта непасрэдна ўплывае на якасць прадукцыi...

— На якасць прадукцыi перш за ўсё ўплывае той настрой, тая заданасць, з якiмi чалавек iдзе на працу. Мы стараемся, каб у калектывах — i нашага РКУП "ГСКБ", i ў цэлым "Гомсельмаша" людзi былi носьбiтамi пазiтыўнага, стваральнага настрою. Многа карыснага прыйшло ў калектывы падчас укаранення сiстэмы менеджменту якасцi на аснове мiжнародных стандартаў ISO 9000. У тым лiку i ў стасунках службаў памiж сабой. Я думаю, нам удалося адсекчы лiшняе, упарадкаваць вытворчыя ўзаемаадносiны, i сiстэма кiравання стала цалкам празрыстай, а значыць, эфектыўнай. Мы пайшлi далей: сёлета на "Гомсельмашы" пачынаецца ўкараненне найсучаснейшай сiстэмы кiравання вытворчасцю — SAP. Такога класа сiстэмы прымяняюцца на вядучых, самых буйных прадпрыемствах свету.

— Андрэй Анiсiмавiч, нашых чытачоў цiкавiць, у чым канкрэтна вашы машыны ўжо сёння складваюць канкурэнцыю расiйскай, а магчыма i не толькi расiйскай, збожжаўборачнай тэхнiцы?

— У той жа Расii нас ужо пазiцыянуюць асобна ад расiйскiх машын, на мiжнародных выстаўках беларускiя камбайны размяшчаюць разам з амерыканскiмi i еўрапейскiмi. Не ведаю, што за гэтым стаiць на самай справе, але летась у Растове на наша пытанне нам напалову жартоўна, напалову ўсур’ёз адказалi: "Все лучшее стоит там. Вы — тоже иностранцы". Калi ацэнка была шчырай, то мы не супраць.

Так што нас усё больш асацыююць з далёкiм замежжам. Але калi параўноўваць з расiйскiмi машынамi, то сэнс у тым, што мы, не праводзячы вялiкай рэвалюцыi ў канструкцыi, у схематэхнiчных падыходах вельмi ўважлiва, старанна i акуратна падышлi да элементнай базы, да дробных канструктыўных момантаў, якiя ў вынiку i вызначаюць надзейнасць машыны.

Скажам, калi мы пачыналi, то напрацоўка на адмову рашотных станаў у сiстэме ачысткi была ўсяго 50 гадзiн (за аснову бралi донаўскае рашэнне). Зараз — 600 гадзiн, i на гэтым мы проста спынiлi даводку. Павялiчылi тэрмiн надзейнай службы больш чым у 10 разоў. Мы прымянiлi iншую схему размяшчэння i прадзiмання рашот — у нас большая i плошча рашотнай сiстэмы, i колькасць каскадаў прадзiмання большая, i лепшая яе раўнамернасць. У цэлым прапускная здольнасць сiстэмы працэнтаў на 15 перавышае растоўскую, пры тых жа габарытах.

Удасканалiлi жняярку, у нас хуткасны прывад. Выкарысталi iмпартны, але справа ў рэшце рэшт не ў гэтым. Ён крышку даражэйшы, затое мы не маем абмежаванняў па хуткасцi рэзання, нават калi машына рухаецца 11 кiламетраў у гадзiну (у расiйскiх калег максiмум 7 кiламетраў у гадзiну). Зразумела, што ад хуткасцi залежаць тэрмiны правядзення ўборкi.

Мы падабралi тых пастаўшчыкоў, чые камплектуючыя маюць найлепшыя суадносiны цаны i якасцi менавiта пад нашыя 100 гадзiн на адмову. Безумоўна, ёсць лепшыя, але яны даражэйшыя настолькi, што тыя плюс 5 гадзiн напрацоўкi на адмову не пераважаць сур’ёзнага павышэнне кошту.

Так што гама машын, неабходных хлебаробам сёння, у нас ёсць, самы час прыступаць да распрацоўкi гамы наступнага пакалення збожжаўборачных камбайнаў.

— Гучыць шматабяцальна. Наступны "рывок"?

— Цяпер ён, магчыма, будзе больш плаўным. Ва ўсякiм разе, хацелася б. Бо падчас усiх гэтых скачкоў не заўсёды дакладна трапляеш на тое месца, куды патрэбна. Сёння сiтуацыя iншая, значна лепшая, чым была. I мы iмкнёмся да таго, каб працаваць больш планамерна, нават эвалюцыйна, гэта ўсё ж больш правiльны стыль, i мы да яго наблiжаемся. Сваёй мiнулай працай стварылi для таго ўмовы. Мы знайшлi правiльныя суадносiны такiх асноўных паняццяў, як "цана, якасць, надзейнасць", i далейшае iх удасканаленне патрабуе дакладнай работы.

— Над чым працуеце сёння, якiя бачыце перспектывы?

— Калi гаварыць па вялiкiм рахунку, то вiдавочныя два вельмi сур’ёзныя накiрункi. Паколькi ў свеце мы валодаем, мабыць, найбольшым вопытам па стварэннi i эксплуатацыi энергасродкаў, то палiчылi, што гэтую тэму закрываць нельга. I таму мяркуем развiваць яе на новым узроўнi. Бачым, што попыт будзе. Тыя фактычна доследныя ўзоры новых машын, якiя крышачку "засвяцiлiся" ў Расii, выклiкалi дастаткова сур’ёзны ажыятаж у Краснадары, i нашым маркетолагам даводзiцца адбiвацца. "Няма пакуль такой машыны ў серыi". "Як? Мы бачылi. Нам трыццаць штук". Гэта абнадзейвае.

Што датычыцца збожжаўборачнай тэхнiкi, то лiчым, прайшоў той час, калi мы базiравалiся на адзiнстве запчастак з расiянамi, у першую чаргу з Растовам. Калi мэтазгодна, то не грэх унiфiкавацца па эфектыўных рабочых органах i з далёкiм замежжам, а магчыма, мець нешта i сваё. Партнёрскае супрацоўнiцтва нам прапанавалi некалькi заходнееўрапейскiх фiрмаў. У сусветнай практыцы камбайнабудавання ўзровень кааперацыi вядучых прадпрыемстваў з не менш вядомымi прадпрыемствамi-пастаўшчыкамi даходзiць да 60 працэнтаў. Гэта дазваляе выкарыстоўваць у канструкцыi машын найноўшыя дасягненнi тэхнiчнага прагрэсу. Iмкненне выпускаць усе вузлы i механiзмы толькi ў сябе на заводзе, цi ў сваёй краiне, цi ў блiзкiм замежжы можа саслужыць дрэнную службу, бо камбайнавая вытворчасць — адна з самых складаных у машынабудаваннi. I быць лепшым ва ўсiм проста не атрымаецца. I потым, ёсць вузлы i дэталi, якiя патрэбны толькi камбайнабудаўнiкам, i нiхто спецыяльна для нас не будзе асвойваць iх вытворчасць дробнымi серыямi, бо накладна. Хоць iснуе спецыяльная праграма па арганiзацыi вытворчасцi ўнiфiкаваных кампанентаў на беларускiх прадпрыемствах, яе курыруе Нацыянальная акадэмiя навук. Думаю, што на яе ажыццяўленне спатрэбiцца не менш чым 5 гадоў, а машыны патрэбна выпускаць i цяпер.

— Пагаворым крыху пра рынкi збыту. Якiя вашы рынкi збыту, акрамя свайго "родненькага", беларускага? Цi дабралiся вы да Венесуэлы — сённяшняга сiмвала нашага пранiкнення на далёкiя абшары?

— Сёння надыходзiць такi час, калi, дзякаваць Богу, адбываецца насычэнне гаспадарак краiны нашай новай збожжаўборачнай тэхнiкай. Можна прыехаць у любы калгас, любы СВК, i амаль паўсюдна будзе працаваць наша тэхнiка. Запатрабаваннi айчынных земляробаў, а не толькi землякоў-гамяльчан, у айчыннай збожжаўборачнай i кормаўборачнай тэхнiцы мы выконваем i будзем выконваць. Але самы час пачынаць зарабляць валюту для краiны. Частка нашай тэхнiкi ўжо сёння iдзе на экспарт, па аб’ёмах продажу на першы план выходзiць, вядома ж, Расiя. Услед за ёю сур’ёзным рынкам збыту для нас становiцца Ўкраiна. Вельмi перспектыўным рынкам лiчым Цэнтральную Еўропу. Таму што старая гэдээраўская тэхнiка дажывае свой век, яна сёння пачынае масава "сыпацца", i замест яе карыстальнiкi хацелi б узяць нешта сувымяральнае па суадносiнах "цана-якасць", а гэта якраз наша машына. Сёння iдзе "даводка" машын для Чэхii — туды iдуць камбайны "Палессе 812" з рухавiком мiнскага маторнага завода з палiўнай апаратурай, якая адпавядае патрабаванням TIR-3A.

"Гомсельмаш" пачынае працаваць з Казахстанам, яго рынак, хутчэй за ўсё, будзе для нас пашырацца. А што датычыцца Паўднёвай Амерыкi, то гэта не просты рынак. Там свае, досыць складаныя клiматычныя ўмовы, свой набор сельскагаспадарчых культур. Нашы кормаўборачныя камбайны, якiя там працуюць, убiраюць непрывычную для сябе культуру — сорга. Кукуруза таксама ёсць, але сорга больш. I давялося дадаткова пераналаджваць жняяркi, якiя былi разлiчаны ў першую чаргу на кукурузу. Працуюць добра, зарэкамендавалi сябе не горш за тэхнiку вядучых сусветных вытворцаў, таму цiкавасць да iх iснуе.

У нас у тым рэгiёне есць прадстаўнiцтва ў Аргенцiне, якое ў гэтым годзе будзе развiвацца i тэрытарыяльна, i ў сэнсе тэхнiчнай аснашчанасцi. Так што сумежны рынак Венесуэлы будзе шырэй ахоплены таксама.

— Яшчэ адно пытанне з рэдакцыйнай пошты: праграма "Саюзны камбайн" так пакуль i не запрацавала?

— Не тое што не запрацавала, проста рэалiзацыя яе iдзе не так хутка, як хацелася б. Шмат часу патрачана на ўзгадненнi, падпiсанне дакументаў. Цяпер прайшлi конкурсы, вызначаны выканаўцы з расiйскага боку — Рыбiнскi завод будаўнiчых машын, якi будзе займацца энергасродкам меншай магутнасцi. Энергасродкам большай магутнасцi — да 450 кс займаемся мы. Па сваёй "зоне адказнасцi" мы выканалi ўсё, што было запланавана. Наша машына пройдзе выпрабаваннi ў Расii ўжо сёлета.

— Два словы пра сэрвiс для тэхнiкi. Што тут з’явiлася новага?

— "Гомсельмаш" спрабуе браць не толькi колькасцю дылерскiх цэнтраў, а iх больш за 70, але i якасцю iх работы. Цяпер нашы дылеры, як i рэгiянальныя прадстаўнiкi, павiнны самi валодаць неабходным аб’ёмам ведаў i навыкаў, каб на месцах абучаць механiзатараў рабоце на машынах "Гомсельмаша", а таксама мець тэхнiчнае забеспячэнне для гэтага. Да апошняга часу ўсiх механiзатараў звозiлi з замежжа, у тым лiку далёкага, у Гомель i вучылi тут. Гэта было дорага i не заўсёды эфектыўна. А цяпер сiстэма падрыхтоўкi перабудоўваецца так, што ў Гомелi вучацца якраз нашы прадстаўнiкi, па вынiках вучобы здаюць экзамен i "вязуць" неабходны запас ведаў у свае рэгiёны. За мяжою сёння падабраны вельмi сур’ёзныя людзi, яны маюць доступ да губернатараў i здольныя вырашаць сур’ёзныя пытаннi, у тым лiку фiнансавыя.

— Што можна сказаць пра "чалавечы фактар"?

— Добра дырыжыраваць аркестрам, у якiм сабралiся высокакласныя музыканты. Гэта я пра сваю мiсiю. Вельмi многа для фармiравання нашага калектыву зрабiў Валянцiн Аляксеевiч Шурынаў. Пазней мы ўдакладнiлi "схему" сваёй работы, адшлiфавалi прынцыпы ўзаемадзеяння, нават паспрабавалi ўнесцi нешта новае, што з’явiлася ў свеце ў арганiзацыi работы аднатыпных КБ. У нас працуюць сапраўды высокакласныя спецыялiсты, i вельмi важна, што мы ўмеем адзiн з другiм узаемадзейнiчаць. Пры дасягненнi калектыўнага вынiку кансалiдуюцца асабiстыя погляды i пераадольваюцца амбiцыi.

Мы цудоўна аснашчаны тэхнiчна — дзякуючы кiраўнiцтву краiны i мiнiстэрству. Нам паверылi, што мы — рэзультатыўныя, i падтрымлiваюць, за што вялiкi дзякуй.

Што да завода, то ў "Гомсельмаша" — велiзарны патэнцыял, а ў яго калектыва — багаты вопыт, ён здольны ўпiтваць новыя тэхналогii, новыя веды, цудоўна iх засвойвае. I па новых распрацоўках у нас поўны кансенсус. У гэтым гарантыя поспеху.

III. НА ДУМКУ СПЕЦЫЯЛIСТА 

"Пайду па iнстанцыях прасiць яшчэ адну гомельскую самаходку" 

У той жа дзень карэспандэнты "Звязды" праехалi па палях Гомельшчыны, сустрэлiся з людзьмi, якiя эксплуатуюць гомсельмашаўскую тэхнiку, запраектаваную РКУП "ГСКБ". Першым нашым суразмоўцам стаў Георгiй Купрыянавiч ШПАКАЎ, дырэктар саўгаса "50 гадоў Савецкай улады" Рэчыцкага раёна. Георгiй Купрыянавiч — адзiн з найстарэйшых камандзiраў сельскагаспадарчай вытворчасцi краiны: яму зараз 75 гадоў, 37 з якiх аддадзены кiраўнiцтву гэтай гаспадаркай. У эканамiчна моцным Рэчыцкiм раёне гаспадарка пастаянна "ходзiць" у перадавiках. У кабiнеце дырэктара на сцяне — грамата аблвыканкама, iншыя не менш ганаровыя сведчаннi калектыўнага старання. Так што да думкi ветэрана хлебнай нiвы варта прыслухацца.

— Нашы камбайнеры, якiя працуюць на тэхнiцы "Гомсельмаша", вельмi станоўча аб ёй адгукаюцца. "Машына — тое, што трэба" — так яны гавораць. Пачыналi працаваць яшчэ на КЗС-7 i дасягнулi высокiх намалотаў. Цяпер хлопцы ахвотна працуюць на КЗС-10К i могуць пры пэўных умовах скласцi канкурэнцыю экiпажу, якi "прыпiсаны" да замежнай машыны. Ва ўсякiм разе, за апошнiя два гады рознiца ў намалотах была не вельмi iстотнай.

У 2006 годзе маладзёжны экiпаж на КЗС-1ОК на рэспублiканскiм свяце дажынак заняў прызавое месца. Летась мы ўзялi яшчэ адзiн КЗС-10К, i папрацаваць на iм выказаў жаданне вадзiцель дырэктарскай машыны, намалацiў паўтары тысячы тон. Сёлета таксама просiцца, каб яго на перыяд уборкi перасадзiлi за штурвал стэпавага карабля, абяцае даць дзве тысячы.

Па разнарадцы мы павiнны атрымаць на днях КЗС-1218. Шчыра скажу, чакаем яго з вялiкiм нецярпеннем. I думаю адправiцца па iнстанцыях, каб атрымаць у гэтым годзе яшчэ адзiн гомельскi самаходны камбайн. Бо збiраемся сёлета наблiзiцца па намалотах да васьмi з паловай — дзевяцi тысяч тон, i без сучаснай тэхнiкi не абысцiся. Тым больш, што яна нармальна адладжаная i нармальна працуе.

На палях нашай гаспадаркi праводзiлiся параўнальныя выпрабаваннi ў рэальных умовах эксплуатацыi зусiм новай машыны КЗ-14, параўноўвалi яе з клаасаўскiм "Лексiёнам-560". Я вам скажу, што КЗ-14 iдзе прыгожа. Вялiкi круг на iм зрабiў першы вiцэ-прэм’ер Уладзiмiр Iльiч Сямашка, i па яго рэакцыi можна было зразумець, што ён задаволены машынай.

За гады работы я шмат добрага чуў пра дырэктара "Гомсельмаша" Валерыя Аляксеевiча Жмайлiка, ён таксама ветэран вытворчасцi, як i я. Пра генеральнага канструктара Андрэя Анiсiмавiча Дзюжава. I мне было прыемна прачытаць у газеце, што яны разам з прадстаўнiком навукi вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэмii. Лiчу, што гэта цалкам заслужана. I канструктарскае бюро, i вытворчае аб’яднанне ў складаных умовах стварылi машыны, якiя патрэбны нашай сельскай гаспадарцы i якiя з нецярпеннем чакаюць у вёсцы.

Калi б я быў членам дзяржаўнай камiсii, то, не прынiжаючы значэння ўсiх iншых вылучаных калектываў, безумоўна, прагаласаваў бы за прысуджэнне Дзяржаўнай прэмii стваральнiкам машын для вёскi.

  

Пры нашай размове прысутнiчаў вадзiцель дырэктара саўгаса Мiкалай УЛАСЕНКА, якi мiнулы сезон адпрацаваў на камбайне. Мы папрасiлi яго падзялiцца сваiмi думкамi. Мiкалай Iванавiч быў лаканiчным:

— Я магу параўноўваць айчынны i iмпартны камбайны ў рабоце i лiчу, што гомсельмашаўскiя машыны не ўступаюць замежным. За ўсю мiнулагоднюю ўборку не здарылася нiводнай сур’ёзнай паломкi. Я не бяру ў разлiк, што калi-нiкалi з-за пападання пабочнага прадмета адляцiць сегмент. Замянiлi — i далей. Эфектыўна працавалi поўны светлавы дзень. Гэтыя машыны могуць спаборнiчаць з iмпартнымi, хоць у тых жняярка крыху шырэйшая.

"Дзякуючы такому супрацоўнiцтву беларусы — з хлебам" 

Сваiмi меркаваннямi падзялiўся з намi i старшыня СВК "Крыўск" Буда-Кашалёўскага раёна Аляксандр Паўлавiч ПАДАЛЯЧЫН.

— Мы лiчым, што прагрэс у сельскай гаспадарцы бязмежны, i гэта даказвае вытворчае аб’яднанне "Гомсельмаш" i яго тэхнiка. Калi б у апошнiя гады, на працягу якiх назiраецца рост ураджайнасцi, а камбайнавы парк iмклiва старэе, хлебаробы не атрымалi падтрымкi ад "Гомсельмаша", я не ведаю, што было б. Купляць заходнюю тэхнiку за "бешаныя" грошы мы не змаглi б.

У мiнулым годзе мы атрымалi на "круг" 77 цэнтнераў з гектара, сёлета таксама чакаем высокай ураджайнасцi па многiх культурах, нягледзячы нават на тое, што прайшлi моцныя працяглыя дажджы i ўтварылiся вымачкi. Так што "Палессе" нам патрэбна.

Мы правялi параўнальны аналiз работы гомельскiх i замежных машын i пераканалiся, што калi поле нармальнае, не засмечанае, то страты збожжа на "Палессi" практычна мiнiмальныя. Па якасцi ўборкi, па пагектарнай норме, па намалоце за суткi беларуская тэхнiка не ўступае, гэта адназначна. Думаю, што ў блiжэйшай будучынi якасць беларускiх камбайнаў яшчэ больш вырасце.

Я скажу вам дзiўную рэч: пазалетась сабекошт адной тоны збожжа ў нас быў 180 тысяч. Летась ужо 160 тысяч. Пры тым, што раслi цэны на ГЗМ, электраэнергiю, збожжа становiцца таннейшым. А ўсё таму, што вышэйшая ўраджайнасць, меншыя страты, уборка за кошт набытых камбайнаў iдзе хутчэй. Ды i якасць збожжа цудоўная, мы стараемся адправiць яго на харчовыя патрэбы. Таму такi вынiк.

У нас сёння тры гомельскiя камбайны. У блiжэйшы час атрымлiваем чацвёрты. На iх працуюць пастаянныя механiзатары, яны ведаюць свае машыны, граматна iх абслугоўваюць. Калi што — заводскi сэрвiс заўсёды пад бокам. Я ўдзячны работнiкам гэтай службы, любыя пытаннi яны iмкнуцца вырашаць iмгненна, у любы час дня i ночы. Iх прынцып — каб камбайн не прастойваў, заўсёды быў у рабоце. У цэлым наша супрацоўнiцтва з "Гомсельмашам" праходзiць паспяхова. I думаю, што не толькi ў нас. Дзякуючы такому супрацоўнiцтву беларусы кожны год з хлебам. Падтрымлiваем вылучэнне стваральнiкаў "Палесся" на Дзяржаўную прэмiю i жадаем iм перамогi.

Скажу хоць i крыху патэтычна, але шчыра: колькi будзе iснаваць сельская гаспадарка, столькi мы i будзем супрацоўнiчаць з "Гомсельмашам".

  

Кароткi каментарый намеснiка дырэктара ГСКБ па выпрабаваннях Васiля Леанiдавiча АНТАНЮКА.

— Гомельшчына адрознiваецца тым, што тут працуе параўнальна нямнога iмпартнай збожжаўборачнай тэхнiкi. Раней працавала савецкая, потым расiйская, цяпер яе паступова замяняюць нашы КЗС. Мы хацелi б, каб гэтая тэндэнцыя хутчэй праявiлася i ў астатнiх рэгiёнах Беларусi.

Дбаючы пра максiмальную прыстасаванасць збожжаўборачнай тэхнiкi да айчыннай нiвы, iмкнёмся выпрабоўваць свае камбайны на высокаўраджайных палях, каб "прывучаць" iх да важкага, што называецца, коласа. У гаспадарках, дзе мы пабывалi, ураджайнасць вельмi высокая, тут моцныя агранамiчная i iнжынерная службы. У СВК, якiм 11 гадоў кiруе Аляксандр Падалячын, за гэты час у тры з паловаю разы ўзрасла ўраджайнасць збожжавых, а наогул у цэлым па гаспадарцы вытворчасць сельгаспрадукцыi павялiчылася больш чым утрая. Летась СВК выйшаў на першае месца ў вобласцi. Крыху раней другое месца было ў Георгiя Купрыянавiча, у якога вытворчыя паказчыкi таксама цудоўныя. I мы давяраем гэтым высокапрафесiйным калектывам, супрацоўнiчаем i дапамагаем адзiн аднаму: мы iм — асвоiць работу на новай высокапрадукцыйнай тэхнiцы, яны нам — давесцi новую машыну да серыi, устаранiць нейкiя недахопы, калi яны ёсць, праверыць у справе, адным словам.

Высокiя эксплуатацыйныя якасцi нашай тэхнiкi былi неаднаразова прадэманстраваны на параўнаўчых выпрабаваннях. А механiзатары гаспадарак рэспублiкi сваёю працай даказваюць гэта штогод, на палях сваiх калгасаў i СВК. Яны пацвярджаюць, што нашы машыны пры адпаведным абучэннi персаналу працуюць цудоўна.

Слова — намiнанту 

Забяспечылi харчовую незалежнасць краiны 

Расказвае Iван Мiкалаевiч ШЫЛА, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта (БДАТУ), доктар тэхнiчных навук, прафесар:

— З "Гомсельмашам" мяне звязвае даўняя сумесная работа. У канцы 80-х гадоў давялося займацца распрацоўкай тыпаразмернага раду кормаўборачнай тэхнiкi. Валянцiн Аляксеевiч Шурынаў з прыходам на пасаду генеральнага канструктара прынёс iдэю стварэння ўнiверсальнага энергетычнага сродку. У вынiку УЭС-250 цяпер паспяхова працуе на палях Беларусi, Расii, Украiны.

Пасля развалу вялiкай краiны была пастаўлена задача стварыць уласнае сельскагаспадарчае машынабудаванне. I патрэбна было абгрунтаваць прыярытэты: на чым сканцэнтраваць асноўную ўвагу. У савецкiя часы ўся тэхнiчная палiтыка грунтавалася ў асноўным на параўнаўчых выпрабаваннях. Мiж тым, сельскагаспадарчая вытворчасць — гэта складаная сiстэма, якая патрабуе ўлiку шматлiкiх фактараў. Я ў той час кiраваў лабараторыяй сiстэмы машын i прагназавання развiцця механiзацыi ў iнстытуце механiзацыi (ЦНIIМЭСХу), i якраз гэтае падраздзяленне больш за ўсё i займалася навуковым абгрунтаваннем тэхнiчнай палiтыкi. Мелi ўласную метадалогiю, нацэленую на перспектыву, яна грунтавалася на прагнозе як працоўных, так i энергетычных рэсурсаў.

Працаваць было няпроста. Ужо ў той час з’яўлялiся артыкулы, у якiх сцвярджалася, што дастаткова з нас будзе i камбайна "Нiва" з яе 5—6 кг збожжа ў секунду, i больш нiякiя камбайны не патрэбны. Iншыя сцвярджалi, што не варта нiчога выдумляць, мы проста ўсё купiм за мяжой, а ў нас самiх усё роўна нiчога не атрымаецца.

I ўсё ж мы вызначылiся ў прыярытэтах такiм чынам: галоўная ўвага — збожжаўборачнай тэхнiцы, а яшчэ — ворнаму трактару ўзамен Т-150 К, якi нам пастаўляў Харкаўскi трактарны завод. Гэтыя тэхнiчныя сродкi вызначалi тэхнiчную палiтыку ў галiне. Аб’ёмы выкарыстання iх у сельскай гаспадарцы былi вялiкiмi, i ад iх шмат што залежала, у тым лiку якасць работ.

А ад збожжаўборачнага камбайна асаблiва, таму што мы пачалi ўжо несцi велiзарныя страты збожжа, i ў асноўным з-за недахопу тэхнiкi. Страты ў сярэдзiне 90-х гадоў даходзiлi да мiльёна тон. Нават тыя дамоўленасцi, якiя былi з суседзямi, Расiя не выконвала, нягледзячы на тое, што ў нас мелiся сродкi i мы маглi купiць: завод "Растсельмаш" не ў стане быў выканаць усе заказы. I задача стварэння ўласнага збожжаўборачнага камбайна з’яўлялася крайне актуальнай.

Пачалi думаць, як яго стварыць i якiм ён павiнен быць. I пачалi актыўную работу па абгрунтаваннi тыпаразмернага раду збожжаўборачнай тэхнiкi. З гэтай мэтай былi абследаваны ўсе прыродныя i вытворчыя ўмовы рэспублiкi, як па ўраджайнасцi, так i па размерах участкаў ворыўнай зямлi i г.д. Была выканана тыпiзацыя ўсiх гэтых умоў i зроблены прагноз, выкананы разлiкi.

Патрэбна было з нечага пачынаць, а з рэсурсамi надзвычай цяжка, таму iдэя стварэння айчыннага збожжаўборачнага камбайна на базе УЭС была абсалютна правiльнай, хоць i падвяргалася крытыцы нават з боку масцiтых навукоўцаў. Але калi ў канцы 90-х гадоў правялi параўнальныя выпрабаваннi на палях аграфiрмы "Ждановiчы", то скептыкi па-iншаму сталi глядзець на наш айчынны камбайн КЗР на базе УЭС, створаны на "Гомсельмашы". На той перыяд гэта быў найбольш танны варыянт, якi i паслужыў базай для стварэння ў далейшым гамы камбайнаў, якую маем зараз.

Збожжаўборачны камбайн — гэта не плуг i нават не трактар, гэта вельмi складаная тэхнiка, i стварыць за такi кароткi час цэлую лiнейку айчынных збожжаўборачных машын — гэта заслугоўвае вельмi высокай ацэнкi. Такую машыну можна стварыць, калi тры складнiкi — навука, канструктар i вытворца, працуюць у цеснай узаемасувязi. Калi б не быў, скажам, завод падрыхтаваны да выканання задумкi канструктараў, нiчога б не выйшла. Калi б канструктары творча не асэнсавалi, не развiлi сусветны вопыт, не адаптавалi яго да нашых умоў i не абагацiлi ўласнымi ноў-хаў, таксама нiчога не было б.

Не хачу пакрыўдзiць нiкога з калег, але, на мой погляд, у той час аграiнжынерная навука зрабiла велiзарны ўклад у харчовую бяспеку краiны. Таму што за кароткi перыяд з яе дапамогай створана айчыннае збожжаўборачнае камбайнабудаванне. Сёння мы больш за 80 працэнтаў неабходнай вёсцы тэхнiкi выпускаем на сваiх прадпрыемствах. Па-першае, гэта сапраўды важная ўмова незалежнасцi краiны, па-другое, рабочыя месцы для нашых людзей — многiя тысячы рабочых месцаў. 

Лiсты з месцаў

"Лiчым, што канструкцыя — аптымальная для нашай хлебнай нiвы" 

Старшыня калгаса "Савецкая Беларусь" Рэчыцкага раёна Н.I. ПРОЦЫК:

"Самаходны збожжаўборачны камбайн КЗС-1218 атрыманы намi летам 2007 года i працаваў на ўборцы збожжавых каласавых культур. Намалацiў 1557 тон збожжа. Дзякуючы высокай тэхнiчнай надзейнасцi ажыццяўляў якасную бесперабойную ўборку. Мае добрую праходнасць, манеўранасць, зручны ў тэхнiчным абслугоўваннi, надзейны ў рабоце.

З дапамогай аўтаматычнай сiстэмы кантролю механiзатар падтрымлiвае параметры рабочых органаў у зададзеных рэжымах, хутка рэагуе i не дапускае перагрузак рабочых органаў i перавышэння страт за камбайнам. Рэжучы апарат жняяркi працуе якасна, выконвае зрэз хлебастою без перавышэння вышынi зрэзу.

Камбайн мае добрую агляднасць рабочых органаў жняяркi i бункера.

Лiчым, што канструкцыя камбайна КЗС-1218 з’яўляецца аптымальным варыянтам для ўборкi збожжавых каласавых культур у Рэспублiцы Беларусь".

Старшыня СВК "Першамайскi i К" Смалявiцкага раёна С.А. ЛУЧАНОК:

"Камбайн КЗС-10К працаваў на ўборцы збожжавых каласавых культур i семеннiкоў траў. Высокая тэхнiчная надзейнасць дазволiла ажыццявiць бесперабойную ўборку за ўвесь яе перыяд. Намалацiў 1534 тоны збожжа пры сярэдняй ураджайнасцi 73,7 цэнтнера з гектара. Прадукцыйнасць машыны вышэйшая на 10—12 працэнтаў, чым у камбайна "Дон-1500Б", а страты значна нiжэйшыя, засмечанасць бункернага збожжа i драбленне нiжэйшыя за дапушчальныя патрабаваннi.

Мае камфартабельную кабiну з панарамным шклом, што паляпшае агляднасць рабочых органаў i ўмовы работы механiзатара. Рабочыя органы кантралююцца сiстэмай аўтаматычнага кантролю. Добры доступ скарачае час на ТА".

— — —

Такiх водгукаў прыходзiць шмат. Вядучы iнжынер агракамбiната "Паўднёвы" Л.Ф. ДАЛАМАКIН паведамляе: "Экiпаж камбайна i адмiнiстрацыя гаспадаркi засталiся задаволенымi работай i тэхнiчным станам КЗС-1218. Адмiнiстрацыя гаспадаркi лiчыць, што збожжаўборачны камбайн КЗС-1218 па прадукцыйнасцi, паказчыках якасцi работы i тэхнiчнай надзейнасцi адказвае запатрабаванням работнiкаў сельскай гаспадаркi i на сёння з’яўляецца адным з лепшых збожжаўборачных камбайнаў сярод айчынных i замежных машын".

Напрацоўка такога ж камбайна ў калгасе "Чырвоны сцяг" Рэчыцкага раёна склала ў мiнулую ўборачную кампанiю 2016 тон збожжа з убранай плошчы 283 гектары пры сярэдняй ураджайнасцi 70 цэнтнераў з гектара, паведамiў старшыня гаспадаркi В.С. ПАНЧАНКА. Аўтары такiх пiсьмаў дружна "галасуюць" за гомсельмашаўскую тэхнiку. Адначасова яны, па просьбе завадчан, звяртаюць увагу вытворцаў на нейкiя канструктыўныя рэзервы, выкарыстанне якiх пойдзе на карысць машыне. Разумеючы, што крытэрый любой тэорыi — гэта практыка, спецыялiсты ГСКБ i завадчане прыслухоўваюцца да такiх прапаноў.

Ад аўтараў 

Варта мець на ўвазе, што самаходны збожжаўборачны камбайн, згодна усiм машынабудаўнiчым нарматывам, адносiцца да машын вышэйшай катэгорыi складанасцi. Бо акрамя таго, што павiнен рухацца сам i транспартаваць груз, ён яшчэ выконвае i складаны тэхналагiчны працэс, звязаны з уборкай i перапрацоўкай больш чым 20 розных сельскагаспадарчых культур. Стварэнне такiх машын раней заўсёды патрабавала прыцягнення навукова-тэхнiчнага патэнцыялу буйных НДI i КБ машынабудаўнiчага комплексу СССР. Сямейства ж збожжаўборачных камбайнаў "Палессе" створана РКУП "ГСКБ" ВА "Гомсельмаш" пры мiнiмальным прыцягненнi староннiх навукова-тэхнiчных рэсурсаў. Па-першае, такiя рэсурсы абмежаваныя, па-другое, адчувалi, што справяцца самастойна. Хоць ад дапамогi iнстытутаў i цэнтраў Нацыянальнай акадэмiі навук Беларусi, навукоўцаў ВНУ не адмаўлялiся i ўдзячныя iм за падтрымку.

Важна i тое, што праблеме стварэння канструкцыi i асваення вытворчасцi айчыннай збожжаўборачнай тэхнiкi пасля падпiсання Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь Указа № 295 ад 26.05.99 г.  быў прыдадзены статус найважнейшай дзяржаўнай задачы. Для яе выканання на iснуючых плошчах ВА "Гомсельмаш" створаны зборачны завод кормаўборачных камбайнаў, выкананы вялiкi аб’ём работ па тэхналагiчнай падрыхтоўцы вытворчасцi, спраектавана i выраблена больш за 10 тысяч адзiнак тэхналагiчнай аснасткi i спецiнструменту, а таксама прайшлi перападрыхтоўку больш за 12 тысяч рабочых i IТР, арганiзавана дылерская сетка па тэхнiчным абслугоўваннi i рамонце камбайнаў "Палессе".

Гомсельмашаўцы прадэманстравалi сапраўды творчы падыход да справы: пры стварэннi канструкцый i падрыхтоўцы вытворчасцi айчынных збожжаўборачных камбайнаў яны змаглi знайсцi такiя тэхнiчныя рашэннi, якiя дазволiлi без дадатковага капiтальнага будаўнiцтва, цалкам захаваўшы тэхналагiчныя магутнасцi па вытворчасцi кормаўборачнай i буракаўборачнай тэхнiкi, выкарыстаць iх яшчэ i для выпуску збожжаўборачных машын.

Адначасова з рашэннем праблемы выпуску якаснай збожжаўборачнай тэхнiкi ўдалося адчувальна ўзняць якасны ўзровень i надзейнасць кормаўборачных камбайнаў, за што аб’яднанне ўдастоена Прэмii Ўрада Рэспублiкi Беларусь за дасягненнi ў галiне якасцi. I як працяг гэтай добрай традыцыi, ва ўсiх фiлiялах "Гомсельмаша", занятых вытворчасцю збожжаўборачных машын, распрацавана, укаранёна i пастаянна ўдасканальваецца сiстэма менеджменту якасцi на адпаведнасць патрабаванням стандартаў серыi СТБ ISО 9000.

I ў заключэнне: выпушчаныя ВА "Гомсельмаш" з 1999 па 2007 год 6824 машыны сямейства "Палессе" забяспечылi эканамiчны эфект 602 млрд рублёў i эканомiю валютных сродкаў за кошт скарачэння закупак замежнай тэхнiкi 902,9 млн долараў ЗША.

Не паспела пачацца новае стагоддзе, а тут за няпоўныя дзесяць гадоў ствараюць новую галiну айчыннага машынабудавання — збожжаўборачнае камбайнабудаванне i эканомяць краiне мiльярд долараў ЗША! Хiба ж гэта не вытворчы Алiмп? Дарэчы, "вытворчы" — ад слова "творчасць".

 

Публiкацыю падрыхтавалi

Уладзiмiр Хiлькевiчi Марыя Жылiнская (фота).

Ад рэдакцыi. Творчая група "Звязды" выказвае шчырую падзяку намеснiку галоўнага iнжынера РКУП "ГСКБ" Вiктару Iванавiчу Сусаву, iншым супрацоўнiкам канструктарскага бюро i ВА "Гомсельмаш" за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай публiкацыi.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнты "Звязды" гутараць з Генеральным канструктарам па збожжаўборачнай i кормаўборачнай тэхнiцы Мiнiстэрства прамысловасцi Беларусi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика