Экспартны патэнцыял нашай вёскі суседзяў не радуе?
Экспартны патэнцыял нашай вёскі суседзяў не радуе?
Днямi ў эканамiчным блоку iнфармацыйнага выпуску аднаго маскоўскага тэлевiзiйнага канала прагучала цiкавае i нечаканае паведамленне. Маўляў, Расiя мяркуе пачаць антыдэмпiнгавае расследаванне ў дачыненнi да iмпартных паставак прадуктаў харчавання з Беларусi. Прычына — яны iстотна адрознiваюцца ў лепшы бок па цане ў параўнаннi з аналагiчнай прадукцыяй расiйскiх вытворцаў i тым самым замiнаюць актыўнаму продажу iх тавараў на рынку Расii. Згодна з каментарыем, беларускiя каўбасы i сыры больш танныя таму, што сельская гаспадарка нашай краiны атрымлiвае значныя датацыi з боку дзяржавы. А гэта непарадак. Таму трэба разабрацца, чаму прадукты харчавання з Беларусi пануюць у Расii. У дадзеным паведамленнi рабiлася спасылка на меркаванне намеснiка кiраўнiка ўрада Расii Вiктара Зубкова. Ён, як вынiкае з тэленавiн, амаль што iнiцыятар маючага адбыцца антыдэмпiнгавага расследавання. Што, на мой погляд, здаецца сумнеўным. I як бы мiж iншым зноў усплыла газавая тэма. Тэлегледачам паведамiлi, што цана газу для Беларусi на 70 працэнтаў нiжэйшая за стаўку для еўрапейскiх спажыўцоў. А чаму? А таму, што Расiя даражыць адносiнамi з заходнiм суседам. У чалавека, якi не вельмi дасведчаны ў эканамiчных адносiнах саюзнiкаў, складваецца негатыўнае ўражанне аб нашай краiне, якой газ за прыгожыя вочы, за капейкi, са стратамi для сабе прадае Расiя, а ў адказ няўдзячная Беларусь шкодзiць яе аграпраму пастаўкамi харчавання па дэмпiнгавых цэнах. Экспартны патэнцыял нашай вёскi, вiдаць, не ўсiх радуе ў Расii. Нягледзячы на ўсе шматлiкiя праблемы нашага аграпрама, ён усё ж, не толькi выжывае, але i няўхiльна пашырае кола замежных спажыўцоў сваёй прадукцыi. Сёння Беларусь пастаўляе прадукты харчавання ў 56 краiн свету. Толькi летась экспарт сельгаспрадукцыi пераўзышоў 1,3 млрд долараў ЗША, што ўдвая больш, чым у 2000 годзе. I гэта не мяжа. Сёння ў свеце складваецца вельмi няпростая, мякка кажучы, сiтуацыя на рынку прадуктаў харчавання, няўхiльна растуць цэны амаль на ўсе асноўныя вiды сельгаспрадукцыi, у прыватнасцi, на фуражнае збожжа. Гэта ўжо выклiкала хвалю пратэстаў у многiх краiнах, у тым лiку i ў багатай Заходняй Еўропе. Таму саюзным Беларусi i Расii, здавалася, наспеў час сур’ёзна i дэталёва абмеркаваць шляхi вырашэння гэтай злабадзённай праблемы, паспрабаваць выпрацаваць меры па больш эфектыўным выкарыстаннi ва ўмовах растучай пагрозы крызiсу харчавання магчымасцяў патэнцыялу аграпрама абедзвюх дзяржаў. Напрыклад, падумаць аб прадастаўленнi пэўных пераваг для прадстаўнiкоў малога бiзнэсу ў сельскай гаспадарцы, стварэннi ў гэтай сферы новых працоўных месцаў, увогуле паляпшэннi вытворчасцi сельгастэхнiкi, перапрацоўкi i збыту гатовай прадукцыi. I такiм чынам дасягнуць забеспячэння насельнiцтва якаснымi прадуктамi харчавання па прымальных цэнах без укаранення харчовых картак. Увесцi iх для самых малазабяспечаных слаёў насельнiцтва Расii прапаноўваюць асобныя палiтыкi ў Маскве. Вядома, робiцца гэта з высакароднай мэтай не дапусцiць голаду ў краiне. Яно зразумела, што голад не цётка, але ў багатай на чарназём Расii можна пашукаць i iншыя шляхi. Бо сусветны харчовы крызiс калi i закране Беларусь, то, па агульным меркаваннi многiх спецыялiстаў, толькi ўскосна. А вось Расiю, якая вымушана завозiць прадукты харчавання ў велiзарных аб’ёмах, зачэпiць рэальна. I вiдаць, адна надзея — на высокiя сусветныя цэны на энерганосьбiты. Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў эканамiчным блоку iнфармацыйнага выпуску аднаго маскоўскага тэлевiзiйнага канала прагучала цiкавае i нечаканае паведамленне. Маўляў, Расiя мяр
|
|