Віталь ГАРДЗЕЙ: "пастаяць за сябе здольны i на сцэне, i ў жыццi"
Віталь ГАРДЗЕЙ: "пастаяць за сябе здольны i на сцэне, i ў жыццi"
Сёлета гонар i адказнасць прадстаўляць Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi ў Вiцебску ўскладзеная на 25-гадовага бабруйчанiна Вiталя Гардзея — артыста пра-дзюсарскага цэнтра "Спамаш". Ужо вядома, у якiя днi будзе праходзiць конкурс. Вядома, што выступленнi ўдзельнiкаў традыцыйна адбудуцца пад акампанемент Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Фiнберга. Вядома таксама, што колькасць канкурсантаў сёлета рэкордная — 25 чалавек. І толькi пра нашага прадстаўнiка вядома да крыўднага мала, — але гэта лёгка выправiць. Такое адчуванне, што Вiталь Гардзей — як той чорт з табакеркi. У яго кар’еры — многа Гран-пры мiжнародных конкурсаў, але нiводны з iх не атрыманы ў Беларусi. З 9 гадоў артыст на сцэне, але збольшага гэтая сцэна знаходзiлася ў межах роднага горада — у складзе Заслужанага тэатра песнi "Шына-най". I хоць у бiяграфii пазначана: дыпламант конкурсаў "Лесвiца ў неба", "Зорная ростань", удзельнiк iншых тэлевiзiйных конкурсаў — але шырокая грамадскасць да нядаўняга часу пра маладога артыста амаль нiчога не ведала. Таму i я спыталася: "Вiталь, дзе ты быў раней?". аму раней не спрабаваў прабiцца на "Славянскi базар"? Напэўна, набiраўся вопыту — ездзiў у Расiю, ва Ўкраiну, удзельнiчаў у конкурсах, мне гэтага цалкам хапала. Акрамя таго, я лiчыў, што ў Мiнску "свая тусоўка" выканаўцаў — не ведаў, куды i як падаваць заяўку, як афармляць i г.д. Думаў: падам заяўку ад Бабруйска — на яе нават нiхто не паглядзiць. А тут Iрына Дарафеева, прадзюсар Юрый Саваш, а таксама дырэктар прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксандр Вавiлаў параiлi паспрабаваць. Атрымалася досыць спантанна, я да апошняга моманту не верыў, што прайду, адну з конкурсных песень вучыў лiтаральна за тыдзень, нават не помнiў некаторыя словы... — Вiталь, а чаму — Гардзей? Чым табе не падабаецца ўласнае прозвiшча? — Мне падабаецца, але ў пра-дзюсарскiм цэнтры "Спамаш" сказалi, што трэба выбраць сцэнiчны псеўданiм. — Мы сутыкнулiся з тым, што ў прозвiшчы пастаянна няправiльна ставiлi нацiск, — дадае прэс-аташэ ПЦ Юлiя Палтаўская. — Называлi Вiталя ЯфIменкам, а не ЕфiмЕнкам. А паколькi на сцэне ўжо ёсць Яфiмчык, Яфiмiк, Елфiмаў i г.д., было вырашана не ставiць Вiталя ў залежнасць ад прозвiшча, зрабiць яго не падобным да iншых. — Цяпер ты жывеш памiж двума гарадамi, наколькi гэта нязручна? — Не тое каб вельмi напружвала. У асноўным жыву ў Мiнску, дадому толькi зрэдку езджу. Тут здымае кватэру прадзюсарскi цэнтр, праўда, на траiх — з Ванем Буслаем i Юрам Валюком. Гэта цяжкавата, хочацца сваёй асабiстай прасторы, iнтымнага жыцця ў добрым сэнсе слова. Калi б давялося жыць побач з дзвюма прыгожымi дзяўчатамi, напэўна, я глядзеў бы на сiтуацыю па-iншаму. Затое ёсць з кiм пагаварыць вечарамi, пiва там выпiць часам, — летуценна разважае Вiталь, i тут жа выпраўляецца. — Але зрэдку, вельмi зрэдку. — Калi распiсаць твой звычайны дзень, колькi часу забiраюць заняткi, падрыхтоўка да "Славянскага базару"? — Працоўны дзень пачынаецца недзе а палове дзевятай, нават раней, а заканчваецца гадзiн у дзевяць—дзесяць вечара. У асноўным акцэнт робiцца на занятках па вакалу i з фанiятарам, таксама ёсць харэаграфiчная падрыхтоўка, сцэнiчнае маўленне... — А што ў цябе з маўленнем не так? — Усё так, але Уладзiмiр Iльiч Курган можа ў кожным чалавеку знайсцi пэўныя хiбы, i гэта добра, бо ён iх выпраўляе. Педагогi па вакалу нашаму канкурсанту дасталiся вопытныя i знаныя: колiшнi стваральнiк квартэта "Чысты голас" Алег Сямёнаў (у яго такi ж барытон, як у Гардзея) i заслужаная артыстка Беларусi Iрына Дарафеева. Урача-фанiятара Жану Раманаву таксама двойчы прадстаўляць не трэба — не адзiн беларускi артыст можа сказаць ёй "дзякуй" за ўратаваны голас. Харэаграфiю выкладае Надзея Тарашкевiч — маладая, але ўжо вопытная, нездарма ёй даверылi харэаграфiчнае афармленне мюзiкла "Байкер". — Што з заняткаў табе даецца цяжэй за ўсё? — Пераезды з аднаго месца ў другое! — смяецца Вiталь. — А самi заняткi мне падабаюцца ўсе, бо вельмi цiкавыя. Крыкам... спяваць На "Славянскiм базары" спявак выканае дзве песнi — драматычную баладу Ўладзiмiра Мулявiна на словы Юрыя Рыбчынскага "Крык птушкi", напiсаную яшчэ ў 1972 годзе, i песню Ўладзiмiра Кандрусевiча на словы Валерыi Куставай "Лiсток". Робiцца ўжо добрай традыцыяй звяртанне сучасных выканаўцаў да рэпертуару "Песняроў", што, з аднаго боку, не можа не радаваць, але з другога выклiкае заканамернае пытанне: хто i як выбiрае гэтыя конкурсныя песнi? — Я ўжо даўно пяю гэту песню — "Крык птушкi", — тлумачыць Вiталь, — i яна мне вельмi падабаецца. Тым больш, часу было не вельмi многа, каб нешта выбiраць, а гэтая кампазiцыя была ў мяне самай падрыхтаванай. Яна конкурсная, складаная ў вакальным плане — ёсць што паспяваць. А для тых, хто разумее рускую мову, будзе цiкавай не толькi мелодыя, але i словы. Я буду спяваць яе з аркестрам, i магу загадзя сказаць, што версiя, якая прагучыць у Вiцебску, непадобная да таго, што гучала раней. Мiхаiл Якаўлевiч зрабiў зусiм iншую аранжыроўку, класiчны рок, але з мноствам скрыпак, да таго ж у арыгiнале песня гучыць 6 хвiлiн, яе "падрэзалi" пад фармат конкурсу. Другая песня па драматургii — нiбыта працяг першай, яна фiласофская, сюжэтная i ў тэкставым, i ў музычным сэнсе. — Цi чуў ты выкананне кагосьцi з будучых канкурэнтаў? — Не, нiкога. Ведаю толькi, што ўдзельнiкаў сёлета вельмi многа — 25 чалавек, але гэта, я так разумею, агульная колькасць, а не толькi фiналiсты. Асабiста нiкога з iх не ведаю, але пачытаў, што ёсць дзяўчына, якая спявала на бэк-вакале ў Мэраi Кэры, iншыя артысты, якiя ўжо адбылiся. Але мне гэта, па шчырасцi, не вельмi цiкава. Калi моцныя сапернiкi — парадуюся, калi слабыя — усё адно расслабляцца не буду. Таксама я нiколi не слухаю тых, хто спявае да мяне, мая задача — самому добра выступiць. I справа нават не ў журы, iх ацэнкi — гэта ўсё ж чалавечы фактар, пэўная суб’ектыўнасць. Галоўнае, каб потым слухачы не сказалi, што цябе "выцягнулi", а калi ты спяеш сапраўды добра, людзi гэта адчуюць i нiхто не зможа цябе папiкнуць. Так што самае важнае — праспяваць добра, шчыра, iнтанацыйна правiльна. I каб Алег Мiхайлавiч Сямёнаў, якi будзе пастаянна побач са мной на конкурсе, сказаў, што я праспяваў добра — тады я буду шчаслiвы i рады. Дарэчы, паводле новых правiлаў, суправаджаць канкурсантаў на "Славянскiм базары" можа толькi адзiн чалавек, а хто гэта будзе — стылiст, псiхолаг, дырэктар альбо хтосьцi з родных, кожны вырашае сам. У "Спамаша" вырашылi, што найлепшая падтрымка для Вiталя Гардзея — педагог па вакалу. "Да таго ж у мяне валасы не да плячэй, не трэба будзе з iмi выдумляць нешта асаблiвае, — разважае спявак. — А Жана Лявонава, якая дапамагае мне вызначыцца з прычоскай, усё адно будзе працаваць на "Славянскiм базары", так што непрычасаным не застануся". Паводле рэцэпта Фрэкен Бок Памятаеце, як казачная гераiня Фрэкен Бок рыхтавалася да першага i, можа, адзiнага выступлення па тэлебачаннi? Спланавала вiзiт да цырульнiка, да краўца, а таксама... у магазiн па новыя вусцiлкi. Нiхто з гледачоў iх не ўбачыў бы, але адчуванне ўнутранага камфорту вельмi важнае... Вось i Вiталь паклапацiўся не толькi пра стан голасу, але i пра знешнi выгляд — ад касцюма да "галiвудскай усмешкi". — Публiка будзе ацэньваць цябе не толькi па голасе, але i па iмiджы на сцэне. Чым здзiвiш? — Будуць ацэньваць, — уздыхае спявак, — таму трэба ехаць набываць касцюм. Пакуль нiчога не магу сказаць на гэты конт, бо яшчэ нiчога не гатова. Ведаю толькi, што хачу пастрыгчыся — калi прыязджаю ў Бабруйск, людзi ўжо не разумеюць, чаму я хаджу такi "валасаты". А так даверуся прафесiяналам. Галоўнае, каб з мяне не зрабiлi "гламурнага персанажа", пакiнулi натуральнасць, каб людзi паверылi, што я такi ў жыццi. Да песнi "Крык птушкi" стылiсты прапанавалi падабраць рокерскi варыянт, але гэта будуць дакладна не скураныя штаны — гэта вобраз Пецi Елфiмава, i яму вельмi пасуе, а я хачу знайсцi штосьцi сваё. — Хтосьцi з былых удзельнiкаў "Славянскага базару" даваў табе нейкiя парады, як лепш трымацца? — Канкрэтных парад не было, усе проста падтрымлiваюць i жадаюць удачы. Напрыклад, нядаўна была прэзентацыя аднаго з беларускiх зборнiкаў, i хоць я не вельмi моцна сябрую з беларускiм шоў-бiзнэсам, але ад усiх пачуў добрыя словы, i ўвогуле агульная атмасфера была цёплай, вельмi прыемнай. Я нават не чакаў. Гардзееў вузел — З першага погляду здаецца: хлопец увесь у татуiроўках, якое дачыненне ён можа мець да эстрады... — Думаю, на "Славянскiм базары" я татуiроўкi схаваю пад адзеннем, бо наўрад цi журы iх ацэнiць. А так — я ж не заўжды спяваў эстрадную музыку. У мяне быў рок-калектыў, i не адзiн, прычым гралi мы даволi цяжкую музыку. Усё пайшло з тых часоў. I я наконт зробленых татуiровак не шкадую — мне яны ўсе падабаюцца. Адзiнае, што трэба ведаць — калi iх можна паказаць, а калi лепш прыкрыць. Дзякаваць Богу, на лбе я не набiў татуiроўку, а ўсе астатнiя можна прыкрыць. — Чаму чалавек, народжаны ў сям’i прафесiйных музыкантаў, вырашыў атрымаць эканамiчную адукацыю? — Вось i мама з татам дагэтуль пытаюцца. У мяне музычнай адукацыi пачатковай няма, таму я i не хацеў iсцi ў музычнае вучылiшча цi ва ўнiверсiтэт культуры. Гэта ўсё добрыя ўстановы, але... Хацелася чагосьцi такога, што можна памацаць рукамi. Таму выбраў эканомiку, але не бухгалтэрыю цi банкаўскую справу, а самы творчы накiрунак з усiх, што былi — маркетынг. — "Корачка" аб вышэйшай адукацыi так i ляжыць дома або спатрэбiлася ў жыццi? — Па гэтай спецыяльнасцi мне працаваць не давялося, хоць прапаноўвалi — прычым неблагую пасаду, на моцным дзяржаўным прадпрыемстве. Аднак для мяне гэта, напэўна, занадта сумна — прыходзiць штодня на працу з васьмi ранiцы да пяцi-шасцi вечара i атрымлiваць раз на месяц зарплату. — Тады, можа, варта атрымаць другую спецыяльнасць, блiжэйшую да шоў-бiзнэсу? — Час, якi я займаюся музыкай, ужо многа чаму навучыў у плане музычнай i агульнай культуры. Напэўна, адна толькi падрыхтоўка да "Славянскага базару" заменiць два курсы ўнiверсiтэта культуры. (Смяецца.) Калi будуць час i магчымасць — паспрабую атрымаць дадатковую спецыяльнасць, бо вучыцца люблю, мне гэта цiкава. — "Славянскi базар" — школа эстрадная, але ў цябе за плячыма ёсць яшчэ спартыўная — заняткi ў секцыi бокса i першы дарослы разрад. Бокс дапамагаў у складаных сiтуацыях? — Бывала, што i дапамагаў... Але справа нават не ў гэтым. Я займаюся боксам не дзеля таго, каб мне гэта ў жыццi дапамагала — а проста таму, што падабаецца, сябры мае таксама займаюцца. Калi прыязджаю ў Бабруйск, нiдзе не магу сустрэць столькi сяброў у адным месцы, як на трэнiроўцы. I хлопцы, i трэнер заўжды радуюцца маiм поспехам, цiкавяцца, як мае справы ў Мiнску, як жывецца. Спаборнiцтвы нiколi не былi для мяне самамэтай — наадварот, я разумеў, што чым менш удзельнiчаю ў спаборнiцтвах, тым менш гэта адаб’ецца на твары, нос не будзе пераламаны... Выбiраць памiж спортам i музыкай не давялося, бо спортам я ўсё ж займаюся як хобi. Бабруйскi феномен — Вiталь, вось растлумач мне — што за такi бабруйскi феномен? Здаецца, маленькi горад — а адтуль i БI-2, i Руслан Аляхно, i Вiктар Пшанiчны. I гэта толькi музыканты, а ёсць яшчэ шэраг пiсьменнiкаў на чале з Эфраiмам Севелам... У вас там нешта асаблiвае ў паветры лунае? — Шчыра кажучы, не ведаю. Добра, што ёсць такi феномен. Думаю, што ў плане вядомых людзей Бабруйск можа пацягацца з любым абласным цэнтрам. I я, напэўна, не апошнi "выхадзец", бо ў нас ёсць вельмi многа таленавiтых маладых людзей, якiя займаюцца музыкай i робяць гэта класна. Проста многiя з iх iдуць па шляху найменшага супрацiўлення, iдуць на завод працаваць... — У Бабруйску ты пэўны час кiраваў джазавым калектывам, займаўся рокам, зараз спяваеш эстрадную музыку. Усё не можаш вызначыцца? — Проста мне падабаецца абсалютна розная музыка. Я i рэп чытаў, калi на тое пайшло. У многiх праектах удзельнiчаў як музыкант. Граў на бас-гiтары ў гурце "Skу Nеt", якi выйграваў у "Сярэбраным грамафоне", а на фестывалi "Рок-кола" выступаў у адным канцэрце з Кiнчавым. Граў на ўдарных, хоць не ўмеў — дагэтуль не ведаю, як гэта рабiў. Нiколi не адмаўляўся ад эксперыментаў. На цяперашнiм этапе эстрада — гэта тое, што ў мяне найлепш атрымлiваецца, што найбольш перспектыўнае. Да таго ж i мама, i тата аказваюць на мяне пэўны ўплыў — праўда, тата сапраўдны джазмэн, слухае толькi джаз-рок, а вось мама слухае любую музыку, але заўжды падтрымлiвала маё захапленне эстрадай. I таксама нiколi не баялася эксперыментаў — складаючы канцэртныя праграмы, часта на свой страх i рызыку спалучала самыя разнапланавыя нумары, ад цяжкага року да поп- цi рэп-музыкi. На гэтыя канцэрты хадзiла публiка ад 15 да 50 гадоў, поўныя залы, хоць бiлеты па бабруйскiх мерках былi даволi дарагiя, як на выступленнi сталiчных выканаўцаў. ...У скарбонцы ў спевака, паводле яго ўласных меркаванняў, ужо цяпер ёсць песень 20, з якiх пры прафесiйнай апрацоўцы можна зрабiць калi не хiты, то моцныя, якасныя кампазiцыi, а мо i цэлы альбом. Але ўсё гэта — у перспектыве, пасля "Славянскага базару". А за тыдзень да пачатку мастацкага форуму ў Вiцебску, 4 лiпеня, у Вiталя — дзень нараджэння. I выступленне на акцыi "Мы — беларусы!" ў Маладзечне. "Калi атрымаецца, адпрашуся i паеду дадому, адсвяткую, — дзелiцца спявак. — А калi не, буду рэпецiраваць. Бо найлепшым падарункам будзе, натуральна, перамога на "Славянскiм базары". Гутарыла Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета гонар i адказнасць прадстаўляць Беларусь на конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песнi ў Вiцебску ўскладзеная на 25-гадовага бабруйчанiна Вiта |
|