Сезон "КВАСіць"
Сезон "КВАСіць"
Летам без вады, соку, лiманаду, кампоту цi гарбаты нiкуды — хочацца пiць. Менавiта ў гэту пару года асаблiвай папулярнасцю карыстаецца квас. І нядзiўна, бо гэта адзiн з найлепшых славянскiх безалкагольных напояў. З даўнiх часоў квас быў пастаянным атрыбутам на стале нашых продкаў незалежна ад iх сацыяльнага становiшча. Гэту любоў можна лёгка патлумачыць. Па-першае, квас нармалiзуе абменныя працэсы ў арганiзме, па-другое, павышае апетыт i праганяе смагу, па-трэцяе, валодае высокай энергетычнай каштоўнасцю i павышае працаздольнасць. Для таго, каб прапусцiць праз сябе "квасныя" праблемы, вырашыла хоць дзень папрацаваць прадаўцом квасу. Але не ўсё так проста: аказваецца, каб прадаваць людзям квас, трэба абавязкова мець на руках медыцынскую кнiжку, якой у мяне, на жаль, няма. Таму мне дазволiлi толькi пастаяць побач з прадаўцом — прайсцi, калi можна так сказаць, тэарэтычную стажыроўку. Дарэчы, падобнае выпрабаванне чакае кожнага патэнцыяльнага работнiка, якi, у адрозненне ад мяне, мае на руках медыцынскую кнiжку (гэта дае магчымасць яшчэ i папрактыкавацца пад кантролем вопытнага прадаўца).Спачатку людзi падыходзiлi па адным з iнтэрвалам у 10—15 хвiлiн. Алена Раманаўна (прадавец квасу) прачытала ў маiх вачах разгубленасць ("А дзе тыя чэргi за квасам, якiмi так не задаволены людзi?") — На аўтобусных прыпынках чэргi — раскоша, асаблiва ў такi раннi час, — з усмешкай гаворыць яна. — Вось, калi я працавала на Чэрвеньскiм рынку... За спякотны дзень магла прадаць аж 480 лiтраў квасу. Ад людзей адбою не было. За гэты ж сезон мой дзённы рэкорд пакуль што — 250 лiтраў. Алена Рыгораўна расказала, што прадаўцом квасу падпрацоўвае ўжо пяты сезон (сезон пачынаецца, калi пачынае цяплець, звычайна ў маi, i заканчваецца ў вераснi, пiк прыходзiцца на тры летнiя месяцы). — Я адна гадую дачку, таму даводзiцца круцiцца, як вавёрка ў коле. Часта падпрацоўваю, нiякай працы не цураюся. Дарэчы, сёлета дачка Алены Раманаўны таксама вырашыла папоўнiць сямейны бюджэт: на вакацыях прадае квас на пару з мацi. Час блiзiўся да абеду. Сонца пачало прыпякаць мацней. На нашу радасць, людзi пачалi падцягвацца... У дзяцiнстве i соль салодкаяЗаўважыла, што людзi ва ўзросце з асцярогай ставяцца да новага агрэгата — кега (кег — металiчная ёмiстасць, якая выкарыстоўваецца для захоўвання i транспарцiроўкi пiва i iншых алкагольных цi безалкагольных напояў пад цiскам.) — Дачушка, а дзе можна знайсцi бочкавы квас? — пытаецца дзядуля ў вялiкiх з тоўстым шклом акулярах, змахваючы рукой кропелькi поту з iлба. — З бочкi квас смачнейшы. Праўда, i ён нi ў якое параўнанне не iдзе з квасам маёй маладосцi (уздыхае). Не ведаю, з чым гэта звязана, мо яго па-iншаму сталi рабiць?.. Пытанне дзядулi, якi перажывае настальгiю па квасу савецкiх часоў, я адрасавала дырэктару па вытворчасцi ААТ "Лiдскае пiва" Святлане Зубко. — Тэхналогii вытворчасцi квасу з савецкiх часоў не мянялiся. Проста зараз у пакупнiка з’явiўся выбар: ён можа набыць квас як на разлiў (з кегаў i бочак), так i ў бутэльках. Вытворцу любiмага напою таксама можна выбраць, бо квас розных вытворцаў мае свае смакавыя асаблiвасцi. Таксама смак квасу напрамую залежыць ад якасцi яго разлiву (калi дрэнна памыць кег цi бочку, квас бродзiць, робiцца кiслым). Цi, што недапушчальна, нядобрасумленны прадавец разбавiць квас вадой, каб зарабiць больш грошай. Але, згадзiцеся, незадаволеныя смакам квасу ў асноўным пажылыя людзi. Часта можна пачуць ад бацькоў, што "раней i марожанае было смачнейшым i гарбуз быў больш сакавiтым". Дзяцiнства ёсць дзяцiнства, там ўсё выглядае ў яркiх фарбах. А з узростам людзi, на жаль, страчваюць здольнасць радавацца дробязям. Добры квас заўсёды з пенайПадыходзiлi па квас розныя людзi. Адны набывалi квас толькi таму, што душна i менавiта кег з квасам трапляўся на вочы ў гэты момант ("Каб тут стаяў iншы халодны напой, купiў бы яго"). Але большасць клiентаў усё ж такi аматары квасу — п’юць яго амаль штодзень ("Пасля кубачка квасу не так пiць хочацца, чаго не скажаш пра газiраваныя напоi", "перад выхаднымi набываю пяць лiтраў квасу, бяру з сабой на лецiшча", "у дзяцiнстве каля майго дома стаяла жоўтая бочка, таму бацька кожны дзень адпраўляў мяне па новую бутэльку хлебнага напою"). Яшчэ раз пераканалася, што праца з людзьмi патрабуе шмат сiлаў, бо не ўсе клiенты ветлiвыя i шчаслiвыя, шмат трапляецца незадаволеных i нават азлобленых людзей. — Колькi можна чакаць (хоць прадавец не ў сiлах зрабiць так, каб квас цёк хутчэй), — незадаволена бурчыць мужчына ў спартыўных штанах i з голым торсам. — Я хачу, каб квас быў без пены, — загадвае жанчына з вядром чарнiц у руках. — Добры квас заўсёды з пенай, — спакойна адказвае Алена Раманаўна. — Калi без пены, значыць, не свежы. — Напэўна, вы шмат зарабляеце. Не тое, што мы, урачы, — папракае прахожы. Алена Раманаўна толькi ўсмiхаецца. А я дзiўлюся, як у яе атрымлiваецца стрымацца i не сказаць што-небудзь крыўднае ў адказ. — Я ў гандлi ўжо больш за 20 гадоў працую, — зноў чытае мае думкi жанчына. — З людзьмi праблем няма. Проста не звяртаю ўвагi на крыўдныя словы ў свой адрас, пакупнiкi розныя бываюць. I прадаўцы таксама, падумала я. Аб тым, якiя патрабаваннi прад’яўляюцца да прадаўцоў квасу расказала ўрач-гiгiенiст аддзялення гiгiены харчавання Цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Маскоўскага раёна горада Мiнска Ларыса Караневiч: — Згодна з санiтарнымi правiламi прадавец квасу ў абавязковым парадку павiнен мець пры сабе медыцынскую кнiжку. Акрамя таго, яму неабходна прайсцi курс гiгiенiчнага абучэння (сюды адносяцца ўсе правiлы асабiстай гiгiены). Неад’емным атрыбутам павiнна быць чыстае спецыяльнае адзенне (так як гэта сезонная праца, а на дварэ летам душна, то дастаткова фартуха). Нельга нi ў якiм разе наверх, на фартух, апранаць асабiстую вопратку. Забаронена прымаць ежу i курыць на працоўным месцы (для гэтага маюцца спецыяльна адведзеныя месцы). Пазногцi павiнны быць пастрыжаны коратка, не пакрытыя лакам. Калi на прадаўцы вопратка з доўгiмi рукавамi, то рукавы павiнны быць таксама чыстымi, не засаленымi, бо яны могуць судакранацца з кубкамі. Мы праводзiм, як планавыя, так i рэйдавыя праверкi. У пачатку сезона правяраем, каб было ўсё ў парадку з дакументамi — як прадаўца, так i прадпрыемства, якое займаецца рэалiзацыяй квасу. Сёлета да нас не паступалi скаргi. Але раней паступалi тэлефонныя званкi: людзi скардзiлiся на нездавальняючы стан прылеглых тэрыторый (раскiданыя аднаразовыя бутэлькi, смецце вакол бочкi). За санiтарны стан прылеглай тэрыторыi нясе адказнасць непасрэдна прадавец. Побач павiнна быць усталявана сметнiца цi аднаразовы пакет, куды кожны можа выкiнуць кубачак, пасля таго, як вып’е квас. Аднаразовая бутэлька, таму i аднаразоваяВось на гарызонце i новыя пакупнiкi. — Навошта табе гэты квас, дадому прыйдзем, вады пап’еш, — адгаворвае жонку ад пакупкi муж-скнара. — Я пiць хачу. Табе што, 370 рублёў шкада, — ледзь не плача жанчына. Падышлi. Выпiлi адзiн кубачак на дваiх. Мужчына вымае з торбы пластыкавую бутэльку. — Налiце яшчэ з сабой. — Нам нельга налiваць квас у вашы бутэлькi. У нас ёсць свая тара, чыстая. Яна каштуе 310 рублёў. — А вам абы грошы здзiраць, — незадаволена адазваўся ён i пайшоў дадому без квасу. З гэтай праблемай я звярнулася да iнспектара-метадыста Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Святланы Фiлiпенi: — Сёлета людзi незадаволеныя тым, што ў адных раёнах горада дазваляюць прыносiць свае бутэлькi пад квас, у iншых не. Акрамя таго, некаторыя прадаўцы, налiваючы квас у прынесеную бутэльку, бяруць грошы i за гэту бутэльку. А ў Заводскiм раёне, акрамя таго, каб кампенсаваць кошт бутэлькi, даюць аднаразовыя кубкі ў прыдачу. Спажыўцы незадаволены. Што датычыцца пустых аднаразовых кубкаў, то пакупнiк мае поўнае права адмовiцца ад непатрэбнага тавару. А вось што рабiць са сваёй тарай, цi можна налiваць квас у бутэлькi, якiя прыносяць людзi (няўзброеным жа вокам нябачна, чыстая бутэлька цi не, а мiкраскопам нiхто не будзе аснашчаць прадаўца, каб разгледзець мiкробы)? Таму мы напiсалi лiст у гарадскi Цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii з просьбай, каб яны дакладна вызначылi, як з гэтым быць. Вось што сказалi наконт гэтага ў Мiнскiм гарадскiм Цэнтры гiгiены i эпiдэмiялогii: — У санiтарных патрабаваннях прапiсана, што аднаразовы посуд не павiнен выкарыстоўвацца двойчы, — адзначыла ўрач-гiгiенiст аддзялення гiгiены i харчавання Мiнскага гарадскога цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Таццяна Анцiлеўская. — Таму налiваць квас у пластыкавыя бутэлькi, якiя пакупнiкi прыносяць з сабой, адназначна нельга. Любая тара павiнна праходзiць першапачатковую апрацоўку. Людзi павiнны разумець, што проста памыць, гэта не значыць прадэзiнфiцыраваць. Мiкробы застаюцца. Вось i атрымлiваецца, што спачатку п’юць з брудных бутэлек, а трапiўшы ў бальнiцу, скажуць, што квас быў дрэнны... ...За дзень працы прадаўцом квасу разбалелася галава — цi то ад спякоты, цi то ад вялiкай колькасцi iнфармацыi. Бо многiя людзi прыходзяць не столькi па квас, колькi выгаварыцца. Нiколi не забудуся маршчынiсты твар ужо немаладой жанчыны, якая пакуль пiла квас, паспела расказаць гiсторыю свайго жыцця: — Лепш бы квас пiлi, чым гарэлку (уздыхае)... Я ж урач. П’янiцы да мяне прыходзяць. Сэрца ў iх ужо i сэрцам складана назваць, праспiртаванае ўсё. У мяне ж дачка выпiваць пачала, як на рынак уладкавалася працаваць. Унук таксама не падарунак, з 12 гадоў, гледзячы на мацi, стаў пiвам сябе песцiць, выпiвае i больш моцныя напоi. А цяпер яны мяне выганяюць з маёй жа кватэры... ... Каментарый начальнiка ўпраўлення каардынацыi i развiцця галiн па вытворчасцi прадуктаў харчавання i тытунёвых вырабаў канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Генадзя Богдана: — Вытворчасць квасу ў рэспублiцы ажыццяўляюць у асноўным такiя буйныя пiваварныя арганiзацыi, як "Брэсцкае пiва", "Крынiца" i "Лiдскае пiва". Доля гэтых прадпрыемстваў у агульным аб’ёме вытворчасцi квасу складае 5,7, 15,2 i 63,5 працэнта адпаведна. Сёння ў нашай краiне назiраецца ўстойлiвая тэндэнцыя да павышэння культуры як вытворчасцi, так i спажывання нацыянальнага славянскага напою. Так, многiя прадпрыемствы пачалi адмаўляцца ад разлiву квасу ў бочкi, якiя не могуць у поўнай меры забяспечыць захаванасць якасцi прадукту. На мой погляд, будучае за кегамi. Рэалiзацыя i, адпаведна, вытворчасць квасу, у першую чаргу, залежыць ад надвор’я. Напрыклад, на "Крынiцы" за чэрвень гэтага года рэалiзавана 158 тысяч дал квасу, у тым лiку бочкавага — 88 тысяч дал (за май — 44 тысячы дал, у тым лiку бочкавага — 15 тысяч дал). Для павелiчэння аб’ёмаў рэалiзацыi пiва i кегавага квасу ў лiпенi прадпрыемства набывае 7 тысяч кегаў (зараз "Крынiцы" належыць 13 тысяч кегаў), палова з якiх у сезон спажывання будзе накiравана на рэалiзацыю квасу. Прадпрыемствы нашай краiны задавальняюць попыт спажыўцоў на квас на працягу ўсяго года, нягледзячы на тое, што гэты прадукт з’яўляецца сезонным. Акрамя таго, сёлета фiлiял "Гомельскага лiкёра-гарэлачнага завода" "Палессе" ажыццяўляе вытворчасць канцэнтрату кваснага сусла ў ПЭТ-бутэльках. Такiм чынам, кожны ахвотнiк можа прыгатаваць квас у хатнiх умовах. Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Летам без вады, соку, лiманаду, кампоту цi гарбаты нiкуды — хочацца пiць. Менавiта ў гэту пару года асаблiвай папулярнасцю карыстаецца квас. І нядзiўн
|
|