Ёсць першы экiпаж-тысячнік!
Ёсць першы экiпаж-тысячнік!
Рэчыцкi раён — лiдар на Гомельшчыне ў сельскагаспадарчых справах. Дастаткова сказаць, што летась валавы збор збажыны склаў тут 92 752 тоны, а ўраджайнасць — 37,6 цэнтнера з гектара i што ў мiнулым годзе быў дасягнуты своеасаблiвы рэкорд: 32 экiпажы камбайнераў i вадзiцеляў намалацiлi i перавезлi больш як па тысячы тон збожжа. Цi будзе такая лiчба сёлета, вядома ж, нiхто прагназаваць не адважыцца, бо ў прыродзе ўсё можа здарыцца: то трапiчная гарачыня-спёка прыпаднясе непрыемны сюрпрыз, то ўраган сваю разбуральную сiлу з патокамi вады з нябёсаў пакажа. Але тое, што першыя вынiкi радуюць хлебаробаў раёна, — факт. Уборка збожжавых i зернебабовых iдзе ва ўсiх гаспадарках, i кожны дзень тут намалочваецца да 3,5 тысяч тон. І гэта нягледзячы на тое, што ўборку стрымлiваюць дажджы i што на палях палеглiца дасягае 20—30 працэнтаў. На 23 лiпеня прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна ўбралi ўжо 17 працэнтаў плошчаў, а перадавыя пазiцыi захапiлi на сёння працаўнкi КСУПа "Агракамбiнат Холмеч" i СВК "50 гадоў Кастрычнiка". У першай гаспадарцы выдатны ўраджай — 67,9 цэнтнера з гектара i 29 працэнтаў убраных палёў. У другой — 56,1 цэнтнера i намалочана 1711 тон збажыны. Агракамбiнат "Холмеч" вызначыўся яшчэ i тым, што тут з’явiўся першы ў раёне i вобласцi (а магчыма, i ў краiне) на сёлетняй уборцы экiпаж камбайнераў-тысячнiкаў у складзе Валянцiна Саламахi i Аляксандра Граня, якiя намалацiлi 1130 тон азiмага трыцiкале. Летась яны працавалi паасобку, дабiўшыся выдатных поспехаў. Аляксандр, напрыклад, за сваю ўдарную работу на рэспублiканскiх дажынках, што праходзiлi ў Рэчыцы, быў прэмiяваны легкавым аўтамабiлем, а Валянцiн — каштоўным падарункам. А сёлета яны аб’ядналiся ў "дуэт", сеўшы за штурвал камбайна "Лексiён-600", якi добра падрыхтавалi да ўборачнай кампанii. З нагоды ўказанай працоўнай перамогi правафланговых спаборнiцтва вiншавалi ўчора старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь Анатоль Малафееў, старшыня Рэчыцкага райвыканкама Пётр Шостак, старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Леанiд Барабанаў, кiраўнiк гаспадаркi Вiталь Панчанка, якiя ўручылi камбайнерам букеты кветак i каштоўныя падарункi. Пасля я гутарыў з намеснiкам начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi Рэчыцкага райвыканкама Вiктарам Паляковым i старшынёй райкама прафсаюза работнiкаў аграпрамысловага комплексу Валерыем Дзенiсенкам. Яны адзначылi, што ўборка ў раёне пачалася 14 лiпеня i што сёлета гаспадаркi папоўнiлiся 21 новым гомсельмашаўскiм камбайнам. Усяго ж гэтай тэхнiкi налiчваецца 150 адзiнак, у тым лiку i замежнай вытворчасцi. 125 камбайнаў занятыя на ўборцы збожжавых i 25 — на нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статка. Добрай рабоце экiпажаў садзейнiчаюць, у тым лiку, i маральнае i матэрыяльнае заахвочванне тых, хто лепей працуе. Так, кожнага працаўнiка-тысячнiка (камбайнера, яго памочнiка, вадзiцеля) вiншуюць, ушаноўваюць i ўручаюць каштоўны падарунак. Сёння другую пазiцыю ў спаборнiцтве камбайнераў займае экiпаж Вiктара Грэся i Андрэя Анiкеенкi з фiлiяла СВК "Савецкая Беларусь" адкрытага акцыянернага таварыства "Рэчыцкi камбiнат хлебапрадуктаў" (750 тон намалочанага збожжа) i трэцюю — экiпаж Мiкалая Герыловiча i Сяргея Лявоненкi з СВК "Савецкая Беларусь" (699 тон). А гэта значыць: будуць новыя тысячнiкi. Хутка будуць! Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэчыцкi раён — лiдар на Гомельшчыне ў сельскагаспадарчых справах. На 23 лiпеня прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна ўбралi ўжо 17 працэнтаў
|
|