21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

"Мова выдання — беларуская..."

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Мова выдання — беларуская..."

Вядомы беларускі даследчык, кандыдат гiстарычных навук Яўген Бараноўскi ўжо даўно рыхтуе кнiгу па гiсторыi газеты. Сёння, у дзень нараджэння "Звязды", прапануем яго чарговы матэрыял. 

Кожны перыяд гiсторыi таму i  шануецца, што мае сваiх герояў, свае ацэнкi. Такiм часам для "Звязды" сталi 20-я гады мiнулага стагоддзя. Гiсторыя тых дзён i начэй дзелiцца на часткi, якiя ўмоўна можна назваць "хутчэй у нэп (новую эканамiчную палiтыку)" i "хутчэй з нэпа".

Тады з Мiнску на веласiпедзе можна было амаль за суткi трапiць у любы больш-менш буйны горад рэспублiкi, i абумоўлена гэта было знаходжаннем значных частак беларускiх зямель у складзе Польшчы (па ўмовах Рыжскага мiрнага дагавору), Расii i Украiны. Беларуская ССР валодала толькi шасцю няпоўнымi паветамi былой Мiнскай губернi (52,4 тысячы кв. км., 1 540 868 чал.). Штучнае звужэнне тэрыторыi замаруджвала эканамiчнае станаўленне беларускай дзяржавы. У гарадах, мястэчках, вёсках у якасцi фiнансавага эквiваленту выкарыстоўвалiся былыя царскiя грошы, штучна ўпрыгожаныя "керанкi", новенькiя саўзнакi.

Тагачасны рэдактар "Звязды", адначасова сакратар ЦБ Кампартыi Беларусi В. Кнорын у дзень атрымання заробку прыходзiў у бухгалтэрыю з сумкаю, падобнай на камандзiровачны чамаданчык. Хаваючы туды грошы, казаў бухгалтарцы: "Слова "рубель" у вашай ведамасцi трэба замянiць на слова "кiлаграм"... Такой была iнфляцыя. Па гэтым паказчыку БССР мала чым адрознiвалася ад Германii, пацярпелай ад Версальскага мiрнага дагавору. Рухальнай сiлай стала ўвядзенне новай эканамiчнай палiтыкi, вяртанне да прыватнай уласнасцi спачатку ў вёсцы, а потым i ў горадзе. Ажыўленне ў эканомiцы было такiм хуткiм, што ў 1923—1924 гадах на Беларусi i ў iншых савецкiх рэспублiках адзiн рубель узору 1923 г. быў роўны 1 млн былых рублёў, або 100 рублям узору 1922 г. На валютным рахунку ўнутры краiны i за мяжой савецкiя чырвонцы свабодна абменьвалiся на золата i замежныя валюты па курсе даваеннага царскага рубля, па якiм 1 долар ЗША каштаваў 1,94 рубля.

"Звязда" прыстасоўвалася да новых умоў iснавання. Трэба было перакрыць знiкненне прасавецкiх газет: "Мiнскi пралетарый", "Бядняк", "Беларуская камуна"... Катастрафiчна падаў тыраж. Калi ў студзенi 1921 года ён складаў 7680 экзэмпляраў, то ў сакавiку таго ж года — 6000. Да 1500 рублёў вырас кошт аднаго нумара, прыпынiлася бясплатная дастаўка "Звязды" ў партячэйкi, хаты-чытальнi. Але рэдакцыя, на чале якой стаялi Я. Генкiн, В. Ашмарын, В. Кнорын, В. Нодэль, не разгубiлася. Многае было запазычана з вопыту "Звязды" ў Смаленску, калi яна мела амаль падобнае становiшча.

14 кастрычнiка 1922 года галоўны партыйны орган БССР прымае рашэнне аб аб’яднаннi газет "Беларуская вёска" i "Звязда" з захаваннем за "Звяздой" ранейшага палiтычнага статусу. У працоўных калектывах арганiзуюцца вусныя чытаннi "Звязды". Уво- дзяцца аддзелы: "Чырвоныя рэйкi" (орган чыгуначнiкаў Мiнскага чыгуначнага вузла), "Лiтаратура i мастацтва", "Па кнiжных палiцах", "Увага "дробязям", "Сярод дзяцей", "Замежнае жыццё". У гiсторыi "Звязды", усёй перыёдыкi Беларусi сваё месца займае дзень 30 снежня 1921 года — дата з’яўлення ў газеце першай рабкораўскай заметкi "Наш працоўны фронт" аўтара І. Валашука, рабочага мiнскага завода "Энэргiя" (зараз станкабудаўнiчы завод iмя Кастрычнiцкай рэвалюцыi. — Аўт.). 15 лютага 1922 года звесткi ў газету пачалi паступаць не толькi днём, але i ноччу, па радыё, прамым провадзе i тэлефоне, з-за мяжы, з Масквы, Петраграда, iншых гарадоў савецкай федэрацыi. 1 мая 1923 года святочны нумар "Звязды" быў дастаўлены ў Бабруйск i Iгумен (сёння Чэрвень. — Аўт.). У той дзень газета пачала выходзiць на шасцi старонках. Спрыяла гэтаму ўвядзенне ў працу двухбарабаннай друкарскай машыны, адрамантаванай рабочым Каптонам. 5 сакавiка 1924 года "Звязда" ўпершыню выйшла на васьмi старонках. У красавiку 1924 года тыраж перавысiў 15 000 экзэмпляраў. У адным з лiстоў з Масквы, з ЦК РКП(б), яна называецца "ўзорам для ўсiх нашых губернскiх газет" (маецца на ўвазе РСФСР. — Аўт.).

Доўгi час сiмвалам друкарскага майстэрства "Звязды" лiчыўся А. Данцыг. У жнiўнi 1917 года ён быў амаль адзiным мiнскiм друкаром, якi ва ўмовах "кераншчыны", не баючыся арышту, за нядрэнны ганарар надрукаваў першы нумар "Звязды". Але не трэба забываць i iншых. Унеслi свой пасiльны ўклад у выхад газеты Фёдараў, Лебедзеў, Бернэс, Андрэеў, Бароўскi, Багдановiч, Коган, Левiн, Новiкаў, Петухоўскi, Рубiн, Свiрыдаў, Шульбрык, Эйдэльман, Янушкевiч.

Пасля тэрытарыяльнага ўзбуйнення БССР у сярэдзiне 20-х за кошт беларускiх раёнаў, што ўваходзiлi ў склад РСФСР i Украiнскай ССР тыраж "Звязды" распаўсюджваўся нават авiяцыяй. У жнiўнi 1927 года "Звязда" пераводзiцца на беларускую мову. У той месяц у яе справаздачы значацца адрас рэдакцыi i канторы: вул. Савецкая, № 3, год выдання — адзiнаццаты, колькасць палос — 4 (2 разы на тыднi — 6 палос), выдавец — ЦК КП(б)Б, выходзiць — штодзённа, мова выдання — беларуская (гэта слова ў справаздачы i дакументах газеты ўжываецца ўпершыню. — Аўт.). Падпiсны кошт у месяц — 90 капеек, рознiчны кошт нумара — 5 капеек. Колькасць усiх работнiкаў — 58 чалавек, з iх членаў КП(б)Б — 11. Рэдактар — Я. Асьмоў. У матэрыялах справаздачы ёсць сумныя лiчбы: насупраць прыбытку стаiць "нуль", а дзе страты — 6906 рублёў 59 капеек. У наступных дакументах паведамляецца аб пакрыццi запазычанасцi сродкамi з ЦК ВКП(б).

Баючыся змяншэння тыражу, колькасцi падпiсчыкаў, ЦК КП(б)Б 15 верасня 1927 г. звяртаецца да членаў КП(б)Б, усёй грамадскасцi БССР: "У сувязi з пераходам "Звязды" на беларускую мову значная частка членаў партыi, якiя раней выпiсвалi "Звязду", зараз перасталi яе выпiсваць... Нельга зразумець, як член партыi будзе выконваць партыйныя дырэктывы, калi ён не чытае свайго цэнтральнага органу. Усе члены партыi павiнны чытаць "Звязду" — вось лозунг, якi акругкамы, райкамы, бюро ячэек павiнны папулярызаваць сярод партыйцаў. Актыўная, больш свядомая частка беспартыйных рабочых таксама павiнна стаць чытачамi "Звязды". Такую пастанову трэба даць усiм ячэйкам КП(б)Б i прафарганiзацыям на месцах. ЦК КП(б)Б лiчыць гэта ўдарнай задачай i прапануе паўзняць належныя крокi да пашырэння тыражу "Звязды" ў блiжэйшы час".

Напярэдаднi разгледжана напiсанне рускага слова  "Звезда" па-беларуску. У рашэннi Бюро ЦК КП(б)Б (15.07.1927) зазначаецца: "Пры пераводзе газеты "Звезда" на беларускую мову пакiнуць гэту назву газеты, ужываючы беларускую транскрыпцыю ("Зьвязда").

"Звязда" хутка ператваралася ў вернага байца партыi. Але ў новых умовах iснавала i шмат новага. Калi ў 1917 годзе яна сама выбiрала ворага, то зараз такую ролю выконваў ЦК, i не беларускi, а маскоўскi. Першым выпрабаваннем стала барацьба з Л. Троцкiм. Шэраг работнiкаў рэдакцыi нядрэнна ведалi яго. Пэўныя адносiны ў свой час ён меў з Р. Пiкелем, А. Мяснiковым, В. Кнорыным. У адзiн з дзён 1924 года рэдактар В. Нодэль атрымаў у ЦК КПБ план "абмеркавання выступлення т. Троцкага", якое тычылася галоўным чынам яго антыленiнскiх поглядаў на прафсаюзы, iншыя пытаннi пабудовы сацыялiстычнага грамадства. "Звяздзе" рэкамендавалася зрабiць наступнае: "У горадзе: а) спачатку пытанне аб ленiнiзму i трацкiзму абмеркаваць сярод актыву партарганiзацый праз агiтпрапкалектывы; б) ажыццявiць праработкi гэтага пытання ў блiжэйшы час у ленiнскiх i марксiсцкiх кружках i партшколах па-за iх праграмамi; в) для тых таварышаў, якiя не займаюцца ў гуртках i партшколах, арганiзаваць асобыя сходы для праработкi гэтага пытання. У вёсцы: а) арганiзаваць раённыя i групавыя сходы ячэек, дзе паставiць даклады аб выступленнi т. Троцкага з прыняццем рэзалюцыi па даннаму пытанню; б) акругкамы павiнны забяспечыць гэтыя сходы лепшымi дакладчыкамi з акругi; в) звярнуць пры гэтым асобую ўвагу на падрабязнае растлумачэнне ўсёй партыйнай масе, як трэба рэагаваць на ўзнятыя сялянствам пытаннi па прычыне выступлення т. Троцкага ў духу агульнапартыйнай лiнii. На беспартыйных сходах як сялян, так i рабочых, асобных дакладаў па выступленню т. Троцкага не практыкаваць, а абмежавацца растлумачэннем пытанняў, задаваемых беспартыйнай масай".

Чырвоным радком праходзiць роля газеты ў прапагандзе iдэй сацыялiстычнай iндустрыялiзацыi i калектывiзацыi. Выкананне запланаванага азначала адкат ад нэпа. Адзiн з актывiстаў у вёсцы, наркам земляробства БССР З. Прышчэпаў, 19 верасня 1929 г. выключаецца з партыi, а праз некаторы час арыштоўваецца i асуджаецца да вышэйшай меры пакарання "за насаджэнне ў вёсцы кулачаства, рэстаўрацыю буржуазнага ладу". У культурную сферу таксама прыйшлi хвалi ўцiску. За "праявы нацыяналiзму, парушэннi лiнii партыi ў нацыянальным пытаннi" ў 1929 годзе звальняецца з работы наркам асветы А. Балiцкi. Разам з iм пацярпелi вядомыя дзяржаўныя, грамадскiя, культурныя дзеячы Беларусi Д. Жылуновiч, А. Адамовiч, С. Некрашэвiч, В. Ластоўскi i iншыя. У гэтых умовах газету наведаў знакамiты ў той час маскоўскi паэт Мiхаiл Святлоў, якi пакiнуў у "Звяздзе" верш "Нэпман". У некаторых артыкулах "Звязды" можна ўбачыць супярэчнасцi з яе заклiкамi першай паловы 20-х гадоў...

Сваё нi з чым не параўнальнае месца ў гiсторыi ўсiх перыядаў беларускамоўнай "Звязды" займаюць асобы яе рэдактараў. Першыя з iх — А. Мяснiкоў, М. Фрунзэ, В. Фамiн, К. Ландэр — вылучаны самiм жыццём, астатнiя, пасля ўстанаўлення савецкай улады, зацвярджалiся галоўнымi партыйнымi органамi СССР i БССР. У 20-я гады рэдактарамi газеты з’яўлялiся: Вiльгельм Кнорын, Вiтольд Ашмарын, Яфiм Генкiн, Вульф Нодэль, Уладзiмiр Валынскi, Валерый Шафранскi, Майсей Шульман, Iван Асьмоў. Усе яны амаль аднагодкi, самы старэйшы — Ашмарын, самы малады — Валынскi.

Iмя В. Кнорына засталося ў назве адной з вулiц Мiнска. Ён ураджэнец Латвii. У Беларусi з 1915 года як радавы адной з часцей Заходняга фронту. З 1935 года — доктар гiстарычных навук, аўтар першай манаграфiчнай працы па гiсторыi ВКП(б). Перабольшваў ролю Заходняга фронту ва ўстанаўленнi савецкай улады на Беларусi, у шэрагу выданняў, у тым лiку ў "Звяздзе", адмаўляў беларусам у фармiраваннi сваёй нацыянальнай супольнасцi, недаацэньваў значэнне нацыянальных i мiжнацыянальных адносiнаў у пабудове сацыялiстычнага грамадства. У канцы 20 — пачатку 30-х гадоў перагледзеў свае ранейшыя погляды па нацыянальнай праблематыцы.

Выхадцамi з Беларусi з’яўляюцца Нодэль (Вiцебская вобласць) i Шульман (Мсцiслаўскi павет), Генкiн — ураджэнец Смаленшчыны, Шафранскi — Херсонскай губернi, Асьмоў — Уладзiмiрскай, Валынскi — з Лiтвы. Месца нараджэння Ашмарына не ўстаноўлена. Да прызначэння на пасаду рэдактара "Звязды" нядрэнна ведалi Беларусь Генкiн (наркам працы ва ўрадзе БССР у 1920—1921 гг.), Нодэль (сакратар Вiцебскага савета прафсаюзаў), Шульман (намеснiк загадчыка аддзела друку ЦК КП(б)Б, Асьмоў (старшыня Камiтэта па справах друку пры СНК БССР), Валынскi (на падпольнай рабоце ў Заходняй Беларусi, сакратар Барысаўскага акругкама КП(б)Б). Значную журналiсцкую практыку мелi да прыходу ў "Звязду" Ашмарын (рэдактар газеты "Известия ВЦИК"), Валынскi (член рэдкалегii газеты "Коммунист"), Шафранскi (адказны рэдактар газеты "Красная звезда"). Да прыходу ў кампартыю членам Бунда з’яўляўся Нодэль, членам Яўрэйскай сацыялiстычнай рабочай партыi — Шульман. З дакастрычнiцкага часу вялi партыйны стаж Ашмарын (1902), Валынскi (1915), Шафранскi (1911), Асьмоў (1917). Пабываў у царскай турме за рэвалюцыйную дзейнасць Ашмарын. Пасля рэдагавання "Звязды" прадоўжылi прафесiйна займацца журналiстыкай за межамi Беларусi Ашмарын (намеснiк рэдактара прафсаюзнай газеты "Наша газета", Масква), Нодэль (рэдактар газеты "Советская торговля", адначасова рэктар Усесаюзнага камунiстычнага iнстытута журналiстыкi iмя "Правды"), Шафранскi (адказны рэдактар краявой газеты "Тихоокенская звезда"), Шульман (галоўны рэдактар выдавецтва Маскоўскага аблвыканкама), Асьмоў (заг. аддзела рэдакцыi газеты "Правда"). Аб iнтэрнацыянальным характары рэдактарскага корпусу сведчыць яго шматнацыянальны склад: Кнорын — латыш, Ашмарын — паляк, Генкін, Нодэль, Шафранскi, Шульман — яўрэi, Валынскi — лiтовец, Асьмоў — рускi.

У архiве "Звязды" захавалася станоўчая характарыстыка на Асьмова. Але, на наш погляд, добрых слоў заслугоўваюць усе кiраўнiкi рэдакцыi. I тым не менш лёс многiх з iх аказаўся трагiчным. У 30-я гады былi арыштаваныя па абвiнавачваннi ў трацкiзме, контррэвалюцыйнай дзейнасцi i расстраляныя Кнорын, Генкiн, Нодэль, Шафранскi. У пасляваенны перыяд усе рэабiлiтаваныя за адсутнасцю складу злачынства.

Газета сачыла i за лёсам тых, у каго ён абарваўся яшчэ ў 20-я гады. Паводле ўспамiнаў, устаноўлена iснаванне ў рэдакцыi спiса ўсiх ранейшых супрацоўнiкаў, дзе былi пазначаны iх адрасы, месцы працы, iмёны жонак i дзяцей, iншых членаў сям’i, нумары хатнiх i рабочых тэлефонаў. У час Вялiкай Айчыннай вайны многае з гэтага каштоўнага матэрыялу было страчана. Застаўся толькi няпоўны пералiк супрацоўнiкаў ад жнiўня 1917-га па канец 30-х гадоў.

На старонках газеты ў той час змешчаны шэраг некралогаў. Самы першы з iх прысвечаны А. Мяснiкову, якi загiнуў у красавiку 1925 года ў авiякатастрофе над Тбiлiсi. У 1917 годзе ён быў рэдактарам "Звязды", сакратаром Паўночна-Заходняга абкама РСДРП(б), камандуючым Заходнiм фронтам. У пачатку 1925 года Мяснiкоў звязаў цеснымi сувязямi Целаўскi павет Грузiнскай ССР з Мiнскiм паветам. У 20-я гады скульптар З. Азгур стварыў скульптурны партрэт Мяснiкова. Некралог М. Фрунзэ змяшчаўся двойчы — у дзень пахавання (лiстапад 1926 г.) i праз год. Адрэагавала "Звязда" i на смерць прадстаўнiка ЦК РКП(б) у Беларусi А. Iофе, якi скончыў жыццё самагубствам у час цяжкай хваробы. Рэдакцыя праз сваiх прадстаўнiкоў у Маскве выказала шчырыя спачуваннi сям’i нябожчыка.

20-я гады заканчваюцца ў маi 1930 года, калi на змену Асьмову прыйшоў А. Мiтлiн. Але ён прабыў на пасадзе рэдактара каля чатырох месяцаў. Крыху больш за год адпрацаваў i яго пераемнiк — С. Будзiнскi. Такiя змены трывогай адгукнулiся ў душах супрацоўнiкаў беларускамоўнай "Звязды"...

Яўген БАРАНОЎСКI,

кандыдат гiстарычных навук.

 

 

 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомы беларускі даследчык, кандыдат гiстарычных навук Яўген Бараноўскi ўжо даўно рыхтуе кнiгу па гiсторыi газеты. Сёння, у дзень нараджэння "Звя
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика