Гісторыя аднаго нумара
Гісторыя аднаго нумара
Гвардыi старшыне Белановiчу газету даслалi ў Германiю... Да Дня вызвалення Беларусi ў сталiчнай бiблiятэцы iмя Л. Талстога адкрылася экспазiцыйная вiтрына з нумарам "Звязды" за 3 лiпеня 1945 года. Гэта быў першы каляровы нумар газеты ў гiсторыi беларускай журналiстыкi. На сёння iх — лiчаныя экзэмпляры. Вядучы бiблiятэкар Галiна Рыгораўна Лагуновiч расказала, што газету прынесла ўдава мастака Іосiфа Белановiча Марыя Фёдараўна. Гiсторыя гэтага нумара "Звязды" надзвычай цiкавая: ён пабываў... ажно ў Германii! Вось што паведамiла Марыя Фёдараўна: — Iосiф Белановiч прайшоў усю вайну i быў дэмабiлiзаваны толькi ў 1946 годзе: яшчэ год пасля Перамогi знаходзiўся ў акупацыйных войсках у Германii. Хтосьцi з родных даслаў яму гэты нумар "Звязды" туды. Вяртаючыся ў Беларусь, прывёз газету з сабой. I захоўваў усё жыццё. А жыццё гэтага чалавека было няпростым... * * * Iосiф Белановiч нарадзiўся ў Мiнску ў 1920 годзе — 9 мая. I так атрымалася, што прайшоў ён вайну — як кажуць, ад званка да званка, — наблiжаючы 9 мая 1945 года, Дзень Перамогi. Пасля заканчэння Пермскага мастацкага вучылiшча, у красавiку 1941-га, яго прызвалi ў армiю. Вайну сустрэў камандзiрам процiтанкавай гарматы. "Ён працаваў у артылерыi ўсю вайну", — сказала Марыя Фёдараўна. I гэта агаворка (не "ваяваў", а "працаваў") досыць красамоўная. Двойчы быў паранены Белановiч. Вызваляў Сталiнград, Харкаў, Запарожжа, Нiкалаеў, Адэсу, Кiшынёў, Люблiн, Варшаву, Познань. Закончыў вайну ў Берлiне... Дэмабiлiзаваўся ў званнi гвардыi старшыны. Сярод узнагарод — ордэн Чырвонай Зоркi, два ордэны Айчыннай вайны, медалi "За адвагу", "За баявыя заслугi", "За абарону Сталiнграда", "За вызваленне Варшавы", "За ўзяцце Берлiна", iншыя. * * * — Ён добра фатаграфаваў, — расказвае Марыя Фёдараўна. — I зрабiў шмат унiкальных ваенных здымкаў, у тым лiку зруйнаванага Берлiна, разбiтых нямецкiх танкаў, выяваў аднапалчан у самых розных сiтуацыях... — Iосiф Белановiч быў артылерыстам i "па сумяшчальнiцтве" — фатографам? — У iх палку быў фотаапарат, Iосiф за яго "адказваў": здымаў i рабiў картачкi. Умеў, у яго добра атрымлiвалася. Невыпадкова ў канцы вайны яму падарылi добры нямецкi фотаапарат. I дакумент адпаведны — што гэта падарунак за баявыя заслугi. — Той фотаапарат не захаваўся? — Усё захавалася! I фотаапарат, i "ножкi" да яго — яны раскладваюцца, усё як i паложана... * * * У музей гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Марыя Фёдараўна перадала частку ваенных фотаздымкаў Белановiча, яго граматы-падзякi за ўзяцце Берлiна, за прарыў абароны на рацэ Одэр, у раёне ракi Вiслы. У час вайны Iосiф Iосiфавiч збiраў паштоўкi з выявамi нямецкiх гарадоў. Упершыню ў жыццi я трымала ў руках паштоўкi 1942—1943 гадоў з маркамi, на якiх — Гiтлер i iншыя нацысцкiя кiроўцы. * * * У час вайны Белановiч вёў дзённiк — у маленькiм трафейным нямецкiм штодзённiчку. Кароткiя запiсы надзвычай дробнымi лiтаркамi, са скарачэннямi. На адной са старонак жнiўня 1944-га намаляваў план мясцовасцi: напэўна, была складаная франтавая абстаноўка. "Лiпень 1943. Выпiсаўся са шпiталя". "6 лiстапада 1944. За 4 гады зрабiў адзiны партрэт у цяжкiх умовах". "14 студзеня 1945. Прарыў абароны на Вiсле". "9 сакавiка 1945. Iду з разведчыкамi на 1 дзень". "14 сакавiка 1945. 11 гадзiн вечара. Дождж". "31 сакавiка 1945. Одэр. Збiты Ю-88... Прахалодная, туманная ранiца. Раннi ўзыход сонца". "15 красавiка 1945. У 5 гадзiн ранiцы прарыў абароны немцаў на Одэры". * * * Пасля вайны Белановiч працаваў у Брэсцкай крэпасцi, напiсаў дзесяткi моцных эцюдаў, якiя склалi "Брэсцкi цыкл". Мастацтвазнаўцы адзначалi, што тут дакументалiзм спалучаецца з глыбокiм настроем: здаецца, пiсаныя з натуры эцюды пахнуць порахам, водгуллем баёў, што вялiся ў суровых казематах; пераканаўчы малюнак, жывы мазок, бездакорнае адчуванне тону i колеру, настрою... Менавiта ў Брэсцкай крэпасцi i пазнаёмiўся Iосiф з Марыяй. — Ён вучыўся ў тэатральна-мастацкiм iнстытуце, быў на практыцы. А я была студэнткай Брэсцкага педiнстытута. Мы пастаянна бегалi ў крэпасць, было вельмi цiкава. Сам Сяргей Смiрноў, знакамiты аўтар кнiгi "Брэсцкая крэпасць", праводзiў своеасаблiвыя экскурсii. * * * Творчая спадчына Іосiфа Белановiча досыць вялiкая. Яго творы — у Нацыянальным мастацкiм музеi, у музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны, у фондзе Беларускага саюза мастакоў, у музеях Брэста, Пiнска, Баранавiчаў, iншых гарадоў. Ён працаваў у жанрах сюжэтна-тэматычнай карцiны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. — Марыя Фёдараўна, ён пiсаў вашы партрэты? — Не. Гаварыў: станеш крышачку прыгажэйшай — тады... — Лiчыў вас непрыгожай? — Гэта была адгаворка! (Смяецца.) У яго ж заўсёды не было часу: пастаянныя задумы, iдэi... Ледзь угаварыла напiсаць аўтапартрэт. Марыя Фёдараўна ўсё жыццё працавала настаўнiцай, выкладала хiмiю i бiялогiю. * * * Мастак Iосiф Белановiч таксама доўгi час займаўся выкладчыцкай працай. Так склалiся абставiны... У 1981 годзе ён праходзiў конкурс на званне дацэнта, патрэбна была характарыстыка. I яе напiсаў ад рукi народны мастак СССР i Беларусi Мiхаiл Савiцкi. "Тав. Белановiча I.I. ведаю больш як 25 гадоў, гэта значыць увесь шлях станаўлення i прафесiйнай дзейнасцi мастака. Будучы воiнам у гады Вялiкай Айчыннай вайны, з першых дзён да ўзяцця Берлiна, ён прайшоў вялiкую школу мужнасцi, гераiзму, патрыятызму... Гэта i вызначыла асноўную накiраванасць яго творчасцi, яго пазiцыi мастака-гуманiста i патрыёта, якi лiчыць сваiм доўгам унесцi ўклад у стварэнне для будучых пакаленняў эпапеi свяшчэннай барацьбы. Яго карцiны "Героi бессмяротныя", "Брэст, 1941 год", "У бессмяротнасць", "Салдаты", "Хлеб партызанам", "Вяртанне", якiя ўслаўляюць бяспрыкладны подзвiг, атрымалi грамадскае прызнанне. Жывапiснымi сродкамi, вiдавочна i даходлiва, увасабляе ў творах гераiзм i мужнасць не толькi салдата, але i працаўнiка, раскрывае яго высокую маральнасць i годнасць. Будучы чалавекам сцiплым, добрым, спагадлiвым i чулым у радасцi i бядзе людзей, заслужыў аўтарытэт i павагу. Яго чалавечыя якасцi вызначылi плённую педагагiчную дзейнасць. З вялiкай адказнасцю i любоўю ён шчодра перадае свае веды, творча падыходзiць да вучэбнага працэсу, патрыятычнага выхавання моладзi...". * * * Мастак Белановiч прайшоў усю вайну, мае ганаровыя ваенныя ўзнагароды... I раптам чытаю: рэабiлiтаваны ў 1993 годзе. Як? Чаму? Столькi заслуг у чалавека — i на табе!.. — А ён i не ўяўляў, што ў нечым вiнаваты, — тлумачыць Марыя Фёдараўна. — У пачатку 1990-х напiсала пляменнiца, што па дакументах ён... лiчыцца "ва ўцёках". Жыццё i сапраўды падносiць сюрпрызы, якiя не ў стане прыдумаць нiводны фантаст. ...Пасля смерцi бацькоў Iосiф жыў у сям’i сястры Мiхалiны. У 1935-м яе мужа — як кулака — усёй сям’ёй выселiлi ў Комi АССР. I 15-гадовага Iосiфа разам з iмi. — А там аказалася больш людзей прыстойных, чым злачынцаў. Iосiфу параiлi: ты яшчэ малалетка, хутчэй збягай. I падказалi, як гэта зрабiць... Iосiф збег да брата ў Нiжнi Тагiл. I думаць не думаў, што i праз дзесяцiгоддзi ў архiўнай даведцы будзе значыцца, што "швагер I. Белановiч з 1936 года знаходзiцца ва ўцёках". У 1992 годзе, даведаўшыся пра гэту дзiўную метамарфозу лёсу, падаў дакументы на рэабiлiтацыю... * * * Iосiф Белановiч пайшоў з жыцця ў 1998 годзе. А ў 2006-м Марыю Фёдараўну чакаў яшчэ адзiн моцны ўдар: раптоўна памёр адзiны сын Вiктар. Было яму 46. "Гэта не прывядзi Госпадзi — пакласцi ў труну такога сына...". Засталiся маленькiя ўнучкi, Ганна i Наталля — радасць i надзея бабулi... А яшчэ шматлiкiя работы мужа, ваенныя фотаздымкi, дакументы — вялiкi архiў... Галiна Рыгораўна Лагуновiч паведамiла, што выстаўка нумара газеты "Звязда" з архiва мастака Iосiфа Белановiча будзе доўжыцца да Дзён беларускага пiсьменства. * * * Вось так... Гiсторыя аднаго нумара газеты "Звязда" ўвасабляе не толькi лёс канкрэтнай сям’i, маленькае чалавечае жыццё, але i вялiкую гераiчную гiсторыю нашай краiны. Таццяна ПАДАЛЯК. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА i з сямейнага архiва М. Белановiча. На здымках: Марыя Белановiч i Галiна Лагуновiч каля экспазiцыi, прысвечанай «Звяздзе» ў бiблiятэцы iмя Л. Талстога, Iосiф Белановiч у час вайны.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гвардыi старшыне Белановiчу газету даслалi ў Германiю...
|
|