21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вiшня

26.08.2009 10:27 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiшня

У маладосцi я быў досыць актыўным камсамольцам. Некалькi разоў выбiраўся членам бюро райкама камсамола. А гэта ўжо мела пэўнае значэнне. Меў магчымасць прысутнiчаць на камсамольскiх выездах на прыроду. Не абыходзiлася там без чаркi. І вось калi абцiхала бяседа, мы з тагачасным першым сакратаром райкама камсамола Генадзем Кулажанкам (ён загiнуў у Афганiстане, будучы там дарадчыкам) абавязкова прасiлi загадчыцу арганiзацыйнага аддзела заспяваць нашу любiмую:

Чырвоная вiшня з-пад кораня выйшла,

Аддала мяне мацi, дзе я не прывычна.

Як выйду на гору ды гляну да дому:

Вары, мацi, вячэру i на маю долю.

Мы былi ўжо дастаткова дасведчаныя ў паэзii, ведалi на той час найноўшыя яе плынi, самi пiсалi. Але чамусьцi менавiта гэта меладычная песня кранала душу, вымушала слухаць i слухаць яе.

Цяпер мне зразумелы цьмяны раней выраз "з-пад кораня выйшла". Гэта калi вiшня вырастае не з костачкi, кiнутай цi выпадкова занесенай у зямлю, не са спецыяльна вырашчанага саджанца, а iдзе атожылкам ад другога, ужо дарослага дрэва. Так i дзяўчына ў той песнi пайшла атожылкам ад бацькоўскага кораня, але была аддадзеная ў iншую старану, магчыма, за нелюбiмага мужа.

У нашым садзе чатыры вiшнёвыя дрэўцы, яшчэ нестарыя. I адно, мiж iншым, не пасаджанае спецыяльна, а выйшла менавiта "з-пад кораня", ад вiшнi суседа, якая расце цераз плот.

Сёлета вiшня ўрадзiла i ў нашых паўночных краях Беларусi, на Вiцебшчыне. Са сваiх невысокiх яшчэ дрэўцаў мы сабралi больш за трыццаць лiтраў ягад. У свой час мне даводзiлася збiраць вiшнi з дрэў, якiя былi вышэйшыя за страху дома. Тут ужо даводзiлася выкарыстоўваць высокiя драбiны, ды i ўвогуле вешацца па дрэвах, iмiтуючы рухi нашых папярэднiкаў, калi верыць Дарвiну. Столькi, колькi мы сабралi сёлета, зразумела, не патрэбна. Раздалi знаёмым. Дачка ад ягад адмовiлася — сваю б, што наспела, упарадкаваць. Пазванiў сябру па ўнiверсiтэце Сцяпану Нефiдовiчу на Палессе. Там таксама багаты ўраджай. Даймалi толькi шпакi, якiх вельмi вабiлi спелыя ягады. Хапала птушачак i ў нас. Цiкава было суцiшыцца на лавачцы i назiраць, як шпак, а то i верабейчык, прылятае на вiшню, садзiцца цiхенька на галiнку. I пачынае дзяўбсцi ягадзiну. Вельмi часта яна, спелая, абрываецца, падае на зямлю. Прычым гук ад гэтага падзення даволi адчувальны. Тут птушачка палохаецца, замiрае, а то i пырсне з галiнкi. Толькi праз некалькi хвiлiн абавязкова вяртаецца.

Вiшнёвы сад здаўна стаiць ля беларускай вясковай ды i шляхецкай хаты. У Аркадзя Смолiча ёсць апiсанне беларускiх прысад пачатку ХХ стагоддзя. Там абавязкова прысутнiчае i вiшня. А вось з народнага:

А ў майго татулькi тры сады зялёных,

Чацвёрты вiшнёвы.

У адным садочку зязюля кукуе,

У другiм садочку салавей шчабечыць,

У трэцiм садочку канёчак гагочыць,

У чацвёртым садочку маланачка плачыць.

Iснаваў карагод, танец "Вiшанька". Асноўным элементам яго было адначасовае кружэнне дзяўчат пад рукамi хлопцаў i вакол iх. То "кiсць у кiсць", то накрыж перад сабой. А на Каляды заводзiлi гульню, якая называлася "Iрваць вiшаньку". Дзяўчына станавiлася на ўслон, два хлапцы ахоўвалi яе, а iншыя iмкнулiся прарвацца i вуснамi схапiць даўгую саломiнку, якую дзяўчына таксама трымала ў вуснах. Калi гэта ўдавалася — дзяўчына абавязана была пацалаваць шчаслiўца.

У ранняга Пiмена Панчанкi ёсць верш "Вiшня". Цнатлiвы i вельмi народны па сваёй сутнасцi:

Пра нашу далёкую ростань

Стрывожаны вецер пяе...

Я вiшню у гонар сяброўства

Саджу каля хаты твае.

Вясной яна з кветак прыгожых

Накiне вясёлы убор.

Ты ўспомнiш пра слаўныя ночы,

Калi мы сядзелi да зор.

Згадаў гэта i тут жа ўспомнiў крыху iншае. Таксама раннi Аляксандр Пушкiн. Быў, быў i ў яго верш "Вiшня". Уключаны ён у толькi поўныя зборы твораў паэта. I там гарэзнiк-лiцэiст пiша таксама пра дзяўчыну, але ж i пра раструшчаную вiшню.

Нехта чытаў, нехта глядзеў у шматлiкiх пастаноўках i экранiзацыях "Вiшнёвы сад" Антона Чэхава. П’еса па ўсёй сваёй сутнасцi трагiчная. I вiшнёвы сад тут не проста дрэвы, якiя прадпрымальныя людзi высякаюць, каб паставiць дачныя домiкi. Гэта — развiтанне для герояў з мiнулым, магчыма, не такiм i справядлiвым, не такiм i бездакорным, але адназначна мiлым. I заканчваецца п’еса рэмаркай, якую не буду перакладаць, каб не страцiць смакаты чэхаўскага слова:

"Слышится отдаленный звук, точно с неба, звук лопнувшей струны, замирающий, печальный. Наступает тишина, и только слышно, как далеко в саду топором стучат по дереву"

У маiх Паставах ёсць свой "Вiшнёвы сад". Так назваў сваю фiрмовую краму мясцовы кансервавы завод. Тут, акрамя самай разнастайнай прадукцыi прадпрыемства, прадаецца i таннае вiно, таксама вытворчасцi завода. I сярод местачковых мужчын карыстаецца гэта крама немалой славай. Усё ў тым, што сюды можна прынесцi пустыя бутэлькi i, здаўшы iх, набыць поўную ўжо з вадкасцю, дзе, магчыма, зрэдзь часу сустракаецца i вiшнёвы сок. Не ведаю, цi ўспамiнаюць наведвальнiкi гэтай крамы пра вiшнёвы сад Чэхава, пра iншыя вiшнёвыя сады, але мясцовае вiно iм падабаецца.

Зноў жа, не баючыся папроку ў залiшняй прыхiльнасцi да рускай лiтаратуры (на якой мы ў многiм i выгадаваныя) не магу не ўспомнiць Мiхаiла Шолахава. Яго "Узнятую цалiну" ставяць значна нiжэй "Цiхага Дона". I тут, на мой погляд, не маюць рацыi. Проста ўдумлiва, а можна, i з алоўкам у руках, прачытайце "Цалiну". Гэта зусiм не апяванне сацыялiстычнага пераўтварэння тагачаснай вёскi, данскiх станiц i хутароў. Шолахаў, безумоўна, павiнен быў гаварыць "за" калгаснаму будаўнiцтву. Але як ён гэта гаварыў... У яго камунiст Нагульнаў гатовы страляць з кулямёта i дзяцей, i старых толькi дзеля перамогi сусветнай рэвалюцыi. I ў той жа час вораг калгаснага будаўнiцтва Астраўноў мае сваю праўду. Не пакладаючы рук, ён i яго сям’я стваралi свой дабрабыт, апрацоўвалi зямлю — i раптам усё трэба аддаць у агульны кацёл. Ды па сучасных мерках Астраўноў — фермер, якi заслугоўвае толькi заахвочвання. Але вернемся да вiшнi. Пачынаецца раман Шолахава з такога пранiзлiвага ўступу, што яго таксама перакладаць нельга.

"В конце января, овеянные первой оттепелью, хорошо пахнут вишневые сады. В полдень где-нибудь в затишке (если пригревает солнце) грустный, чуть внятный запах вишневой коры поднимается с пресной сыростью талого снега, с могучим и древним духом проглянувшей из-под снега, из-под мертвой листвы земли.

Тогда многоцветный аромат устойчиво держится над садами до голубых потемок, до поры, пока не просунется сквозь голызины ветвей крытый прозеленью рог месяца, пока не кинут на снег жирующие зайцы опушенных крапин следов..."

Працытаваў гэта пра данскую вiшню i ўспомнiў былога сябра, якi некалi служыў у ракетнай дывiзii ў нашых Паставах, быў вельмi цiкавым паэтам. Ён вярнуўся на свой родны Дон, пад свае багатыя вiшнёвыя сады. Сувязi неяк абарвалiся, ведаю толькi, што былы маёр Савецкай Армii, па-казачаму есавул, стаў там станiчным атаманам.

Але i ў нас на Беларусi большае вiшнёвых садоў. А колькi назваў звязана з гэтым родам дрэўных раслiн сямейства ружакветных, што па лацiне Cerasus? Вiшневы, Вiшнi, Вiшнеўкi...

Быў у нашай старадаўняй гiсторыi слынны i заслужаны род князёў Вiшнявецкiх. Iх продак Мiхаiл валодаў замкам Вiшнявец, адкуль i пайшло прозвiшча князёў.

А сярод iх былi:

Дзмiтрый Iванавiч — адзiн з кiраўнiкоў барацьбы ў ХVI стагоддзi супраць турак i татараў.

Iярамi Мiхал — найбуйнейшы магнат, якi валодаў дзесяткамi гарадоў i мястэчак, быў працiўнiкам цэнтралiзацыi Польскай дзяржавы ў ХVII стагоддзi.

Мiхал, якi нядоўга пабыў каралём Рэчы Паспалiтай.

Мiхал Серванцы, якi ў ХVIII стагоддзi быў адным з кiраўнiкоў беларускай шляхты супраць Сапегаў, гетман польны, ваявода Вiленскi, канцлер.

А да вiшнi ж ёсць яшчэ i чарэшня. Праўда, у нашых, паўночных мясцiнах яна практычна не сустракаецца. Яе смакатой карыстаюцца беларусы, што жывуць значна больш на поўдзень.

Прадчуваю ўсмешку чытача: а Багдановiча так i не ўспомнiў. Ну, як жа не ўспомнiць радкi нашага непараўнальнага Максiма-кнiжнiка!

Па-над белым пухам вiшняў,

Быццам сiнi аганёк,

Б’ецца, ўецца шпаркi, лёгкi

Сiнякрылы матылёк.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маладосцi я быў досыць актыўным камсамольцам. Некалькi разоў выбiраўся членам бюро райкама камсамола. А гэта ўжо мела пэўнае значэнне. Меў магчымасц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика