Кураць у пад’ездах? I хай кураць?
Кураць у пад’ездах? I хай кураць?
Чытач падымае праблему У віцебскi карэспандэнцкi пункт "Звязды" звярнуўся па дапамогу жыхар абласнога цэнтра — iнвалiд 3-й групы. Ён паскардзiўся на тое, што сусед курыць на лесвiчнай пляцоўцы памiж першым i другiм паверхамi. Прасiў суседа не рабiць гэтага, а той усё курыць i курыць. Нiхто, да каго чытач звярнуўся з гэтай бядой, не здолеў дапамагчы. Быццам бы "дробязь"? Але пасля гэтага звароту прыйшлося правесцi мiнi-расследаванне. Пазiцыя некаторых адказных супрацоўнiкаў здзiвiла. Непрыемна. — А я ж — сардэчнiк. Вы ж самi, напэўна, ведаеце, што пасiўнае курэнне такое ж небяспечнае для здароўя, як i "актыўнае"! — вельмi эмацыянальна расказвае чытач. Прозвiшча сваё ён папрасiў не друкаваць. Чалавек з вялiкiмi праблемамi здароўя адзначыў, што не раз ужо скардзiўся ў жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак, што абслугоўвае яго дом, ЖРЭТ. Але, у прыватнасцi, у ЖЭУ, як ён падкрэслiў, не проста адмовiлiся высветлiць сiтуацыю i прыняць меры, а папрасiлi больш не звяртацца з гэтым пытаннем. Маўляў, гэтая праблема не для нас. — Чаму ж тады на дзвярах майго i iншых пад’ездаў самi камунальнiкi павесiлi аб’яву, дзе гаворыцца, што курэнне не дапускаецца? Павесiлi для "справаздачы", каб "галачку" паставiць, што выканалi iнiцыятыву свайго ж мiнiстэрства? — вельмi абгрунтавана цiкавiцца чытач. Далей амаль што даслоўная цытата (у перакладзе з рускай мовы), якую я перапiсаў з аб’явы, што расклееная на пад’ездах многiх вiцебскiх дамоў. "Курэнне ў месцах грамадскага карыстання (на лесвiчных маршах i пляцоўках, у лiфтавых холах, калiдорах i г. д. не дапускаецца "Правiламi карыстання жылымi памяшканнямi, утрымання жылых i дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспублiцы Беларусь". Далей згадваецца, што гэта зацверджана загадам мiнiстэрства ЖКГ ад 07.12.1999 № 177. А за парушэнне гэтых Правiлаў прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велiчынь (у адпаведнасцi з артыкулам 21.16 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь "Аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях". Подпiс пад гэтым зваротам здзiвiў — "Мiнская гарадская жыллёвая гаспадарка". Во як? Не бачыў бы сам тэкст — не паверыў бы. Няўжо з Мiнска прывезлi паперы i проста ў Вiцебску зрабiлi копii? Пакуль што гiсторыi гэта невядома. Штраф, калi няма памылкi, вельмi вялiкi. — Прыходжу ў чарговы раз у ЖЭУ, — расказвае iнвалiд, — а кiраўнiк заяўляе, што ён не абавязаны бегаць па пад’ездах i лавiць тых, хто курыць. Пайшоў у вышэйшую арганiзацыю — ЖРЭТ. Але i там не знайшоў разумення. Абяцалi прыняць меры, а сусед усё курыць. Калi "Звязда" звярнулася па каментарый у абласное ўпраўленне ЖКГ, высветлiлася, што насамрэч камунальнiкi не могуць штрафаваць за курэнне ў пад’ездах. Маўляў, можна скласцi пратакол, што будзе разгледжаны спецыяльнай камiсiяй па адмiнiстрацыйных парушэннях пры райвыканкаме... "Курыць сусед? Ну... курыць. На лесвiцы памiж першым i другiм паверхамi? I што, дым iдзе ў кватэру? А прозвiшча чытача? Ну, без прозвiшча несур’ёзна разглядаць скаргу. Хай пiсьмова звернецца!" — такая размова атрымалася ў мяне з адным кампетэнтным кiраўнiком. Пытаннi: навошта тады вешаць аб’явы аб забароне курэння ў пад’ездах i чаму ў ЖЭУ, ЖРЭТ не адрэагавалi на зварот? — засталiся без канкрэтнага адказу. Чытачу я параiў звярнуцца па дапамогу да ўчастковага iнспектара мiлiцыi. А паралельна аўтар гэтых радкоў звязаўся з супрацоўнiкамi ўпраўлення прафiлактыкi УУС Вiцебскага аблвыканкама. Высветлiлася, што ўчастковы абавязаны рэагаваць на такiя звароты. Проста, напэўна, нямногiя з самiх участковых ведаюць, што ёсць адпаведны артыкул у Адмiнiстрацыйным кодэксе. Можна растлумачыць гэта i вялiкай ратацыяй кадраў у гэтай службе. Проста, напэўна, мiлiцыянеру не хапае часу, каб унiкнуць ва ўсе нюансы, а ён ужо можа атрымаць новую пасаду. Прыпомнiлi, што аштрафаваны за курэнне ў месцах, дзе гэта забаронена, каля 200 чалавек. Падкрэслiлi, што, зразумела, мала... Чытач звярнуўся да ўчастковага. Той пастараўся растлумачыць, што ёсць рознiца памiж месцамi грамадскага карыстання i проста грамадскiмi... Першае — гэта жылы дом. Як сказаў чытачу мiлiцыянер — за чысцiню i парадак у iм адказваюць камунальнiкi (як i жыльцы!? — А.П.), калi, вядома, не ўзнiкаюць праблемы з аховай грамадскага парадку. — Проста трэба правiльна напiсаць заяву, спасылаючыся на адпаведны артыкул у Адмiнiстрацыйным кодэксе, — пракаментавалi мне сiтуацыю ва УУС. Але ж няўжо простаму грамадзянiну трэба бегчы ў бiблiятэку альбо краму, каб паглядзець, як правiльна фармулюецца артыкул? I, прабачце, гэтыя юрыдычныя нюансы — вельмi цяжкiя для разумення грамадзянiна, у якога няма юрыдычнай падрыхтоўкi i практыкi. Чытачу я параiў пiсьмова звярнуцца да кiраўнiкоў ЖКГ i УУС. Адправiць скаргi заказнымi лiстамi. Апошнi з начальнiкаў, наколькi я ведаю, заўсёды вельмi ўважлiва адносiцца да разгляду зваротаў i скаргаў грамадзян. Неаднаразова i мiнiстр унутраных спраў i яго падначаленыя ў рэгiёнах гаварылi ў СМI, што галоўная ацэнка работы мiлiцыi — гэта думкi радавых грамадзян. Хочацца, каб i ў структурах ЖКГ пачалi працаваць паводле такога ж прынцыпу. Добра заклiкаць ставiць лiчыльнiкi вады i эканомiць святло. А сачыць за выкананнем патрабаванняў, што самi ж прымаюць, не трэба? Праблема курэння ў пад’ездах — не такая ўжо i дробязь. Калi падумаць, камунальнiкам прасцей кантраляваць, каб такога не было, каб потым не трацiць грошы на чарговы касметычны рамонт. Ну, не кураць у пад’ездах "так акуратна", як у кватэрах. Хаця людзi розныя ёсць. Вось у пад’ездзе, дзе я жыву, курылi хлопцы, пiлi, потым вокны пабiлi. А гэта ўжо пытанне мiлiцыi — разбiрацца? Альбо камунальнiкаў? Разбярэшся тут... Напэўна, нехта думае, што аб’яў аб забароне курэння дастаткова. Маўляў, самi жыльцы будуць нагадваць пра гэта курыльшчыкам. А штрафаваць хто будзе? Самi суседзi? Памятаю "паказальны сюжэт" па рэспублiканскiм тэлебачаннi — аштрафавалi дзяўчыну, якая курыла на вулiцы ля ўвахода ў ВНУ. Не абышлося без заклiку не курыць у грамадскiх месцах. А слаба такi ж сюжэт з жылога дома? З чытачом мы дамовiлiся, што пасля таго як ён атрымае афiцыйныя адказы, тэму працягнем. Мо i iншым чытачам ёсць пра што расказаць? Калi ласка! Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У віцебскi карэспандэнцкi пункт "Звязды" звярнуўся па дапамогу жыхар абласнога цэнтра — iнвалiд 3-й групы. Ён паскардзiўся на тое, што сусед
|
|