21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сон у руку

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сон у руку

Здаецца, ужо даўно і паўсюдна пануе ХХI стагоддзе. Час анекдотаў цiха адышоў у мiнулае, саступiўшы мове мабiльнай сувязi, сотавых тэлефонаў i камп’ютараў, што не надта прывячаюць гумар. Але не-не дый наша жыццё, i асаблiва вясковае, дорыць нам настальгiчную ўсмешку, хоць часам i сумную, як у апавяданнi Уладзiмiра Васько з Лiды.

Вiктар КАЗЬКО.

Уладзiмiр ВАСЬКО

Сон у руку

Казкi мы ўсе ўмеем расказваць. А тут быль. Сярод лесу  жывуць Прафiр са сваёй жонкай Аўдоццяй.

Аўдоццi ўжо восемдзесят, Прафiр жа на пяць гадоў апярэдзiў яе з’яўленнем на свет. А калi была пабудавана iх хата, нiхто i не помнiць. Паўвека таму Прафiр садраў саламяную страху, парослую зялёным мохам, i накрыў дах шыферам. Дождж перастаў прасочвацца ў iх жытло. А цяпер i шыфер пазелянеў ад часу, але вады пакуль што не прапускае.

Веранды ў Прафiравай хаце няма. Замест яе гаспадар абставiў жэрдкамi дзверы, праз якiя выходзiць на двор, прыпёршы iх тонкiмi канцамi да даху. Завея ўжо не намятае снегу на парог. Аўдоцця крычала на яго за такое "вынаходства", але ён не дазволiў ёй разбураць новабудоўлю. Так жэрдкi i стаяць там да сённяшняга дня.

Восенню i зiмою, па вечарах, старыя сядзяць пры лучыне альбо газавай лямпе: да блiжэйшай лiнii электраперадач ад iх хутара больш за пяць кiламетраў. Лапiк лесу, у якiм склаў хату бацька Прафiра, не вельмi вялiкi, усяго некалькi гектараў. З трох бакоў да яго прымыкаюць лугi, пашы i сенажацi, а з паўночнага боку падступае поле. Каля хаты агарод, збоч яго — састарэлая студня. Пры хляве стаiць буда, у якой цi побач з ёй, на траве, дрэмле спакойны i добры сабака Гольчык, якi больш маўчыць, бо няма на каго брахаць. Праўда, ноччу яго часам трывожыць сава, якая вядзецца на тоўстай, галiнастай сасне, амаль над самай галавой у Гольчыка. Савiная валтузня з мышамi i кармленнем птушанят абурае Гольчыка — i тады, у такiя хвiлiны, ён дае волю свайму горлу. Прафiр ведае, што гэта ён брэша на саву, а не на зладзеяў, i на двор не выходзiць.

Па начах да Прафiра часта прывязваецца бяссоннiца. Найлепш выратоўвае ад яе мак. Ён ляжыць у торбачцы каля яго падушкi. Прафiр уначы зачэрпвае жменю маку i доўга плешча яго ў роце над торбачкай, каб не рассыпаўся, — i павекi неўзабаве самi пачынаюць злiпацца.

Мак Аўдоцця сее на агародзе кожны год (яна i сама яго любiць). За гэта старых могуць аштрафаваць на многа мiнiмалак як распаўсюджвальнiкаў наркаманii, але мiлiцыя сюды не дабiраецца, а таго, што мак нельга вырошчваць, старыя i не ведаюць. А тут яшчэ i паштальёнка трапiлася такая, што калi яна прыносiць пенсiю, i Прафiр просiць у яе расказаць аб тым, што робiцца ў свеце, што новага, яна проста i абыякава адбрэхваецца:

— Тое, што ў вас, тое i ва ўсiм свеце.

I хутка знiкае з падворка. I разумей яе, як хочаш. Прафiр жа з Аўдоццяю, як жылi, так i застаюцца жыць па сваiх законах.

Аднойчы апоўначы Прафiр падаў голас з печы:

— Аўдоцця, ты спiш?

— Не, не сплю. А што?

— Падай мне кiслага малака. Надта нешта смажыць у роце.

— Можаш i сам злезцi i напiцца.

— Ну пачакай, папросiш ты чаго-небудзь у мяне...

Ён, крэкчучы, злез з печы, абмацаў на стале збан з кiслым малаком. Уволю напiўшыся, адышоўся ад стала i ў парозе пальцамi босых ног даткнуўся да пустога пагiбанага, заржавелага вядра, злёгку нахiлiўся над iм. Нешта там у Прафiра не зусiм добра атрымлiвалася, не так, як хацелася, марудзiла — i тады ён строга прыгразiў:

— Рабi, а то адсяку i сабакам выкiну!

Але той усё роўна не спяшаўся... Прафiр яшчэ i яшчэ раз прыгразiў яму — i ўнутры яго штосьцi як быццам узварухнулася, спрацавала. Стары аблегчана ўздыхнуў i сур’ёзна папярэдзiў:

— Я цябе правучу. Паспрабуй толькi яшчэ калi не паслухацца.

— З кiм ты там размаўляеш? — аклiкнулася з ложка Аўдоцця.

— Гэта не з табою. Ёсць у мяне з кiм размаўляць.

За акном слаба i далёка блiснула маланка, нясмела прагрукатаў гром. Насоўвалася навальнiца.

Узабраўшыся на печ, Прафiр не здужаў маўчаць:

— Аўдоцця, не ведаеш, калi будзе канец свету?

— Ну i дурань... Навошта ён табе патрэбны, гэты канец свету?!

— Я быў у вёсцы, дык там казалi, што з акiяна нейкая паводка неўзабаве хлыне на сушу...

— Да нас яна не дойдзе. Ужо адна паводка была. Цяпер, кажуць, агнём спаляць зямлю.

— Да нас ён не дойдзе.

Праз колькi часу ў кронах дрэў настырна зашумеў вецер, па даху i па падаконнiках моцна забарабанiў дождж. Прафiр яшчэ нешта хацеў сказаць Аўдоццi, але асляпляльнае святло маланкi асвяцiла хату i тут жа непадалёк у дрэва моцна ўдарыў гром, пачуўся рыплiвы трэск адламанай галiны. Прафiр нацягнуў на галаву коўдру, каб не бачыць i не чуць гэтых выбрыкаў стыхii, i маўчаў.

А пад ранiцу яму прыснiўся сон: на яго хату накiнулiся быкi i хочуць разбурыць яе. I вось ужо адна сцяна падае прама на Прафiра.

— Э-э-э! Э-э-э! — закрычаў ён дзiкiм голасам.

— Чаго цябе там здымае?! — выгукнула Аўдоцця.

Прафiр прачнуўся:

— Ой, добра, што разбудзiла. Прыснiўся страшны сон. Я i закрычаў. Фу ты, аж халодным потам аблiўся.

— Вечна табе снiцца не тое, што людзям.

***

Не бедна, але i не надта багата жывуць Прафiр з Аўдоццяю. Курэй зусiм не трымаюць: iх то задзiраў коршак, то крала лiса — так яны i перавялiся. Свiней у старых таксама няма. Ёсць толькi дзве каровы i невядома колькi быкоў. Быкi як быццам бы iх i ў той жа час i не iх: яны абы-дзе бадзяюцца, начуюць, дзе прыйдзецца, летам амаль зусiм не заходзяць у хлявы. Каровы — тыя лепш прытрымлiваюцца дома, бо маюць патрэбу ў выдойваннi.

— Гэта ж трэба, — са шкадаваннем кажа iншы раз Аўдоцця, — кожны год усё быкi i быкi. Хоць бы адну цялушку прывялi — была б свая маладая кароўка.

Часам быкi на пашы накiдваюцца на кароў прыватнiкаў цi ўбiваюцца ў грамадскi статак — i тады пастухi бядуюць. Пастух Трафiм паспрабаваў неяк пугай адагнаць убуялага бугая ад грамадскiх кароў. Але той кiнуўся ў бойку ўжо з Трафiмам, падняў яго на рагах i разарваў ватоўку знiзу да каўняра. I, напэўна, ужо забiў бы, каб не выратаваў сабака Пруцiк, якi ўпiўся зубамi ў бычыны хвост. Адагнаў быка, выкурыў яго са статку.

Назаўтра ранiцай Трафiм дакульгаў да будынка сельвыканкама. Старшыня сельвыканкама Махнач насцярожыўся:

— Што з табою?

— Бык падбiў.

— Чый?

— Прафiраў.

— Чуў я пра гэтага Прафiра i яго жыўнасць. Ну што ж, трэба прымаць меры. Ты пасядзi вось тут, а я пазваню Зыбеню — старшынi СВК.

Махнач пакруцiў дыск тэлефона. На тым канцы проваду, аднак, нiхто не адказваў, i Махнач набраў нумар Зыбеневага мабiльнiка.

— Ну што рабiць, што рабiць? — загарачыўся той. — Пастраляць iх трэба к чортавай матары. Ад iх ужо нiкому спасу няма. Я тэхнiку дам, падбяру паляўнiчага. Ты толькi патэлефануй дырэктару мясакамбiната, цi прыме ён тушы быкоў.

Махнач узяў чырвоную кнiжачку, якая ляжала перад iм, знайшоў патрэбны яму нумар i пазванiў, расказаў пра сiтуацыю з Прафiравымi быкамi.

— Прыму, — пачуўся ў трубцы голас дырэктара мясакамбiната. — Толькi перарэжце iм касою горла, каб кроў сцякла. I прывозьце сюды.

Махнач, чалавек рашучы i энергiчны, малады, не стаў адкладваць "паляванне". Назаўтра ж узяў у гаспадарцы аўтакран з вялiкiм прычэпам, па дарозе прыхапiў вопытнага паляўнiчага Кудзi, якога парэкамендаваў яму Зыбень, i ўтраiх (з шафёрам) паехалi на хутар.

Прафiр з Аўдоццяю якраз стаялi на падворку i добра-такi напалохалiся прыезджых: што гэта за госцi, ды яшчэ з аўтакранам i ружжом?

Махнач цёпла прывiтаўся са старымi.

— Дык колькi ў вас быкоў? — запытаў ён у Прафiра.

— Не ведаю.

— А вы? — звярнуўся ён да Аўдоццi.

— I я не ведаю. Неяк я прыкiдвала, дык налiчыла ажно шаснаццаць.

— Ого-го-го.

— Зараз яны зусiм не прыходзяць дамоў. Можа дзе перабралiся ў iншы раён, цi ў Лiтву, цi можа хто сабе якога прысвоiў...

— Мы хочам пастраляць iх, здаць на мясакамбiнат, а грошы аддаць вам. Згодны?

— Забiвайце, — спакойна адказаў Прафiр. — Усё роўна з iх нiякай карысцi. А я сам з iмi ўжо не спраўлюся, стары.

Аўдоцця разгубiлася, паварушыла рукамi.

— А дзе iх шукаць? — пацiкавiўся Махнач.

— У лесе, — ажывiўся Прафiр, — i на пашы каля чужых кароў, i ў полi, i каля стагоў саломы, бывае, ляжаць. Адбрыдваюцца ад дома на кiламетры. На машыне знойдзеце. Гэта не пешшу. Як толькi ўбачыце якога без прывязi — гэта наш.

Як i прадказваў Парфiр, першага быка яны знайшлi каля кароў, непадалёк ад мелiярацыйнага рова. На адным беразе яго нерваваўся статак. На другiм з альховых кустоў з доўгiм кiем у руцэ вылез Трафiм. Ён борздзенька спусцiўся ў роў i тут жа выбраўся з яго, калi "паляўнiчыя" ўжо вылезлi з кабiны.

— Што, зноў напаў? — спытаў Махнач.

— З самай ранiцы не дае спакою. Я во выразаў кол, думаў бiць яго па рагах, але раз вы прыехалi...

— У нас лепшы кол, — усмiхнуўся Кудзi i прыпадняў ружжо.

— Я думаю...

— Ну вы заставайцеся тут, — прамовiў Кудзi, — а я пайшоў туды.

— Ты ж толькi глядзi, — наўздагон кiнуў яму Трафiм, — не забi якую карову i не парань другога пастуха Гоца.

Усе засмяялiся.

Неўзабаве раздаўся стрэл i бачна было, як вялiзны, укормлены бык укленчыў на пярэднiя ногi, пасля рухнуў на траву.

Трафiму Махнач загадаў адагнаць статак чым далей, каб каровы не знюхалi кроў i не пачалi раўцi, не збурылiся.

***

Другога быка ўпалявалi ў канюшыне. Трэцяга каля стога свежай жытняй саломы, чацвёртага на ўскрайку лесу, каля вёскi Цiсаўшчына — усяго ўклалi за гэты дзень сем бугаёў i тушы iх адвезлi на мясакамбiнат.

А праз тыдзень Махнач прывёз на хутар поўны цалафанавы мяшочак грошай (i ўсе пяцiдзесяткамi), працягнуў iх Прафiру.

— Аддавайце ёй, — паказаў Прафiр кiўком галавы на Аўдоццю. — Яна ў нас касiр.

Аўдоцця ўзяла аберуч мяшочак, прыцiснула яго да грудзей i войкнула:

— Ах, Божа ж мой! Што мы будзем з iмi рабiць?..

— Знойдзеш што, — заспакоiў яе Прафiр. — Пабудуем новую веранду, перакрыем дах на хаце, на хлявах, каўбасы накупляем.

— Занiзка бераце, спадар Прафiр, — заўважыў Махнач. — Каўбаса ваша ў каморы за суткi, за двое сапсуецца. Ды i навошта вам гэту рухлядзь перакрываць? Купiце лепш у вёсцы добры дом. Вунь у Цiсаўшчыне сорак дамоў пустуе. За пяцьсот долараў прадаюць. Выбiрайце самы лепшы i купляйце. А я вам дапамагу ў гэтым.

Прафiр з Аўдоццяю пераглянулiся.

— Я не разумею па доларах, — прызнаўся Прафiр. — Колькi будзе на нашы грошы?

— Прыкладна мiльён. А ў вас тут больш за сем мiльёнаў. Так што можаце набыць аж сем дамоў. Там ёсць электрычнае святло, тэлефон правядзём вам. Набудзеце халадзiльнiк, тэлевiзар. Зажывяце, як людзi.

— А што, Прафiрка, давай можа паслухаем добрага чалавека, — уставiла слова Аўдоцця.

— Дык хiба ж я супраць.

— З пераездам у вёску вы нiчога не страцiце, — даводзiў старшыня сельвыканкама. — Рашайце. Ну а астатнiх быкоў мы адстраляем пазней. Заставайцеся здаровымi!

Махнач пакрочыў да аўтамашыны.

З хвiлiну старыя стаялi i маўчалi, нiбы ў ацапяненнi.

— Дык вось чым абярнуўся той мой сон, помнiш? — мовiў Прафiр. — Быкi, якiя разбуралi тады нашу хату, — гэта ж, аказваецца, свае, нашы былi быкi. А сцяна, якая падала на мяне, — гэта ж гро-о-о-шы! Сон у руку.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здаецца, ужо даўно і паўсюдна пануе ХХI стагоддзе. Час анекдотаў цiха адышоў у мiнулае, саступiўшы мове мабiльнай сувязi, сотавых тэлефонаў i камп’юта
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика