Аляксандр Радзькоў: "У спасціжэннi ведаў вучнi будуць iсцi толькi наперад"
Аляксандр Радзькоў: "У спасціжэннi ведаў вучнi будуць iсцi толькi наперад"
З 1 верасня беларуская школа зноў стане адзiнаццацiгадовай. Праўда, дзесяты клас у новым навучальным годзе з агульнай нумарацыi часова выпадзе. У 9-х i 11-х класах з пазнакай "штрых" будуць навучацца тыя дзецi, якiя сёлета скончылi па праграме 12-й гадовай школы восьмы i дзесяты класы. Ім давядзецца прайсцi за адзiн навучальны год двухгадовую праграму. Тыя ж вучнi, якiя скончылi 9-я класы 12-годкi, зноў пойдуць... у 9-ы клас, але 11-годкi. Сэнс новай нумарацыi даволi цяжка зразумець, але будучы навучальны год увогуле абяцае быць складаным для ўсiх: i для педагогаў, якiм давядзецца працаваць па новых тыпавых вучэбных планах, i для дзяцей, якiя пазбавiлiся магчымасцi вывучаць вучэбныя дысцыплiны на павышаным i паглыбленым узроўнях. Праўда, усiм было паабяцана, што вучэбная нагрузка на вучняў будзе аптымiзаваная, што не можа не радаваць iх бацькоў. Да таго ж усiм беларускiм школьнiкам, уключаючы гiмназiстаў i лiцэiстаў, цяпер гарантаваны пяцiдзённы вучэбны тыдзень. Пра новыя ўмовы, у якiх будзе працаваць беларуская школа, чытачам "Звязды" расказаў мiнiстр адукацыi нашай краiны Аляксандр Радзькоў... — Аляксандр Мiхайлавiч, хацелася б распачаць гутарку з пытання, што найчасцей задаюць нам бацькi дзяцей, якiм за адзiн навучальны год давядзецца прайсцi двухгадовую школьную праграму. Многiя сумняваюцца, што ўсе выпускнiкi 2009 года будуць знаходзiцца ў роўных умовах... — Наша задача — стварыць роўныя ўмовы для ўсiх ахвотнiкаў прадоўжыць навучанне ў ВНУ i ССНУ, г.зн. для абiтурыентаў. Калi ж мець на ўвазе вучняў, то гэтую роўнасць нiяк не забяспечыш. Ды яна i не патрэбная. Бо кожнае дзiця — гэта непаўторная асоба, са сваiм характарам i здольнасцямi. Нiхто не адмяняў дыферэнцыяваны падыход у працэсе навучання. Мы павiнны стварыць аднолькавыя стартавыя ўмовы. А вось як пойдзе навучанне ў кожнага вучня — справа iндывiдуальная. Ад якасцi правядзення ўрокаў, эфектыўнасцi выбраных методык i асаблiва факультатываў залежыць поспех i вучня, i настаўнiка. Усё будзе зроблена для таго, каб выпускнiкi пры iспытах на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi не адчулi, так бы мовiць, пераходнага моманту. Як гэта будзе зроблена — справа прафесiяналаў: настаўнiкаў, метадыстаў, псiхолагаў. Мы ўжо давялi да кожнай школы, да ведама кожнага настаўнiка iнструктыўна-метадычныя пiсьмы, у якiх адлюстраваны асаблiвасцi навучання дадзенай катэгорыi вучняў. Трэба толькi прыкласцi намаганнi для спакойнага i якаснага навучання. I мы ў гэтым, безумоўна, дапаможам. Да таго ж меркаванне аб тым, што выпускнiкам давядзецца засвоiць за год двухгадовую школьную праграму, не адпавядае рэчаiснасцi. Хто сказаў, што праграма двухгадовая? Яна зроблена пад выпускнiка 2009 года. Няма анiякай двухгадовасцi, яна разлiчана на год. Iншая справа, што аўтары-распрацоўшчыкi пазбавiлiся ад празмернай дэталiзацыi, знайшлi аптымальныя варыянты падачы вучэбнага матэрыялу, неабходнага i для iспытаў, i для паступлення ў ВНУ, i для атрымання будучай прафесii. — Бадай, самым непапулярным сярод бацькоўскай грамадскасцi стала рашэнне аб адмене дыферэнцыяцыi навучання. Не зусiм зразумела, як дзецi, якiя вывучалi той цi iншы прадмет на павышаным i паглыбленым узроўнях, змогуць перайсцi на базавы ўзровень, калi яны даўно пайшлi наперад... — Профiльнага навучання на старшай ступенi школы i сапраўды не будзе. Але дыферэнцыяцыя навучання ў школе застаецца, i яшчэ якая! Для гэтага i былi ўведзены факультатыўныя заняткi: калi вы адчуваеце, што ваша дзiця пайшло далей за базавыя веды, аддайце яго на факультатыў. Нiхто не будзе вяртаць дзяцей на базавы ўзровень. Вучнi ў сваiм спасцiжэннi ведаў будуць iсцi толькi наперад. А факультатывы дазволяць скласцi для кожнага вучня iндывiдуальную траекторыю развiцця. У iснуючым прававым полi школы змогуць самi мадэляваць навучальны працэс, эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогii i рэсурсы, як унутраныя, так i знешнiя. Iстотна i тое, што паколькi выбар факультатыўных заняткаў ажыццяўляецца па жаданнi навучэнцаў i iх бацькоў, то праблема перагрузкi страчвае сваю актуальнасць. — Сёння перад сярэдняй школай ставiцца сур’ёзная задача — кожны выпускнiк павiнен свабодна валодаць адной з замежных моў. На вашу думку, цi можна дасягнуць пастаўленай мэты, калi на iх вывучэнне адводзiцца дзве гадзiны ў тыдзень? — Мы прывыклi разважаць па старынцы. Для таго, каб дзiця пачало размаўляць, неабходна, каб замежная мова гучала не толькi на ўроку. Арганiзуйце экскурсiю, паход, гульню, калёквiум, гутарку па-за ўрокамi, але размаўляйце з дзецьмi на замежнай мове. Скажу шчыра, што ад такога навучання будзе намнога больш карысцi. Дарэчы, падчас работы над новай канцэпцыяй вывучэння ў школе замежных моў вялася размова аб стварэннi адпаведнага моўнага асяроддзя: адкрыцця вучэбнага тэлеканала, выпуску дзiцячых фiльмаў на замежных мовах, выданнi арыгiнальных, але адаптаваных да магчымасцяў школьнiкаў дзiцячых кнiжак. Так што рэзервы ёсць... Давайце не забывацца, у якiм часе мы жывём — у стагоддзi iнфармацыйнага грамадства. Iнтэрнэт-прастора, рознага тыпу абмены навучэнцамi, працаўладкаванне — гэта тыя абставiны, якiя прымушаюць сучаснага чалавека валодаць хоць бы адной замежнай мовай. Змянiлася матывацыя навучання замежнай мове. Гэта вельмi важна, таму што раней замежная мова была ў нашай паўсядзённай практыцы "мёртвым грузам". А сёння куды нi кiнься, усюды патрэбна валоданне замежнай мовай. Без яе не можа быць нi паўнацэннага адпачынку на замежным курорце, нi службовай камандзiроўкi. Я не кажу ўжо пра інтэрнэт. Вось дзе рухавiк гэтай справы. Было б жаданне. Давайце ўзгадаем нядаўняе мiнулае: у пачатковай школе замежная мова ўвогуле не выкладалася. I яшчэ адна немалаважная акалiчнасць. Вывучэнне замежнай мовы пасля заканчэння школы працягваецца таксама i ў ВНУ. У iншых краiнах такой практыкi няма. Таму мяркую, што прычын для хваляванняў няма. Усё будзе залежаць ад уласных старанняў. — Аляксандр Мiхайлавiч, многiя выкладчыкi ВНУ адзначаюць знiжэнне агульнага ўзроўню матэматычнай падрыхтоўкi выпускнiкоў. А вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання па фiзiцы i матэматыцы i ўвогуле наводзяць на сумныя думкi: кожны трэцi абiтурыент не ведае, як вызначыць плошчу пакоя... Магчыма, у адукацыйных тэхналогiях трэба штосьцi змяняць цi дабаўляць гадзiны на вывучэнне гэтых прадметаў? — Вось тут вы маеце рацыю. Аналiз вынiкаў цэнтралiзаванага тэсцiравання прымушае задумацца. З аднаго боку, нас зусiм не радуюць вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання многiх нашых выпускнiкоў, але з iншага, менавiта на тэсцiраваннi па матэматыцы кожны год рэгiструецца самая вялiкая колькасць 100-бальных вынiкаў. Да таго ж нашы школьнiкi i студэнты проста блiскуча выступаюць на мiжнародных школьных i студэнцкiх матэматычных алiмпiядах. Мiж iншым, цэнтралiзаванае тэсцiраванне — гэта не iспыт за школу, а ўступнае выпрабаванне, якое разлiчана на адбор навучэнцаў для ВНУ i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Заробленыя балы на ЦТ i складаюць рэйтынг навучэнца. Але мы бачым акрэсленую вамi праблему, таму пачынаючы з наступнага навучальнага года агульнаадукацыйныя ўстановы будуць паступова пераходзiць на вывучэнне матэматыкi i фiзiкi па вучэбных праграмах, дапрацаваных сумесна з Акадэмiяй навук Беларусi i Вышэйшай атэстацыйнай камiсiяй. — У савецкай школе гiсторыя Беларусi доўгi час была дадаткам да агульнай гiсторыi, i на яе вывучэнне адводзiлiся лiчаныя гадзiны. Таму ў школьнiкаў складвалася ўражанне аб другасортнасцi гэтых ведаў. Цяпер замест вучэбных прадметаў "Сусветная гiсторыя" i "Гiсторыя Беларусi" ў беларускiя школы зноў вяртаецца iнтэграваны курс "Гiсторыя". Цi будзе адменены абавязковы экзамен па "Гiсторыi Беларусi" за курс базавай школы i наколькi скароцiцца час, адведзены на яе вывучэнне? — Аналогii з савецкiм часам не зусiм дарэчныя. I пра якi iнтэграваны курс iдзе размова? Ва ўсiх тыпах агульнаадукацыйных устаноў пачынаючы з гэтага года сусветная гiсторыя i гiсторыя Беларусi будуць вывучацца паслядоўна: у першым паўгоддзi — сусветная гiсторыя, а ў другiм паўгоддзi — гiсторыя Беларусi. Да таго ж у кожным класе навучэнцам за год будуць выстаўляцца асобна дзве адзнакi: па сусветнай гiсторыi i па гiсторыi Беларусi. У адпаведнасцi з Адзiным тыпавым вучэбным планам для агульнаадукацыйных устаноў сусветная гiсторыя i гiсторыя Беларусi з 5-га па 11-га клас будуць вывучацца ў аб’ёме 490 гадзiн. Пачынаючы з 6-га класа на вывучэнне сусветнай гiсторыi i гiсторыi Беларусi будзе адводзiцца аднолькавая колькасць гадзiн у кожным класе. Хачу запэўнiць таксама, што адмяняць абавязковы экзамен па гiсторыi Беларусi на выхадзе з базавай школы мы не плануем. — А з чым звязана вяртанне ў школу такога прадмета, як "Чарчэнне"? — Гэта пытанне было набалелым i выклiкала шмат дыскусiй. Пасля адмены чарчэння ў 12-годцы даводзiлася чуць шмат папрокаў. Выкладчыкi тэхнiчных ВНУ даўно сiгналiзавалi, што ў моладзi, якая паступае на тэхнiчныя спецыяльнасцi, зусiм не развiта прасторавае мысленне. Напрыклад, у БНТУ экзамен па iнжынернай графiцы з першай спробы здавалi толькi 60 працэнтаў студэнтаў. Але вяртанне чарчэння ў школу не азначае, што яно павiнна выкладацца , як у мiнулым стагоддзi. Вельмi змянiўся час. Камп’ютар далучае нас да iншай графiкi. Чарчэнне як прадмет мае вялiкiя магчымасцi. Гэта i прасторавае бачанне свету, i развiццё ўяўнага мыслення, аб’ёмнага погляду на навакольныя рэчы. Думаю, у спалучэннi з сучаснай графiкай чарчэнне стане цiкавым заняткам для маладых людзей i дапаможа iм прасцей адаптавацца да вывучэння тэхнiчных дысцыплiн у сярэднiх спецыяльных i вышэйшых навучальных установах.... — Аляксандр Мiхайлавiч, не сакрэт, што сучасныя дзецi зусiм развучылiся чытаць. Свае думкi многiя з iх таксама выкладаюць з вялiкiмi цяжкасцямi. Мiж iншым, у савецкiя часы мы вельмi ганарылiся сваёй начытанасцю. На ваш погляд, цi можа сучасная школа вярнуць павагу да кнiг? Магчыма, ёсць сэнс вярнуць у школу выпускны экзамен у форме сачынення? — З вашага дазволу крышачку папраўлю вас. Сучасныя дзецi мала чытаюць кнiг... класiкаў. А тое, што яны зусiм развучылiся чытаць, гэта няпраўда. Глядзiш, зусiм яшчэ немаўля, а лезе ў камп’ютар i там вучыцца чытаць. Не ўмее гаварыць, а адпаведныя кнопкi нацiскае. Нашы дзецi ўдасканальваюць сваё чытанне праз камп’ютар. Сёння можна ўбачыць маладога чалавека не з кнiгай, а з ноўтбукам. Iнфармацыйныя тэхналогii маланкава ўварвалiся ў наша жыццё. Часам мы ўпiкаем моладзь — не выпiсвае газеты, не купляе кнiжак. Але яна выбiрае больш зручны шлях да напiсанага. I пiша сама. Сёння амаль кожны студэнт удзельнiчае ў форумах, чатах, мае свае блогi. Мера начытанасцi моладзi не зменшылася, а значна пашырылася. Толькi стала iншай. I наўрад цi ўвядзенне выпускнога экзамену па лiтаратуры ў форме сачынення можа кардынальна штосьцi змянiць. Калi раней масавымi тыражамi выходзiлi кнiгi накшталт "100, 250 цi нават 500 залатых сачыненняў", то цяпер усё гэта рынула ў iнтэрнэт. Бяры любую загатоўку — i пiшы сачыненне. Мяняецца мысленне i разам з iм i стаўленне да лiтаратуры. Яно становiцца больш свядомым. Задачай славеснiкаў i ёсць развiццё гэтай свядомасцi. Хоць не толькi iх. Гэта наша агульная задача. — А колькi ўвогуле часу будзе адводзiцца ў 11-гадовай школе на вывучэнне гуманiтарных, прыродазнаўчых дысцыплiн i на заняткi фiзкультурай i спортам? Чым было выклiкана рашэнне скарацiць колькасць заняткаў фiзкультурай з трох да двух урокаў у тыдзень? — Перад намi стаяла няпростая задача: з аднаго боку — лiквiдаваць перагрузку, а з iншага — захаваць дастаткова высокi ўзровень ведаў нашых дзяцей. Пасля правядзення ўнiфiкацыi вучэбных планаў абавязковая вучэбная нагрузка базавага ўзроўню была скарочана ў сярэднiм на 15 працэнтаў, а ў 10—11-х класах — на 20 працэнтаў. Далей апускаць планку, мы лiчым, ужо нельга. Адзiны тыпавы вучэбны план для агульнаадукацыйных устаноў з 11-гадовым тэрмiнам навучання прадугледжвае скарачэнне вучэбных гадзiн не толькi па фiзiчнай культуры. На 4 гадзiны быў скарочаны аб’ём вывучэння матэматыкi, на 3 гадзiны — грамадазнаўства, замежнай мовы i музыкi, на 1 гадзiну — фiзiкi, гiсторыi, геаграфii, выяўленчага мастацтва. Вучэбны прадмет "Айчынная i сусветная мастацкая культура" ўвогуле быў выключаны, яго змест будзе закладзены ў прадметах гуманiтарнага цыкла i факультатывах. Такiм чынам, аб’ём абавязковай вучэбнай нагрузкi па ўсiх класах быў зменшаны на 32 вучэбныя гадзiны. Кампенсаваць дзецям страчаную гадзiну фiзiчнай культуры школы могуць у шосты школьны дзень. Да таго ж любая школа мае права размеркаваць любую колькасць гадзiн на правядзенне работы па фiзiчным выхаваннi за кошт гадзiн факультатыўных заняткаў. Я хачу падкрэслiць, што мы не проста скарацiлi гадзiны, а вылучылi самае галоўнае, пакiнулi адукацыйнае ядро кожнага вучэбнага прадмета. Важным момантам з’яўляецца i тое, што вучэбныя праграмы на гэты раз пабудаваны па лiнейным прынцыпе, што дазволiла пазбавiцца дублiравання, зрабiць праграму даступнай i пасiльнай для кожнага вучня. Цяпер прасочваецца сiстэмнасць у пабудове курсаў па ўсiх адукацыйных галiнах, зменшаны аб’ём i складанасць матэрыялу, выключаны яго апiсальны характар, залiшак фактуры i дэталiзацыя. Частка вучэбнага матэрыялу перанесена на практычны ўзровень, гэта значыць, што калi тэма вывучалася на павышаным альбо паглыбленым узроўнi, яна была перанесена на рашэнне задач, практыкаванняў, лабараторных работ. Усе праекты вучэбных праграм праходзiлi рэцэнзаванне i абмеркаванне на прадметных секцыях, на прэзiдыуме i бюро Навукова-метадычнага савета пры Мiнiстэрстве адукацыi. У распрацоўцы новых праграм узялi ўдзел 64 дактары навук, больш як 100 кандыдатаў навук, а таксама пераможцы i лаўрэаты Рэспублiканскага конкурсу прафесiйнага майстэрства "Настаўнiк года". — Новыя вучэбныя праграмы падрыхтаваныя. А як яны стасуюцца з выдадзенымi раней падручнiкамi? Цi будуць перавыдавацца ў блiжэйшыя гады школьныя падручнiкi? Калi з’явiцца адпаведная метадычная лiтаратура для настаўнiкаў? — Выдадзеныя раней падручнiкi ў большасцi сваёй адпавядаюць новым вучэбным праграмам для 11-гадовай школы. Аднак мае месца некаторае несупадзенне падручнiка для пэўнага класа яго нумарацыi. Тлумачэннi i рэкамендацыi па карыстаннi падручнiкамi i каляндарна-тэматычным планаваннi былi змешчаны на сайтах Мiнiстэрства адукацыi, Акадэмii паслядыпломнай адукацыi i Нацыянальнага iнстытута адукацыi, апублiкаваны ў "Настаўнiцкай газеце". Дадаткова быў апублiкаваны пералiк падручнiкаў для пераходных класаў. Мы скарэктавалi план i графiк выпуску вучэбных выданняў з улiкам 11-годкi. Перавыданне школьных падручнiкаў ужо ажыццяўляецца. У першую чаргу прадугледжваецца выданне падручнiкаў па тых прадметах, якiя ўведзены ў Тыпавы вучэбны план упершыню. Паступова з улiкам тэрмiнаў фандавання будуць перавыдавацца i астатнiя падручнiкi. Органы кiравання адукацыяй на месцах атрымалi ўказанне захаваць усе падручнiкi i вучэбна-метадычную лiтаратуру, выдадзеную ў мiнулыя гады i пры неабходнасцi пераразмеркаваць вучэбную лiтаратуру па школах, раёнах i абласцях. — Не магу не закрануць пытанне правядзення прафарыентацыйнай работы ў школах. Пераважная большасць моладзi сёння зарыентавана на атрыманне вышэйшай адукацыi. Некаторыя выбiраюць сабе будучую прафесiю, зыходзячы з балаў у сертыфiкатах цэнтралiзаванага тэсцiравання, а не з уласных схiльнасцяў. Галоўнае для iх — атрымаць дыплом. Таму прафтэхустановы камплектуюцца з вялiкiмi цяжкасцямi. Цi не атрымаецца так, што праз пяць-дзесяць гадоў уладальнiкi дыпломаў з вышэйшай адукацыяй будуць выстройвацца ў чэргi ў службах занятасцi, а, скажам, Мiнскi аўтазавод цi трактарны завод будуць запрашаць у сталiцу рабочых з iншых рэгiёнаў? — Мы бачым, што прафарыентацыйная работа не заўсёды праводзiцца на якасным узроўнi i дасягае сваiх мэтаў. Я не магу пагадзiцца з дырэктарамi школ, якiя характарызуюць эфектыўнасць сваёй работы колькасцю выпускнiкоў, якiя паступiлi ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта яскравы паказчык, але не самы важны. Мне б хацелася пачуць iншую фразу: "З маiх выпускнiкоў у жыццi ўладкавалiся ўсе". А дапамагчы ў гэтым падлеткам павiнны педагогi, своечасова падказаць, якiя ёсць iншыя шляхi прафесiйнага самавызначэння. Паступленне ў ВНУ — не адзiна магчымы шлях. Большая ўвага павiнна надавацца дзейнасцi мiжшкольных вучэбна-вытворчых камбiнатаў, на базе якiх вучнi праходзяць дапрафесiйную i прафесiйную падрыхтоўку i маюць магчымасць атрымаць квалiфiкацыю рабочага цi служачага. Мы бачым, што нярэдка менавiта бацькi iмкнуцца даць свайму дзiцяцi вышэйшую цi сярэднюю спецыяльную адукацыю любой цаной, хоць бы на платнай аснове. I для iх не мае нiякага значэння, цi ёсць у iх здольнасцi да навучання, цi ёсць схiльнасць да абранай прафесii. Значыць, трэба больш працаваць з бацькамi. Увогуле вiдавочна, што ў грамадстве трэба адраджаць страчаную павагу да рабочых прафесiй. Рабочыя кадры складаюць аснову эканомiкi любой краiны — гэта павiнны ўсе разумець. Мiж iншым, сучасная вытворчасць i сучасная тэхнiка прад’яўляюць да рабочых вельмi высокiя патрабаваннi. Таму задача школы зрабiць усё, каб моладзь не разглядала прафтэхшколу як тупiк у сваёй прафесiйнай кар’еры. Трэба паказваць перавагi рабочай спецыяльнасцi. А таксама навучыць дзяцей адэкватнай самаацэнцы. — Аляксандр Мiхайлавiч, чаго чакаць выпускнiкам 2009 года? — Адразу хачу ўсiх заспакоiць: двайнога конкурсу ў ВНУ не будзе! Патлумачу чаму. Летам 2009 года 11-гадовую сярэднюю агульнаадукацыйную школу закончаць 106 тысяч 958 выпускнiкоў. Сёлета колькасць юнакоў i дзяўчат, якiя атрымалi атэстаты аб сярэдняй адукацыi, дасягнула 90 тысяч чалавек. Дзесяць гадоў таму пры пераходзе на 12-гадовае навучанне дзецi шасцi гадоў былi падзелены на два патокi: адны з iх павiнны былi закончыць школу праз 11 гадоў, iншыя — праз 12. Дык вось, наступным летам гэтыя дзецi адначасова закончаць 11-гадовую агульнаадукацыйную школу. Для будучых выпускнiкоў ужо падрыхтаваны вучэбныя праграмы, якiя дазволяць iм у гэтым навучальным годзе без праблем завяршыць навучанне ў сярэдняй школе, здаць летнiя экзамены i атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыi. Дарэчы, для гэтай катэгорыi школьнiкаў вучэбныя заняткi могуць быць арганiзаваны ў рэжыме шасцiдзённага вучэбнага тыдня. Увогуле ж нашы спецыялiсты распрацавалi школьныя вучэбныя праграмы такiм чынам, каб абодва патокi да заканчэння вучобы выраўнялiся. Надзея НIКАЛАЕВА. Фота Марыны Бегунковай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1 верасня беларуская школа зноў стане адзiнаццацiгадовай. Праўда, дзесяты клас у новым навучальным годзе з агульнай нумарацыi часова выпадзе. У 9-х
|
|