ДАРОГА, ЯКАЯ ЯДНАЕ
ДАРОГА, ЯКАЯ ЯДНАЕ
Дарога... Якую шырокую шматзначнасць мае гэта слова! У iм рух, прысутнасць часу, накiраванасць, а калi зважаць на тое, што навокал, то i адлюстраванне самога жыцця. Жыцця пераменлiвага, але вечнага. Такая выснова напрасiлася, калi нашу экспедыцыю сустракалi на мяжы Мастоўскага раёна i ўдзельнiца экспедыцыi Святлана Дзяйко з Нацыянальнага iнстытута адукацыi, адказваючы на прывiтанне мясцовых жыхароў, прачытала наступныя радкi: Паводле высноў мудраца, Ўсё кончыцца позна цi рана — I толькi дарозе да Храма Нiколi не будзе канца. "Дарога да Святыняў" з дабратворным агнём ад Гроба Гасподняга — такую назву вось ужо пятнаццаць гадоў нясе наша навукова-асветнiцкая экспедыцыя, праходзячы праз гарады i вёскi, iдучы па палях i лясных сцежках, прыпыняючыся дзеля сустрэч з месцiчамi, дзеля сумоўя i агульнай малiтвы. Усюдна наперадзе экспедыцыi ахiнутая вышыванымi ручнiкамi цудатворная Загор’е-Сталавiцкая iкона Пакрову Прасвятой Багародзiцы i вырабленая лепшымi беларускiмi майстрамi лампада з агнём, запаленым у Iерусалiме каля Гроба Гасподняга. Вось i сёлета экспедыцыя накiравалася па чарговым маршруце, згодна з якiм належала пабываць у Баранавiцкiм, Зэль- венскiм, Мастоўскiм, Шчучынскiм, Дзятлаўскiм, Карэлiцкiм, Валожынскiм, Смалявiцкiм, Барысаўскiм раёнах i прыбыць на штогадовае свята — Дзень беларускага пiсьменства. Удзельнiкаў экспедыцыi чакалi ў школах i бiблiятэках, у iнтэрнатах i аздараўленчых установах, чакалi вернiкi ў цэрквах i манастырах. Увогуле, сустрэць i паслухаць любога з удзельнiкаў гэтага шматдзённага паломнiцтва было цiкава i карысна. Вось, напрыклад, з кароткiх лекцый доктара гiстарычных навук, археолага Пятра Лысенкi слухачы дазнавалiся, як выглядала iх мясцовасць шмат стагоддзяў таму. Народная артыстка Беларусi Марыя Захарэвiч расчыняла ўмоўную тэатральную заслону — чаравала ўсiх вершамi Купалы, Коласа, Танка. Пра нашу моўную спадчыну гаварыў член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэмii навук, доктар фiлалагiчных навук Сцяпан Лаўшук. Свае вершы чытаў лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi паэт Генадзь Пашкоў, кiраўнiк экспедыцыi лаўрэат Нацыянальнай прэмii "За духоўнае адраджэнне" пiсьменнiца Нiна Загорская... Але найбольшую ўвагу любой аўдыторыi прыцягваў кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры Тэалагiчнага iнстытута БДУ мiтрафорны протаiерэй Сергiй Гардун. Ад яго прысутныя чулi невядомыя шырокай аўдыторыi факты з гiсторыi царквы, яго выступленнi, падобныя на пранiкнёныя пропаведзi, прымушалi да роздуму, да асэнсавання па законах вечных хрысцiянскiх каштоўнасцяў. Да таго ж у руках святара заўжды свяцiлася лампада, запаленая ад Гроба Гасподняга — гэта ён быў галоўным захавальнiкам Дабратворнага агню, якi ўсюдна пераходзiў на свечкi храмаў i прыхаджан. Дзе б нi праходзiў маршрут экспедыцыi, усюды сустрэчы набывалi форму дыялогу — месцiчы дапаўнялi навукоўцаў сваiмi меркаваннямi, дзялiлiся роздумам. Так, у Шчучынскай дзяржаўнай гiмназii мы пачулi, як дзейнiчае дзiцячае навуковае таварыства — прадметамi доследаў сталi пераклады твораў Янкi Купалы на iншыя мовы, гiсторыя стварэння Крыжа Ефрасiннi Полацкай, праваслаўнае дойлiдства ў навакольных вёсках. Навуковыя работы некаторых вучняў названы лепшымi ў рэспублiцы. А ў школе вёскi Астрыно з цiкавасцю паслухалi школьнiкаў — экскурсаводаў музея класiка айчыннай лiтаратуры Алаiзы Пашкевiч (Цёткi). Музей (на жаль, адзiны ў рэспублiцы) створаны самiмi вучнямi i настаўнiкамi, таму з такой цiкавасцю сустракалi тут удзельнiцу экспедыцыi, кандыдата фiлалагiчных навук, даследчыцу творчасцi Цёткi, пiсьменнiцу Валянцiну Коўтун. Прыгадваючы мiнулыя чатырнаццаць экспедыцый, можна назваць лiчбы, якiя ўражваюць. За гэты час экспедыцыя праехала пятнаццаць тысяч кiламетраў, разам з Хрэсным ходам прайшлi больш за адзiн мiльён чалавек, на яе шляху засталiся ўзведзеныя каплiцы i Крыжы-абярэгi, каля тысячы грамадскiх устаноў i храмаў асвечаны Дабратворным агнём. Але самым галоўным здабыткам гэтай штогадовай навукова-асветнiцкай акцыi з’яўляецца яе зблiжальны ўплыў на хрысцiянскiя канфесii, якiя здаўна iснуюць на Беларусi. Так, напрыклад, сярод насельнiцтва невялiчкага пасёлка Жалудок вернiкаў-католiкаў больш, чым праваслаўных, але сустракаць лампаду з Дабратворным агнём яны сабралiся разам. Старшыня мясцовага Савета Генадзь Цiвiнскi зазначыў, што да такой святочнай падзеi рыхтавалiся ўсёй вясковай грамадой: добраўпарадкоўвалi плошчу i сквер, падрыхтоўвалi для гасцей лёгкi пачастунак з мясцовых садоў. Прыкладам у агульных намаганнях былi дружныя мiж сабой мясцовыя праваслаўны i каталiцкi святары. Па традыцыi, якая iснуе ўжо шмат гадоў, удзельнiкi экспедыцыi ўсюды па сваiм шляху садзiлi маладыя дрэўцы — часцiнкi агульнабеларускага Саду Малiтвы. У Барысаве, дзе адбылося свята Дня беларускага пiсьменства, каранi маладых дрэўцаў леглi ў зямлю, прывезеную з усiх гарадоў, вёсак, манастыроў, дзе сёлета пабывала лампада з Дабратворным агнём. Сёлета да назвы экспедыцыi дабавiлася новае слова МIЖНАРОДНАЯ, i гэта таксама мае шырокую шматзначнасць. Не толькi таму, што працаваць у ёй выказалi жаданне садоўнiк маскоўскага Свята-Данiлава манастыра Галiна Светава, маскоўскi кiнасцэнарыст Васiль Яцкiн, украiнскiя пiсьменнiкi Барыс Алейнiк i Восiп Струцюк, доктар тэхнiчных навук, святар з Валгаграда Аляксандр Палавiнкiн i шмат хто яшчэ. Высокая аб’яднальная мiсiя экспедыцыi "Дарога да Святыняў" павернута да людзей розных канфесiй. Гэта дарога, па якой можна iсцi дзеля агульнай згоды, дзеля нашай агульнай гiстарычнай спадчыны. Яўген Пясецкi, удзельнiк штогадовых экспедыцый "Дарога да Святыняў".
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дарога... Якую шырокую шматзначнасць мае гэта слова! У iм рух, прысутнасць часу, накiраванасць, а калi зважаць на тое, што навокал, то i адлюстраванне |
|