21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пятля

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пятля

Прыехаў знаёмы, стараваты ўжо вясковы дзядок, на кiрмаш, зайшоўся пагаварыць. Вёсачка ў iх невялiкая, пару мужчын пенсiйнага ўзросту, астатнiя — бабулi. Конь ды тры каровы з буйной жывёлы. А вось курэй хапае. Ды бяда — вёсачка лясная, павадзiлiся шашкi, i нiякай iм рады. Бывала, за ноч у якой бабулi i з дзесятак курэй пакладуць. "Адратавалiся толькi петлямi, — расказваў стары, — ставiў iх на тых дарожках, дзе бачыў сляды звяркоў. Траплялiся. Цяпер нi iх, нi слядоў няма".

Шашок — невялiкi драпежны звярок з сямейства куневых. Мае каштоўны мех. Яшчэ больш каштоўны ён у кунiц. Нездарма ж у старажытнай Русi была куна — грашовая i лiкавая адзiнка, звязаная менавiта з футрам кунiцы, якое ў ранняе сярэднявечча з’яўлялася адной з асноўных менавых адзiнак. А сам шашок вельмi шкодны для вясковай гаспадаркi звярок. Ды што вясковай. У шасцiдзесятыя гады быў уладзiўся ён i ў бацькоўскi хлеў у райцэнтры, дзе мы жылi. Шмат курэй перавёў. Лавiў бацька яго i капканам, ды эфектыўнай аказалася пятля з тонкага i гнуткага, але надзейнага дроту.

Такое прыстасаванне з петляў для лоўлi птушак i дробных жывёлiн называюць яшчэ сiлом цi сiлком. Вось як апiсвае Мiкола Хведаровiч лоўлю птушак:

З сухое лапушыны

Зрабiў свiсток такi,

Што голасам птушыным

Iх вабiць на сiлкi.

Сiло ў беларускай мове мае i пераноснае значэнне: тое, што пазбаўляе волi, нейкая пастка. У Алеся Дудара:

Балот гнiлых сiло

Нам болей пагражаць не стане.

I ўсё-такi найбольш распаўсюджана ў нас пятля, слова, якое мае шмат — акрамя ўзгаданых, паляўнiчых — значэнняў.

Часцей i гарчэй, вядома ж, успомнiцца пры гэтым пра пятлю, якая падрыхтавана катам для чалавека, а то i самiм чалавекам для сябе. 22 сакавiка 1864 года гераiчна загiнуў на царскай шыбенiцы ў Вiльнi гонар i гордасць беларускага народа на стагоддзi Кастусь Калiноўскi. Увогуле, шыбенiца, пятля ў гэтым сэнсе моцна прысутнiчае ў лiтаратуры. У Максiма Танка:

Песня твая прапета,

Пятлю цi кулю сам выбiрай!..

А ў Пiмена Панчанкi:

I апошняю куляй, што да ўласнага сэрца прымерана,

Я фашыста яшчэ аднаго у зямлю заганю,

I, стрымаўшы салдацкую клятву на вернасць,

Сваё цела аддам i пятлi, i свiнцу, i агню.

I ўвогуле, як тут не ўзгадаць радок з Песнi Уладзiмiра Высоцкага пра паэтаў i канкрэтна пра Ясенiна:

А кто-то в петлю слазил в "Англетере".

Хоць, як цяпер даводзяць многiя даследчыкi, у смерцi Ясенiна больш невядомага, i далёка не факт, што сам паэт выбраў сабе такi падрахунак жыцця.

Некалi раней пятлю беларусы называлi пятальгай.

Чамусьцi вельмi слаба арыентуюся ў лесе. Таму ў грыбы нiколi не iду адзiн, выбiраю з грамады самага вопытнага для лесу чалавека i стараюся трымаць яго пастаянна ў полi зроку. Тут ужо не да грыбоў, асаблiва калi кругом гушчар. Ды i збiраю я iх няўмела. Але цешу сябе тым, што паветрам падыхаю i не зблуджу. А некалькi разоў i з вопытнымi лесавiкамi даводзiлася паблудзiць, панаразаць петлi. Быў такi выпадак у Нарачанскiм лесе, калi там яшчэ не ўтварылi Нацыянальны парк. Прыехала туды грамада на невялiкiм аўтобусе. Разышлiся, дамовiўшыся аб часе сустрэчы. Прытулiўся я да маладзейшага знаёмага, заядлага грыбнiка. Ну i папятлялi ж мы! Лес вялiкi, малазнаёмы i яму, а мне дык зусiм. Хмарна. Нам ужо i гукалi, i сiгналiлi. Але мы не чулi. Зарыентавалiся толькi, як выбiлiся на шашу вакол возера Нарач. Тут пад вечар ужо i падабраў нас аўтобус з грыбнiкамi, вельмi незадаволенымi такой затрымкай.

Пятляе заяц, калi ўцякае ад пагонi. Наразае кругi, пераскоквае, блытае свае сляды.

Летнiм вечарам сядзiш дзе-небудзь на верандзе ля лямпы. А вакол яе лётаюць, апiсваюць iмклiвыя петлi матылi.

Пятляе палявая цi лясная дарога, сцяжына ў адрозненне ад стромкай шашы.

Зрабiць пятлю можа i рака. З "Угрум-ракi" Шышкова. Малады Прохар Громаў з двума спадарожнiкамi сплаўляецца па сiбiрскай суровай рацэ. У адным месцы праваднiк кажа, што адсюль пачынаецца вялiкая рачная пятля, цэлы дзень будуць плысцi, а вечарам апынуцца толькi за кiламетр адсюль. I Прохар, захапiўшы ружжо, вырашае прайсцiся па тайзе. Праходка гэта стане пачаткам яго прарочых сустрэч, сноў, пачаткам яго канца.

Пятля — гэта i рух лятальнага апарата па замкнутай крывой лiнii, у час якога лётчык у поўны момант аказваецца ўнiз галавой. Такую пятлю называюць яшчэ "мёртвай пятлёй". А з’явiлася ў вышэйшым пiлатажы лётчыкаў яна як "Пятля Несцерава". Быў у царскай Расii такi славуты лётчык, штабс-капiтан. (Паглядзеў па энцыклапедыi — Пётр Мiкалаевiч). Пражыў усяго дваццаць сем гадоў). Вось у 1913 годзе ён упершыню i выканаў на сваiм самалёце "мёртвую пятлю". А загiнуў у 1914 годзе, на Першай iмперыялiстычнай вайне гераiчна, зноў жа першым прымянiўшы паветраны таран.

Спецыяльна завязаныя петлi шырока прымяняюцца ў армii, асаблiва на флоце. Помнiце расiйскi фiльм "Процiстаянне". Там перад работнiкамi мiлiцыi стаiць задача знайсцi жорсткага забойцу, якi расчлененая цела ахвяры выкiнуў у мяшку на ўзбочыну аўтадарогi. I першым штуршком для працяглага, але паспяховага расследавання паслужыла тое, што было выяўлена: мяшок завязаны такiм вузлом (вузел месца, дзе звязаны канцы чаго-небудзь або зацягнута пятля на чым-небудзь), якiм у час вайны карысталiся нямецкiя дэсантнiкi.

Жанчына сядзiць за вязаннем i нанiзвае на шпiлькi петлi пражы. Хоць, як кажуць, такi занятак супакойвае i мужчын.

Пятля — гэта i праразная адтулiна ў адзеннi для яго зашпiльвання. Як у дзяцiнстве мучылiся мы з тугiмi петлямi ў новай адзежы i вялiкiмi, часам нават драўлянымi гузiкамi. Сёння гузiк сустраецца значна радзей — кнопкi, "маланкi".

Ды i веснiцы, дзверы вiсяць на петлях — дзве металiчныя планкi на шарнiры. I калi па нядбайнасцi альбо спецыяльна — каб чуць любога госця — гаспадар не змазвае iх, то калi яны адчыняюцца, петлi падаюць голас. I ў кожнай ён своеасаблiвы, непадобны на iншыя.

I яшчэ два ўспамiны дзяцiнства, звязаныя з петлямi.

Сонечны ранак, цёпла, самы пераход ад вясны да лета. Наша рэчка яшчэ ў разлiве, затапiла сенажацi. Але вады на траве зусiм няшмат: дзе толькi вышэй ступака бродаеш, дзе па калена. I цёплая-цёплая, нiбы яе хто спецыяльна падаграваў. На такую ваду, на траву выходзiць з рэчкi рыба. Зразумела ж, сюды i хлапцы, лавiць яе. Драбяза, шэрань ловiцца марляй. А вось невялiкiх шчупачкоў, ножычкаў, як мы iх называлi, ловяць пятлёй. На канцы вуды робiцца пятля. Знайшоў такога ножычка, падвёў леску, заслiзнуў пятлю — гатова. Услед за большымi хлапцамi цягнемся i мы, драбяза, вучнi пачатковых класаў. Просiм старэйшых змайстраваць петлi на вудах i нам. Цiкавы занятак. Падвесцi пятлю так, каб не спудзiць шчупачка, а потым заслiзгваць леску, адчуваючы меру: недацiснуў — вырвецца рыба. А замоцна таргануў — можна таго ножыка i напалову перарэзаць.

Лавiлi мы петлямi i птушак каля сваiх хат. Накрошыш хлеба, чаго iншага на такую пятлю, а саму пятлю прывяжаш да калка. Наляцiць птушка, клюе. Тут яе i пужаеш — нейкая ў пятлю i трапляе. Калi мы вучылiся ў сярэднiх класах — стала чамусьцi модным на першамайскай дэманстрацыi ў райцэнтры выпускаць са скрынак галубоў. А як жа iх сабраць у гэту скрынку? Спрабавалi лавiць петлямi — цяжка, рэдка трапляе галубок. Тады нехта з дарослых падказаў. I сталi мы перад першамайскiмi святамi ноччу залазiць пад купал зачыненага тады касцёла. Пасвецiш лiхтарыкам — мiрна сядзяць чародкi галубоў. Бяры i кладзi ў мех. Сёння разумею, што тагачасны павеў з галубамi быў ад галоўнага лозунга свята "Май. Мiр. Праца". У прагрэсiўнага Пабла Пiкасо была ўжо тады славутая карцiна "Голуб мiру". Але, здаецца, такi сiмвалiчны галубок сягае ў часе значна глыбей. Цi не голуб прынёс у дзюбе Ною i яго спадарожнiкам на гару Арарат галiнку пальмы, паведамiўшы, што сусветны Патоп закончыўся?

Але жыццё чалавека складвалася так, што найбольш магчымая асацыяцыя са словам "пятля" — у яго зусiм не паляўнiчая. Вось толькi некалькi устойлiвых выразаў з беларускага фальклору.

Лезцi ў пятлю.

Усунуць галаву ў пятлю.

Хоць у пятлю лезь.

Шукаць пятлю на шыю.

Але не будзем так сумна, звернемся да вузла. Ён мае таксама шмат значэнняў. Гэта складаны, драматычны збег абставiнаў. I разам з тым чыгуначны вузел, энергетычны вузел. Гэта i патоўшчаная частка сцябла з парасткамi або лiсцем. I разам з тым вiд прычоскi на галаве. А таксама скапленне нервовых клетак. Але ж гэта i звычайны клунак.

Ад старажытных рымлян прыйшло да нас: рассячы гордзiеў вузел.

Некалi верш пачаў я так:

Ат, якое пiва ў Маладзечне,

Дзе чыгунка i аўтавакзал.

Хто бываў тут, той сабе, канешне,

Вузялок на памяць завязаў.

Алесь Касцень.

г. Поставы.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыехаў знаёмы, стараваты ўжо вясковы дзядок, на кiрмаш, зайшоўся пагаварыць. Вёсачка ў iх невялiкая, пару мужчын пенсiйнага ўзросту, астатнiя — бабул
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика