Нязручнасці — часовыя. Абы транспартныя праблемы былi вырашаны
Нязручнасці — часовыя. Абы транспартныя праблемы былi вырашаны
Як запэўнiваюць сталiчныя ўлады, нарэшце наблiжаецца да завяршэння рэканструкцыя перасадачнага вузла метрапалiтэна. Гаварыць, што многiя жыхары горада не могуць дачакацца гэтай падзеi — значыць, амаль нiчога не сказаць... У той жа час у Мiнску вядзецца рамонт i рэканструкцыя шэрагу вулiц. Даводзiцца зноў жа цярпець часовыя нязручнасцi, спадзеючыся на далейшае вырашэнне "транспартнай праблемы". Наколькi моцна вас закранаюць гэтыя работы? На ваш погляд, наколькi яны дазволяць палепшыць сiтуацыю з транспартным забеспячэннем? Цi ёсць у вас нейкiя заўвагi, прапановы? Галiна Гатоўка, галоўны спецыялiст упраўлення тэхнiчнага нармавання i стандартызацыi Дзяржстандарта: — Мне вельмi падабаецца, як змяняюцца, добраўпарадкоўваюцца нашы вулiцы. Не падабаецца толькi, як у гэтых месцах арганiзаваны рух грамадскага транспарту, хоць я i разумею, што такiя нязручнасцi — часовыя. У прыватнасцi, зараз тралейбусы № 33 i 55, якiя iдуць з Альшэўскага на праспект Пушкiна, даводзiцца чакаць. Вiны самiх транспартнiкаў, напэўна, у тым няма: тралейбусам цяжка вырульваць у сувязi з работамi, што тут праводзяцца. Але вось сёння за час чакання на прыпынку тралейбуса да яго падышлi ажно чатыры доўгiя аўтобусы № 168! Думаю, ДАІ магло б рэгуляваць у такiх месцах рух. Галiна Грачова, юрыст ААТ "Белсувязьбуд": — Я не карыстаюся даўно нi метро, нi iншым грамадскiм транспартам, таму названая вамi сiтуацыя мяне практычна не закранае. Проста я жыву за горадам у такiм месцы — у Калодзiшчах, што там без асабiстага аўтамабiля проста нельга (смяецца). Ну яшчэ зрэдку магу скарыстацца паслугамi таксi. Святлана Макарэвiч, загадчык гарадской спецыяльнай бiблiятэкi для сляпых: — Ведаеце, нiякiх асаблiвых праблем да апошняга часу ў мяне не ўзнiкала, працай грамадскага транспарту я задаволена. Праўда, у сувязi з рэканструкцыяй моста на Кальварыйскай на нашым цiхiм завулку яго стала занадта шмат. Юрый Пiўчанкоў, iнжынер II катэгорыi ТАА "Мачта": — Дадатковы эскалатар, што ўстанаўлiваюць на станцыi метро, упэўнены на ўсе сто працэнтаў, дазволiць вырашыць праблему на перасадачным вузле. Але сама рэканструкцыя, што зацягнулася дагэтуль, — гэта праблема для ўсяго горада. З верасня пайшлi студэнты, школьнiкi — вы паглядзiце, што робiцца, асаблiва ранiцай?! Вы будзеце пiсаць пра гэта? Тады я праз вас выкажу просьбу да гарадскiх уладаў. Па Маскоўскай лiнii метро ходзяць саставы з пяцi вагонаў, а вось ад "Каменнай Горкi" — толькi з чатырох. Чаму? Пасля ўводу ў эксплуатацыю гэтай канцавой станцыi пасажыраў у "падземцы" стала значна больш i пяты вагон тут проста неабходны. Калi не было сродкаў на iх набыццё, лiчу, iх павiнен даць гарадскi бюджэт. Уладзiмiр Чарнашэвiч, дырэктар агенцтва нерухомасцi "Загарадны дом": — Я практычна ўвесь час знаходжуся за рулём машыны, назiраю сiтуацыю на сталiчных дарогах з-за лабавога шкла легкавiка, таму, карыстаючыся выпадкам, хачу паставiць пытанне аб пераносе знакаў пешаходнага перахода з тых участкаў, дзе яны, на мой погляд, не патрэбны. У прыватнасцi, памiж вулiцамi Сурганава i Бяды. Таму ж пешаходу ў мэтах уласнай бяспекi лепш прайсцi сто метраў да падземнага перахода, дык не — ён кiдаецца лiтаральна пад колы машын. А калi яшчэ ўздоўж дарогi нехта паставiў фуру, ён увогуле нiчога не бачыць. Вось толькi на гэтым участку штомесяц я бачу i чую гукi мiнiмум пяцi аварый. ДАI павiнна звярнуць увагу i прыбраць знакi пешаходнага перахода з месцаў, дзе яны не патрэбны. Алеся Каранеўская, спецыялiст аддзела ўлiку аперацый фiзiчных асобаў фiлiяла № 503 ААТ "ААБ Беларусбанк": — Мяне ўсе гэтыя праблемы абышлi бокам (смяецца), я не ведаю, пра што вы гаворыце. Проста ўсё, што патрэбна, знаходзiцца лiтаральна побач з домам. Багдана Казярук, начальнiк аддзела iнфармацыi Рэспублiканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю i манiторынгу навакольнага асяроддзя: — Сёлетнiя ўмовы надвор’я, у адрозненне ад сiтуацыi, скажам, дзвюх- трохгадовай даўнiны, спрыялi таму, што нiякай канцэнтрацыi шкодных рэчываў у тым лiку i ад працы грамадскага транспарту не было. Яны рассейвалiся i паветра было чыстым. А што да транспарту, то я хаджу пешшу. Дарэчы, доўгi час пераконвала сяброў з iншых краiн, што ў нас няма затораў на дарогах. А тут прыгледзелася (смяецца), высветлiлася, што ёсць!.. Сяргей СТАРЫНАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як запэўнiваюць сталiчныя ўлады, нарэшце наблiжаецца да завяршэння рэканструкцыя перасадачнага вузла метрапалiтэна. Гаварыць, што многiя жыхары горада
|
|