Узнагарода за смеласць
Узнагарода за смеласць
Лепшаму камбайнеру Магiлёўскай вобласцi няма часу, ды i ахвоты адпачываць: цяпер Анатоль Мiначкiн працуе на пагрузчыку на жывёлагадоўчым комплексе ЗАТ "Амкадор-Шклоў". Усё свядомае працоўнае жыццё, а гэта без малога 20 гадоў, 42-гадовы механiзатар адпрацаваў на гэтым самым пагрузчыку. Як прыйшоў з армii ў гаспадарку, так штодня i штогод — кармы, сена, салома, пясок, гной, а сёння сiлас... Да гэтага года нiякага дачынення да жнiва, яго праблем i радасцяў Анатоль не меў. Аднак так атрымалася, што гаспадарка прыдбала магутны камбайн "Нью-Холанд". Як гаворыць Анатоль, амаль што "монстр" з камп’ютарным кiраваннем i з 9-метровай жняяркай. Гавораць, што такi адзiн у краiне. Каштуе гэты камбайн амаль мiльён долараў, i адказнасць за такую неверагодна дарагую тэхнiку вопытныя камбайнеры на сябе ўзяць не захацелi. А Мiначкiн рызыкнуў i не прайграў. Яму выпала ўдача. — Было вельмi страшна! — весела ўзгадвае пачатак жнiва Анатоль. — Я ж, лiчы, першым разам сеў за камбайн. Хлеб не ўбiраў. Толькi аднойчы ў юнацтве працаваў памочнiкам камбайнера. А тут яшчэ такая машына! Але праз некалькi дзён прыладзiўся, i пайшоў адрэналiн. Гавораць, навiчкам заўсёды шанцуе. Але на жнiве — толькi працавiтым i ўпартым. Анатоль асвойваў сучасную ўборачную тэхнiку амаль што самастойна. Калегi занятыя, i кароткiя кансультацыi маглi даць толькi па тэлефоне. Для адаптацыi спачатку ўбiраў рапс, i толькi пасля гэтага "Нью-Холанд" пайшоў на пшанiцу, ячмень, трыцiкале. На ўсё, што вырасла на палях "Амкадор-Шклоў". — Разам з рапсам я намалацiў 6 тысяч 876 тон 640 кiлаграмаў, — без запiнкi называе вынiк свайго першага i вельмi паспяховага жнiва Мiначкiн. — Можна было болей, але ўсё скончылася. Хоць я яшчэ некалькi тыдняў папрацаваў бы! (смяецца) А калi сур’ёзна, то ў нашай гаспадарцы сёлета вырас добры ўраджай, i мы ўсе гэтым вельмi задаволеныя. Гэта пацвярджае i намеснiк дырэктара ЗАТ "Амкадор-Шклоў" Сяргей Кадушкiн. Агульны намалот гаспадаркi — больш за 16 тысяч тон. Ураджайнасць збожжавых — 82 цэнтнеры з гектара. — Летась намалот быў меншы, — гаворыць Кадушкiн. — Лепшых паказчыкаў удалося дасягнуць працай спецыялiстаў i механiзатараў. Усё своечасова пасеялi, зрабiлi падкормкi i ахову раслiн, прытрымлiвалiся тэхналогiй. Ды i мужыкi сёлета спрацавалi выдатна! Усе 8 камбайнераў гаспадаркi — "тысячнiкi" i больш за тое. Трэцяе месца ў вобласцi заняў маладзёжны экiпаж з таго ж "Амкадор-Шклоў": браты Анатоль i Пётр Сiманьковы. Іх i Анатоля Мiначкiна ўжо ўшаноўвалi на раённых "Дажынках", цяпер яны адпраўляюцца ў Оршу. — Што ж, цiкава, з’ездзiм ды паглядзiм, — кiвае галавой Мiначкiн. — Калi вы першы ў Магiлёўскай вобласцi, то, вiдаць, на "Дажынках" атрымаеце ў падзяку новенькi аўтамабiль. Будзе першы аўтамабiль у вашым жыццi! — па-беламу пазайздросцiлi суразмоўнiкi. — Ой, дзяўчаткi, а цi ж падарункi — гэта самае галоўнае? Не! Галоўнае, каб здароўе было i лад у сям’i. Анатоль — ураджэнец шклоўскiх Любiнiчаў, добры працаўнiк i сцiплы чалавек. Жонка Алена працуе ў школе i завочна заканчвае навучанне ў Магiлёўскiм дзяржаўным унiверсiтэце. Сын Арцём вучыцца ў 10-м класе i мяркуе абраць для сябе актуальную сёння i ва ўсе часiны прафесiю будаўнiка. Сям’я жыве ў невялiкай хаце, якая дасталася Анатолю ў спадчыну ад дзеда. Акуратны дамок на вясковай вулiцы пафарбаваны ў радасныя колеры, на вокнах — шклопакеты (дарэчы, першыя ва ўсiх Любiнiчах). Брамку ўпрыгожвае памятны кавалак савецкай спадчыны — серп i молат, аздобленыя чырвоным i зялёным колерамi. Хатняя гаспадарка Мiначкiных невялiкая: парася, трусы ды куры. Гордасць гаспадара — сакавiтыя грушы зiмовага гатунку. I ахоўвае ўсё гэта дабро маладая i прыгожая аўчарка Самсон. — Я за жнiво зарабiў прыстойныя грошы — недзе каля 10 мiльёнаў рублёў, — не хавае памеру заробкаў Анатоль. — Але на сваю хату выдаткоўваць грошы няма сэнсу. Хочацца ў будучым займець сучаснае i больш камфартабельнае жыллё. А грошы ў нас ёсць каму трацiць. Хутка жонка паедзе ў Магiлёў на сесiю. Сын марыць пра "круты" мабiльны тэлефон... А ён сам ужо мяркуе пра будучую ўборачную кампанiю. Ключы ад любiмага "Нью Холанда" Анатоль Мiначкiн заўсёды трымае пры сабе. — Ну што, сумаваў без мяне, прыгажун? — усмiхаецца ён, дэманструючы свайго любiмага "монстра". Камбайн цяпер адпачывае на мехдвары, яго яшчэ не паставiлi на зiмовае захоўванне. А на пыльным жоўтым баку пальцам напiсана: "Уперад! За Радзiму!" Напiсаў гэта сам Мiначкiн, калi намалацiў 5 тысяч тон збожжа i рушыў працаваць далей. Iлона Iванова, Шклоўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лепшаму камбайнеру Магiлёўскай вобласцi няма часу, ды i ахвоты адпачываць: цяпер Анатоль Мiначкiн працуе на пагрузчыку на жывёлагадоўчым комплексе ЗАТ
|
|