Каналізацыя "на халяву" Або Некаторыя нюансы местачковай маралi
Каналізацыя "на халяву" Або Некаторыя нюансы местачковай маралi
Камандзiроўка па пiсьму
У нашу газету прыйшоў лiст з Ляхавiч, пад якiм паставiлi подпiсы 14 чалавек. Людзi просяць, каб "Звязда" ва ўсiм разабралася i дапамагла. Газета ж са свайго боку заўсёды iмкнецца паспрыяць сваiм прыхiльнiкам. Усё пачалося ў 2002 годзе, калi домаўладальнiкi па завулку Усходнiм вырашылi правесцi ад сваiх дамоў каналiзацыю. Неабходна было пракласцi больш за 400 метраў трубаў, а да гэтага яшчэ i заказаць праект. У сакавiку людзi яго атрымалi, а праз месяц райвыканкам даў дазвол на правядзенне работ. Далей падзеi развiвалiся наступным чынам: трубы, люкi, муфты... людзi закупiлi за свае грошы, а яшчэ аплацiлi за раскопку вулiц i ўкладку трубаў. Работы гэтыя праводзiла ПМК-16. Траса прайшла па завулку Усходнiм, а затым выйшла на вулiцу Пушкiна i працягнулася па яе левым боку ад павароту. Гаспадары з вулiц, каля дамоў якiх праходзiла каналiзацыя, таксама ўвайшлi ў суполку, i ўсяго набралася 17 чалавек, якiя ўнеслi грошы. Напачатку пракласцi каналiзацыю хацелi жыхары i астатнiх дамоў вулiцы Пушкiна (з 24 па 47 нумар), але нечакана перадумалi цi па нейкай яшчэ прычыне не сталi ўносiць грошы i засталiся пры сваiх iнтарэсах. Адстойнiкi пры дамах — гэта неабходнасць пастаяннага адпампоўвання адходаў, а смурод i мухi даймаюць летам. Убачыўшы, што цэнтральная каналiзацыя мае вялiкiя выгоды, праз 5 гадоў да пракладзенай ўжо трасы вырашылi падключыцца i астатнiя дамы. Там таксама ўтварылася суполка з 16 чалавек. Па вулiцы каля сваiх дамоў яны праклалi трубы i падвялi трасу да каналiзацыi, якая ўжо функцыянуе i абслугоўваецца гэтыя гады тымi, хто яе праклаў. — Колькi разоў даводзiлася яе чысцiць, бо то тут, то там забiваюцца трубы. Іншым разам вылезеш — затым адмыцца цяжка, — кажа Леанiд Шкляннiк, бо яму, найчасцей даводзiлася наводзiць парадак. Каб знайсцi паразуменне, быў праведзены сход жыхароў завулка Усходняга i вулiцы Пушкiна, на якiм было вырашана, што ўрэзка ў трубу каналiзацыi адбудзецца пасля таго, як гаспадары дамоў з 24 па 47 нумар па вулiцы Пушкiна ўнясуць частку сумы, затрачанай першай суполкай на пракладку больш як 200 метраў каналiзацыi. На сходзе прысутнiчалi прадстаўнiкi раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркi i здавалася, што ўсё зразумела i будзе справядлiва. Акрамя гэтага, быў лiст i з Брэста: "Брэсцкае абласное ўпраўленне ЖКГ разглядзела Ваш зварот па пытаннi падключэння жыхароў вулiцы Пушкiна (д. 24—47) да прыватнай каналiзацыйнай сеткi... i паведамляе наступнае: падключэнне каналiзацыйнай сеткi, якая будуецца па вулiцы Пушкiна (д.24 — 47) будзе зроблена пасля ўзгаднення з усiмi зацiкаўленымi бакамi". Ген. Дырэктар БАУП "Упраўленне ЖКГ" С.А. Лабанаў. Пасля такога напамiнання з вобласцi думалася, што ўсе пытаннi знятыя. А на справе аказалася iнакш. Нехта на месцы даў каманду, i адбылося самавольнае падключэнне. Калi б такога дазволу не было, нiхто з жыхароў названых вышэй дамоў не асмелiўся б рабiць урэзку. А зараз давайце паглядзiм на маральны бок праблемы, бо тое, што адбылося на вулiцы Пушкiна не з’яўляецца выключэннем. Падобная сiтуацыя здарылася ў свой час па завулку Артылерыйскiм у Баранавiчах. Група жыхароў на свае сродкi правяла трасу газаправода, а затым, выкарыстаўшы тое, што траса перайшла на баланс Гаргаза, астатнiя падключылiся да яе бясплатна. Людзi абуралiся, але ж газаправод — не каналiзацыя i павiнен быць пад кантролем адпаведнай службы. Наконт маралi, то тут проста — за ўсё трэба плацiць. Хто тыя 17 чалавек, якiя ў 2002 годзе праклалi каналiзацыйную сетку? Амаль усе пенсiянеры, але яны без усякiх хiтрыкаў заплацiлi патрэбныя грошы i сёння спадзяюцца, што i астатнiя паступяць такiм жа чынам. Каналiзацыя па вулiцы Пушкiна — агульная для ўсёй вулiцы, i калi адны заплацiлi, то i iншыя павiнны ўнесцi сваю частку. Гэта адзiн бок праблемы, а мы паглядзiм на мараль шырэй. Мараль фармiруе мiнуўшчына народа — яго гiсторыя, культурна-бытавыя традыцыi, псiхалогiя, сацыяльна-эканамiчная сiстэма i ў пэўнай меры ўлада. Вось людзi за свае грошы пракладваюць каналiзацыю ў райцэнтры. Гэта неабходна вiтаць i падтрымлiваць. У нашым выпадку жыхары знялi з камунальнай службы раёна пэўную нагрузку — яны не толькi праклалi трубы, але i самi абслугоўвалi тую сетку. Што яшчэ хацець ад пенсiянераў? Камунгасу на такiх людзей трэба малiцца i падтрымлiваць элементарны парадак, а не займацца гульнямi. Як у нас часта робiцца? Нехта папрасiў, знайшоў падыход, а можа цешча жыве па той вулiцы i вось уся мараль... местачковая! З пакрыўджанымi ўсё зразумела — яны нават вынеслi на вулiцу праект i паказвалi, дзе тыя трубы пракладзены. А вось на вулiцы Пушкiна было цiха i пустынна. Прайшоў, i на вочы трапiлася кабета. Жанчына выслухала мяне i сказала: "А мы ўсе такiя. Кожны над сваiм рублём дрыжыць". Як бы тых грошай шкада не было, але ў магазiне за хлеб i прадукты мы вымушаныя плацiць, за газ — таксама, за водаправод, за ўзараны агарод, за.... Мiнулi часы, калi шафёр за бутэльку гарэлкi мог злiць канiстру бензiну з дзяржаўнай аўтамашыны. Цяпер за бутэльку i гаварыць нiхто не стане. Усё гэта было, але ж мы жывём у новых умовах, калi за кожную паслугу трэба разлiчвацца. Сёння ўсе непаразуменнi i разборкi ўзнiкаюць найчасцей на фiнансавай глебе. Уявiм сабе, што па завулку Усходнiм жылi б не пенсiянеры, а мужыкi, у жылах якiх цячэ гарачая кроў, то размова была б зусiм iншая. I тым не меней, у нас людзi "не ўсе такiя". Вось жа па завулку Усходнiм i па частцы вулiцы Пушкiна людзi не сталi прытрымлiвацца даволi папулярнага выслоўя "Не падманеш — не пражывеш", а ўсё зрабiлi сумленна. Але што рабiць цяпер, калi палова вулiцы падключылася да каналiзацыi "на халяву"? Пратакол сходу ёсць, i ён не выкананы. ЖКГ мае поўнае права паставiць на каналiзацыi заглушку i ўстанавiць справядлiвасць. Не пройдзе i некалькiх дзён, як гаспадары дамоў № 24—47 выплацяць тую частку грошай. А вось якая размова ў мяне атрымалася з начальнiкам Ляхавiцкага ЖКГ Аляксандрам Мядзвецкiм. — Аляксандр Яўгенавiч, вы знаёмыя з праблемай па завулку Усходнiм i вулiцы Пушкiна. А каму належыць тая каналiзацыйная сетка? — Наша памылка, што ЖКГ не ўзяла трасу на свой баланс i яна належыць першаму кааператыву (па праекце праходзiць як iндывiдуальны забудоўшчык. — заўвага Аўт.) — Камунгас гэты ўчастак на працягу гэтых пяцi гадоў абслугоўваў? — Не. Жыхары рабiлi гэта сваiмi сiламi. — Як вы думаеце, з маральнага боку такая сiтуацыя нармальная? I як можна яе выправiць? — Я быў у адпачынку, калi адбылося падключэнне i думаў, што там усё ў парадку — людзi разлiчылiся. Быў сход i тады прыйшлi да згоды... Я пастараюся сiтуацыю разрулiць i ўсё паставiць на месца. Першы кааператыў павiнен атрымаць кампенсацыю, але ў разумных межах. Па маiх разлiках, не болей, чым 400 тысяч з кожнага дома, якi падключаўся пазней. Разам з гэтым цяжка зрабiць усiх шчаслiвымi — незадаволеныя будуць. Я некалькi разоў зрабiў нацiск на тое, цi будзе праблема вырашана i чуў у адказ ад начальнiка камунгаса, што ён у сiтуацыi разбярэцца належным чынам. "Звязда" таксама на гэта спадзяецца. Сымон Свiстуновiч, Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нашу газету прыйшоў лiст з Ляхавiч, пад якiм паставiлi подпiсы 14 чалавек. Людзi просяць, каб "Звязда" ва ўсiм разабралася i дапамагла. Га
|
|