21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Вайна вайной, а жыццё iдзе...

26.08.2009 10:29 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вайна вайной, а жыццё iдзе...

Рэха публікацыi

Газета "ЗВЯЗДА" вядзе гаворку пра тую амаль забытую вайну ды пра яе наступствы. Шкада, што па волi лёсу — змены палiтыкi, улады, поглядаў, — людзi забылiся пра герояў Першай сусветнай вайны. Добра, што хоць праз 90 гадоў з дня заканчэння вайны ўспомнiлi пра тыя цяжкiя падзеi, якiя закранулi i Беларусь.

Ужо адышлi да вечнасцi сведкi Першай сусветнай, але захавалiся ў нашай памяцi расказы аднавяскоўцаў i родных, чый лёс быў непасрэдна звязаны з той вайной, у якую вельмi пацярпелi людзi эканамiчна i сацыяльна, якая парушыла людскiя лёсы, мары, а некаторым i жыццё скалечыла.

Хачу расказаць, як жылi ў часы Першай сусветнай вайны людзi маёй вёскi Янушкавiчы Валожынскага раёна. Спачатку ў вёску прыйшлi немцы, але яны з жорстка з людзьмi не абыходзiлiся, хiба што за рэдкiмi выключэннямi. Вось толькi лес дубовы — добрыя былi дубы, сапраўдныя лясныя волаты — спiлавалi. З сарака гектараў пакiнулi толькi 11 дрэў. Панарабiлi з нашых дубоў клёпак — такiх дошчачак для бочак. А частку лесу вывезлi конкай — каля Янушкавiч праходзiла чыгунка, па якой конi цягалi вагоны па рэйках.

Неўзабаве немцы былi выцесненыя з нашай тэрыторыi царскай армiяй, 10-й гвардзейскай, але да канца вайны было яшчэ далёка. У нашай вёсцы размясцiлiся казакi. Жылi яны ў вясковых хатах, былi маладыя, прыгожыя, на iх сталi заглядацца дзяўчаты, а для бацькоў паўстала цэлая праблема — як не дапусцiць кахання? Бо салдату ж няма веры ў такой адказнай справе. Папрасiлi бацькi камандзiра, каб нават на танцы казакi не прыходзiлi. Дзядуля расказваў, яму было тады гадоў 7, што аднойчы сядзеў на куце i сачыў за танцуючымi. Было ўжо за поўнач, калi з’явiлiся казакi i вельмi прыгожа танцавалi. Ды хтосьцi з бацькоў не спаў, далажыў камандзiру, той з’явiўся з нагайкай i давай казакаў сцябаць... Ды толькi зберагчы ад кахання сваiх дачок некаторым бацькам не ўдалося. У Янкi Голуба на кватэры быў салдат Ягор Шытоў, ён закахаўся ў iх дачку, прыгажуню Адольфу. І вось аднойчы Адольфа мацi прызналася, што хоча выйсцi замуж за Ягора. А мацi страх узяў — схапiла пугу i добра набiла дачку. Думала, што на гэтым усё закончылася. А вось i не! Калi бацькi заснулi, маладыя паднялiся, хуценька на каня селi, паехалi за 10 кiламетраў у Даўбенi i пабралiся шлюбам у царкве. Ну а ранiцай далажылi бацькам. Прыйшлося тым згадзiцца, але былi незадаволеныя, што Адольфа змянiла веру, перайшла на праваслаўную. А як закончылася вайна, то паехалi маладыя ажно ў Саратаў, за тысячы кiламетраў, з’явiлася ў iх дачка Марыя.

Не толькi Адольфа шукала сабе каханне сярод казакоў: другая дзяўчына з вёскi выйшла замуж за салдата ажно ў Палтаву, трэцяя — нарадзiла сына ад казака, якi пасля заканчэння вайны ўцёк...

...У гады вайны ад конкi была праведзеная чыгунка да лесу, гэта прыблiзна адзiн кiламетр да Янушкавiч, там быў склад з боепрыпасамi, высока агароджаны калючым дротам. Адсюль конкай вазiлi боепрыпасы i правiянт ажно на ракаду (так называлася прыфрантавая дарога), а там коньмi — на лiнiю фронту.

У абоз бралi людзей з коньмi, так што i мясцовае насельнiцтва, можна сказаць, таксама ўдзельнiчала ў вайне. Фронт быў ад Янушкавiч за 30 кiламетраў — гэта Бакшты, Багданава, Ластаянцы, Подберазь. Як там iрвалiся снарады, то было чутно ажно ў нас. У небе пастаянна ляталi цэпелiны — вялiкiя надзiманыя шары ўнiзе з карзiнай, дзе сядзелi немцы, якiя нават бомбу маглi кiнуць... Пару чалавек з нашай вёскi былi атручаныя газам пад Смаргонню.

Пасля вайны той склад з боепрыпасамi ўзарвалi — выбух быў вельмi страшны, а замест склада атрымалiся дзве вялiкiя сажалкi. Зямля гарэла i курэла некалькi месяцаў — адсюль i назва мясцовасцi Курэлеўка. Перад выбухам камандзiр прыйшоў у Янушкавiчы i папярэдзiў людзей, каб схавалiся ў будынках i дасталi шыбы з вокнаў. Ну а хто не падпарадкаваўся загаду, то застаўся без вокнаў.

Аднавяскоўцы ўспамiналi, што царская армiя была багатая, салдатаў добра кармiлi. У адным гумне захоўвалiся салдацкiя прадукты харчавання: скрынi з салам, з нейкай вялiкай рыбай, як вясковы кабан, цукар ляжаў цэлымi галовамi, нават былi мясныя кансервы.

Людзi за ваенныя гады вельмi збяднелi, не апрацоўвалi палi, бо ад iх узялi коней для фронту. Ад жабракоў-бежанцаў хаты не закрывалi, бо тыя хоць i малiлiся за лустачку хлеба, але не кралi. Яны былi такiя знясiляныя, што садзiлiся на абочыну дарогi адпачываць i тут жа памiралi. У эвакуацыю ў Янушкавiчы прыехалi на конях i прывезлi ўсё неабходнае пяць сем’яў бежанцаў ажно з Лiтвы. Лiтоўцы прывезлi сваю культуру: вокны завешвалi фiранкамi, падлогу дзёрлi не дзеркачамi, а адмысловымi шчоткамi, кожны меў звязаныя кручком тапкi. Яны былi выдатныя кулiнары. Навучылi аднавяскоўцаў пячы хвораст, розныя пячэннi i iх нацыянальныя стравы. Iх дзецi гулялi з нашымi i абменьвалiся мовамi: наша бабуля так вывучыла лiтоўскую мову, што яе нават бралi за перакладчыцу, калi iшлi ў вёску па пакупкi.

Вайна закончылася, i, вiдаць, за непатрэбнасцю, конку разабралi. Шкада! Як было б добра пракацiцца цяпер у вагончыку, якi цягне конь. I бензiну не патрэбна!.. У лесе, каля Вялага, дзе быў палац графа Тышкевiча, пахавана каля 40 нямецкiх салдатаў. Магiлы даглядалi людзi з навакольных вёсак. Два разы ў год яны фатаграфавалi магiлы i адпраўлялi фота родным у Германiю, а адтуль iм дасылалi грошы. Як толькi немцы ў Другую сусветную вайну з’явiлiся ў Пяршаях, то першае, што яны зрабiлi — наведалi магiлы сваiх продкаў, а адзiн з нямецкiх салдатаў нават знайшоў апошнi прыстанак свайго бацькi. Калi пра гэта даведалiся партызаны, то ўсе крыжы павыкiдалi далёка i магiлы зруйнавалi з зямлёй...

Першая сусветная вайна "падарыла" нам такiя назвы палёў, як Курэлеўка, Конка, Акопы, Траншэя, Загарадзь. Трэба памятаць пра тую вайну, не забываць яе, бо гэта ж нашая гiсторыя...

Данута ШАЎЛОЎСКАЯ,

Валожынскi раён

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Газета "ЗВЯЗДА" вядзе гаворку пра тую амаль забытую вайну ды пра яе наступствы. Шкада, што па волi лёсу — змены палiтыкi, улады, поглядаў, —
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика