Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова да ўсёабдымнага супрацоўніцтва з партнёрамi ў любым кутку
Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова да ўсёабдымнага супрацоўніцтва з партнёрамi ў любым кутку свету"
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 верасня прыняў даверчыя граматы Надзвычайных i Паўнамоцных Паслоў 10 замежных дзяржаў. Даверчыя граматы ўручылi пасол Аўстралii ў Расii i Беларусi (па сумяшчальнiцтве) Маргарэт Тумi, пасол Каралеўства Бельгiя ў Расii i Беларусi (па сумяшчальнiцтве) Бертран дэ Кромбруге дэ Пiкендал, пасол Злучанага Каралеўства Вялiкабрытанii i Паўночнай Ірландыi ў Беларусi Найджэл Гулд-Дэвiс, пасол Балiварыянскай Рэспублiкi Венесуэла ў Беларусi Амерыка Дыяс Нуньес, пасол Iсламскай Рэспублiкi Iран у Беларусi Сеед Абдала Хасейнi, пасол Вялiкага герцагства Люксембург у Расii i Беларусi (па сумяшчальнiцтве) Гастон Стронк, пасол Федэратыўнай Рэспублiкi Нiгерыя ў Расii i Беларусi (па сумяшчальнiцтве) Цiмацi Май Шэлпiдзi, пасол Славацкай Рэспублiкi ў Беларусi Мар’ян Серватка, пасол Фiнляндскай Рэспублiкi ў Лiтоўскай Рэспублiцы i Беларусi (па сумяшчальнiцтве) Мар’я-Лiiса Кiльюнен, пасол Каралеўства Швецыя ў Беларусi Стэфан Эрыксан. "Дыпламатыя — правераны часам эфектыўны iнструмент, якi дае магчымасць дзяржавам весцi дыялог, узаемавыгадна супрацоўнiчаць i мiрна вырашаць праблемы, — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. — Там, дзе адмаўляюцца ад дыпламатыi, робяць стаўку на сiлу, льецца кроў, пакутуюць людзi, прыходзiць у заняпад эканомiка. У гiсторыi, далёкай i найноўшай, мы бачылi нямала таму прыкладаў". Беларусь — адкрытая краiна, як у эканамiчным, так i ў культурным, духоўным плане. Мы, беларусы, гатовы да рознабаковага, усёабдымнага i ўзаемавыгаднага супрацоўнiцтва з партнёрамi ў любым кутку свету, — падкрэслiў кiраўнiк дзяржавы. — Адзiнае, чаго мы чакаем узамен, — паважання нашага права мець i адстойваць уласныя iнтарэсы, паважання нашага суверэнiтэту, нашай нацыянальнай самабытнасцi". Звяртаючыся да прысутных паслоў краiн ЕС, Прэзiдэнт сказаў: "Настаў час карэнным чынам пераасэнсаваць i перагледзець нашы адносiны. Мы — суседзi, у Беларусi i ЕС агульныя iнтарэсы — ад барацьбы з тэрарызмам, гандлем людзьмi, нелегальнай мiграцыяй да эканамiчнай стабiльнасцi i ўзмацнення ролi Еўропы ў мiжнародных справах. Да таго ж мы адзначаем рост цiкавасцi еўрапейскага бiзнэсу да нашай краiны, што вiтаем i падтрымлiваем. Давайце больш глыбока развiваць нашы гандлёвыя i iнвестыцыйныя сувязi. Беларусь у гэтым плане будзе выгадным i перспектыўным партнёрам". Прэзiдэнт падкрэслiў зацiкаўленасць Беларусi ў наладжваннi поўнамаштабнага дыялога з Бельгiяй. "Мы вiтаем больш актыўную прысутнасць Бельгii ў нашай краiне. Гэта датычыцца гандлю, iнвестыцый, навукi, культуры i адукацыi", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Кiраўнiк дзяржавы акцэнтаваў увагу на развiццi цеснага супрацоўнiцтва з Вялiкабрытанiяй, зыходзячы са значэння Злучанага Каралеўства як аднаго з вядучых сусветных фiнансава-эканамiчных цэнтраў, яго ролi ў еўрапейскiх справах. "Менавiта ў Лондане ў лiстападзе гэтага года мы арганiзуем Беларускi iнвестыцыйны форум", — адзначыў ён. Па вынiках 2007 года Вялiкабрытанiя стала найбуйнейшым замежным iнвестарам, якi ўклаў сродкi ў беларускую эканомiку. "Беларусь магла б стаць для Люксембурга перспектыўным дзелавым партнёрам. Магчымыя напрамкi супрацоўнiцтва — фiнансавая i банкаўская справа, турызм, будаўнiцтва i энергетыка", — адзначыў беларускi лiдар. Беларусь разглядае Славакiю ў якасцi важнага партнёра ў Еўропе, заявiў Прэзiдэнт. "Мы гатовы да практычнага ўзаемадзеяння па актывiзацыi эканамiчнага супрацоўнiцтва, уключаючы ўкараненне новых формаў вытворчай кааперацыi, дыверсiфiкацыю гандлю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Супрацоўнiцтва з краiнамi Скандынавii — асаблiвы напрамак знешняй палiтыкi Беларусi. Кiраўнiк дзяржавы канстатаваў значную актывiзацыю ўзаемадзеяння з Фiнляндыяй. "Аднак нявыкарыстаныя рэзервы развiцця адносiнаў па-ранейшаму вялiкiя, — лiчыць Прэзiдэнт. — Сярод сфер, якiя ўяўляюць узаемны iнтарэс, — малая i атамная энергетыка, аднаўляльныя крынiцы энергii, лесакарыстанне, лесаперапрацоўка". Беларусь вiтае iстотнае пашырэнне дыялога са Швецыяй, заявiў Аляксандр Лукашэнка. "Элементы новага падыходу, якiя змяшчаюцца ў прапанове аб Усходнiм партнёрстве, — рашэнне Швецыi аб адкрыццi пасольства ў Мiнску — мы разглядаем як вельмi важныя iнiцыятывы", — сказаў Прэзiдэнт. Аляксандр Лукашэнка спадзяецца на паляпшэнне адносiнаў з Еўрасаюзам пры новых паслах некаторых дзяржаў ЕС. Аб гэтым ён заявiў у размове з пасламi замежных дзяржаў, якiя ўручылi яму даверчыя граматы. "Давайце зробiм у вашу бытнасць пасламi адносiны Беларусi з Еўрасаюзам нармальнымi", — сказаў Прэзiдэнт. Пры гэтым ён выказаў надзею, што пасля выбараў у беларускi парламент адносiны з Захадам могуць стаць самымi цеснымi. Менш як праз тыдзень у Беларусi будзе выбраны новы парламент. "Мы паставiлi перад сабой задачу правесцi гэтыя выбары на самым высокiм узроўнi, у поўнай адпаведнасцi з нацыянальным заканадаўствам i мiжнароднымi абавязацельствамi", — адзначыў Прэзiдэнт Беларусi. "Мы нiколi не былi схiльны рабiць "лакмусавую паперку" дэмакратыi з нашых выбараў, — дадаў пры гэтым Аляксандр Лукашэнка. — Але ж вядучыя дзяржавы Захаду на гэтым настойвалi, заяўляючы: як выбары пройдуць, так мы i выбудуем з вамi адносiны. Што ж, мы згодны". Кiраўнiк дзяржавы падкрэслiў, што Беларусь забяспечыла абсалютна адкрытыя для мiжнароднага назiрання ўмовы выбарчай кампанii. "Iдзiце, глядзiце, рабiце адпаведныя высновы, але прашу — будзьце аб’ектыўнымi", — сказаў Прэзiдэнт. "Калi Еўропа i ЗША лiчаць парламенцкiя выбары ў Беларусi крытэрыем узаемаадносiнаў з Беларуссю, то ў нас у такiм выпадку будуць пасля выбараў вельмi цесныя адносiны", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэслiў, што Беларусь нiколi не стварала i не стварае праблем для заходнiх краiн. "Наша так званая "дыктатура" нiкому не перашкаджае жыць i развiвацца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наадварот, мы для вас заўсёды заставалiся партнёрам, якi выконвае ўсе свае абавязацельствы". Прэзiдэнт нагадаў, што Беларусь адыгрывае незаменную ролю ў падтрыманнi бяспекi i стабiльнасцi на кантыненце, абараняючы Еўропу ад патокаў наркотыкаў, кантрабанды, у тым лiку ядзерных кампанентаў, злачыннасцi i нелегальных мiгрантаў. Акрамя таго, палову нафты i адну трэць газу еўрапейскiя краiны атрымлiваюць праз Беларусь. "Мы вельмi хацелi б поўнасцю нармалiзаваць нашы адносiны сёння. Але паўзком паўзцi i прасiцца ў агульнаеўрапейскi дом мы не будзем", — падкрэслiў Аляксандр Лукашэнка. Эканомiка краiны развiваецца самымi дынамiчнымi на постсавецкай прасторы тэмпамi. "Таму мы не будзем напрошвацца. Не таму, што я такi горды, а таму, што я прадстаўляю вельмi горды народ, якi заслугоўвае павагi за тое, што ўнёс найбольшы ўклад у барацьбу з нацызмам, ратуючы Еўропу", — дадаў Прэзiдэнт. "Да вас у мяне адна просьба, — звярнуўся кiраўнiк дзяржавы да еўрапейскiх паслоў. — Каб вы паважалi нашу краiну i народ, падтрымлiвалi нас, а там, дзе трэба, дапамагалi". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да тых дзяржаў, паслы якiх уручылi яму даверчыя граматы, у яго самыя добрыя пачуццi, i ў Беларусi нiколi не было да гэтых краiн прэтэнзiй. "Мы хочам, каб вы дзейнiчалi аналагiчна ў адносiнах да нас", — сказаў Прэзiдэнт. "Мы многаму ў вас вучымся, — дадаў кiраўнiк дзяржавы. — Але не трэба ад нас патрабаваць усяго таго, нават добрага i пазiтыўнага, што ў вас ёсць, за такiя кароткiя тэрмiны, бо нам усяго толькi крыху больш як 15 гадоў". Беларускi лiдар перакананы, што ў сучасным свеце нi адну дзяржаву немагчыма iзаляваць, i ўсе спробы зрабiць гэта контрпрадукцыйныя i шкодныя ў першую чаргу для тых, хто гэтыя спробы робiць. Развiццё стратэгiчнага партнёрства з Венесуэлай — адзiн з прыярытэтных напрамкаў знешняй палiтыкi Беларусi, заявiў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе цырымонii. Прэзiдэнт Беларусi высока ацанiў узровень палiтычнага дыялога памiж дзвюма краiнамi, ход рэалiзацыi шэрагу буйнамаштабных праектаў у галiне нафтахiмii, прамысловасцi, будаўнiцтва, сельскай гаспадаркi. "Важна, што гандлёва-эканамiчныя i навукова-тэхнiчныя сувязi з Венесуэлай дапаўняюцца актыўным узаемадзеяннем у сферы адукацыi, культуры, спорту", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь дынамiчна развiвае супрацоўнiцтва з Iранам. Паводле слоў Прэзiдэнта, Беларусь зацiкаўлена ў рэалiзацыi ўсiх дасягнутых дамоўленасцяў, у першую чаргу замацаваных у час сустрэч лiдараў дзвюх краiн. "Нашы краiны адзiныя ў падыходах да фармiравання справядлiвага светапарадку, робяць канкрэтныя захады для дасягнення гэтай мэты, у тым лiку ў рамках Руху недалучэння", — сказаў ён. Як перспектыўнага партнёра ў Беларусi разглядаюць i геаграфiчна далёкую Аўстралiю: адлегласць, што раздзяляе краiны, не можа лiчыцца перашкодай для гарманiчнага развiцця адносiнаў, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь таксама нацэлена на актывiзацыю супрацоўнiцтва з краiнамi Заходняй Афрыкi, у прыватнасцi з Нiгерыяй. Як лiчыць Прэзiдэнт, на гэтым этапе ёсць сэнс сканцэнтраваць намаганнi на развiццi ўзаемавыгадных эканамiчных сувязяў, нарошчваннi ўзаемадзеяння ў галiне падрыхтоўкi нiгерыйскiх спецыялiстаў у Беларусi. Аляксандр Лукашэнка запэўнiў, што Беларусь гатова зрабiць усё неабходнае, каб паслы замежных дзяржаў паспяхова выконвалi сваю дыпламатычную мiсiю ў нашай краiне. Ён запэўнiў, што з боку беларускiх мiнiстэрстваў, ведамстваў, устаноў дыпламаты атрымаюць неабходную падтрымку. Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 верасня прыняў даверчыя граматы Надзвычайных i Паўнамоцных Паслоў 10 замежных дзяржаў. Даверчыя г
|
|