Раней. Або прыбаўка
Раней. Або прыбаўка
Пенсійная справа
Як вядома, з 1 студзеня наступнага года ў Беларусi пачне дзейнiчаць Закон "Аб прафесiйным пенсiйным страхаваннi". Яго галоўны сэнс — у змяненнi крынiцы фiнансавання датэрмiновых пенсiй: замест цяперашнiх агульных сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва такiя пенсii будуць аплачвацца за кошт дадатковых адлiчэнняў суб’ектаў гаспадарання. Мiж тым, каго датычыцца новы закон, колькi часу будуць выплачвацца датэрмiновыя пенсii, хто будзе мець на iх права, дзе будуць збiрацца дадатковыя "прафесiйныя" адлiчэннi i якiя вызначаны шляхi iх абароны ад iнфляцыi? З усiм гэтым i iншым мы паспрабуем разабрацца з дапамогай начальнiка аддзела развiцця пенсiйнай сiстэмы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Таццяны Аляксандраўны ПАГОНЫШАВАЙ.
Каго датычыцца закон? Новы закон датычыцца грамадзян, якiя маюць права на датэрмiновую пенсiю па "шкодных" Спiсах № 1 i № 2, а таксама грамадзян, якiя могуць выходзiць на пенсiю па выслузе гадоў, — настаўнiкаў, медработнiкаў, лётчыкаў, артыстаў, спартсменаў i iншых. Пры гэтым i Спiсы, i пералiкi прафесiй, што даюць права на пенсii па выслузе гадоў, застануцца без змяненняў. Сам механiзм вызначаны такiм. За пенсiйных "iльготнiкаў" наймальнiк пералiчвае дадатковыя ўзносы на прафесiйнае пенсiйнае страхаванне. Гэтыя ўзносы збiраюцца на асобным рахунку ў Фондзе сацыяльнай абароны насельнiцтва i заносяцца на спецыяльную частку асабiстага рахунку кожнага застрахаванага ў гэтай сiстэме. А затым, калi настане час скарыстацца датэрмiновым адпачынкам, такi адпачынак будзе аплачаны якраз з назапашанай сумы прафесiйных узносаў. За iх кошт будзе выплачвацца пенсiя ад узнiкнення "датэрмiновага" права i да дасягнення агульнага ўзросту. Так выглядае малюнак у цэлым. Аднак тут трэба зрабiць адну вельмi iстотную заўвагу. Работнiк, за якога рабiлiся дадатковыя прафесiйныя адлiчэннi, якi мае права на датэрмiновую пенсiю, але вырашыў такiм права не карыстацца, атрымае своеасаблiвую кампенсацыю — магчымасць мець "прафесiйную" прыбаўку пасля дасягнення агульнаўсталяванага пенсiйнага ўзросту. Па сутнасцi, пенсii ў такога работнiка будзе дзве — звычайная пенсiя па ўзросце i пенсiя прафесiйная. Колькi часу будзе выплачвацца апошняя? Зрэшты, тут сiтуацыя наступная. Вызначана, што памер прафесiйнай прыбаўкi складзе 1 бюджэт пражытковага мiнiмуму ў сярэднiм на душу насельнiцтва ў месяц. Прычым выплачвацца гэта прыбаўка будзе роўна столькi, на колькi хопiць назапашаных на кожнага работнiка дадатковых узносаў. А калi разлiковы перыяд выплаты дадатковай пенсii перавысiць 60 месяцаў, то, паводле жадання пенсiянера, суму перавышэння можна будзе атрымаць адразу. Палова стажу — новыя ўмовы З 1 студзеня дадатковыя ўзносы будуць выплачвацца за ўсiх без выключэння "iльготнiкаў". Аднак сярод апошнiх права на прафесiйную пенсiю атрымае не кожны. Такое права з’явiцца толькi ў тых, хто выпрацуе ў новых умовах не менш чым палову неабходнага стажу. З простай прычыны — у адваротным выпадку чалавек проста не паспее "назапасiць" за кошт дадатковых адлiчэнняў патрэбную колькасць сродкаў.Каб гэтага не адбылося, вырашана: работнiкi, што выпрацоўваюць па новых правiлах менш за палову неабходнага для датэрмiновай пенсii стажу, будуць па-ранейшаму атрымлiваць такую пенсiю з агульнага Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Правы з агаворкай Датэрмiноўшчыкаў, якiя ўжо не працуюць, нiякiя змяненнi не закрануць. Гэтыя пенсiянеры будуць адпачываць i атрымлiваць пенсii таксама з агульных сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. У той жа час узносы за работнiкаў, якiя працягваюць шкодную працу i адначасова атрымлiваюць датэрмiновыя працоўныя пенсii, будуць накiроўвацца на частковую кампенсацыю пенсiйных iльгот. Такi падыход перш-наперш тлумачыцца змяненнем крынiцы фiнансавання раннiх пенсiй па ўмовах працы. — Да таго ж трэба мець на ўвазе наступнае, — зазначае Таццяна Пагонышава. — Калi вызвалiць ад выплаты ўзносаў на прафесiйнае пенсiйнае страхаванне работнiкаў, якiя ўжо набылi права на льготную пенсiю, то наймальнiкi будуць аддаваць перавагу тым, хто мае вялiкi шкодны працоўны стаж. Стаж не "губляецца" Не менш цiкавая сiтуацыя. Чалавек, што працуе па Спiсу № 1 або Спiсу № 2, не паспявае "назбiраць" да 1 студзеня патрэбнага для датэрмiновай пенсii "шкоднага" стажу. — У такiм разе "шкодны" стаж да 1 студзеня i пасля 1 студзеня будзе сумiравацца, — адзначае Таццяна Пагонышава. — I ў выпадку выпрацаўкi неабходнай працягласцi "шкоднага" стажу ў суме, чалавек зможа пайсцi на пенсiю па выслузе гадоў у суме. Шкоднасць была i знiкла Права на датэрмiновую пенсiю па Спiсах № 1 i № 2 павiнна пацвярджацца вынiкамi атэстацыi працоўных месцаў. Калi ж шкоднасць месца не пацвярджаецца — прафесiйнае пенсiйнае страхаванне да работнiка нiякага дачынення не мае. Аднак не сакрэт: атэстацыя не праводзiцца "раз i назаўсёды". Што будзе ў выпадку, калi спачатку працоўнае месца будзе прызнана "шкодным", а праз некалькi гадоў — ужо не? — Калi на работнiка рабiлiся прафесiйныя пенсiйныя адлiчэннi, а затым працоўнае месца будзе прызнана "няшкодным", то назапашаныя сродкi ўсё роўна будуць выплачаныя, — адзначае Таццяна Пагонышава. — I гэтыя выплаты пачнуць рабiцца работнiку пасля дасягнення iм агульнага пенсiйнага ўзросту. Узносы заплацiць наймальнiк Неабходна паўтарыцца: дадатковыя ўзносы будзе плацiць не сам работнiк, а наймальнiк. Канкрэтныя памеры адлiчэнняў для тых цi iншых пасад будуць вызначаны крыху пазней. Дакладна адно — гэтыя тарыфы будуць "прывязаныя" да зарплаты канкрэтнага работнiка. А адсюль пытанне — цi не стануць прафесiйныя пенсiйныя адлiчэннi прычынай змяншэння заробкаў патэнцыяльных датэрмiноўшчыкаў? — Як i зараз, работнiк будзе пералiчваць на агульнае пенсiйнае страхаванне па 1 працэнту ад свайго заробку, — кажа Таццяна Пагонышава. — А знайсцi сродкi для выплаты прафесiйных узносаў — задача для наймальнiка. На асобныя рахункi Грошы, што стануць накiроўвацца на прафесiйнае пенсiйнае страхаванне, "змешвацца" з агульнымi сродкамi ў Фондзе сацыяльнай абароны насельнiцтва не будуць. Прафесiйныя ўзносы павiнны накiроўвацца на асобны рахунак. I пры гэтым, каб абаранiцца ад iнфляцыi i нават у пэўнай ступенi павялiчыцца, прафесiйныя ўзносы павiнны iнвеставацца — шляхам размяшчэння на дэпазiтах у банках. Да слова, зноў-такi кожны застрахаваны будзе мець права звярнуцца ў Фонд i пацiкавiцца iнфармацыяй аб сваiм прафесiйным стажы i аб’ёме пералiчаных за яго прафесiйных узносаў. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вядома, з 1 студзеня наступнага года ў Беларусi пачне дзейнiчаць Закон "Аб прафесiйным пенсiйным страхаваннi". Яго галоўны сэнс — у змяне |
|