21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

МЫ ПАЧАЛІ АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЬ ПРАГРАМУ РАЗВIЦЦЯ СЕТКI ХУТКАСНЫХ МАГIСТРАЛЯЎ У БЕЛАРУСI

26.08.2009 10:36 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

МЫ ПАЧАЛІ АЖЫЦЦЯЎЛЯЦЬ ПРАГРАМУ РАЗВIЦЦЯ СЕТКI ХУТКАСНЫХ МАГIСТРАЛЯЎ У БЕЛАРУСI Гэтую навiну, вартую ўвагi вядучых СМI краiны, генеральны дырэктар РУП "Магiлёўаўтадар" Анатоль Iванавiч ЛАПАЦIН паведамiў падчас гутаркi з карэспандэнтамi "Звязды".

ПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ. Анатоль Лапацiн нарадзiўся на Гомельшчыне, у вёсцы Пясчаная Рудня Светлагорскага раёна. Закончыў тэхнiкум, потым Магiлёўскi машынабудаўнiчы iнстытут. У дарожнай галiне больш за трыццаць гадоў. Працаваць пачынаў iнжынерам у дырэкцыi па будаўнiцтве дарог Магiлёўскай вобласцi. У той час шырока развiвалася сетка мясцовых дарог, i гэта было асноўным клопатам дырэкцыi, у якой Анатоль Iванавiч прайшоў усе прыступкi да намеснiка начальнiка. Калi крыху больш за дзесяць гадоў таму быў створаны "Аўтадар", прыйшоў у новую арганiзацыю намеснiкам генеральнага дырэктара. З 2003 года ўзначальвае калектыў. Ганаровы дарожнiк Беларусi. Дэпутат Магiлёўскага абласнога Савета.

 Анатоль Лапацiн нарадзiўся на Гомельшчыне, у вёсцы Пясчаная Рудня Светлагорскага раёна. Закончыў тэхнiкум, потым Магiлёўскi машынабудаўнiчы iнстытут. У дарожнай галiне больш за трыццаць гадоў. Працаваць пачынаў iнжынерам у дырэкцыi па будаўнiцтве дарог Магiлёўскай вобласцi. У той час шырока развiвалася сетка мясцовых дарог, i гэта было асноўным клопатам дырэкцыi, у якой Анатоль Iванавiч прайшоў усе прыступкi да намеснiка начальнiка. Калi крыху больш за дзесяць гадоў таму быў створаны "Аўтадар", прыйшоў у новую арганiзацыю намеснiкам генеральнага дырэктара. З 2003 года ўзначальвае калектыў. Ганаровы дарожнiк Беларусi. Дэпутат Магiлёўскага абласнога Савета.

Напачатку Анатоль Iванавiч палiчыў неабходным падкрэслiць:

— За тыя два з паловай гады, што творчая брыгада "Звязды" не была ў нас на прадпрыемстве, мы дынамiчна развiвалiся, прычым ва ўсiх накiрунках. Усе паказчыкi, што нам даводзiлiся, i ўсе абавязацельствы, якiя бралi на сябе, мы выконвалi i выконваем. Увялi за гэты час шэраг аб’ектаў першараднай важнасцi. Перш за ўсё назаву вялiкi мост цераз раку Днепр у вёсцы Александрыя, на адкрыццi якога прысутнiчаў Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка. Тут мы працавалi сумесна з вiцебскiм мостатрадам № 425 i аршанскiм дарожна-будаўнiчым упраўленнем № 7 вiцебскага трэста № 1.

Гэта быў аб’ект новага будаўнiцтва. Мы ўвялi разам з падраднымi арганiзацыямi таксама шэраг аб’ектаў пасля капiтальнага рамонту, якiя, безумоўна, упрыгожылi Магiлёўшчыну. У якасцi прыкладу магу назваць абсалютна еўрапейскi ўчастак дарогi Магiлёў — Бабруйск у раёне Буйнiцкага поля. Цяпер яго частку перадалi на баланс гарадской камунальнай службы — тое, што ў межах горада. Прадаўжаем тут работы па капiтальным рамонце, дарогу першай катэгорыi працягваем да кальцавой.

Участак капiтальнага рамонту ёсць у Касцюковiчах, заканчваем там працаваць. А тую частку работы, якая ў межах горада, выканалi да святкавання знамянальнай даты Касцюковiчаў. Некалькi ўчасткаў дарог па 5, па 7, а то i па 9 кiламетраў рыхтуюцца пасля капрамонту да здачы.

Акрамя дарог, рамантуем масты i пуцеправоды. Уведзены пасля капiтальнага рамонту мост даўжынёй 215 метраў цераз раку Бася на аўтадарозе Княжыцы — Горкi — Ленiно, пуцеправод праз аўтадарогу на пад’ездзе да Шклова, мост на 16-м кiламетры аўтадарогi Чэрыкаў — Краснаполле — Хоцiмск i мост цераз раку Кашанка па дарозе на Мсцiслаў. Вельмi важна, што сёлета ўсе масты ўведзены пасля капiтальнага рамонту ў спрыяльны перыяд часу, што станоўча адбiваецца на якасцi работ.

Актыўна працуем i над праграмай адраджэння вёскi, штогод уводзiм аб’екты па шасцi — дзесяцi аграгарадках, а гэта добраўпарадкаванне транзiтных вулiц, якiя знаходзяцца на нашых дарогах (тратуары, дарожкi, пляцоўкi для адпачынку). Хоць былi i аб’екты капрамонту, з аднаўленнем праезнай часткi, па спецыяльным праекце, якi ўзгадняецца з архiтэктарамi. Прыгожа i якасна. Летась працавалi над iнфраструктурай аграгарадкоў непадалёк ад Магiлёва, у вёсцы Сухары на дарозе Магiлёў — Мсцiслаў, сёлета здаём аб’екты ў вялiкiм аграгарадку Любонiчы Кiраўскага раёна, якi месцiцца адразу на дзвюх дарогах.

I не забываем аб развiццi сваiх вытворчых баз, у тым лiку лiнейных дарожных дыстанцый (ЛДД). Там ствараюцца ўмовы i для працы, i бытавыя ўмовы згодна з санiтарнымi нормамi. Iснуе цэлая праграма, па якой рамантуем i базы ДЭУ, i базы лiнейных дыстанцый. Пасля рэканструкцыi ўвялi вытворчую базу ў Глуску i лiнейную дарожную дыстанцыю ў Клiчаве. Сёлета ўводзiм дзве вытворчыя базы — у Чавусах i Лакуцях. I пачалi рамонт базы ў Касцюковiчах, а таксама рэканструкцыю вытворчых пляцовак у Крычаве i Мсцiслаўлi.

А цяпер самае, бадай, галоўнае. Згодна з праграмай "Дарогi Беларусi", нам належыць пабудаваць дарогi першай тэхнiчнай катэгорыi Мiнск — Магiлёў i Мiнск — Гомель (спачатку на ўчастку да Бабруйска). I мы пачалi гэтыя работы, адначасова вядзём адразу два сур’ёзныя аб’екты такой рэканструкцыi: у раёне Асiповiчаў i на пад’ездзе да свайго абласнога цэнтра. На наступны год распачнём на стратэгiчных для нас накiрунках яшчэ пяць аб’ектаў рэканструкцыi.

Такiм чынам пакладзены пачатак рэалiзацыi разгледжанай Урадам i ўхваленай Прэзiдэнтам праграмы развiцця хуткасных чатырохпалосных дарог першай тэхнiчнай катэгорыi да абласных цэнтраў (дзве паласы ў адзiн бок, дзве ў другi). Тэрмiны яе рэалiзацыi паскораны. Да Магiлёва дарога першай катэгорыi павiнна быць пабудавана за тры гады (2009—2011 гг.), да Гомеля — за чатыры, i крышку пазней — да Гродна. На Вiцебск, у прынцыпе, ужо ёсць дарога першай катэгорыi да Оршы.

Працуючы над праграмай будаўнiцтва хуткасных дарог, мы заняты таксама на выхадах з буйных гарадоў, дзе iнтэнсiўнасць руху ўзрастае. Загрузiлi галiновы праектны iнстытут, выдалi яму ўсе заданнi па нашай вобласцi, прапрацоўваем пытаннi з падрадчыкамi. Рыхтуемся сур’ёзна, таму што трэба будзе асвоiць вялiкiя аб’ёмы, а мы павiнны будзем выконваць адказныя функцыi заказчыка. Спатрэбiцца нават некаторая структурная рэарганiзацыя.

Пачалi яшчэ адзiн буйны аб’ект — выконваем рэканструкцыю моста праз раку Сож у Крычаве. У яе ходзе пры дэмантажы старых фермаў нашы "кулiбiны" прымянiлi вельмi арыгiнальнае тэхнiчнае рашэнне, якое дазволiла зэканомiць народныя сродкi. Фермы старога моста пашкадавалi рэзаць на металалом, бо дзякуючы гаспадарскаму догляду на працягу многiх дзесяцiгоддзяў яны захавалi абсалютную прыдатнасць. Таму iх дэмантавалi з дапамогай рачных баржаў (гэта была ўнiкальная для Беларусi аперацыя, бо кожная з фермаў важыць 270 тон) i вывелi ў затон. З тым каб у далейшым выкарыстаць пры будаўнiцтве моста на другараднай дарозе, дзе яны змогуць паслужыць яшчэ гадоў сто, не менш. Што актуальна ў святле Дырэктывы Прэзiдэнта № 3 па эканомii рэсурсаў, метал зараз надзвычай дарагi.

Днямi кiраўнiк дзяржавы зацвердзiў iнвестыцыйную праграму на наступны год, тыя нашы аб’екты, што мы прапаноўвалi, трапiлi ў яе. Так што тэмпы работ збаўляць не будзем. Калектыў адмабiлiзаваны, тэхнiчна ўзброены, людзi ведаюць сваю справу i нейкiх зрываў у рабоце не павiнна быць.

— Нагрузка на калектыў узрастае?

— Прычым адчувальна, бо расце яна i на дарогi, што зразумела: павялiчваюцца грузазварот i парк аўтамашын, у тым лiку велiкагрузных. Вось чаму растуць аб’ёмы нашых работ. Асаблiва адчувальна за два апошнiя гады выраслi аб’ёмы работ па рэканструкцыi.

Але ёсць адна праблема, якую неабходна вырашаць на ўзроўнi рэспублiканскiх органаў. З адменай ў 2007 годзе падатку з карыстальнiкаў дарог рэспублiканскi дарожны фонд значна зменшыўся. I для выканання праграмы "Дарогi Беларусi на 2006 — 2015 гады" у 2008 годзе Дэпар-таментам "Белаўтадар" быў узяты крэдыт у банку. У наступным годзе, як паказваюць кантрольныя лiчбы, сiтуацыя з фiнансаваннем чакаецца яшчэ больш складаная. Акрамя "ўсечанага" рэспублiканскага дарожнага фонду пакуль не прадугледжваецца iншых крынiц фiнансавання праграмы дарожных работ.

I рэканструкцыя, i добраўпарадкаванне, i догляд — усё гэта робiцца рукамi нашых людзей. Многiх з iх можна адзначыць, назваць, але спiс перадавiкоў атрымаецца надзвычай вялiкiм. Што датычыцца нашых буйных структурных падраздзяленняў, то арганiзаванасцю i зладжанасцю вызначаюцца перш за ўсё ДЭУ-71 у Магiлёве, ДЭУ-73 у Асiповiчах, ДЭУ-74 у Бялынiчах, i, вядома ж, ДЭУ-78 у Касцюковiчах, ДЭУ-76 у Быхаве i ДЭУ-79 у Мсцiслаўлi. Гэтыя калектывы часцей за ўсё лiдзiруюць пры падвядзеннi штогадовых вынiкаў работы. А сярод лiнейных дарожных дыстанцый вынiкi падводзяцца да Дня дарожнiка, i цяпер лiдзiруе дыстанцыя з ДЭУ-71, якая абслугоўвае дарогу Магiлёў — Бабруйск. Яе ўзначальвае Мiхаiл Мiхайлавiч Корабаў, у яго вышэйшы бал якаснага ўтрымання дарог. Летась вынiк таксама быў высокiм.

— Калi мы канстатуем, што расце нагрузка на дарогi, то цi заўсёды можам сказаць, што расце яна апраўдана? Цi не ўзнiкае тут тэма гаспадарскага, беражлiвага стаўлення да нашых транспартных артэрый?

— Сапраўды ёсць праблемы. Пачнём з таго, што кожная галiна працуе як бы на сябе i не ўлiчвае магчымасцi i спецыфiку партнёраў. Напрыклад, машынабудаўнiчыя заводы выпускаюць самазвалы, цягачы i iншую магутную калёсную тэхнiку, якая не адпавядае нормам па нагрузцы на вось. Такiя гiганты, безумоўна, патрэбныя народнай гаспадарцы. Але ж гэта кар’ерныя машыны. Як ва ўсiм свеце, iх павiнны прывозiць на месца работы ў разабраным выглядзе, там сабраць, i — працуйце, калi ласка. Шматтоннiкi не павiнны хадзiць па дарогах агульнага карыстання, якiя да таго не гатовыя i могуць вытрымаць толькi нагрузку 8 тон на вось.

Што залежыць ад нас, то мы цяпер закладваем у праекты новых дарог дапушчальную нагрузку 11 тон на вось, на мастах — 14 тон.

Еўропа вельмi жорстка закрывае свае дарогi, асаблiва Скандынавiя, з якой у нас падобныя клiматычныя ўмовы. Там штрафы такiя вялiкiя, што нiхто не асмелiцца пайсцi на парушэнне. А ў нас праўдамi цi няпраўдамi стараюцца прарвацца.

— Анатоль Iванавiч, калi мы гаворым пра перспектывы калектыву, то...

— Нашы перспектывы напрамую звязаны з перспектывамi краiны i Магiлёўскай вобласцi. Мы, безумоўна, развiваемся даволi актыўна, але яшчэ больш хуткiмi тэмпамi развiваюцца эканомiка i iнфраструктура народнай гаспадаркi, значыць, нам адставаць не дасць само жыццё. З’яўляюцца новыя прыгожыя традыцыi, i без дарожнiкаў тут не абыходзiцца. Вось глядзiце: "Дажынкi-2006" адбылiся ў Бабруйску, летась — у Рэчыцы, сёлета — у Оршы, i ўсе маршруты ў "сталiцы дажынак" пралягалi па дарогах, якiя мы абслугоўваем. Значыць, яны павiнны адпавядаць святочнаму настрою пераможцаў жнiва.

Дарэчы, на свяце ўраджаю добрыя словы заўсёды гучаць i ў адрас дарожнiкаў рэспублiкi. Сёлета, калi на сцэну выйшла Валерыя, то першае, што яна сказала, было "Якiя ў вас цудоўныя дарогi!". Тое ж самае гаварылася i летась у Рэчыцы. Прыемна, вядома ж, але i да многага абавязвае.

Паўтаруся: з кожным годам патрабаваннi да дарог узрастаюць, у тым лiку да разметкi, да паласы адводу. Набылi чацвёртую разметачную машыну i ўжо селета нашы службы зрабiлi разметкi на 500 кiламетраў больш, чым летась — за кошт таго, што сталi больш выконваць краявой разметкi. У службы тэхнагляду прэтэнзiй да якасцi разметкi няма.

А паласу адводу мы мусiм выкошваць не толькi прадугледжаныя нарматывамi два разы ў год, а без перабольшання два разы ў месяц. Эстэтыка вытрымлiваецца, але кажучы шчыра, з-за гэтага нават маем менш магчымасцi займацца самой праезнай часткай. Тут павiнны быць нейкiя тэхнiчныя цi арганiзацыйныя рашэннi, шукаем iх разам з мясцовымi ўладамi.

Дарогамi карыстаюцца ўсе, i iх утрыманне ў належным стане павiнна быць агульным клопатам. Таму хоць i не святочная гэта размова, але не магу не сказаць пра даволi частыя выпадкi так званага "дарожнага вандалiзму", калi наўмысна цi па неасцярожнасцi псуюцца дарожныя знакi, раскрадваюцца шчыты каляровага металапластыку з павiльёнчыкаў на прыпынках, i мы мусiм укладваць сродкi i ставiць павiльёны наноў, але ўжо з архаiчных (затое моцных) жалезабетонных канструкцый. Альбо калi знiкаюць адзiн за адным усе восем камплектаў прыгожых металiчных столiкаў i лавак, якiя спецыяльна для прыдарожнай пляцоўкi для адпачынку на абходзе абласнога цэнтра вырабiў Магiлёўскi металургiчны завод...

Паглядзiш на тэндэнцыю ў цэлым — з’ява быццам iдзе на змяншэнне. Але нас гэта абсалютна не заспакойвае. Такiя абуральныя паводзiны на дарозе цалкам выпадаюць з агульнага ўяўлення пра беларуса як чалавека спакойнага, разважлiвага, якi спачатку падумае, потым зробiць. Дарожныя вандалы "расперазалiся" ад адчування сваёй поўнай беспакаранасцi, i патрэбна ствараць агульную абстаноўку нецярпiмасцi.

Нядаўна правялi ў сябе семiнар для калег з Расii, Украiны, прымеркавалi яго да 10-годдзя "Аўтадара". Яны паездзiлi па нашых дарогах, па аграгарадках i былi здзiўлены парадкам, прыбранасцю, нават прыгажосцю. Што ж, прафесiяналы ведаюць, якой цаной даецца парадак на дарозе, але хацелася б, каб цанiлi працу дарожнiкаў не толькi калегi.

— Нягледзячы на ўсе нюансы, прыдарожнаму сэрвiсу даводзiцца надаваць увагу?

— Так, у апошнiя гады разам з арганiзацыямi Мiнтранса надаём яму надзвычай многа ўвагi. З нашым непасрэдным удзелам на дарозе М 8 адкрылi ўжо ў гэтым годзе прыгожае кафэ "Быхаўчанка". Добраўпарадкаванне, стаянку, пад’езды выканалi мы. Такiя ж аб’екты ўведзены ў Чавусах, Касцюковiчах. Гэтым аб’ектам будзем надаваць увагу i надалей, яны людзям патрэбныя. У чым пераконвае прыклад кафэ "Кiраўчанка", якое адкрылi разам са спажывецкай кааперацыяй у прыгарадзе Бабруйска, па дарозе на Гомель. Яно працуе круглыя суткi, i наведвальнiкаў там хапае таксама круглыя суткi. На трасах, дзе iнтэнсiўнасць руху дастаткова высокая, такiя аб’екты запатрабаваныя. Калi гаварыць абагулена, то па колькасцi заправачных станцый, нават невялiкiх кафэшак мы больш-менш выходзiм на стандарт, але недастаткова пастаялых двароў, гасцiнiц пры дарозе, ахоўваемых стаянак, дзе можна спакойна пераначаваць "дальнабойшчыку" i не трывожыцца за груз, цi аўтатурысту. Спадзяёмся, дапаможа выправiць сiтуацыю ўказ Прэзiдэнта аб развiццi прыдарожнага сэрвiсу, падпiсаны ў пачатку года, якiм прадугледжаны значныя льготы па падаткаабкладаннi i крэдытаваннi.

— У сувязi са святам якiя вашы пажаданнi калегам?

— Скажу проста, але ад сэрца. Калегам жадаю, каб кожны год тыя аб’ёмы, якiя мы на сябе прынялi, выконвалiся, а тэмп, якi мы ўзялi, не знiжаўся. Каб вы дастойна развiвалiся. Поспехаў вам i ўдачы. Свайму калектыву жадаю перш-наперш самага галоўнага — здароўя. Каб людзi з задавальненнем iшлi на працу, каб яна прыносiла дастатак у кожны дом. I — мiру ў сям’i.

Па шляху да еўрапейскай якасцi дарог

Фактычна поўны працоўны дзень правёў з журналiстамi "Звязды" намеснiк генеральнага дырэктара Сяргей ТЫЛЕЦ. Вазiў нас па аб’ектах будаўнiцтва дарог Магiлёўшчыны, адначасова расказваў пра найбольш адметныя бакi жыцця калектыву. У Сяргея Аркадзьевiча багатая прафесiйная практыка, ён працаваў майстрам i прарабам, галоўным iнжынерам дарожнабудаўнiчага ўпраўлення, узначальваў Магiлёўскае абласное аб’яднанне "Дарсельбудпраект". Так што суразмоўца ён кампетэнтны.

— У нашай зоны свая спецыфiка. Мы абслугоўваем важнейшыя дарогi рэспублiканскага значэння, нарматывы на будаўнiцтва, капiтальны рамонт i абслугоўванне якiх устаноўлены высокiя, нават жорсткiя. Магiлёўшчына — прыгранiчная да Расii вобласць, гэта накладвае свой адбiтак хоць бы ў тым, што па нашых дарогах iдзе грузапаток у суседнюю краiну i назад у Еўропу. I транспартныя артэрыi павiнны быць на ўзроўнi. Тым больш што праходзiць шмат цяжкавагавых транспартных сродкаў, i патрэбна прадухiляць такую з’яву, як калейнасць. З увядзеннем фабрыкi газетнай паперы ў Шклове сюды пайшлi лесавозы вагой да 70 тон, а дарога будавалася некалi пад старыя нагрузкi ў 6 тон на вось. I патрэбна тэрмiнова ўкладваць сродкi, каб значна ўмацаваць дарожнае палатно i масты.

Карыстальнiкi дарог павiнны падумаць, што дарога iм патрэбна не толькi сёння, яна будзе неабходна i праз год, i праз дзесяць гадоў. Дазволеныя нагрузкi яны ведаюць i ў строгай адпаведнасцi з iмi i павiнны загружаць сваю тэхнiку, закон для ўсiх аднолькавы. Да слова сказаць, замежныя перавозчыкi выконваюць нарматывы добрасумленна, складана знайсцi нейкую фуру з перагрузам.

Тэрытарыяльна мы большай часткай вобласцi адносiмся да паўночнай зоны краiны, i зiмы ў нас больш суровыя i снежныя ў параўнаннi з iншымi абласцямi, за выключэннем, безумоўна, Вiцебскай. Так што зiмой даводзiцца складаней. У напружаных сiтуацыях заключаем дагаворы з падрадчыкамi i прыцягваем iх тэхнiку, каб справiцца з заносамi цi iншымi "сюрпрызамi" надвор’я i забяспечыць бесперабойны праезд. I нi разу ў тых складаных сiтуацыях, якiя здаралiся, рух па дарогах не спыняўся.

Калi гаварыць аб вынiках работы за дзевяць месяцаў, то ўсе паказчыкi выконваюцца. Лiмiты на ўтрыманне таксама асвойваем. Праўда, тут назiраецца акцэнтаванне на знешнiм выглядзе дарогi, значныя людскiя i матэрыяльныя рэсурсы iдуць на касьбу травы, на прывядзенне ў парадак паласы адводу. У вынiку часу i сродкаў на тое, каб выконваць увесь комплекс работ цалкам (даглядаць масты, праезную частку), недастаткова. Захоўваць iх — атрымлiваецца, паляпшаць — не хапае рабочых рук. Магчыма, выйсце ў новых тэхналогiях i большай тэхнiчнай узброенасцi, на што спатрэбяцца мэтанакiраваныя фiнансавыя ўлiваннi з дарожнага фонду.

А ў цэлым мэты, якiя мы ставiм перад сабой па якасцi ўтрымання дарог, дасягаюцца, што пацвярджаюць традыцыйныя агляды. Па вынiках веснавога агляду мы названы ў лiку лiдараў. Чарговы восеньскi якраз праходзiць у гэтыя днi.

На гэты восеньскi агляд ставiцца задача — бал не панiзiць. Агляд ужо прайшоў у Асiповiцкiм ДЭУ-73, камiсiя дэпартамента пацвердзiла даведзены бал 3.94.

...Па нашай просьбе Сяргей Аркадзьевiч расказвае пра ўкараненне новых тэхналогiй.

— За апошнi час мы ўкаранiлi на ўтрыманнi дарог такую навiнку, як халодныя аргана-мiнеральныя сумесi, яны цудоўна зарэкамендавалi сябе на ямачным рамонце. Цяпер гэты вiд рамонту можна якасна выконваць у любую пару года, а не толькi пры плюсавым надвор’i. Прычым са значнай эканомiяй працазатрат i палiўна-энергетычных рэсурсаў, бо сумесi не патрэбна падаграваць перад укладкай. Яны вельмi запатрабаваныя камунальнымi службамi, iншымi дарожнымi арганiзацыямi, i заказаў паступае шмат. Можам дапамагчы калегам, бо ў нас аб’ём ямачнага рамонту зменшыўся ў параўнаннi з мiнулым годам недзе на 27 тысяч квадратных метраў. Таму што пастаянна выконваецца якасны рамонт дарожнага пакрыцця, мы стараемся абаранiць яго паверхневымi апрацоўкамi. Ямачнасцi на дарогах фактычна няма. Будзеце ехаць — самi пабачыце. Калi заўважыце ямку — скажыце. (Усмiхаецца.) Але я крыху адхiлiўся ад тэмы.

Летась мы выпусцiлi недзе 400 тон халодных аргана-мiнеральных сумесяў на нашай устаноўцы ў Бялынiчах, у ДЭУ-74. На гэтую зiму запланавалi выпусцiць 600 тон, але з’явiлася праблема — не можам атрымаць дробны шчэбень. Сёлета наогул адчуваецца дэфiцыт дробнай фракцыi шчэбеню, якую мы павiнны атрымлiваць на заводзе ў Мiкашэвiчах.

Выпрабавалi тэхналогiю ўстройства паверхневай апрацоўкi на аснове ўспененых бiтумаў. Пры гэтым павышаецца якасць пакрыцця, а эканомiя бiтуму дасягае 10 працэнтаў.

Тэхнiчны прагрэс усё часцей прыходзiць на дапамогу. На тэрыторыi вобласцi ўстаноўлены чатыры дарожна-вымяральныя станцыi (ДВС), пятая ўстанаўлiваецца ў Касцюковiчах. З дапамогай ДВС дыспетчарскiя службы кожнага ДЭУ i асобна размешчаных ЛДД у поўным сэнсе слова бачаць надвор’е на тэрыторыi вобласцi, а таксама ўсёй рэспублiкi (у Беларусi больш за 30 звязаных памiж сабой ДВС). Дзе iдзе снег цi дождж, адкуль рухаюцца патокi халоднага паветра, дзе перш за ўсё чакаць галалёд i куды трэба накiраваць тэхнiку i людзей... Бачаць карцiнку ў рэальным часе, бо ўстаноўлены вiдэакамеры. I перадаюць папярэджанне — па ападках, па галалёдзiцы... Што дазваляе гаварыць аб прафiлактыцы, бо мы загадзя выконваем прафiлактычныя мерапрыемствы на дарозе, падсыпаем яе супрацьгалалёдным матэрыялам. Каб ахапiць аператыўным кантролем тэрыторыю ўсёй вобласцi, патрэбна прыкладна дзевяць ДВС.

Такая прафiлактыка, калi яе ўдасца ажыццявiць у поўнай меры — сур’ёзны рэзерв. А калi браць шырэй, то лiчу, што рэзервы патрэбна шукаць перш за ўсё ў кiраваннi. Усе арганiзацыi дарожнай галiны сертыфiкавалi свае сiстэмы менеджменту якасцi, але пакуль не дасягнута высокая iх эфектыўнасць. Працуем у гэтым накiрунку, навучаем персанал, але не адмовiлiся б ад квалiфiкаванай кансультацыi, асаблiва што датычыцца працэснага падыходу да арганiзацыi i аналiзу вынiкаў работ.

Наша работа — навiдавоку

Слова начальнiку перадавога ДЭУ-71 Сяргею ТОЎСЦIКУ.

(У размове таксама браў удзел начальнiк ЛДД-715 Леанiд МIРАНКОЎ.)

— Зараз у нас даволi адказны перыяд: рыхтуемся да асенне-зiмовага агляду, а дарогi рыхтуем да зiмы. Накоплiваем пясчана-солевыя сумесi для падсыпкi, ставiм вехi. Iдзе ачыстка труб, мастоў i пуцеправодаў, прыбiраецца смецце на адхонах i каля аўтапавiльёнаў. Выдалi людзям зiмовую спецвопратку. Рыхтуем тэхнiку. Работа гэтая ўступае ў завяршальную стадыю.

Калектыў у нас па колькасцi працуючых большы, чым у iншых ДЭУ, бо абслугоўваем большыя тэрыторыi. За намi замацаваны ўсе выхады з Магiлёва, больш за 300 кiламетраў магiстральных i рэспублiканскiх транспартных артэрый. Магiстральныя пераважаюць, чаго ў многiх калег наогул няма. Працуе 130 чалавек. Пяць лiнейных дыстанцый, шостую перадалi Мсцiслаўскаму ДЭУ для работы ў Чавусах. Тэхнiка: 16 МАЗаў, якiя зiмой камплектуюцца ўстаноўкамi для падсыпак, 17 трактароў МТЗ, ёсць спецыяльная тэхнiка. Нядаўна атрымалi ўстаноўкi для правядзення ямачнага рамонту.

Калектыў баявы, пастаўленыя задачы выконвае аператыўна. Усе разумеюць, што наша работа навiдавоку ў большай ступенi, чым у калег — бо побач з абласным цэнтрам. Значыць, i патрабуюць з нас больш, i адказнасць большая. Прыемна, што ДЭУ-71 па вынiках мiнулага года заняло першае месца.

Хутка пачнецца самая складаная для дарожнiкаў пара. Пойдзе снег — пачнём працаваць круглыя суткi. Зiмовым утрыманнем будуць кiраваць, як заўсёды, начальнiкi ЛДД. Сярэднi iх узрост — 30 гадоў. Тым не менш гэта людзi ўжо дастаткова вопытныя, з вытворчым стажам за плячыма.

У гэты перыяд велiзарная адказнасць кладзецца на нашу дыспетчарскую службу. У дыспетчарскай дзень i ноч дзяжураць толькi падрыхтаваныя i навучаныя IТР. Яны пастаянна кантралююць сiтуацыю на дарозе, сочаць за надвор’ем. Вызначаюць норму падсыпкi i прымаюць iншыя рашэннi па сiтуацыi, даюць каманды i адсочваюць работу па лiнейных графiках — дзе якая машына што выконвае. Iм дакладаюць, калi на ўчастку падсыпку завяршылi, i робiцца адзнака ў графiку. Падтрымлiваюць сувязь з кожнай машынай, з грэйдарамi, пагрузчыкамi. Калi нехта зламаўся, яны пераразмяркоўваюць машыны i фронт работ. Ажыццяўляецца сувязь з цэнтральнай дыспетчарскай Аблаўтадара. Такiм чынам дарогi пад пастаянным кантролем.

А што датычыцца падсыпкi, то ў апошнiя гады арыентуем свае ЛДД на тое, каб на мастах i на падыходах да мастоў выкарыстоўваўся такi склад сумесi, у якiм пераважае не соль, а пясок. А соль павiнна ўтрымлiваць iнгiбiтары, што змяншаюць каразiйныя працэсы. Праўда, патрэбна дадатковая тэхнiка, i ў гэтым складанасць.

Дыслакуемся мы на былой базе ДРСУ-53 "Аўтамагiстраль", якое аб’ядналi з нашым ДЭУ-71. Хоць будынак не новы, але мы яго прывялi ў парадак, стварылi належныя ўмовы для работы i бытавыя ўмовы. Ёсць пакой для адпачынку з мяккай мэбляй i тэлевiзарам, саўна з басейнам, два пакоi абсталяваны пад заняткi фiзiчнай культурай. Усё гэта дапамагае ў працы.

Публiкацыю падрыхтавалi Уладзiмiр Хiлькевiч,

Алена Даўжанок.

Фота Марыi Жылiнскай i з архiва прадпрыемства.

УНП 700437908

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтую навiну, вартую ўвагi вядучых СМI краiны, генеральны дырэктар РУП "Магiлёўаўтадар" Анатоль Iванавiч ЛАПАЦIН паведамiў падчас гутаркi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика