Прэстыж, мода плюс унутраная патрэбнасць
Прэстыж, мода плюс унутраная патрэбнасць
Акцыя "Звязды": "Мова — душа народа"
Наша газета лiтаральна некалькiмi сказамi паведамляла пра iнiцыятыву iдэолагаў Брэсцкага аблвыканкама ва ўласным удасканаленнi ведання беларускай мовы. Сёння мы працягваем размову на гэту тэму з начальнiкам галоўнага ўпраўлення iдэалагiчнай работы аблвыканкама Аляксандрам Рагачуком. — Варта было ў "Звяздзе" азвацца словам пра пачын вашага калектыву, як тэму падхапiлi на iнтэрнэт-сайтах, у друкаваных СМІ i развiлi ў такiх накiрунках, што нi аўтару той заметкi, нi герою яе век не дадумацца б. — Шчыра кажучы, я таксама не чакаў наогул якога-небудзь рэзанансу. А ўжо такога! Што парадавала: мне тэлефанавалi людзi з розных канцоў Беларусi i дзякавалi. Адразу пасля публiкацыi ў "Звяздзе" пазванiў чалавек, праца якога звязана са словам, з Вiцебскай вобласцi. Званiлi калегi ў парадку, так бы мовiць, абмену вопытам. А што датычыцца iнтэрнэтных практыкаванняў на мяжы iнсiнуацый, то гэта ўсяго толькi прыкмета нашага часу. I няварта ёй надаваць вялiкага значэння. — Вiдаць, толькi ў нас з жадання дзяржаўнага чыноўнiка загаварыць на мове тытульнай нацыi можна зрабiць сенсацыю... — На жаль. Але ж трэба неяк пераадольваць гэту заскарузласць у свядомасцi. Вось мы i ўзялiся ў iндывiдуальным парадку ў асобна ўзятым сваiм калектыве. Стараемся хоць бы адзiн дзень у тыдзень рабiць беларускамоўным ужо недзе каля года, чаго нi ў якiм разе не збiралiся афiшаваць, бо гэта не паказуха, не дзiвацтва нейкае. Нядаўна вось жанiўся адзiн з нашых супрацоўнiкаў, дык яны з жонкай ў ЗАГСе замовiлi цырымонiю на роднай мове. Значыць, ёсць такая патрэбнасць. I нарадзiлася яна сама сабой ходам жыцця. Да нас жа прыходзiць шмат людзей. Калi да цябе звяртаюцца наведвальнiкi на беларускай мове, а ты не можаш iм граматна адказаць, то з’яўляецца адчуванне ўласнай цьмянасцi i несвядомасцi, адным словам, дыскамфорту. А яшчэ, як бы нi дзiўна гучала, нас да нашай беларускасцi ўвесь час ненавязлiва падштурхоўваюць суседзi. Гадоў колькi таму давялося працаваць з расiйскай дэлегацыяй, якая ўдзельнiчала ў Днях памяцi, што праводзяцца ў нас у дваццатых чыслах чэрвеня. У складзе групы былi артысты, рэжысёры, сцэнарысты. Яны жылi ў Брэсце недзе з месяц. На развiтанне прыйшлi падзякаваць за прыём, за спрыянне ў працы, гаварылi, што спадабалiся нашы чысцiня i парадак. Мiж iншымi быў i такi водгук: ёсць у нас многа добрага, але нiчога няма беларускага, тэлевiзар уключыш — спрэс руская мова, большасць газет рускамоўныя, уся рэклама i нагляднасць — таксама. Давялося пагадзiцца. Лiтаральна ў мiнулыя выхадныя ў абласным цэнтры маладзёжнай творчасцi праходзiў канцэрт удзельнiкаў праекта "Дзецi Масквы i Беларусi спяваюць разам". Дык вось маскоўскiя артысты спецыяльна пераклалi некалькi дзiцячых хiтоў на беларускую мову i выканалi на заключным канцэрце. Я прывёў толькi прыклады стаўлення да нашай мовы масквiчоў. А ўжо калi сустракаеш суседзяў — украiнцаў цi палякаў — то загадзя сябе нiякавата адчуваеш за наш знешнi беднаваты нацыянальны антураж. Усё пералiчанае, мусiць, па крупiнцы спрыяла ўзнiкненню ўнутранай патрэбы большую ўвагу надаваць дзяржаўнай мове. — З вашым калектывам зразумела. А як, на ваш погляд, укараняць гэтую патрэбу ў грамадстве? — Гэта вельмi складаны працэс. У маладзёжным асяродку мова, вiдаць, можа прыжывацца як мода, як нейкi прэстыж. Але ж калi паглядзець вакол сябе, то ўбачыш, што даволi часта мы не выкарыстоўваем таго, што ляжыць на паверхнi i, вобразна кажучы, само просiцца (бярэ са стала стос запрашальных паштовак). Ну вось хiба гэта справа, што стандартныя запрашэннi пiшуцца толькi па-руску? Будзем арыентаваць iдэолагаў на месцах, каб на святах, урачыстых мерапрыемствах, у нагляднай агiтацыi заўсёды было месца роднаму слову. Праблема насамрэч зусiм няпростая, загадам, цыркулярам яе не вырашыш. Але ж надаць увагу, пашану свайму слову, сваёй гiсторыi, сваiм культурным традыцыям — наш абавязак. — З увагi да слова пачынаюцца канкрэтныя справы, мерапрыемствы... — Сапраўды так, стараемся нешта зрабiць i канкрэтнае. Летась, напрыклад, на Брэстчыне, першай сярод рэгiёнаў краiны, была заснаваная абласная пiсьменнiцкая прэмiя. Яна ў нас носiць iмя Калеснiка. У мiнулым годзе святкаванне i ўручэнне праводзiлi ў Лунiнецкiм раёне. Сёлета ўручэнне прэмii будзе прымеркавана да юбiлею Яўгенii Янiшчыц, якi мы ўрачыста адзначым на Пiншчыне ў канцы лiстапада. Спецыяльна да гэтай даты падрыхтаваны выпуск альманаха "Лiтаратурная карта Брэстчыны", якi выйдзе ў свет днямi. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша газета лiтаральна некалькiмi сказамi паведамляла пра iнiцыятыву iдэолагаў Брэсцкага аблвыканкама ва ўласным удасканаленнi ведання беларускай мовы
|
|