Цi дакладваюць iльву мяса?
Цi дакладваюць iльву мяса?
Карэспандэнт высвятляў сітуацыю
— Да сыты ён, гэты леў! І ўсiм нашым звярам — а ў нас цяпер прадстаўнiкi 50 вiдаў, стараемся стварыць камфортныя ўмовы! Вальер, "кватэра" льва, адрамантаваны, — запэўнiвае дырэктар вiцебскага заапарка. — Ды не, былi выпадкi — галадаў! I не толькi леў! I холадна некаторым звярам, i цесна — гавораць былыя работнiкi заапарка, якiя скардзяцца на дырэктара ў розныя iнстанцыi. Ёсць у iх i аднадумцы сярод тых, хто яшчэ там працуе. Усе незадаволеныя прасiлi свае прозвiшчы ў матэрыяле не ўпамiнаць. Адразу мiжволi ўспамiнаецца знакамiты маналог Генадзя Хазанава. Памятаеце: папугай расказваў пра цяжкае жыццё ў заапарку. На жаль, гумару ў гэтым матэрыяле не будзе. Канфлiкт памiж дырэктарам i ягонымi падначаленымi стаў тэмай журналiсцкага расследавання "Звязды". Спачатку ў вiцебскi карпункт з незвычайнай просьбай звярнулася 75-гадовая пенсiянерка Марыя Рыгораўна Плавiнская. — Я ў свае маладыя гады (смяецца) хачу, каб усiм было добра. Людзей люблю i звяроў. Калi каму дрэнна, не магу на гэта не звярнуць увагi. А тут такая складаная сiтуацыя. Вельмi прашу вас, разбярыцеся, калi ласка. Трэба, каб далi нармальна працаваць маладому дырэктару заапарка i калектыву, бо iм толькi i прыходзiцца, што адбiвацца ад гэтых скаргаў i праверак. На жаль, тыя, хто скардзяцца, не хочуць бачыць добрага. — гаворыць пенсiянерка — мацi двух сыноў i дачкi, бабуля дзвюх унучак i ўнука. — Я вось з 12-гадовай унучкай год таму прыйшла ў заапарк. Потым таксама паскардзiлася ў мясцовую газету, бо шкада стала звяроў, якiх утрымлiвалi ў вельмi дрэнных умовах — цесных вальерах i клетках. Тады яшчэ цяперашнi дырэктар малады калектывам не кiраваў. Звяры выглядалi так, што слёзы з вачэй кацiлiся. Я тады нават 20 тысяч з пенсii пералiчыла на рахунак заапарка. Праз некаторы час добрыя змены там адбылiся. Новы дырэктар здолеў для гэтага правiльна арганiзаваць работу калектыву. Чысцiня паўсюды, парадак, новыя звяры. Розныя забаўляльныя акцыi праводзяць. Няўжо гэта дрэнна? — Не ўсё так добра, як здаецца на першы погляд, — у адзiн голас запэўнiвалi мяне незадаволеныя дзейнасцю дырэктара. — Заапарк — не забаўляльны цэнтр, тут у першую чаргу неабходна стварыць добрыя ўмовы для пражывання звяроў. Ды i да падначаленых, якiя сумленна працуюць, дырэктару трэба ставiцца з павагай. А кiраўнiк клапоцiцца толькi пра лiчбавыя вытворчыя паказчыкi ў рабоце. З тымi, у каго iншы погляд на тое, як трэба клапацiцца пра жывёл, размова ў яго кароткая. Маўляў, не падабаецца нешта, звальняйцеся. Ды кантракты з такiмi не працягвае. Грубы чалавек. Факты, што мы сабралi, гавораць пра тое, што не любiць насамрэч ён звяроў. Мы ж не проста гэта заяўляем, вось фотаздымкi, паглядзiце. Мне паказалi фота тхара, якi... памёр з-за таго, што ў службовым пакоi дырэктара яго не кармiлi (так сказалi апаненты дырэктара). Адзначылi, што ўзяў звера, каб паказаць гасцям, ды забыўся, што даглядаць яго трэба... А вось выява дзвюх малпаў, якiя сядзяць у цесных клетках у халодным памяшканнi без цяпла. Яшчэ адна жудасная фатаграфiя — драпежныя птушкi ў... акварыумах i каробках. — Толькi потым, калi мы запрасiлi арнiтолага, некаторых птушак выпусцiлi. Нават сюжэт па тэлебачаннi пра гэта паказалi. На жаль, за кадрам засталося, што не ўсе птушкi дажылi да гэтага моманту. Дырэктар на гэты конт адзначае, што выпусцiлi на волю тых птушак, хто мог выжыць. Так, i без смерцi не абышлося, але птушка была хворая. Пра цара звяроў. Незадаволеныя канстатавалi, што дырэктар прымушаў рабочых кармiць iльва фаршам, якi непрыдатны для ўжывання. — Мы льву з-за гэтага непрыдатнага фаршу курэй давалi... — Ну дык i што тут дрэннага? — цiкаўлюся. — Ды не хапала льву гэтага. Яму ж кiлаграмаў 10 мяса штодня трэба. А што такому велiкану тыя куры? Паводле слоў аўтараў скаргаў, замест таго, каб рамантаваць i будаваць вальеры i клеткi для жывёл, дырэктар вельмi клапоцiцца пра рамонт службовых пакояў адмiнiстрацыйнага будынка. Пры гэтым не хоча нават у падарунак прыняць нешта, каб свае жыллёвыя ўмовы палепшылi жывёлы. — Вось чалавек адзiн прыехаў з Вiцебскага раёна, — расказвае чарговы змагар за правы жывёл заапарка. — "Ёсць у мяне вальер для трусоў. Бярыце, толькi прыязджайце за iм самi". Не, дырэктару чамусьцi не да гэтага. Мае суразмоўцы адзначылi, што падчас акцыi для дзяцей дырэктар запрасiў збоку людзей, якiя прыехалi на конях. Безумоўна, каб пакатаць дзяцей. Але не ўзгаднiў вiзiт "чужых" звяроў з ветэрынарнай службай горада, што катэгарычна забаронена. Дырэктар пракаментаваў гэта: катанне вялося па набярэжнай Заходняй Дзвiны за тэрыторыяй заапарка. А ўся акцыя была ўзгодненая з кiраўнiцтвам аддзела культуры. Далi мне пачытаць i афiцыйныя адказы чыноўнiкаў на скаргi. Вось кiраўнiк аддзела культуры Вiцебскага гарвыканкама (гэтай iнстанцыi падпарадкоўваецца заапарк) пiша наступнае. Цытата са скарачэннямi ў перакладзе з рускай мовы: "Некаторыя факты, выкладзеныя ў звароце, мелi месца... Загадам аддзела культуры ад 23 чэрвеня 2008 года Андрэйкаву А.А. аб’яўлена заўвага i паўторна ўказана на выключэнне з метадаў работы грубасцi i хамства ў дачыненнi да супрацоўнiкаў i наведвальнiкаў. Па факце рэвiзii фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi загадам аддзела культуры ад 9 верасня 2008 года дырэктар дэпрэмiяваны. Андрэйкаву даведзеныя да ведама ўказаныя ў звароце недахопы ў рабоце заапарка, указана на неадкладнае iх рашэнне. У мэтах паляпшэння работы заапарка i мiкраклiмату дырэктару прапанавана прымянiць у рабоце такiя якасцi, як тактоўнасць i талерантнасць. Выказана неабходнасць прытрымлiвання этыкi службовых адносiнаў. У сiтуацыi, якая склалася, з дырэктарам працягнуты кантракт тэрмiнам на адзiн год з умовай устара- нення вышэй пералiчаных заўваг". Яшчэ ў адным адказе адзначана, што дырэктару аб’яўлена заўвага. У той жа час пастаянным наведвальнiкам заапарка, што заходзiлi ў заапарк да змены кiраўнiцтва, адназначна бачныя плюсы. Прадпрымальнiкi па просьбе дырэктара камерцыйную кавярню на колах прывозяць, таксама арганiзуюць пракат дзiцячых аўтамабiляў, i надзiманая горка вельмi падабаецца дзятве. У самiм заапарку таксама ёсць такi атракцыён, толькi маленькi вельмi. У Кнiзе водгукаў i прапаноў толькi адна скарга на грубасць касiра. Апаненты адзначаюць, што ёй перашкаджае працаваць гучная музыка, якая раздаецца побач з дынамiкаў. Астатнiя запiсы — толькi словы ўдзячнасцi за карпатлiвую работу, цiкавыя акцыi, якiх раней не праводзiлi. У прыватнасцi, акцыя БРСМ у Дзень Незалежнасцi, тыдзень бясплатнага ўваходу для дзяцей i iншыя стварылi ўстанове добрую рэпутацыю месца, дзе цiкава можна правесцi час сем’ям. Пры ўсiм гэтым больш чым у два разы павялiчыўся прыбытак. Даходы ад усiх вiдаў дзейнасцi плюс 40 працэнтаў. Панiзiлi выдаткi ў тым лiку дзякуючы ўкараненню энергазберагальных тэхналогiй. Колькасць наведвальнiкаў павялiчылася прыкладна на 17 тысяч. Пляцоўку для катання на электрычных машынах адрамантавалi, каруселi спраўна працуюць. Бiлет на апошнiя — усяго 600 рублёў. Памер заробку павялiчыўся болей чым на 30 працэнтаў. Менавiта гэты плюс падкрэслiлi, дарэчы, супрацоўнiкi заапарка, з якiмi я пагутарыў. Праўда, апаненты ўпэўненыя, што зусiм гэта не паказальна, бо ва ўсiх працуючых у краiне зарплаты павялiчылiся. — Ды добры ў нас дырэктар! Вось бачыце, абутак для работы выдалi, а раней у сваiм даводзiлася працаваць, — расказвае рабочая па доглядзе жывёл Любоў Мiкалаеўна Курылёнак, якая i льва кормiць таксама. — Рамонт у падсобным памяшканнi для рабочых зрабiлi. Вось, глядзiце, мiкрахвалевая печ. Хто хоча працаваць — будзе, а iнтрыгi, скаргi... Я такога не разумею. — Я ўжо гадоў шэсць тут працую, — расказвае бiлетны касiр Таццяна Адамаўна Мажароўская. — Я пенсiянерка, а не магу сядзець дома. Клапоцiцца дырэктар пра калектыў. Вось да Дня работнiкаў культуры прэмiю атрымалi. А матэрыяльная дапамога на набыццё бульбы — таксама прыемна... Я ж бачу рэакцыю наведвальнiкаў. Калi бацька просiць дзiця пайсцi дадому, а малы ўсё хоча яшчэ трохi пабыць. Гэта ж паказальна! Дырэктар Аляксей Андрэйкаў займае сваю пасаду з сярэдзiны кастрычнiка мiнулага года. Мiж iншым, i былым кiраўнiцтвам не ўсе былi задаволеныя. А варта адзначыць, што дзякуючы менавiта экс-дырэктару Жанеце Качаноўскай i з’явiўся ў Вiцебску спачатку тэатр звяроў, а потым ён пераўтварыўся ў заапарк. Гэтая жанчына ў сярэдзiне 1980-х пасля работы ў цырку разам з мужам Паўлам прывезла ў правiнцыйны горад звяроў. Леў, якому цяпер ужо за 20 гадоў, вярблюд, малпы... жылi ў непрыстасаваным памяшканнi будынка, што побач з тэрыторыяй сённяшняга заапарка. Па мiнiмуму, на жаль, дапамагалi гэтым энтузiястам улады. Грошай хапала, каб выжыць, толькi нiяк не развiвацца царству жывёл. Дык вось, калi прызначылi Аляксея Андрэйкава дырэктарам, яна працавала на пасадзе намеснiка. Ды разышлiся ў метадах работы. Мо i з-за таго, што адзначаюць цяперашнiя незадаволеныя. Чарговаму дырэктару 30 гадоў. Па адукацыi ветэрынар. З "чырвоным дыпломам" скончыў аграрны каледж. Расказаў, што калi вучыўся ў Вiцебскай акадэмii ветэрынарнай медыцыны, паралельна працаваў у галiне ветэрынарыi. Па размеркаваннi паехаў у Магiлёўскую вобласць — у Хоцiмскi раён, дзе ад пасады звычайнага ветурача дайшоў да дырэктара раённай племянной станцыi. Тры гады таму зноў у акадэмii — быў ардынатарам клiнiкi, асiстэнтам кафедры паразiталогii. Займаўся грамадскай дзейнасцю — у якасцi намеснiка сакратара пярвiчнай арганiзацыi БРСМ. Менавiта па рэкамендацыi БРСМ i накiраваны ў заапарк. Жанаты, ёсць маленькае дзiця. Дырэктар сказаў, што пастаянна прыходзiлi ў заапарк розныя адказныя асобы i правяраючыя i нiчога такога асаблiвага, што можа пацвердзiць скаргi, не знаходзiлi. Нiякiх звяроў ён не крыўдзiў. Адзначыў, што некаторыя актывiсты скаргамi i папярэднiка дырэктара "даставалi". Наконт пазбаўлення прэмii i заўвагi — пракаментаваў, што ўсё гэта прадказальны вынiк разгляду скаргi на больш высокiм узроўнi. Вядома ж, трэба было неяк адрэагаваць. Хоча, каб заапарк стаў сапраўдным сучасным цэнтрам сямейнага адпачынку. Поўны планаў наконт развiцця ўстановы, якой кiруе. Многае ўжо зроблена па рамонце жылля звяроў. Праўда, адразу ўсё, што трэба, зрабiць немагчыма. Лiчыць, незадаволеным трэба лепш выконваць свае службовыя абавязкi i сачыць у першую чаргу за сабой... Ну, што адзначыць напрыканцы? Уявiм, прызначаць новага дырэктара. Няўжо ён будзе адпавядаць патрабаванням усiх супрацоўнiкаў? Наўрад цi. Зразумела, галоўнае, каб звярам было ўтульна ў заапарку. I нельга сказаць, што кiраўнiк зусiм пра гэта не клапоцiцца. Ён мяркуе, што ў першую чаргу трэба вырашаць задачы, што здаюцца яму актуальнымi. Некаторыя ўпэўнены, што трацiць тыя ж грошы ад даходаў трэба зусiм па-iншаму. Папугаi ў клетках маўчаць, як i iншыя звяры. Людзi — не. Заапарк — гэта месца дзе жывуць звяры, а не забаўляльны цэнтр, лiчаць апаненты дырэктара. Ды i той гэта разумее, але па-iншаму Мо i гэта "нябачная прычына" скаргаў — не ведаю. Ужо калi жывёлы — браты нашы меншыя, няў- жо "старэйшыя" — людзi — не могуць зразумець адзiн аднаго? Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Да сыты ён, гэты леў! І ўсiм нашым звярам — а ў нас цяпер прадстаўнiкi 50 вiдаў, стараемся стварыць камфортныя ўмовы! Вальер, "кватэра" ль
|
|