За жыццё — усім светам
За жыццё — усім светам
Паважаныя звяздоўцы, думаю, вы памятаеце, што крыху больш як два гады таму (7 чэрвеня 2006 года) у нашай газеце праходзiла дабрачынная акцыя "Дапаможам усiм светам" па зборы сродкаў на аплату лячэння Аляксея Маiсеева. Нагадаю, што калi хлопчыку споўнiлася адзiнаццаць гадоў, яго ныркi перасталi спраўляцца з ачышчэннем крывi ад таксiчных рэчываў i ўзровень некаторых з iх стаў пагражальным для жыцця. Вердыкт урачоў быў несуцяшальным: тэрмiнальная стадыя хранiчнай ныркавай недастатковасцi. Выйсце толькi адно — дарагая аперацыя па трансплантацыi ныркi, на якую ў бацькоў Алёшы (мацi — аператар газавага абсталявання на "Мiнскхлебпраме", бацька — электраслесар на прыватным прадпрыемстве) не хапала сродкаў... * * * Нядаўна ў Лёшы быў дзень нараджэння. У свой пятнаццаты год жыцця хлопец увайшоў са здаровай ныркай. Яе бельгiйскiя ўрачы перасадзiлi ад мацi сыну напрыканцы зiмы. Цяжка паверыць, але яшчэ восем месяцаў таму Лёшу Маiсееву даводзiлася самому ачышчаць свой арганiзм ад таксiнаў: чатыры разы на дзень залiваць у жывот праз iмплантаваную ў брушную поласць трубачку спецыяльны раствор. Сёння Маiсеевы ўзгадваюць ўсё гэта, як страшны сон. Ужо нямала часу прайшло пасля аперацыi, але падзялiцца радасцю i сказаць словы падзякi ўсiм людзям, якiя падзялiлi гора сям’i, Лёша разам з мацi змаглi толькi цяпер. Пасляаперацыйны перыяд праходзiў па-рознаму:з’явiлася падазрэнне на язву, паднялася тэмпература. Проста фiзiчна не заставалася сiлаў на радасць. Але цяпер, дзякуй Богу, нi мацi, нi сын на здароўе не скардзяцца. — Цяпер у Лёшы паўнацэннае жыццё. Ён ходзiць у школу, гуляе з сябрамi, з’ездзiў у санаторый, займаецца з татам спортам. А аб былой хваробе нагадвае толькi будзiльнiк, якi чатыры разы на дзень папярэджвае хлопца аб тым, што прыйшоў час прымаць таблеткi. Чатыры гады барацьбы за жыццё сына нескладана было ўбачыць у вачах Галiны Вiктараўны. Нават слёзы радасцi не змаглi схаваць былыя перажываннi. Адкуль жа мацi ўзяла столькi сiлаў, каб рухацца наперад i не апусцiць пры гэтым рукi?.. — Не магу сказаць, што я з лiку моцных жанчын. Каб не падтрымка, як маральная, так i матэрыяльная, добрых знаёмых i незнаёмых людзей, я не ведаю, што б было. З усяго свету па нiтцы, хоць i не за адзiн дзень, але мы сабралi патрэбную для выратавання жыцця майго сына суму грошай. А гэта — больш як 50 тысяч еўра. Перш за ўсё Галiна Вiктараўна звярнулася да кiраўнiцтва свайго прадпрыемства. Яна, звычайная рабочая, хоць i з дваццацiгадовым стажам, i падумаць не магла, што генеральны дырэктар так аператыўна i аддана возьмецца дапамагаць. Грошы для сына збiралi па ўсiх сямi хлебазаводах сталiцы. Аплацiў "Мiнскхлебпрам" i паказ ролiка пра Алёшу на Сталiчным тэлебачаннi. — Спачатку планавалi рабiць аперацыю ў Маскве. Тады, калi мы пачалi збiраць грошы, трансплантацыя ныркi каштавала сорак тысяч долараў. Але, як толькi мы збiралi патрэбную суму, аперацыя чамусьцi даражэла. За два гады кошт на яе павялiчыўся больш, як у два разы. Быў момант, падчас другога цi трэцяга падаражэння, калi ў мяне на нейкi момант апусцiлiся рукi. Грошы паступалi павольна. Здавалася, што ўжо ўсе ведаюць аб нашым горы. I нiчога больш не дапаможа. I каб не Наталля i Уладзiмiр Лiс, якiя жывуць з намi па суседстве, не ведаю, што б было. Гэтыя людзi выпадкова прачыталi ў газеце "Медыцынскi веснiк", што жыццё Лёшы Маiсеева знаходзiцца пад пагрозай. Ведалi, што ў хлопчыка праблемы са здароўем, але i не падазравалi — наколькi сур’ёзныя. Яны не далi мацi спынiцца на паўдарозе, падтрымалi яе. Самi пайшлi па другiм крузе па рэдакцыях. Так вось i дазбiралi патрэбную суму. — Нам шанцавала на людзей: траплялася больш добрых, чым дрэнных. Зусiм незнаёмыя людзi клалi грошы на рахунак. Хто колькi мог. Часам здаецца, ну чым мае дзесяць тысяч рублёў тут дапамогуць. Але, як бачыце, праўду кажуць у народзе, нiтка да нiткi — i ладную сарочку можна пашыць. Адзiн мужчына патэлефанаваў i сказаў: "Мяне таксама завуць Аляксей Маiсеееў, я хачу дапамагчы вашаму сыну". Дзякуючы яшчэ аднаму добраму чалавеку, якi штомесяц пералiчваў на рахунак Лёшы па мiльёну рублёў, мы змаглi набыць апарат штучнага ачышчэння арганiзма. Яго зараз перадалi хворай дзяўчынцы, якая таксама мае неабходнасць у перасадцы. Некаторыя, каб зэканомiць час, перадавалi грошы ў рукi. Аднойчы патэлефанаваў мужчына i спытаў, дзе я знаходжуся i цi змагу выйсцi на хвiлiнку. Праз нейкi час пад’ехаў на машыне i даў мне скрутак з грашыма. Я не ведала, што яму сказаць. Першае, што прыйшло ў галаву: "Як вас завуць?" "Навошта вам", — усмiхнуўся ён i паехаў па сваiх справах. На заклiк аб дапамозе адгукнулiся таксама i беларускiя мастакi, скульптары, фатографы. Iх творы мастацтва былi выстаўлены на дабрачынны аўкцыён, сродкi ад якога пайшлi на аперацыю Лёшу. З адной жанчынай-вернiцай пазнаёмiлiся па тэлефоне. У яе сына ў пераходным узросце было падазрэнне на падобную хваробу. Але, дзякуй Богу, усё абышлося. Яна, калi даведалася пра нашу бяду, пачала малiцца за здароўе Лёшы. А ў дзень аперацыi заказала службу ў царкве. Мацi доўга яшчэ расказвала пра добрых людзей. Большасць з iх яна не бачыла нiколi ў жыццi, але падтрымку iх адчувала. На дабрынi стаiць свет. Таму няхай яна нiколi не пераводзiцца. — Аперацыю планавалi праводзiць у Маскве... — Як высветлiлася, аперацыя ў Бельгii каштавала танней, чым у Расii. Шанц жа памяняць месца правядзення трансплантацыi з’явiўся выпадкова. Напярэдаднi Лёша пазнаёмiўся ў двары з дзяўчынкай, якая прыехала з Бельгii на канiкулы да бабулi. Праз нейкi час мне патэлефанавала мацi дзяўчынкi i сказала, што ў яе ёсць сяброўка, якой таксама рабiлi такую аперацыю. Сказала, што можа дамовiцца з урачамi. Ад нас патрабавалiся толькi грошы на аперацыю i донар... Маiсеевым пашанцавала: ва ўсiх членаў сям’i — адна група крывi. Але тату Лёшы забаранiлi быць донарам, бо ён хварэў на мочакаменную хваробу. — Я ўдзячна вышэйшым сiлам, якiя далi мне магчымасць стаць донарам для сына. Гэта вялiкае шчасце. Ведаю сям’ю з Бярозы, якая не можа прааперыраваць за мяжой сваё дзiця з-за адсутнасцi донара, нягледзячы на тое, што ў iх ёсць на гэта грошы. Падчас нашай размовы з Галiнай Вiктараўнай Лёша сядзеў побач. Калi я спытала пра мару, хлопец не задумваючыся адказаў. — Раней марыў стаць здаровым. А цяпер вельмi хачу стаць урачом, такiм жа, як i Сяргей Валер’евiч Байко. Гэта дзiцячы доктар, у якога мне пашчасцiла лячыцца ўсе чатыры гады да аперацыi. Ён не проста прафесiянал сваёй справы, але i, што не менш важна, чалавек з вялiкай душой. Мы яму нават у тры гадзiны ночы, калi мне рабiлася дрэнна, маглi патэлефанаваць i атрымаць параду. Сяргей Валер’евiч шмат зрабiў для майго другога нараджэння. I я мару дарыць хворым дзецям другое жыццё. * * * Р.S. Супрацьстаяць хваробе складана нават даросламу, не кажучы пра дзiця. Асаблiва калi гэта супрацьстаянне абыходзiцца ў непад’ёмную для сям’i суму грошай. А кажуць жыццё не мае кошту?.. Адзiн у полi не воiн. Але калi аб’яднаць сiлы многiх, што даказвае Лёшын прыклад, можна падарыць другое жыццё не аднаму чалавеку. Супрацьстаяць хваробе складана нават даросламу, не кажучы пра дзiця. Асаблiва калi гэта супрацьстаянне абыходзiцца ў непад’ёмную для сям’i суму грошай. А кажуць жыццё не мае кошту?.. Адзiн у полi не воiн. Але калi аб’яднаць сiлы многiх, што даказвае Лёшын прыклад, можна падарыць другое жыццё не аднаму чалавеку.Надзея ДРЫЛА. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паважаныя звяздоўцы, думаю, вы памятаеце, што крыху больш як два гады таму (7 чэрвеня 2006 года) у нашай газеце праходзiла дабрачынная акцыя "Дап
|
|