Нечаканая сустрэча
Нечаканая сустрэча
Трое паляўнiчых з райцэнтра паехалi на паляванне на самую ўскраiну Ляхавiцкага раёна — да в. Старалессе. Наўкол лес, а далей да Ганцаўшчыны — суцэльнае балота. Прасядзелi ў засадзе цэлую ноч, але дзiкоў не было. Падумалi, што нехта звяроў напалохаў i вырашылi ехаць дамоў, бо моцна намерзлiся. Ад’ехалi каля кiламетра, як у святле фар блiснулi зялёныя агеньчыкi. Крыху паразважаўшы, вырашылi, што гэта дзiкi выйшлi з лесу. Сяргей Юруць узяў "вертыкалку" i вылез з машыны на холад. Падаўся да лесу i стараўся трымацца так, каб вецер дзьмуў з таго боку, дзе засвяцiлiся тыя агеньчыкi. Дзiк — звер дужа асцярожны, i калi нешта не так, то ў iмгненне знiкне. Калi паляўнiчы зноў убачыў дзве пары агеньчыкаў, то не сумняваўся — гэта вепры. Падняў ружжо i ўключыў лiхтар, якi быў на стрэльбе. І нават у святле лiхтара яму ўсё яшчэ думалася, што за iм сочаць дзiкi. Лiхтар ужо свяцiў слаба — сеў акумулятар, i тут Сяргей прыкмецiў, што агеньчыкi пачалi рухацца направа, налева i ўзялi яго ў паўкола. Узнiкла падазрэнне, што перад iм не дзiкi, а ваўкi, бо першыя сябе так не паводзяць. Прыглядзеўся — i ўжо не было сумнення, што яго акружае воўчая сям’я. Сiлуэты звяроў былi розных памераў. Паводзiны ваўкоў былi надзiва смелыя. Паляўнiчага яны чуюць за вярсту i без снегу iх немагчыма ўпаляваць. У 2006 годзе ўдалося аблажыць сям’ю сцяжкамi, застрэлiлi толькi ваўчыцу, а воўк пайшоў. Ды i то пашчасцiла, што ваўчыца была маладая. Але калi ў цябе "вертыкалка" i ў адным дуле карцеч, а ў другiм — куля, то нiякi воўк не страшны. Сяргей вырашыў стрэлiць у звера, якi знаходзiўся прама перад iм — метраў за дзевяноста. Рэзкi вецер дзьмуў насустрач, слязiлiся вочы, а лiхтар ужо "даходзiў" i цягнуць не выходзiла. Ён нацiснуў курок. Пачулася скавытанне, але ваўкi не кiнулiся ўцякаць — адбеглi i спынiлiся. Асцярожна падышоўшы да параненага ваўка, Сяргей убачыў, што той уткнуўся галавою ў зямлю i круцiцца на месцы. Неўзабаве пад’ехалi i напарнiкi, якiя былi ўпэўнены, што Юруць страляў па дзiках. Яны ад’ехалi i бачылi, як на ўскрайку лесу ўсё яшчэ ўспыхваюць агеньчыкi. — Я налiчыў дзевяць пар вачэй, якiя свяцiлiся ў цемры. Гэта была сям’я — старыя ваўкi, вывадак мiнулага года — пераяркi i сёлетнi прыплод. Пад кулю трапiў пяцiгадовы самец. Калi здымаў з яго шкуру, то воўк аказаўся даволi сытым — тлушчу на палец, — расказаў паляўнiчы. А потым я сустрэўся з начальнiкам райiнспекцыi аховы навакольнага асяроддзя М. Кузьмiчом. Тут я i пашкадаваў звера, бо загiнуў ён неяк выпадкова — не было нiякiх падстаў для гэтага. — Ваўкi дужа асмялелi, а гэтых яшчэ i цiкавасць падвяла — чулi, што нехта ёсць, а хто — не маглi ўнюхаць, — растлумачыў сiтуацыю начальнiк райiнспекцыi. — Можна пашкадаваць ваўка, але колькi ён перадушыў дзiкiх подсвiнкаў i парасят — не пералiчыць. Сёння ваўкам раздолле, а што было б, каб зграя наскочыла на чалавека, якi заблудзiўся цi ехаў на веласiпедзе той дарогай? Напэўна, развязка была б сумнай, але, на мой погляд, ваўкi i дзiкi самi разбяруцца ў жыццёвых сiтуацыях, бо чалавеку што дзiк, што воўк — усё роўна. Хто трапiў на мушку — таму i не пашанцавала, як у гэтай гiсторыi. Сымон Свiстуновiч. Ляхавiцкi раён. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трое паляўнiчых з райцэнтра паехалi на паляванне на самую ўскраiну Ляхавiцкага раёна — да в. Старалессе. Наўкол лес, а далей да Ганцаўшчыны — суцэльна
|
|