Знахары ёсць ці Афiцыйна няма?
Знахары ёсць ці Афiцыйна няма?
Карэспандэнт правёў расследаванне
Аказваецца, ва ўсёй Вiцебскай вобласцi няма знахараў, якiя маюць дазвол на лячэнне людзей. Якую яшчэ можна зрабiць выснову, калi нi адна з афiцыйных структур, да прадстаўнiкоў якiх я звярнуўся па каментарый, сам факт дзейнасцi лiцэнзiйных знахараў не пацвердзiлi? Усiм вядома, што яны, знахары, траўнiкi i iншыя, працуюць i штодня ўсе разам абслугоўваюць сотнi людзей. Некаторыя нават заяўляюць, што атрымалi "дабро" на дзейнасць у епархii. Праўда, пацвярджэння гэтаму падчас журналiсцкага расследавання не знайшлося. Мо толькi адзiнкi за дапамогу людзям грошай не бяруць. Пераважная ж большасць — бяруць. Некаторыя зусiм не сiмвалiчныя сумы. Адзiн такi лекар толькi за прыём — 20 тысяч, другi — за курс лячэння — у разы больш. Хто траўкамi лечыць, хто... Адным мо i дапамагае, другiм — не. Думаю, не памылюся, калi адзначу, што ў 100 працэнтах выпадкаў звароту да лекараў апошнiх параiлi знаёмыя хворага, якiя альбо самi лячылiся, альбо iх сябры, члены сям’i. Пагадзiцеся, што ў прававой дзяржаве тыя ж паслугi па лячэннi павiнны аказвацца на законнай падставе. Ва ўпраўленнi аховы здароўя Вiцебскага аблвыканкама, куды спачатку я звярнуўся па каментарый, адназначна заявiлi — няма афiцыйныхзнахараў у нашым рэгiёне. Кропка. — Не. не прыпомню, каб нехта звяртаўся да нас з адпаведнымi заявамi. Ды i наогул выдачай лiцэнзiй займаюцца ў Мiнiстэрстве аховы здароўя, — расказвае намеснiк начальнiка ўпраўлення аховы здароўя Вiцебскага аблвыканкама Сяргей Цыркiн. — Каб яе, гэтую самую лiцэнзiю на медыцынскую дзейнасць, атрымаць, па-першае, трэба мець медыцынскую адукацыю. Да таго ж першую катэгорыю. А таксама пярвiчную падрыхтоўку — спецыялiзацыю. У нас у вобласцi ёсць спецыялiсты, якiя займаюцца масажам, iголкамi лечаць i гэтак далей, але ўсе яны — прафесiйныя медыкi. — Гэта, прабачце, паважаны, закрытая iнфармацыя, — адразу адказалi мне ў iнспекцыi Мiнiстэрства па падатках i зборах па Вiцебскай вобласцi. — Ды мне ж не прозвiшчы патрэбны i асабiстыя нумары тэлефонаў, а проста хочацца, каб вы назвалi канкрэтную лiчбу — колькi на сёння гэтых самых знахараў у Прыдзвiнскiм краi? Аказалася, што нават прыблiзнай лiчбы няма. Выходзiць, што легальна ў вобласцi нiхто не працуе? — Вось, варажба на картах "Таро", рэгiстравалi мы такую дзейнасць. А знахары? Не, не было. А калi нейкi грамадзянiн пажадае зарэгiстравацца, i адпаведна плацiць падаткi — працягвае адказваць на мае пытаннi спецыялiст падатковай, — то ў такiм выпадку трэба па сваiм месцы жыхарства звярнуцца ў райвыканкам (адмiнiстрацыю раёна), i ў якасцi iндывiдуальнага прадпрымальнiка ў прынцыпе можна аказваць гэтыя паслугi. Лiцэнзiя — гэта ўжо iншае, мы толькi рэгiструем плацельшчыкаў. Колькi давядзецца плацiць за такую "нестандартную" дзейнасць, пытаеце? Усё залежыць ад месца пражывання. Напрыклад, у абласным цэнтры "стаўка" — 55 еўра штомесяц, для параўнання — у Оршы, Полацку, Наваполацку — 50 еўра, на раёнах — усяго 30 еўра. Аказанне паслуг па нетрадыцыйным лячэннi ў нас у падатковай iнспекцыi адносiцца да катэгорыi "ўрачэбная i стаматалагiчная практыка", "iншая дзейнасць па ахове здароўя"... Паспрабаваў я i ў Мiнiстэрстве аховы здароўя высветлiць — цi ёсць знахары ў Вiцебскай вобласцi, якiя атрымалi лiцэнзiю? У прыёмнай параiлi звярнуцца да прэс-сакратара. Яна — да адказнага спецыялiста. Апошнi падкрэслiў, што з’яўляецца дзяржаўным служачым i таму можа пракаментаваць пытанне з дазволу... мiнiстра! Я патэлефанаваў на так званую "гарачую лiнiю" таго ж паважанага мiнiстэрства. На "лiнii" павiнны выслухоўваць звароты грамадзян! Прадставiўся радавым грамадзянiнам — жыхаром абласнога цэнтра. Маўляў, калi хачу звярнуцца да знахара, як праверыць, што ёсць у яго лiцэнзiя сапраўдная, i цi наогул выдавалi яму дакумент? У адказ: а вы да таго, у каго лiцэнзii няма, i не звяртайцеся! Выходзiць, просты грамадзянiн не мае магчымасцi пракансультавацца з чыноўнiкамi па канкрэтнай тэме. А, напэўна, у мiнiстэрстве павiнны быць зацiкаўлены ў захаваннi здароўя грамадзян. Калi той жа знахар давядзе пацыента да смерцi. Што тады? Вiнаваты чалавек, якi яму даверыўся? Вось яна, адкрытасць iнфармацыi для грамадзян? Я ж не пра зарплату чыноўнiка альбо яго падначаленых запытаў! А пiсаць на афiцыйных рэдакцыйных бланках запыты ў мiнiстэрства — прабачце, час пройдзе, ды i сама тэма, на мой погляд, не сакрэтная. Безумоўна, у кожнага ведамства ёсць свае патрабаваннi да работы са СМІ, а радавым грамадзянам што рабiць? Па кожным пытаннi звяртацца ў рэдакцыi, яны ў сваю чаргу пiсьмова ў мiнiстэрствы? Як растлумачыць наступнае? Знаёмая знахарка ўпэўнiвала мяне, што працуе легальна. Маўляў, i пiсьмовыя пацвярджэннi, калi было трэба, прадставiла чыноўнiкам ад медыцыны. I, маўляў, правяралi кожны выпадак, вынiкi лячэння. Але, прабачце, чаму ж тады нiводны знахар не зарэгiстраваны, i яна таксама? Адпаведна не плацiць падаткi? А грошы бярэ! Далёка за межамi Вiцебска ў свой час стала вядомай ужо старая гiсторыя, пра якую, дарэчы, першай расказала "Звязда" — пра лекара, ветэрынара па адукацыi. "I рак лячу, i iншыя цяжкiя хваробы", — гаварыў сваiм пацыентам лекар. Асудзiлi яго. Не меў права лячыць, а грошы, ды немалыя браў са сваякоў хворых, якiя памiралi. Напэўна, не ўсе пажадаюць наогул скардзiцца на знахараў, якiя iм мала чым дапамаглi. Таму судовых спраў па такiх пытаннях не так ужо i многа. Прызнацца следчым, што заплацiў грошы знахару, якi не дапамог? Ды i лекар упэўнiвае, што яшчэ лячэнне не скончылася. А вось медыкам нярэдка прыходзiцца лячыць былых пацыентаў знахараў. Але на ўрачоў скардзяцца, i дастаецца медыкам часта ад начальства. I ў Кнiгу заўваг клiнiкi можна запiс зрабiць. А знахар — насамрэч нетрадыцыйная "з’ява". Абаранiць ад яго "няправiльных" паводзiнаў толькi мiлiцыя можа. Не прыпомню, каб нехта з маiх знаёмых пазбавiўся ад хваробаў пры дапамозе знахараў. Былi выпадкi, калi паралельна лячылiся i ва ўрачоў i ў знахараў. I хто дапамог у кожным канкрэтным выпадку? Як растлумачыў таварыш, псiхолаг па адукацыi, у выпадках, калi знахарскае лячэнне дапамагала, напэўна, больш адыграў ролю факт iндывiдуальнага падыходу з боку знахара да клiента, самой веры ў тое, што знахар дапаможа. Многiя знахары, з якiмi я асабiста знаёмы, маюць дыпломы. Гэтыя паперы упрыгожваюць сцены iх кабiнетаў. Розныя курсы скончылi. У пачатку 1990-х, памятаеце, была мода на такiя курсы. Нiхто не забараняў iх праводзiць, а людзi хацелi навучыцца лячыць сябе, знаёмых, унiкнуць у тайны парапсiхалогii, тыбецкага масажу... Вось на маiм стале пасведчанне № ВБ — 412, выдадзенае спадару... Пукшанскаму Аляксандру. Выдадзена Мiжнароднай асацыяцыяй "СIНАТЛЕ" (Мiжнародны цэнтр "АТЛАНТА"). I парапсiхолаг я, згодна з тэкстам дыплома. Яшчэ псiхатронiку ведаю. Што гэта такое, ужо не памятаю. Але, думаю, можна павесiць аб’явы на вулiцах i пачаць прымаць грамадзян. Мо трохi i зараблю, пакуль падатковая не "запiшацца на прыём". А мо рэкламаваць сябе праз знаёмых, ды ўпэўнiваць клiентаў, што павiнна ўсё застацца ў тайне, каб не перашкодзiць лячэнню? Як высвятляецца, праверыць законнасць маёй работы ў мiнiстэрстве аховы здароўя немагчыма, а дыплом ёсць, калi хто пацiкавiцца з хворых. На стол пастаўлю свечку, абразы куплю, амулеты. I пачаў карэспандэнт дапамагаць людзям. Верагодна, можа здацца, што думкi аўтара вельмi спрэчныя. Калi ласка, выкажыце сваю думку па тэме. Пiшыце ў рэдакцыю, тэлефануйце. Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аказваецца, ва ўсёй Вiцебскай вобласцi няма знахараў, якiя маюць дазвол на лячэнне людзей. Якую яшчэ можна зрабiць выснову, калi нi адна з афiцыйных с
|
|