Наш адказ кiтайскiм гараскопам
Наш адказ кiтайскiм гараскопам
Мы выдатна вывучылi ўсходнi гараскоп. Мы да дробязяў ведаем як сустракаць кожны Новы год, звязаны з пэўнай жывёлiнай: якога колеру адзенне апранаць надзяваць, якую ежу на стол ставiць i чаго чакаць ад кожнай усходняй iстоты. Усходнi гараскоп аказаўся вельмi зручнай камерцыйнай прынадай, вытворцам не трэба ламаць галаву, чым бы завабiць пакупнiка: напярэдаднi святаў людзi размятаюць усялякiя сувенiры, звязаныя з сiмвалам года. Зараз мы з задавальненнем скупляем ўсялякiх каровак i бычкоў. Але мы нiчога не ведаем пра традыцыi ўшанавання гэтай жывёлiны на нашай зямлi. Пра значэнне каровы для гаспадаркi можна было б гаварыць доўга. Памятаеце казкi, дзе карова нездарма выступае апякункай сiрацiны? У сям’i, дзе гадуюцца дзецi, без яе абысцiся было цяжка. Карова — адна з найбольш рана прыручаных жывёл. Яе вельмi цанiлi. "Што за гаспадар без каровы"—гаварылi раней . Карову называлi "кармiцелькай". Яе абярагалi ад сурокаў, чыталi над ёй замовы, прытрымлiвалiся засцерагальных прадпiсанняў. Напрыклад, калi разлiвалася малако падчас дойкi каровы ў полi, яго абавязкова трэба было затаптаць у зямлю — каб ведзьма не пакаштавала. Удалай каровай нельга было хвалiцца, а малако не пажадана было несцi ў нiчым не прыкрытай даёнцы (каб дрэннае вока не пабачыла). Словы "карова" i "каравай" паходзяць ад аднаго кораня. Часам на вясельным караваi рабiлiся выявы рагоў i вымя, як сiмвал дабрабыту i "урадлiвасцi" будучай сям’i. У некаторых беларускiх святочных абрадах бык i цялушка сiмвалiзуюць жанiха i нявесту. Ва ўкраiнскiх народных песнях маладыя называюцца турыцай i турам, а сватанне параўноўваецца з паляваннем на тура. У латышскай мiфалогii ў выглядзе каровы выяўлялася багiня — апякунка дзяўчат i сямейнага шчасця. Але ў традыцыях нашых продкаў шмат увагi надавалася i быку. "Першыя сляды ўшанавання гэтай жывёлiны на Беларусi вядомыя з часоў позняга неалiту. У могiльнiку культуры шарападобных амфараў каля пасёлка Краснасельскi, што на Гродзеншчыне, разам са шкiлетамi iншых свойскiх жывёл ляжалi косткi быка", — расказвае супрацоўнiк Інстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Эдвард Зайкоўскi. Культ быка быў распаўсюджаны на Беларусi i за яе межамi. Вучоныя сустракалi пахаваннi як чалавека з косткамi быка, так i асобна жывёлiн. На гарадзiшчы мiлаградскай культуры Гарошкаў (Гомельская вобласць) знойдзены глiняныя фiгуркi буйной рагатай жывёлы. У шэрагу населеных раёнаў (вёска Улазавiчы на Iпуцi (Браншчына), Гадзiлавiчы Рагачоўскага, Янушкавiчы Лагойскага, Палоскi Дрыбiнскага раёнаў, у Полацку, а таксама ў Латвii) былi знойдзены круглыя металёвыя падвескi з выявай галавы быка. Зробленыя яны былi ў канцы Х—ХII стагоддзi i характэрныя для тэрыторыi, дзе пражывала славяна-балцкае насельнiцтва. Эдвард Зайкоўскi спрабаваў разгадаць семантыку выяў на гэтых жаночых упрыгожваннях. Абадок падвесак па ўсяму перыметру аздоблены выпуклымi кропкамi, колькасць якiх наблiжаецца да 52 (што супадае з колькасцю тыдняў у годзе). У сярэдзiне падвескi—выява галавы быка, што, магчыма, сiмвалiзавала год (яшчэ задоўга да нашай эры ў протаiндыйскай цывiлiзацыi знойдзены пячаткi, дзе выява быка атаясамлiвалася з годам). Вакол галавы размешчаны сем фiгурак, якiя маглi азначаць сем дзён тыдня. Яшчэ адзiн з варыянтаў расшыфроўкi такога малюнка: фiгуркi— гэта сем каравайнiц (па старажытных правiлах каравай павiнна было рабiць менавiта столькi жанчын). Узгадаем, што словы "карова" i "каравай" агульнага паходжання. Але ў часы паганства ўсе культавыя рэчы былi полiсемантычныя. Магчыма, адначасова сем фiгурак атаясамлiвалiся з зоркамi з сузор’я Пляядаў (старажытная славянская назва якога — Валасажары). Сузор’е гэта было звязана з паганскiм богам Вялесам, якi мог з’яўляцца ў розных iпастасях, у тым лiку i ў выглядзе быка. Адсюль i сувязь "Вялес" i "вол". Вялес апекаваў жывёлагадоўлю, гаспадарчую дзейнасць, быў звязаны з нiжнiм светам, холадам, цемрай, вытокамi вод. Сувязь вала з нiжнiм полюсам пацвярджаецца беларускiмi загадкамi, дзе ён азначае мароз: "Прыйшоў вол, выпiў вады дол". "Мяркую, што Зюзя, якi з’явiўся у пазнейшым фальклоры, а пазней i Дзед Мароз — гэта адна з iпастасяў Вялеса", — заўважае Эдвард Зайкоўскi. Божышча быка сустракаецца ў розных народаў. У старажытнаiндыйскiм зборнiку рэлiгiйных тэкстаў "Рыгведзе" Урытра (працiўнiк грамавержцы Iндры), атаясамлiваецца з валом (пакладаным быком). Вобраз чалавека-быка з’яўляецца ў палеалiтычных малюнках Заходняй Еўропы. Крыцкаму чалавеку-быку Мiнатаўру прыносiлi чалавечыя ахвяры. У старажытнаегiпецкiх "тэкстах пiрамiдаў" бык нярэдка атаясамлiваўся са змеем. Вобраз рагатага змея сустракаецца i ў iнданезiйцаў, кiтайцаў, iндзейцаў. Славянскi Вялес таксама выяўляўся ў выглядзе чалавека-быка. Пазней ў фальклоры гэты вобраз мог дэградаваць. Напрыклад, у сучаснай Лiтве Вяльняс атаясамлiваецца з чортам. З прыняццем хрысцiянства, каб заваяваць народныя масы, паганскiя святы i паганскiх багоў сталi замяняць падобнымi па функцыi хрысцiянскiмi. На думку Эдварда Зайкоўскага, пэўныя рысы былога Вялеса маглi перадацца шэрагу святых — Флору, Юрыю, Мiкалаю. Дарэчы, рагатая жывёлiна мела дачыненне i яшчэ да аднаго паганскага бога, супрацiўнiка Вялеса — Перуна. З этнаграфiчных даследаванняў вiдаць, што быка прыносiлi ў ахвяру святому Iллi, якi стаў хрысцiянскiм "заменнiкам" Перуна. Прычым паганскаму богу маланак ахвяраваўся тур, а Вялесу—iншыя вiды быкоў. Пра сувязь з Перуном сведчаць загадкi пра гром i маланкi: "Тур ходзiць па гарах, а Турыца па далах", "Тур — то свiсне, Турыца — то мiгне", "Раўнуў вол за сто гор, за сто рэчак", "Чорны вол раве на сто гор". Чорная навальнiчная хмара магла асацыiравацца з турам, якi меў чорную афарбоўку. У беларускiм фальклоры прасочваюцца згадкi пра быка як сiмвал надыходу новага дня: "Сiвы бык ў акенца шмык" (свiтанак), "белы бык у акно тык" (дзень), "Прыйшла чорная карова, усiх людзей папарола; прыйшоў белы бык, пад вакно нiк, усе людзi паўставалi" (ноч i дзень). У народным дойлiдстве сустракаюцца выявы сонца i рагоў быка над брамай. Сляды ўшанавання быкоў засталiся i ў тапанiмiцы. У Беларусi захавалiся населеныя пункты з коранем "тур" — Тураў, Турыйск, Туроўля, Турэц. Каля вёскi Замэчак, што ў Чашнiцкiм раёне, ёсць Турава гара, у паўночнай Беларусi сустракаюцца назвы тыпу Валова гара. Прынамсi, у ваколiцах Турава яшчэ ў ХIХ стагоддзi дзяўчаты насiлi адмысловы галаўны ўбор з вялiкiмi турынымi рагамi, якi рабiўся з саломы i тканiны. Адзiн з традыцыйных беларускiх танцаў — "Бычок", найбольш стары варыянт яго блiзкi да карагодаў, у якiх танцоры iмiтавалi баданне бычкоў. Гэты танец быў адным з элементаў гульнi "Жанiцьба Цярэшкi", прымеркаванай да Калядаў, якая была пашыраная на поўначы Беларусi. Прынамсi, на тэрыторыi сучаснай Расii была таксама зiмовая гульня, звязаная з рагатай жывёлiнай. У перыяд з 25 снежня па 6 студзеня моладзь "гуляла ў быка". Пераапрануты хлопец трымаў у руках пад пакрывалам вялiкi глiняны гаршчок з прымацаванымi да яго сапраўднымi рагамi быка. Ён бадаў дзяўчат так, каб iм было не толькi балюча, але i сорамна. Тыя падымалi крык i заканчвалася ўсё тым, што адзiн з хлопцаў бiў паленам па гаршчку, каб той разламаўся, i пераможанага быка выносiлi. У шэрагу мясцiн Беларусi вядомыя ледавiковыя валуны, пра якiя захавалiся паданнi, што гэта скамянелыя валы i аратыя, пакараныя за грахоўную працу на Вялiкдзень. У Юравiчах Чэрвеньскага, Сцебiракi Вiлейскага раёнаў i iншых мясцовасцях захавалiся камянi з назвамi Быкi. I яшчэ ў старажытных традыцыях быка звязвалi з месяцам. Прыгледзьцеся да маладзiка, хiба серп не нагадвае рогi быка? Алена ДЗЯДЗЮЛЯ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы выдатна вывучылi ўсходнi гараскоп. Мы да дробязяў ведаем як сустракаць кожны Новы год, звязаны з пэўнай жывёлiнай: якога колеру адзенне апранаць на
|
|