21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Трагедыя Глушкавiчаў

26.08.2009 10:43 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трагедыя Глушкавiчаў

Нашчадкi вогненных вёсак

 

Пра гэты жах пiсалi падпольныя лiстоўкi i газеты!

Вёску Глушкавiчы Лельчыцкага раёна нямецка-фашысцкiя акупанты бязлiтасна знiшчылi ў канцы 1942 года. З 365 хат нейкiм дзiўным чынам уцалела толькi адна.

Згодна з афiцыйнымi звесткамi, да вайны ў Глушкавiчах пражывала 1987 чалавек, загiнула — 300. Але, як напiсаў у рэдакцыю краязнаўца Уладзiмiр Зубрэй, рэальная лiчба загiнулых значна большая...

— У кожнай глушкавiцкай сям’i i зараз чутны адгалоскi той трагедыi, — гаворыць Уладзiмiр Мiкалаевiч. — У кожнай хаце, у кожнай сям’i хтосьцi загiнуў.

— А ў вашай сям’i?

— Родны брат бацькi. Ён не даваў палiць новую хату — дык немцы расстралялi яго i кiнулi ў вогнiшча. Адным з першых быў спалены i родны дзядзька маёй матулi... Столькi людзей загiнула — iншая справа, што жывём мы ў глыбiнцы, нямногiя гэтым цiкавiлiся...

У Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь" сярод спаленых i адноўленых вёсак увекавечаны не толькi Глушкавiчы, але i вёска Тонеж Лельчыцкага раёна. Яна была знiшчана ў студзенi 1943 года. Ворагi спалiлi ўсе 375 двароў, знiшчылi каля 300 чалавек.

У лiсце ў рэдакцыю Уладзiмiр Зубрэй прыводзiць вытрымкi з лiстоўкi Мазырскага падпольнага райкама партыi, з газеты "Бальшавiк Палесся" Палескага падпольнага абкама i Мазырскага гаркама партыi — страшная праўда аб тым, што адбылося. Яе немагчыма чытаць — а ўявiць, што вытваралi на нашай зямлi нелюдзi?..

Скажу шчыра: я сумнявалася, цi варта даваць цытаты з гэтых падпольных выданняў — як гаворыцца, "без купюр". Надта жахлiва ўсё гэта... І ўсё ж мы вырашылi, што "цэнзуры" ваенных дакументаў быць не павiнна. На нашай зямлi iшла вайна. З мiрнымi жыхарамi — таксама...

Таццяна ПАДАЛЯК.

 

Вёска Глушкавiчы Лельчыцкага раёна — адна з самых цiкавых вёсак на Палессi. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Рыгоравiч Лукашэнка сказаў, што яна з’яўляецца паўднёвым фарпостам краiны. Цяпер у аграгарадку Глушкавiчы пражывае звыш дзвюх тысяч чалавек, тут знаходзiцца вядучае сельскагаспадарчае прадпрыемства раёна КДСУП "Зара Палесся", вядомы на ўсю рэспублiку шчэбзавод, ляснiцтва, аддзяленнi МНС i пагранкантролю, мытны пункт, ёсць Палац культуры, школа, дзе з адной вёскi навучаецца каля 400 вучняў, участковая бальнiца, двухпавярховы дзiцячы садок, сямiкупальная царква, аддзяленнi сувязi i "Беларусбанка". Адных гандлёвых пунктаў звыш 10. Словам, iдзе жыццё ў Глушкавiчах сваiм звыклым, размерным ходам.

А ў вайну вёска перажыла крывавую трагедыю.

Давялося мне шмат сабраць матэрыялаў з архiваў, кнiг, з успамiнаў сведкаў i родных загiнулых, каб скласцi дакладны спiс забiтых фашыстамi мiрных грамадзян. У iм налiчваецца 446 жыхароў, а таксама 41 глушкавiцкi яўрэй — усяго разам 487 чалавек, палова з iх — дзецi.

26—27 снежня 1942 года вёску Глушкавiчы напаткаў лёс Хатынi. Даваенная вёска была шматнаселенай, тут пражывала дзве тысячы жыхароў, знаходзiўся калгас "Перамога" з добраразвiтай жывёлагадоўляй. Знаходзiлася i аддзяленне пагранiчнiкаў, якiя ахоўвалi свае заставы на былой савецка-польскай мяжы (новая ў 1939 годзе перамясцiлася да Брэста).

У лiстоўцы Мазырскага падпольнага райкама КП(б)Б ад 3 верасня 1943 года паведамлялася:

"Вёска Глушкавiчы ў свой час — адна з культурнейшых вёсак Лельчыцкага раёна. Няпоўная сярэдняя школа, клуб, бальнiца, пошта, сельмаг, чатыры харчовыя крамы, ляснiцтва — усё было пастаўлена на службу народа. Прыйшоў немец-фашыст. У што ператварыў ён яе? Усё знiшчыў, царкву i тую спалiў.

З уласцiвым халоднакроўем прафесiянальных забойцаў фашысты забiлi сякерамi i нажамi, спалiлi 400 жыхароў гэтай вёскi. Многiя з iх падверглiся нечуваным у гiсторыi чалавечага грамадства зверствам. "Цывiлiзаваныя" фашысты не толькi забiвалi людзей, але i выпрабоўвалi ўсе вiды катаванняў. Кроў стыне ў жылах ад жудасных злачынстваў забойцаў.

У вёсцы Глушкавiчы Васiлю Бурыму спачатку адрэзалi вушы, потым нос, язык, рукi, абпалiлi бараду, калi страцiў прытомнасць, павесiлi. Майсею Акулiчу i Майсею Радзiлаўцу выкруцiлi рукi, выкалалi вочы, абпалiлi бароды i ў перадсмяротных пакутах насадзiлi на калы. Толькi гiтлераўскае звяр’ё можа так зрабiць: згвалцiўшы дваццацiгадовых дзяўчат — Праскоўю i Тэклю Бурым — паўмёртвых насадзiць на калы... Вечнае пракляцце гiтлераўскiм катам!".

Што ж адбылося? У снежнi 1942 года Глушкавiчы былi сталiцай будучага партызанскага краю, у вёсцы размяшчаўся штаб з радыёстанцыямi, друкарняй, артбатарэяй, шпiталем i баявымi ротамi Сумскага партызанскага злучэння двойчы Героя Савецкага Саюза генерала С. Каўпака, якое перабазiравалася з Бранскага краю. У вёску сцякалiся разведгрупы i сувязныя з Палескай вобласцi, з Жытомiршчыны, Ровеншчыны i Валынi. Разведгрупа прыбыла i ад пiнскага злучэння В. Каржа. Каўпакаўцы перадалi зброю i польскiм патрыётам Роберта Сатаноўскага, якi ў будучым стане камандзiрам польскай брыгады.

У пачатку снежня каўпакаўцы паспяхова без страт правялi Сарнянскую аперацыю ("Сарнянскi крыж"), узарваўшы 10 чыгуначных мастоў, у тым лiку тры шматпралётныя масты на стратэгiчнай чыгунцы Баранавiчы — Роўна i Ковель — Кiеў, якая забяспечвала дагэтуль бесперабойнае забеспячэнне групы армiй "Поўдзень" у час Сталiнградскай бiтвы.

Ад гэтага ўдару занепакоiлiся ажно ў Берлiне. Сюды перакiдваецца дывiзiя СС, батальёны берлiнскай жандармерыi i iмперскай палiцыi, "казачкi" i палiцыя з Кiеўшчыны, Жытомiршчыны i Ровеншчыны, у Мазыр i Алеўск прыбылi палкi СС, у Ельск — полк славакаў, у Сарны — полк "гiтлер’югендаў", у Столiн i Тураў — батальёны iмперскай палiцыi. З 18 снежня ўкраiнскае злучэнне С. Каўпака разам з беларускiм Ельскiм атрадам вяло абарончыя баi за вёску, а 22 снежня 1942 года на Глушкавiчы з боку Алеўска i Столiна наступала пяць батальёнаў СС i жандармерыi пры падтрымцы палiцаяў. Увесь дзень i вечар на ваколiцах вёскi iшоў бой. Увечары каўпакаўцы разам з мiрнымi жыхарамi грэбляй па бездаражы i пад варожымi трасiруючымi кулямi пакiдалi вёску.

Вось як успамiнае намеснiк начальнiка штаба злучэння С. Каўпака Герой Савецкага Саюза беларус В. Вайцэховiч: "Усе гаспадарчыя абозы яшчэ ўчора рушылi ў Прыбалавiчы. Зараз iдуць пехацiнцы, кулямётныя тачанкi, падводы з боепрыпасамi i параненымi. На шляху сустракаем бежанцаў. Людзi падганяюць коней, якiя ледзь цягнуць накладзеныя з верхам вазы. Плачуць перапалоханыя дзецi, раве худоба..."

Каўпакаўцы пры прарыве на поўнач за Прыпяць да возера Чырвонага ў Жыткавiцкiм раёне, рухаючыся з абозам параненых, якiх налiчвалася звыш 100 чалавек, разграмiлi 313-ы i 314-ы батальёны iмперскай палiцыi ў Букчы i Тонежы Тураўскага раёна.

...За ўваход у Глушкавiчы немцы паплацiлiся 504 забiтымi. Параненых было яшчэ больш. Раззлаваныя, вышуквалi мiрных жыхароў. Некаторыя сем’i па сваёй волi засталiся ў вёсцы, нягледзячы на патрабаваннi каўпакаўцаў iсцi ў лес. Калi частка немцаў ад’ехала з вёскi, некаторыя жыхары з дзецьмi, не вытрымаўшы холаду, пачалi вяртацца да сваiх хат, дзе iх чакала пастка карнiкаў.

Было i такое, што ў вёсцы некаторыя немцы на ламанай рускай мове падказвалi людзям, каб тыя iшлi ў лес. Больш здагадлiвыя, мiнуючы гiтлераўскiя пасты, так i зрабiлi. Людзей, трапiўшых у вёску, не выпускалi з яе. Тут былi i жыхары з суседнiх украiнскiх сёлаў.

На працягу трох сутак гiтлераўцы здзекавалiся з мiрных жыхароў, асаблiва з моладзi i дзяўчат. I не толькi з iхю. 80-гадовага старога Бурыма Сцяпана пасля катаванняў павесiлi на кол, 42-гадоваму Шведу Рыгору Яфрэмавiчу i 44-гадоваму Зубрэю Андрэю Макаравiчу адсеклi галовы. Застаўшыеся цудам сведкi той трагедыi расказалi праўдзiва аб зверствах нацыстаў.

Газета Палескага падпольнага абкама i Мазырскага гаркама КП(б)Б "Бальшавiк Палесся" 3 кастрычнiка 1943 года пiсала:

"У страшэнную пустыню ператварылi нямецкiя душагубы Лельчыцкi раён. Усюды, дзе толькi ступiла нага гiтлераўскага бандыта, засталiся адны папялiшчы i груды чалавечых касцей, сведкi адбыўшайся крывавай трагедыi... Насельнiцтва раёна альбо знiшчана, альбо пагнана на катаргу ў Германiю. Тыя, каму ўдалося ўцячы ад арыйскiх крыважэраў, засталiся без прытулку, без усякiх сродкаў да iснавання..."

25 снежня 1942 года карнiкi спалiлi з мiрнымi жыхарамi (каля 700 чалавек) суседнюю польскую вёску Будкi, раней былi спалены суседнiя ўкраiнскiя вёскi Хочэнь i Вайткевiчы.

Пад вечар 26 снежня карнiкi ў Глушкавiчах сагналi людзей у адрыны, паставiлi вакол кулямёты i аўтаматчыкаў. Аблiлi бензiнам i запалiлi. Па смельчаках, якiя вырывалiся, паласнулi кулямётныя чэргi.

Нямногiм удалося выбрацца з гэтага пекла. З 365 дамоў з пабудовамi застаўся адзiн: мабыць, не заўважылi немцы, бо стаяў на ўскрайку вёскi. Усю ноч гарэлi Глушкавiчы, а гiтлераўцы, баючыся помсты партызан, у тую ж ноч пакiнулi вёску.

Ранiцай тыя, хто застаўся жывы i тыя, хто быў у лесе, вярнулiся, каб пахаваць загiнулых. I ўбачылi жудасны малюнак — на месцах хат i адрынаў дагаралi галавешкi ды астанкi людзей, з крывавым месiвам ды касцямi...

Паводле сведчання былога палiтрука Глушкавiцкай партызанскай групы самаабароны, якая была створана ў пачатку 1943 года, Самсона Карлавiча Кавалевiча (яго старэйшы брат Дзямiд быў спалены адным з першых), у вёсцы карнiкi знiшчылi тады каля 400 мiрных жыхароў. Гэтую лiчбу пацвердзiлi 19 снежня 1944 года ў час надзвычайнай камiсii па расследаваннi злачынстваў нямецка-фашысцкiх захопнiкаў Праскоўя Антонаўна Савiцкая i Ганна Пятроўна Прыбора. Цяпер вядома, што на Глушкавiчы наступаў у тым лiку батальён, сфармiраваны ў берлiнскiх турмах з крымiнальнiкаў з вялiкiм тэрмiнам адбывання пакарання...

...А пасля наведвання спаленых Глушкавiчаў i Будкоў камiсар каўпакаўскага злучэння Герой Савецкага Саюза генерал С. Руднеў запiша ў сваiм легендарным дзённiку: "Няўжо чалавецтва даруе i забудзе гэтыя лiхадзействы?" Тады ж спаленыя Глушкавiчы будуць знятыя на плёнку кiнааператарам Барысам Вакарам, якi загiне ў час Карпацкага рэйду. А потым гэтыя кадры будуць паказаны ў мастацкiм фiльме "Карпаты, Карпаты".

Уладзiмiр ЗУБРЭЙ.

Вёска Глушкавiчы Лельчыцкага раёна.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёску Глушкавiчы Лельчыцкага раёна нямецка-фашысцкiя акупанты бязлiтасна знiшчылi ў канцы 1942 года. З 365 хат нейкiм дзiўным чынам уцалела толькi адн
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика