А я хачу чытаць сваю любiмую ЗВЯЗДУ...
А я хачу чытаць сваю любiмую ЗВЯЗДУ...
Газету нашу пенсiянерка з вёскi Дзямiдавiчы Дзяржынскага раёна Надзея Ануфрыеўна Суднiк чытала, паводле яе слоў, гадоў 50. Дарэчы, i па дапамогу ў рэдакцыю звярнуцца адданай чытачцы неяк давялося. Было гэта ў 2006 годзе, калi заяўнiца паскардзiлася на малы памер пенсii. Мы тады падказалi, што жанчына можа паспрабаваць атрымаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. У вынiку ёй сапраўды выплацiлi 60 тысяч рублёў, што Надзея Ануфрыеўна з мужам Савелiем Анатольевiчам памятаюць дагэтуль i ўдзячныя за тую падтрымку. Практычна з тым жа пытаннем заяўнiца патэлефанавала ў рэдакцыю i зараз. — Мне ўжо 79 гадоў, я iнвалiд ІI групы па слыху (дарэчы, загадзя прыносiм прабачэннi, калi падчас размовы нешта не зусiм дакладна зразумелi — С.Р.), муж з’яўляецца iнвалiдам I групы. Пенсiя ў мяне зусiм малая — 190 тысяч рублёў. Кажуць, каэфiцыент малы, стаж... Але ж некалi трэба было i дзяцей даглядаць... А цяпер грошай нават на лекi не хапае. З таго часу, як выплацiлi дапамогу ў 60 тысяч, больш нiчога мы не бачылi, — тлумачыла Надзея Ануфрыеўна. Другое пытанне заяўнiцы тычылася падпiскi на газеты. За кошт райсабеса некаторыя людзi, у тым лiку i сям’я заяўнiкаў, бясплатна атрымлiвала падпiску на перыядычнае выданне. — А мы ж "Звязду" раней чыталi, прызвычаiлiся да яе. Таму зараз у роспачы, што не атрымлiваем любiмую газету, — гаварыла жанчына. Паводле слоў начальнiка аддзела матэрыяльна-бытавога забеспячэння пенсiянераў i iнвалiдаў упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Дзяржынскага райвыканкама Таццяны Сабалеўскай, нiхто пра гэту сям’ю не забыўся. Проста, паколькi заяўнiца пражывае сумесна з мужам, якi таксама атрымлiвае пенсiю, яны вядуць сумесную гаспадарку, маюць прысядзiбны ўчастак, якi апрацоўваюць, iх даход перавышае вызначаныя нормы, што даюць права на атрыманне адраснай дапамогi згодна з адпаведным законам. "Такiя падлiкi мы зрабiлi па ўсiх добра вядомых нам сем’ях. На жаль, згаданая сям’я не можа прэтэндаваць на атрыманне адраснай дапамогi." Аднак, працягвала далей Таццяна Уладзiмiраўна, заяўнiца можа паспрабаваць, як у мiнулы раз, атрымаць аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Праўда, для гэтага павiнна быць заява ад грамадзянiна з пазнакай, на што яму патрэбна дапамога: на лекi, аплату камунальных паслуг, нешта iншае. — Гэтая заява будзе разгледжана i, у залежнасцi ад матэрыяльнага становiшча грамадзянiна, названай iм прычыны, будзе прымацца канкрэтнае рашэнне. На раённым узроўнi чалавеку можа быць аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога ў памеры да аднаго бюджэту пражытковага мiнiмуму. На сёння гэта складае 224.700 рублёў. На ўзроўнi вобласцi памер дапамогi ў выпадку неабходнасцi можа быць павялiчаны да двух бюджэтаў пражытковага мiнiмуму. Аднак канкрэтная сума, скажу зноў, будзе залежаць ад шэрагу абставiнаў у жыццёвым становiшчы заяўнiка, — сказала Таццяна Сабалеўская. Далей суразмоўца нагадала, што жанчына мае льготу па аплаце лекаў, iх з мужам наведвае сацыяльны работнiк. Дарэчы, ён жа можа i перадаць заяву з просьбай аб аказаннi аднаразовай матэрыяльнай дапамогi, калi заяўнiца вырашыць яе напiсаць. Што датычыць другога пытання пенсiянеркi — адносна газет, дык, паводле слоў Таццяны Уладзiмiраўны, некаторым катэгорыям насельнiцтва (маламаёмасным, адзiнокiм i г.д.) бясплатна афармляецца падпiска на мясцовыя выданнi. — Наконт "Звязды" нiхто пакуль не звяртаўся. Але, думаю, гэта пытанне можна будзе вырашыць, у тым лiку i праз згаданага ўжо вышэй сацыяльнага работнiка, — зазначыла Таццяна Сабалеўская. — Увогуле, усе пытаннi, якiя паступiлi ад сям’i заяўнiкаў, мы возьмем пад свой кантроль. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Газету нашу пенсiянерка з вёскi Дзямiдавiчы Дзяржынскага раёна Надзея Ануфрыеўна Суднiк чытала, паводле яе слоў, гадоў 50. Дарэчы, i па дапамогу ў рэд |
|