Цэны — уніз
Цэны — уніз
У магазiнах Мiнска напярэдаднi Новага года будуць знiжаны цэны на прадукты харчавання, паведамiў начальнiк галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мiнгарвыканкама Мiхаiл Еўтухоўскi на аператыўнай нарадзе ў мэрыi. Паводле яго звестак, цэны на каўбасныя вырабы будуць знiжаны ад 5 працэнтаў да 15 працэнтаў, на мяса птушкi — да 10 працэнтаў, кандытарскiя вырабы, цукеркi, шакалад — ад 5 працэнтаў да 20 працэнтаў, сокi — ад 10 працэнтаў да 20 працэнтаў. Што датычыцца лiкёра-гарэлачных вырабаў, то цэны на гэту прадукцыю фiксаваныя, знiжаць iх не плануецца, удакладнiў Мiхаiл Еўтухоўскi. Паводле яго словаў, у сталiцы не будзе праблем з забеспячэннем насельнiцтва галоўным навагоднiм напiткам — на складах назапашана 45 тыс. дэкалiтраў шампанскага. Гандлёвыя прадпрыемствы па графiку атрымлiваюць запланаваныя аб’ёмы непасрэдна ад Мiнскага завода пенiстых вiнаў. Набыць усё неабходнае да святочнага стала можна будзе i на калядных кiрмашах, расказаў Мiхаiл Еўтухоўскi. Яны будуць арганiзаваны ў выхадныя днi як у цэнтры Мiнска (па праспекце Пераможцаў i на Кастрычнiцкай плошчы), так i ва ўсiх раёнах горада. БЕЛТА.
Дзецi i аўтамабiлi У Бабруйску на нерэгулюемым пешаходным пераходзе 8 снежня аўтамабiль збiў 4-гадовага хлопчыка, i вадзiцель знiк з месца здарэння. Максiм пераходзiў дарогу разам з бацькам. У вынiку наезду "Жыгулёў" пацярпела дзiця: хлопчык трапiў у бальнiцу з чэрапна-мазгавой траўмай. Вiноўнiка трагедыi мiлiцыя знайшла на наступны дзень. Ім аказаўся 49-гадовы бабруйчанiн. Распачата крымiнальная справа, якая 14 снежня прыняла новы абарот. Максiм, якi знаходзiўся ў крайне цяжкiм стане ў рэанiмацыi Бабруйскай гарадской бальнiцы хуткай дапамогi, памёр. Гэта ўжо другi падобны выпадак у Магiлёўскай вобласцi з пачатку месяца. 3 снежня на нерэгулюемым пешаходным пераходзе ў Магiлёве ў вынiку сутыкнення маршрутнага таксi i тралейбуса пад коламi загiнуў 2-гадовы хлопчык. У абласным цэнтры гэтымi днямi абылося яшчэ адно здарэнне з дзiцем. У маршрутным таксi ехалi бацька з 5-гадовым сынам. Яны ўвайшлi ў заднiя дзверы аўтобуса ПАЗ i там стаялi. Хлопчык незнарок нацiснуў на дзяржанне дзвярэй, яны расчынiлiся i ён выпаў з аўтобуса на поўным хаду. Бацька паспеў ухапiць малога за капюшон, але ён адшпiлiўся. Мужчына скокнуў з аўтобуса за сынам. На шчасце, нiхто не пацярпеў. Хлопчык не атрымаў траўмы, але моцна спужаўся. Алена Казлова.
Затрыманы груз дурману больш як на $100 000 Тры кiлаграмы гашышу, больш за 5 тысяч таблетак экстазi i 1 кiлаграм амфетамiну спрабаваў увезцi ў Беларусь 32-гадовы расiянiн. Паводле звестак цэнтра iнфармацыi i грамадскiх сувязяў КДБ, затрымалi кантрабандыста на пункце пропуску "Варшаўскi мост". Аперацыю па затрымцы дзялка правялi супрацоўнiкi Камiтэта дзяржбяспекi разам з брэсцкiмi памежнiкамi: наркотыкi былi схаваныя ў спецыяльна абсталяваным тайнiку аўтамабiля. Паводле папярэдняй ацэнкi, агульны кошт згаданай партыi дурману перавышае... 100 тысяч долараў ЗША. Затрыманы знаходзiцца ў следчым iзалятары. Мiж iншым, гэта не першы сёлета выпадак, калi супрацоўнiкi Камiтэта дзяржбяспекi папярэдзiлi ўвоз у рэспублiку буйной партыi наркотыкаў: два падобныя факты былi зафiксаваныя вясной. Iгар ГРЫШЫН.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У магазiнах Мiнска напярэдаднi Новага года будуць знiжаны цэны на прадукты харчавання, паведамiў начальнiк галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мiн
|
|