А як мяне на тым свеце пазнаюць, чыя я і адкуль?
А як мяне на тым свеце пазнаюць, чыя я і адкуль?
Нядаўна падчас камандзiроўкi давялося зазiрнуць у Бярозаўскi гiсторыка-краязнаўчы музей. Яго дырэктар Любоў Кiватыцкая з гонарам i любоўю паказвала ўзоры народных строяў, якiя экспануюцца ў залах. "Такiя ружы на арнаменце, такiх коннiкаў на ручнiках вы не сустрэнеце нiдзе, — паказвала Любоў Мiкалаеўна фартушкi з бярозаўскiх вёсак. — А вось гэтаму ручнiку сто гадоў! Бачыце, якi танюсенкi лён, якая роўная вышыўка!" І сапраўды, рэч кожнай майстрыхi — эксклюзiўная, хоць i выкананы яны ў адным стылi, якi нясе ў сабе прыкметы краю. Вось такi народны эксклюзiў прадэманстравала выстава "Строi Берасцейшчыны. Традыцыi i сучаснасць", якая адкрылася ў Мастацкiм музеi, размешчаным у Брэсцкай крэпасцi. Хлопцы i дзяўчаты ў нацыянальным адзеннi рабiлi своеасаблiвае дэфiле — вадзiлi карагоды, разгортвалiся ў ланцужкi, збiралiся ў кола. Быццам бы вясковае вяселле цi летняе свята сабрала моладзь на вясёлае гульбiшча. Такi iмправiзаваны спектакль паказалi ўзорны фальклорны клуб "Праталiнка" вёскi Хрысы i калектыў "Жаўручкi" Спораўскага Дома культуры Бярозаўскага раёна. Маладыя людзi прадэманстравалi пiнска-iвацэвiцкi строй. А экспазiцыя пазнаёмiла гледачоў яшчэ з кобрынскiм, маларыцкiм, ляхавiцкiм, давыд-гарадоцка-тураўскiм, ваўкавыска-камянецкiм, дамачаўскiм строямi. Старшы навуковы супрацоўнiк музея Святлана Гуляева падкрэслiвала, што гэты пласт народнай культуры найлепш захаваўся менавiта на Берасцейшчыне. Бездзежскiя фартушкi з Драгiчыншчыны, маларыцкiя спаднiцы-буркi, убранне дывiнскай сваццi можна лiчыць унiкальнымi ўзорамi народнага касцюма. Святлана Iосiфаўна расказвала першым наведвальнiкам выставы, што нашы продкi нiколi не фарбавалi тканiну, з якой шылi адзенне — яна заставалася белай. Уяўляеце, наколькi экалагiчныя i карысныя для здароўя былi строi нашых прабабуль! А яшчэ яны вельмi прыгожыя i гарманiчныя, — перакананая Святлана Гуляева, — i наш абавязак — захаваць народны касцюм для нашчадкаў. Старшы навуковы супрацоўнiк грунтоўна займалася асаблiвасцямi народных строяў, сустракалася з вясковымi майстрыхамi, iх дочкамi i аднавяскоўцамi. I асаблiва ўразiў яе расповед пра адну маларыцкую бабульку. Апошняя наказала дзецям, калi прыйдзе час, пакласцi даўнейшае святочнае адзенне ёй у дамавiну. На пытанне, навошта, жанчына адказала: "А як мяне на тым свеце пазнаюць, чыя я i адкуль?" Прыгожыя сукенкi на манекенах з саламянымi галовамi, незвычайны ўбор сваццi, падобны на капялюшык з пер’ямi, цёплыя зручныя спаднiцы са сцiплым арнаментам цяпер становяцца не толькi прадметамi этнаграфiчнай цiкавасцi, але i рэдкасцю. Некаторыя ўзоры народнага адзення аўтару гэтых радкоў даводзiлася сустракаць у школьных музеях, у сельскiх дамах культуры i нават у дамах сацыяльных паслуг. На выставе падкрэслiвалi, што сёння вельмi востра паўстае пытанне пра iх захаванне, iнвентарызацыю i ўлiк. Нават умовы ўтрымання рарытэтаў могуць стаць прычынай iх разбурэння. А тое, што iх скупляюць за долары i вывозяць за мяжу, паводле слоў супрацоўнiка абласнога ўпраўлення культуры Леанiда Несцерчука, можа прывесцi да страты значнай часткi даўнiны. I любавацца на яе стане магчыма ў замежных музеях. Дык вось для таго, каб гэты сегмент народнай культуры застаўся i дастойна захоўваўся дома, каб магчыма было ў любы час паглядзець на хустку з пампухамi са Столiншчыны або "нiўлянку" — касцюм з вёскi Нiвы — i паказаць рарытэты гасцям з замежжа, арганiзаваны вернiсаж i адбылася дыскусiя падчас адкрыцця. Святлана ЯСКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна падчас камандзiроўкi давялося зазiрнуць у Бярозаўскi гiсторыка-краязнаўчы музей. Яго дырэктар Любоў Кiватыцкая з гонарам i любоўю паказвала ўз
|
|